Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Пімен Панчанка - Не адцураюся, не адракуся

Дружа Быкаў,
Не трэба ніякіх сенсацый:
Я – сірата
Без маёй Беларусі.
Ад роднай мовы,
Ад роднай нацыі
Не адцураюся,
Не адракуся!

Я не журуся
Пра казачны век залаты,
Я не захоплены
I старажытнасцю моднаю...
I напісаў не аб тым я,
А толькі аб тым:
З ласкі чыноўнікаў
Родная мова ў намордніку,

А былі ж партызаны,
Пераможна грымелі баі,
Гарэла зямля
Пад нагой акупантаў.
Падмянілі народ:
Былі ў нас працавітыя ўсе,
А цяпер – гультаі, халуі...
I на горкую памяць
Падкінулі нам Курапаты.

Куды падацца
Вучням з беларускай?
Ляны бюракрат
Затыкае ім рот.
Да таго ж у ВНУ
Праход быў занадта вузкі:
Па званку,
Па блату
Ці за хабар
Лез прабіўны народ.

Дзеці ўжо не ведаюць
Родныя назвы
Кветак і птушак,
Кустоў і травы.
Яны не адрозняць
Граба ад вяза,
Дзе жаўна, дзе пліска,
А дзе журавы?

Адлучылі ад прыроды...
Не шукаюць унукі слядоў
Ні сваіх франтавых дзядоў,
Ні далёкіх і страшных гадоў.
I рыканне кароў,
I рык звяроў,
I сусветная рок-істэрыка –
Толькі па тэлеку,
Толькі па тэлеку.

...Да роднай зямлі я
Душою і сэрцам прыкуты,
Куваюць зязюлі,
Клякочуць буслы на маёй Беларусі.
Ты радасць мая, Беларусь,
Ты гора маё і пакута,
I ад цябе я ніколі
Не адцураюся,
Не адракуся!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!