Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сяргей Грахоўскі - Падарожжа

Я не стаю на раздарожжы,
Мне пэўны шлях даўно відзён.
Усё жыццё я ў падарожжы –
Ад першых да апошніх дзён.

Бо мой рубеж яшчэ не блізка,
Хоць б'юць часамі перуны,
А я вандрую ад калыскі
I правандрую да труны.

Але шкада, што век кароткі,
А свету не відаць канца,
Што пехатою ад Находкі
Ужо не дайсці да Камянца,

Што легкадумныя раманы
Больш не паўторацца ў жыцці,
Што непраходныя урманы
Наўрад ці прыйдзецца прайсці.

Шкада. А каб усё спачатку
Зноў паўтарыць за кругам круг,
Хадзіць праз вузенькую кладку
Вясной з дзяўчатамі на луг.

I зноў навыперадкі лётаць
Цераз купальскія кастры,
Таптаць задымленую лотаць
I цалавацца да зары.

Шкада, што не з усімі стрэўся,
Каго калісьці мог сустрэць,
Што каля тых агнёў не грэўся,
Дзе мог і я душу сагрэць

Жывым, гарачым хваляваннем,
Любоўю, светлым пачуццём.
Таму цяпер усё дазвання
Хачу зрабіць сваім жыццём:

Паветрам дыхаць навальнічным,
Таптаць і лотаць, і мурог,
З акрайцам і з вадой крынічнай
Прайсці яшчэ мільён дарог,

Не ўслед, а поплеч з маладымі,
Каб смела марыць, прагна жыць,
Узняцца сцежкамі крутымі,
Дзе зорка ў бездані дрыжыць,

Дзе за ліловым небасхілам
Арбіты зорныя прайшлі,
Дзе самі вырастаюць крылы,
Каб зноў вярнуцца да Зямлі,

Дзе пахнуць першыя рамонкі,
Дрыжаць пад месяцам гаі
I свішчуць на світанні звонка
I традыцыйна салаўі.

Таму хвалюе і трывожыць
Усё, што стрэнецца ў жыцці,
Таму, прыйшоўшы з падарожжа,
Ізноў збіраюся ісці.

1964 г.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыАдважныя падарожнікі

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Стасева падарожжа

Янка МаўрЯнка Маўр - Падарожжа вакол дома

Пераказы, дыктантыКругасветнае падарожжа

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Падарожжа