Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Творчасць Петруся Макаля

   Паэзія Петруся Макаля вызначаецца філасофскай глыбінёй думкі, інтэлектуальнай вытанчанасцю, імкненнем не толькі да вобразнай канстатацыі, але і да сур'ёзнага аналізу з'яў рэчаіснасці, публіцыстычнай вастрынёй пастаўленых праблем, якія даследуюцца ў вершах, дасканалых па форме, адметных па прыёмах стварэння вобраза, меладычных і мілагучных. Паэт умела "абжываў" у вершах свет звычайных прадметаў, рэчаў, якія пад яго пяром раскрывалі зусім нечаканы сэнс, становячыся сімваламі, знакамі, "кодамі" чалавечага роздуму і перажывання. Вершы Петруся Макаля даюць класічныя ўзоры віртуознага выкарыстання гукапісу, рыфмы, унутранага сугучча слоў і паэтычнага сінтаксісу.
   Пятро Міхайлавіч Макаль нарадзіўся 23 жніўня 1932 г. ў вёсцы Крушыняны Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча) ў сялянскай сям'і. У 1964 г. яго бацька быў рэпрэсіраваны і высланы ў Комі АССР, а сям'я пераехала на Гродзеншчыну. І хоць напачатку жыццёвага шляху Пятрусь Макаль абраў тэхнічную прафесію, паступіўшы ў Гродзенскі будаўнічы тэхнікум, натура юнака з маленства была паэтычная, і ў пятнаццацігадовым узросце ён надрукаваў у абласной газеце "Гродзенская праўда" свой першы верш. Захапленне літаратурай прывяло яго на вучобу ў Гродзенскі педінстытут, а затым на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў у рэдакцыях газеты "Літаратура і мастацтва", часопіса "Маладосць", выдавецтве "Мастацкая літаратура", а з 1983 г. стала займаўся толькі творчасцю. Дзень нараджэння і дзень смерці паэта аддзяляюць усяго толькі 6 дзён – Пятрусь Макаль раптоўна памёр 31 жніўня 1996 г. Творчая спадчыны Петруся Макаля ўражвае як якасцю, так і колькасцю кніг: "Першы след" (1955), "Вятрам насустрач" (1958), "Вечны агонь" (1960), "Круглы стол" (1964), "Акно" (1967), "Дотык да зямлі" (1975), "Поле" (1977, прэмія імя Аркадзя Куляшова), "Заручыны" (1979), "Смак яблыка" (1981, Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы), "Калыска долі" (1984), "Асенняя пошта лістоты" (1987), "Азбука любві" (1989), "Лада" (1992), "Твар і душа" (1995).
   Духоўныя далягляды героя лірыкі П. Макаля неабсяжныя і азораныя святлом сучаснасці. Ён імкнуўся асэнсаваць гісторыю, "дуэль дабра і зла", і папярэдзіць апошні пажар на зямлі, вітаў дэмакратычныя змены ў грамадстве, ад якіх у позірках людзей "вышыня адбіваецца". У душы яго звінелі "званы людскіх трывог" – рэха вайны і сумленне чалавецтва, змагаліся супярэчнасці жыцця, клікалі да спасціжэння высокага рэальнасць і мара. Менавіта актыўнасць духоўнага пошуку дапамагала лірычнаму герою П. Макаля адчуваць сябе "працягам вялікага бяссоння праваты", паўнапраўным звяном у ланцугу пакаленняў, якое звязвае "надзейным словам... наш дзень з наступным днём". Канцэпцыя лірычнага героя П. Макаля вызначаецца гуманістычнай глыбінёй.
   Цэнтральным вобразам паэзіі П. Макаля з'яўляецца вобраз аратага і сяўбы. Вернасць долі аратага паэт падкрэсліваў вершамі ў кожным паэтычным зборніку. Асабліва ярка гэта выявілася ў кнізе "Асенняя пошта лістоты". У першым раздзеле — "Крокі" — лірычны герой ідзе за плугам, "вырастае з баразны", каб у наступным, у "Верасовым полымі", цешыцца ўраджаем.
   Вобраз аратага, з якім "цэлы сусвет... дзеліць зямныя турботы", па сімвалічнай узбуйненасці ў Петруся Макаля нагадвае межэлайцісаўскага чалавека: "На галаве — неба, а на нагах — боты, якія мне дорыць глеба". I клопаты ў яго адпаведныя — звязаць баразною, нібы струною, поле і небасхіл, пасеяць "надзею на добрае", дабегчы "глыбокаю разорынаю да сонца". Вобраз яркі, створаны ў лепшых традыцыях гуманістычнай літаратуры, але вобраз далёка не новы як у лірыцы Петруся Макаля, так і ў беларускай паэзіі наогул. Значыць, патрабуецца яго лірычная актывізацыя, "падсветка" новымі паэтычнымі знаходкамі, новымі ідэямі.
   І Пятрусь Макаль нязменна іх знаходзіць. Сяўба — гэта заўсёды трывога і надзея, таму як заканамернасць успрымаецца ўзмацненне драматычнага светаадчування лірычнага героя, душа якога, "бядою вымытая", па вышыні "нясцерпна смягне". Сяўба — гэта філасофія жыцця, таму і засяроджаны сталы роздум аб тым, "што у страце не заўжды бяда, і не заўжды ў набытку — радасць", таксама арганічна ўспрымаецца ў кантэксце яго паэзіі. I рамантычны ўзлёт інтымнай лірыкі (увогуле для П. Макаля не надта характэрны) — верш "Ёсць у кахання..." — нездарма будуецца на "сялянскай вобразнасці, якая "небам і зямлёю пахне": "ты дай мне, ноч, сярпом маладзіковым дажаць маёй любові паласу". Усе мэтанакіравана "працуе" на адзіную канцэпцыю лірычнага героя.
   Крыху нечаканым і ўсё ж даволі арганічным для П. Макаля з'яўляецца цыкл вершаў "Кухонная кантата". Ад "сялянскай арыентацыі" яго паэзіі ідзе рэчыўнасць, сакавітая пластычнасць, жывапісная яркасць апісання страў, удала адцененая крыху скептычнай усмешкай. У адным з ранніх вершаў П. Макаля прадметы хатняга ўжытку выступалі ў пачварным, пагражальным выглядзе, што, як справядліва заўважыў А. Лойка, спрашчала праблему адносін чалавека да жыцця і, у прыватнасці, да рэчаў. Сёння адбылася пераакцэнтацыя матываў. Стол, лыжка, талеркі і іншае — не толькі неабходныя чалавеку рэчы, але і сродак асэнсавання і матэрыяльнага быцця, і чалавечай сутнасці: "нажы – як людзі: з іх адзін – сякач, другі – натхнёны творца". Многія вершы цыкла адметныя такой значнасцю думкі.
   Для Петруся Макаля ўласціва імкненне сфармуляваць філасофскія заканамернасці, якія звязваюць абстрактныя паняцці. Адсюль ідуць тыповыя для паэта прыёмы разважання: "яснасць, ты сталасці ўласнасць", "адсутнасць — заўсёды падсуднасць"; пераўвасаблення ў сімвалічныя вобразы: "я — ручай...", прынцыпы лірычнай кампазіцыі, калі эмпірычнае разважанне заканчваецца абстрактным заклікам або зваротам. Форма, знойдзеная аднойчы паэтам, можа быць найбольш зручнай для развіцця яго паэтычнай ідэі, таму не дзіўна, што паэт паўтарае аднойчы знойдзенае. 
   Верш "Звон" П. Макаля – адзін з самых моцных па паэтычнай ідэі. У ім паэт віртуозна выкарыстоўвае магчымасці гукапісу: "Вы адкуль? — Мы — ад куль. Мы — з вайны. Мы званы". Праўда, гэтыя радкі выкарыстоўваліся і ў ранейшых творах паэта, як і сам прыём сэнсавага збліжэння слоў, блізкіх па гучанні.
   Вызначальным для паэзіі П. Макаля з'яўляюцца інтэлектуальная сіла верша, ідэйна-тэматычнае багацце і эстэтычная пераканальнасць лірыкі. Ці частае ў нашай "пагоні за даляглядам" такое майстэрства верша: 

