Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пятрусь Макаль - Воўк і ліса

Занядужаў, захварэў
Цар звяроў магутны Леў.
У яго пад вечар дома
Пазбіраліся звяры,
Спачуваючы, вядома,
Як сапраўдныя сябры...
Не прыйшла Ліса адна.
«Вось дык гэта навіна!
Пачакай!» падумаў Воўк
І зубамі шчоўк ды шчоўк.
І пра гэта ціха, глуха
Ён Ільву шапнуў на вуха.
Узлаваўся хворы Леў
І ад гневу аж збялеў.
Сіплым голасам зароў,
Напалохаўшы звяроў:
– Ток, хто ўбачыць,
Хай адразу
Да мяне вядзе Лісу,
Шалахвостку за абразу
На кавалкі разнясу!
Як дачулася пра гэта
У нары Ліса кума,
Дык прыбегла з-за паўсвета
У бярлог Ільва сама.
У вачах хітрынкі скачуць,
Закруціўся хвост трубой,
– Ты хацеў мяне пабачыць –
Вось і я перад табой.
Грозны Леў гукнуў ад гневу,
Аж загойдаліся дрэвы:
– Бач, мяне прыйшлі наведаць,
Як сябры,
Усе звяры..
Ну, а ты?
Хачу я ведаць,
Дзе была ты?
Гавары!
А Ліса Ільву ў адказ
Праспявала ў той жа час:
– О лясны магутны цар!
Памяркуй, мой валадар,
Ды хіба віна мая,
Што хацела вельмі я
Для тваёй ільвінай чэсці
Вестку добрую прынесці?
Гаспадар ляснога царства,
У трывозе і ў журбе
Сёння цэлы дзень лякарства
Я шукала для цябе...
– Што ж, хвалю! –
Усклікнуў Леў
І адразу пасвятлеў.
– Дзе ж лякарсгва?
Дай хутчэй!..
Можа, стане мне лягчэй.
Галаском ліслівым Ліска
Адказала:
– Лекі блізка.
Лекі Воўк схаваў у пятку.
Вып'еш іх – і ўсё ў парадку.
Пойдуць прэч хваробы ўсе...
...Леў падзякаваў Лісе
За ратунак ад бяды.
І гукнуў:
– Ваўка сюды!
Ну, а ўсе адгэтуль – вон!
Прамінула колькі дзён.
I Ліса на шпацыр выйшла,
Прытанцоўваючы ўвішла.
Ажно бачыць –
Сярод гаю
Па імху, па мурагу
Воўк павольна чыкільгае,
Ледзьве цягнучы нагу.
Глянула кума з дакорам
На старога плеткара:
– Будзеш помніць –

нагаворы

Не даводзяць да дабра!

 

Похожие статьи:

Пятрусь МакальПятрусь Макаль - Два кубкі

Пятрусь МакальТворчасць Петруся Макаля

Пятрусь МакальПятрусь Макаль - Поле, поле...

Пятрусь МакальПятрусь Макаль - Смак яблыка

Пятрусь МакальПятрусь Макаль - Табе, бацькоўская зямля