Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ніл Гілевіч - Сіняя пушча

Значыць, гэта не жарты,
Маці праўду сказала:
"Позна ўспомніў, на жаль, ты,
Сіняй пушчы не стала..."

Сіняй пушчы не стала!
Хіба гэта магчыма?..
Сумна-шэрае гала
Ледзь акінеш вачыма.
Тут іграла калісьці
Неба шумна-вясёла.
А цяпер – абеліскі,
Пні-пянёчкі наўкола...

Толькі воддаль на ветры
Дзве яліны крывыя,
Быццам могільнік гэты
Сцерагуць вартавыя.
Дзе ж ты дзелася, пушча?
У палац твой зялёны
I спякотай, і сцюжай
Я прыносіў паклоны.

Летам выбежыш рана,
Схопіш кошык лазовы
I ляціш, расхлістаны,
Пад знаёмыя сховы.
Тут усё нерухома.
Дакранешся да лапак –
I пакоціцца холад
За каўнер між лапатак.

Ды і колюцца ж лапкі!
Толькі ты іх не чуеш:
Чарнамазыя бабкі
Асцярожна карчуеш.
Як жа ў засень ад сонца
Пахаваюцца росы,
Будзеш слухаць бясконцы
Гоман-спеў стогалосы.

Колькі іх тут, бывала,
Шумаў-гукаў лілося!
Колькі казак не стала!
Колькі песень звялося!
Колькі песень няспетых
Тут навек пахавана!
Колькі срэбрана-светлых
Ручаёў абарвана!..

У якія ж турботы
Я, зямляча, паверу?
Ці падумаў, на што ты
Апускаў тут сякеру?
Дзед твой спадчыну бацькі
Дзецям цэлай пакінуў.
Як жа мог ты пазбавіць
Гэтай спадчыны сына?

Ганарыўся па праву
Продак пушчаю Сіняй.
Як жа мог ты пазбавіць
Гэтай гордасці сына?
А напэўна ж захочаш
Ты патомкам далёкім
Смела глянуць у вочы
З сэрцам чыстым і лёгкім?

Гэта права займееш,
Калі ў працы кіпучай
Кожны пень ты заменіш
Новай Сіняю пушчай.

 

Похожие статьи:

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Раніца

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Раніцу шчэбет пільнуе ...

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - На возеры

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Сяўба

БиографииЯзэп Пушча