Я адкрываў
у гэтай пагоні
галактыкі гордыя гарадоў,
пажатыя полымем жытнія гоні,
роспач сірот і смутак удоў.

Гэтыя радкі заварожваюць веліччу інтанацыі, майстэрству гукапісу.
   Драматычная паэма "Людзі і гузікі" патрабуе размовы асобнай і грунтоўнай. Напісаная паводле апавядання А. Маравія "Помнік" (1944), паэма П. Макаля аналізуе карані і антыгуманную сутнасць фашызму, трывожна папярэджвае аб небяспецы яго адраджэння, абараняе дэмакратыю і правы асобы на свабоднае, творчае развіццё. П. Макаль выключна глыбока зразумеў і прыроду таленту A. Mаравія (сам італьянскі пісьменнік прызнаваўся, што яго "цягне" да твораў з выразнай тэатральнай структурай, хоць ніколі не пісаў п'ес), і тое, што засталося ў падтэксце апавядання, і гістарычныя перспектывы, якіх А. Маравія не мог бачыць. П. Макаль максімальна блізкі да тэксту апавядання, узнаўляючы тыя ж рэаліі часу: гузікі, зробленыя з чалавечых касцей, канцэнтрацыйныя лагеры, газавыя камеры. Захаваны і важнейшыя для разумення ідэі "разважанні" гіда аб сутнасці фашызму, дакладна перададзены іронія і сарказм, якія вызначаюць атмасферу апавядання "Помнік". Разам з тым Пятрусь Макаль ні ў ідэі, ні ў форме паэмы не паўтарае А. Маравія. Калі апавяданне напісана ў форме дыялогу "я — гід", то у паэме з'яўляюцца новыя дзеючыя асобы: Герой, Сяброўка, Кантралёр, Натоўп, які лёгка выстройваецца ў свастыку, і Галасы "сумлення і праўды людской", што пратэстуюць супраць дэгуманізацыі жыцця.