Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Чарот - Кірмаш

Увага! Поўны змест

   У мінулыя гады дзень «святога Макавея» вёска Ліпнёўка святкавала вельмі шчыра і ўрачыста.
   Гэта быў кірмашовы дзень.
   З усходам сонца ліпнёўцы былі на нагах. Чыста прыбраныя бабы і мужыкі хадзілі адны да другіх частавацца.
   Моладзь жа, хлопцы і дзяўчаты, ішлі за пяць вёрст у царкву на абедню, а пасля абедні бралі абразы, крыж, пратэсы і неслі ў сваю вёску.
   Бацюшка з дзякам прыязджаў крыху пазней, і пачыналася хаджэнне з вобразам па вёсцы.
   — «Святы ўгодніча, Макавею, малі бога а нас»,— цягнуў хрыплым, але досыць гучным голасам айцец Парфіры. Дзячок тэнарком спрытна паўтараў...
   — «Слава айцу і сыну і святому духу», — яшчэ тучней гукаў бацюшка.
   — «I ныне і прысна і ва векі вякоў», — падхватваў дзяк і цягнуў так доўга, каб можна было дайсці да суседняга двара.
   I гэтак з двара ў двор, ад адной хаты да другой ішла працэсія, а за ёю вялікая грамада людзей, амаль усе ліпнёўцы ды яшчэ прыехаўшыя на кірмаш з суседніх вёсак.
   Бацюшка, узышоўшы на двор, адчытваў спачатку малітвы, палажыўшы евангелле на дзяжы, засланай чыстым абрусом і пакрыўшы епітрахіллю галовы гаспадара і гаспадыні, пасля ішоў пасвянцаць святою вадою хату, хлявы і іншыя будынкі.
   У гэты час стараста забіраў са стала, які таксама павінен стаяць на дварэ, булку хлеба, рэшата або шаснастку жыта ці ячменю, кусок сала, некалькі яец і нёс на вазы, якія ехалі ўслед за вобразам.
   Дзяк жа, як толькі канчалася цырымонія, хутчэй за ўсіх хватаў са стала дзесятку або грыўню, каб яна не папала каму іншаму ў кішэню, ведаючы, што грошы кладуцца спецыяльна для яго.
   Як канчалі абыходзіць усе хаты, у канцы вёскі прыладжвалі высока на жэрдках вобраз «божай мацеры» і прыганялі ўсю жывёліну з поля. Поп жа стаяў збоку і крапілам крапіў, шэпчучы сабе пад нос нейкія малітвы...
   Гэтым канчалася адна частка кірмашу.
   Другая частка — гэта было пагалоўнае п’янства, бойка, гульні і інш.
   Бацюшка, звычайна «папрацаваўшы» цяжка, заходзіў ці да старасты, ці па чарзе да аднаго з багацейшых сялян вёскі і там гэтак напіваўся, што яго клалі з мяшкамі жыта і везлі дахаты, а там на руках здымалі і аддавалі «матушцы», якая даўно прырыхтавалася спаткаць яго не цверазейшым.
   Бывала, пападалі добрыя праважатыя бацюшку, то яны, напаіўшы як след царкоўнага старасту, які павінен быў сачыць за ўсім сабраным скарбам, не праміналі некалькі мяшкоў скінуць па дарозе ў авёс, а назад едучы забраць іх ды прапіць.
   А дзяк, то той гэтак напіваўся, што аставаўся заўсёды начаваць дзе-небудзь у садку або ў агародзе, і яму вобчаства назаўтра давала фурманку...
   Ліпнёўцы ж гэтак напіваліся к вечару, што кірмаш заўсёды канчаўся бойкаю, а чаго добрага і пажарам...
   — Ліпнякі гуляюць,— казалі суседнія вёскі, калі раптам уночы Ліпнёўка асвечвалася чырвонымі языкам! агню...
   А назаўтра часамі «ліпнякі» патыліцу чухалі ды гутарылі адзін да другога:
   — Кажуць, калі на Макавея дождж ідзе, то пажару не будзе, а тут, на табе, дождж прайшоў, і на таго ж самага Макавея, бадай на яго ліха, гэткае няшчасце...
   — А ўсё гарэлка нарабіла!..
   — Так, яна, — паўтаралі, як адзін, сяляне і пазіралі на абгарэлае бярвенне спаленых будынкаў...
   Гэтак было даўней...
   Але пачалася вайна, пасля рэвалюцыя, зноў пайшлі войны не з тым, дык з тым, і Ліпнёўка забылася пра кірмашы. Моладзь на вайне, старыя занятыя працаю, а галоўнае — няма гарэлкі,— усё неяк не выпадала зрабіць кірмашу...
   — Хіба жыццё крыху наладзіцца,— гаманілі ліпнёўцы,— тады закірмашуем...
   Дык вось не гэтак даўно нашы ліпнякі і закірмашавалі...


