Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ніна Мацяш - А ты жыві, каханы мой, жыві...

А ты жыві, каханы мой, жыві. 
Хай журавель нарэшце дасца ў рукі. 
Я забяру ў магілу тыя мукі,
Што выпалі нам на кастры любві. 
Ад золі сэрцайка сваё адхукай: 

Жыві, каханы мой, жыві!

 
На свеце гэтым шмат харашыні. 
Хоць людзі ў свеце гэтым – тое голле, 
Па-над якім вятрам бяды скуголіць 
Усцяж, і ноч у ноч, і дзень пры дні. 
Ці чалавек задуманы для болю? 

Як ён жадзён харашыні!..

 
Не пасягнуць мне розумам маім 
Тваіх намераў велічных, Прырода. 
Жыццё дала – не папытала згоды. 
Усе цацанкі-абяцанкі – дым. 
Жыццё бярэш, – і мне зусім не шкода 

Аднойчы развітацца з ім.

 
Бо што мяне прызеляніла тут? 
Якая ўжо мяне чакае радасць, 
Як дружны род мой расхітала здрада, 
Як дзецьмі не ацеплены мой кут, 
Як песенны мой дар не мае ўлады 

I над драбнейшаю са смут?..

 
А ты жыві, каханы мой, жыві. 
Хай сэрцу будзе да каго хіліцца.
Хай жураўлём абернецца сініца. 
Сваю шчаслівай долю назаві. 
Хай светла збудзецца, што светла сніцца, – 

Жыві, каханы мой, жыві!


1985
 


Крыніца: Мацяш Н. Паміж усмешкай і слязой: вершы і паэмы 1962-1992. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 301 с.

 

Похожие статьи:

Ніна МацяшТворчасць Ніны Мацяш

Ніна МацяшНіна мацяш - Дажджынка

Ніна МацяшНіна Мацяш - Незалежнасць

Ніна МацяшНіна Мацяш - Запозненаю дзікаю ажынай...

Ніна МацяшНіна Мацяш - Бязладная размова