Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Творчасць Ніны Мацяш

   У беларускай паэзіі 70-80-х гг. праглядваецца тэндэнцыя заняпаду, нівеліроўкі паэтычнага слова. Аднак не кожны з нашых паэтаў спяшаў ісці ў нагу з часам і пафасна плесці рыфмы. Часта думаецца, чаму з пакалення «сямідзесятнікаў», якое, здаецца, павінна было найбольш падпасці пад уплыў ідэалогіі, выйшлі творцы не кан'юнктурныя, не заангажаваныя, такія, як інтэлектуал Алесь Разанаў, лірыкі-эстэты Раіса Баравікова, Ніна Мацяш... Пра жанчын-паэтэс, відаць, можна сказаць, што яны цалкам у спавяданні інтымна-любоўных пачуццяў. Дык якая тут можа быць ідэалогія? Уся рэч у іншым, а менавіта ў тым, што Ніна Мацяш і некаторыя іншыя яе равеснікі па літаратуры яшчэ на пачатку свайго творчага шляху зразумелі сутнасць і прыроду паэтычнага мастацтва.
   Паэзія Ніны Мацяш — незамутнёная крыніца красы, да якой прыпадаеш, перажываючы радасць і сум чалавечага быцця на зямлі. Яе лірычны свет напоўнены святлом кахання і любові. І ў гэтым бачыцца арганічнае выяўленне сутнасці жанчыны, для якой самая высокая мерка — каханне.    Наогул гэтае пачуццё — галоўны нерв жаночай паэзіі. Згадайма радкі з верша Яўгеніі Янішчыц: «Пачынаецца ўсё з любві, а інакш і жыць немагчыма» («Ты пакліч мяне. Пазаві...»).
   «Кахаю. І чакаю» — гэтымі двума словамі з верша «Запозненаю дзікаю ажынай...» можна вызначыць эмацыянальна-псіхалагічную дамінанту інтымнага свету Ніны Мацяш. Яе лірыка кахання спавядальна-трапяткая, пяшчотна-даверлівая, нярэдка шчымлівая, з дамешкам самотных перажыванняў. Нельга не адчуць чысціню і ўразлівасць жаночай душы і разам з тым яе годнасць, бясконцую дабрыню:

 

Калі і чым насцярожыла — забудзь.
На незалежнасць я не пасягаю.
Мне б толькі твае вочы прысягалі,
А будзь такі, як ёсць. Ты толькі будзь!
(«Незалежнасць»)


   Ніна Мацяш у выпяванні любоўных перажыванняў такая ж лірычна-сардэчная, як і Яўгенія Янішчыц, але пульс яе страфы адрозны, скажам, ад унутранага тонусу радкоў Раісы Баравіковай — паэтэсы, якая ў сваіх творах эмацыянальна-парывістая, імпульсіўная. Пра ўвасабленне пачуцця кахання ў паэзіі Ніны Мацяш слушна і глыбока выказаўся У. Калеснік: «У прынцыпе, гэта паэтычная філасофія кахання як загадкавага стану, дзе вітальная сіла скрыжоўваецца з сакральнай запаветнасцю. Мэта яе — азоранасць сэнсам тварэння жыцця». Думаецца, пра паэтэсу можна гаварыць як пра філосафа ў яшчэ больш шырокім сэнсе. Бо яе паэзія — гэта не экзальтаваныя ўздыхі, а лірычная філасофія чалавечага духу, яго трывучасці, філасофія святла і жыццялюбнасці.
   Ніна Мацяш — тонкі пейзажыст, яна малюе прыроду з захапленнем, з трапяткім лірызмам. У яе пейзажных вершах ярка выяўляюцца настраёвая душэўная повязь са светам, музыка зямной асалоды быцця, радасць адкрыцця цуду:

 

На хвалях ранку — нібы ў яліку,—
А колькі сонца пасля ліўня! —
Дажджынка коціцца па яблыку
І вось сарвецца зараз, згіне!..
...Зрываецца паўсвету з яблыка
І мне — ў далоні.
(«Дажджынка»)


   Пейзаж для Ніны Мацяш - духоўная патрэба самавыяўлення, своеасаблівая кардыяграма сэрца. Зрэшты, як заўважыў філосаф Г. Гадамер, «мастацтва» магчыма таму, што прырода не вычэрпвае ўсіх магчымасцяў выяўленчай дзейнасці, пакідаючы лакуны для фарматворчасці чалавечага духу». Кожны мастак у гэтым сэнсе ідзе адметным шляхам. У большасці пейзажных твораў Ніны Мацяш прырода і каханне паўстаюць у адзінстве, зліваюцца. Свае інтымныя пачуцці паэтэса давярае прыродзе, яна цесна суадносіць сезонна-каляндарны рух часу з уласным жыццём, лёсам: «І гэтак дзівосна, і блізка ўсё, і зразумела, Нібыта прырода ўзяла маю жытку за ўзор... » («Кастрычніцкае»). Жаночае сэрца на фальклорны лад адухоўлена, прачула гаворыць з ялінай, кветкай, ракой, вычувае свет краявідаў жывым і блізкім. Жывапіс Ніны Мацяш уражвае свежасцю і непаўторнасцю вобразаў, сцішанасцю фарбаў: «Стаяць манахамі сады // Ў сутанах вымаклых за плотам» («Восень»).
   У паэзію Ніны Мацяш, як у свой час Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўку Уладзіміра Жылку, вяла краса. «Каб толькі Прыгажосць была І смагай і памкненнем»,— выказвала паэтэса запаветнае жаданне на пачатку 70-х (верш «Узмах крыла, узмах крыла...»). З красой, святлом і любоўю яна творыць і сёння, творыць без нараканняў, з удзячнасцю да Бога і Слова.