Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ніна Мацяш - За соснамі – мора

Пляменніку Руслану


І

Упарта, пругка

сэрца мора б’ецца.

У памяць – хвалю шызую – ступі:
Разгубленасці ўзрост мінуў, здаецца –
Трывогам месца саступіў.
 
У цяглых сосен праз гушчэўе веек
Глядзіць сцярожка неба сінізна.
О, боязь за другога чалавека!..
Адна ты робіш чалавека з нас.
 
Адна ты нешта ў гэтым свеце значыш.
На поўдні зноў хмурына усплыла...
На золку чайкі, як жанчыны, плачуць,
Страсаюць цішу з белага крыла.
 

II

Дзень натхнёна вяслуе пунсовым вяслом,
Выплываючы з мора.
Колькі вас, для каго сёння не прынясло
(Як і ўчора)
Ані ўзнёслых мінут, ні жывучай тугі,
Ні хвіліны жадання
Нескарона рассунуць

(хоць на крок)

берагі

Свайго існавання...
След на ўбітым пяску ўвачавідкі зацёк
Каляроваю пенай.
Акунаюцца целы ў хвалі

(лёсы ў быццё)

Раўнадушна і лена.
 
З сытай зморай гайдаюцца на ружовай вадзе.
І спрасонак
Ледзьве-ледзь адзначаюць: плыве міма дзень
На вёслах пунсовых.
 

III

«Табе лягчэй: ты ўжо змірылася».
...Ківаю галавою згодна,
Сачу, як цвёрда і лагодна
Выводзіць мора штось кірыліцай.
 
Такое мернае, пакорнае
Сваім дыханнем галубіным.
...Трагічным знакам бур глыбінных –
Палоска

на ўзбярэжжы

чорная.

 

IV

Хваля доўга вагалася ў незнаёмых глыбінях,
Прымервалася, выбірала,
Нарэшце –
Спружыніста ўскочыла,
Рассмяялася белазуба,
Падалася ўсім целам –
І вось
Пасяродку ўтравелага лета,
Як суніцы,
Зоры збіраю, –
Так ускінула хваля крутая мяне.
Упіваюся сілай сваёй нечаканай,
Халадзею ад думкі,
Што гэта ўсяго на імгненне.
Я падоўжу ўладу над часам! –
Я замкну чароўную хвалю,
Абгараджу, прыпыню!
 
...Ні прасторы галавакружнай,
Ні зор.
Смяецца над загародкамі
Стыхія.
 

V

На ўзморы туман беспрасветна-густы,
Аж сонцу на неба не ўзбіцца.
Замкнёны рашуча на ключ залаты
Чаканні, каторым не збыцца.
І кінуты ключ залаты у ваду,
У горкую продань марскую.
І зманьвай не зманьвай цяпер –

не прыйду,

Гукай не гукай –

не пачую...

 

VI

Не да мора прыбеглі сосны –
З мора выбеглі свет паглядзець.
У трывозе за лёс людзей
Зелянеюць яны

і сохнуць.

 

VII

Хвалюецца салёная разлога,
Дзень, як бурштын, хаваючы на дне.
Усё ўспамінам стане,

і дарогу

Перамяце, засыпле ранні снег.
 
А ўдома загудзе на ветры голле,
У волкай цемры цяжка зашуміць –
І уваскрэсне,
І падкоціцца да горла:
Стрывожанае мора,
Дзюны.
Мы...

11-18.07.1975
Дубулты

 

Крыніца: Мацяш Н. Паміж усмешкай і слязой: вершы і паэмы 1962-1992. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 301 с.

 

Похожие статьи:

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Беларускае мора

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Мора

Эрнэст ХэмінгуэйЭрнэст Хэмінгуэй. Стары і мора

Пераказы, дыктантыПартрэт сонца і мора

Пераказы, дыктантыМора Герадота