Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Пятрусь Макаль - Поле, поле...

Поле, поле,
У сваім прыполе
Колькі цудаў ты прыносіш мне!
Да пары, як змагары ў падполлі,
Тояцца зярняты ў баразне.
У раллі вільготнай валаконцы
П’юць жывую сілу — сок зямны.
Час праб’е — і пікамі да сонца
3 цемрадзі праклюнуцца яны.
Выстаіць у полі войска хлеба —
Мускулістых каласоў атрад,
Хоць свае налёты робіць з неба
Бамбардзір цяжкі —
Грымотны град.
Навальніца ніву палівае,
I маланку-тэлеграму мне
Адбівае
Пошта палявая:
«Ураджай даспеў на цаліне».
Мы ўзышлі,
Нібы зярняты,
3 поля,
I ўпадзём ізноў у поле мы.
Поле,
У тваім замкнёным коле
Нашы душы, думы і дамы.
Сплю ў каменным сховішчы кватэры.
Але што там бухае, як цэп?
Хто так гулка стукаецца ў дзверы?
Гэта ты, пасланнік поля —
Хлеб.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!