Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Пімен Панчанка - Даруй, зямля мая, за дробныя грахі...

Даруй, зямля мая, за дробныя грахі,
А буйных я не меў:
Адданым быў салдатам.
Я часам быў сляпы,
А часам быў глухі
I пеў хвалу
Усім чырвоным датам.

Ці ёсць паэзія?
Паэзіі няма.
Усё закрэсліла наўкол
Лібералізацыя.
У сэрцы многіх усялілася зіма,
I людзі добрыя ў трамваі едуць «зайцамі»...

А я сцвярджаю так:
Паэзія ў нас ёсць!
Яна ў дзіцячым шчабятанні зранку.
Калі з душы тваёй адхлыне злосць,
Ты здзівішся далёкаю заранкай,

I шэлестам ліствы,
Па-веснавому свежай,
I свежасцю Максімава «Вянка»...
Усё табе спрадвеку тут належа,
Да працы добрай цягнецца рука.

I зразумелымі стануць сны, жаданні,
Каханне маладых
I сэрцаў перастук.
I верыш ты, што нашы спадзяванні,
Як зерні жыта, хутка прарастуць.

Зязюля пачала
Адлік жыцця нам строгі,
А ў лесе зноў пайшлі баравікі.
Як спіны разагнём,
Паразумнеем трохі
I злыдні не саб’юць
3 народнае дарогі,
То нашай Беларусі
Жыць і жыць вякі!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!