* * *

   За некалькі дзён да Макавея старыя ліпнёўцы пачалі рыхтавацца да кірмашу.
   То сям, то там пачалі паказвацца дымкі на імшарыне. Гэта працавалі самагоначныя заводы.
   — Ну што за кірмаш без самагону? Няма гарэлкі пры савецкай уладзе, то трэба хоць свайго... самагону «выціснуць».
   Ну і пачалі «ціснуць»...
   А раптам міліцыя ў лясок ды гэтак націснула, што шмат хто адчураўся і бражкі, і пасуды ды задаў лататы, куды вочы глядзяць.
   — Нічога,— смяяліся мужчыны пасля гэтакай навальніцы,— не ўсё забралі, для кірмашу і нам пакінулі...
   Назаўтра і Макавей.
   — Я к жа з папом будзе,— гаварыў стары Ахрэм у грамадзе мужчын, якія сабраліся каля варот сельсавета.
   — Вы ўжо самі, мужчыны, вырашайце гэту справу,— падхапіў старшыня сельсавета,— я чалавек савецкі, мне не можна гэтымі «святымі» справамі займацца. Бачыце, цяпер і царква, і папы зусім не тое, што раней...
   — Але, гэтак,— загаманіў малады хлапец у чырвонаармейскай шапцы з «пікаю»,— папы нашай улады не памінаюць, затое мы іх памінаем...
   — Ды якім яшчэ добрым словам,— рагатаў другі хлапец, узабраўшыся на вароты...
   Мужчыны пераглянуліся.
   — Бадай што і без папа і на гэты раз абыдзецца... Ці ж знойдзеш тую моладзь, якая даўней за вобразам хадзіла,— бубніў пад нос Рыгор Вушыла,— наша моладзь хутчэй на «шпяктаклі» нейкія рынецца, чым у царкву за пратэсамі...
   Маладыя хлопцы і дзяўчаты ажно лопалі з рогату.
   — Што, хочаце папа прывесці паказаць? — гукалі яны. — Ды яно не пашкодзіла б глянуць на яго... даўно бачылі...
   — Касіць, хлопцы, касіць, а не кірмашы спраўляць, — казаў Мікіта Рыла, — на пагодзе стала, трэба паспяшацца...
   Пачало ўжо цямнець. Дзе-нідзе ў вокнах блішчалі агні... Усе пачалі расходзіцца...
   — Шкада, — казаў уздыхаючы Габрусь Канцавенька, які быў у добрых адносінах з папом, — а я, як на ліха, будучы ў нядзелю ў царкве, казаў бацюшку, што будзем спраўляць кірмаш, і нават гаманіў аб тым, каб як-небудзь вобраз панасіць па вёсцы... Шкада, шкада...
   — Ты вось ляпей пайдзі заўтра панасі сена сваё з балота, а не вобраз, — адпаліў пятнаццацігадовы хлапчук-камсамолец,— а то пагніе ў балоце, дык зімою каровы падохнуць з голаду...
   — Сам ты здохнеш хутчэй,— агрызнуўся злосна Габрусь,— прэч, несвянцоная костка, злы дух, паганы... Трэба прывесці папа ды вас, чарцей, пасвянціць, каб нячыстую сілу з вас павыганяць...
   Хлапчук адбегся на некалькі крокаў, паўглядаўся на Габруся, пакуль той чытаў «літаню», а пасля гукнуў на ўсю вуліцу:
   — Свянці ты свой нос, каб даўжэйшы рос!.. Папоў парабак! Вазіў папу дровы, ага!..
   Мужчыны, якія ішлі з Габрусём, моцна зарагаталі. Адзін з іх сказаў Габрусю:
   — Не лезь за жуком, а то замараешся.


* * *

   Вось і кірмашовы дзень.
   Уся моладзь працуе ў полі, на сенажаці... А старыя і самі не ведаюць, што рабіць... Брацца за працу ці не?
   Да поўдня бадай усе святкавалі. Пасля палавіна старых услед за моладдзю папхнулася ў поле. Асталіся кірмашаваць самыя набожныя, ды яшчэ той астаўся, хто паспеў «выціснуць» ды захаваць самагону.
   Дзень удаўся пагодлівы. На небе ніводнай хмаркі.
   Па дарозе, уздымаючы слуп пылу, коціць на кірмаш айцец Парфіры. Габрусь, прыбраны па-святочнаму, спаткаў яго першы...
   — Вось добра, — кажа ён, далуючы айца ў руку, — не забыліся аб нас...
   Айцец Парфіры саскочыў з воза, абтрос запыленае паліто і капялюш і кажа да Габруся:
   — Хіба Ліпнёўка пра мяне запамятала, а я то не... Ды ці можна вас запамятаць, асабліва ў кірмашовы дзень... Ох-хо-хо... Ох-хо! Было Калісьці жыццё.
   Тым часам на двор Габруся пачалі збірацца сяляне, бо вестка аб тым, што прыехаў бацюшка, стала вядома ўсёй вёсцы... Бацюшка, вітаючыся са сваімі парафіянамі, ківаў галавою і гаманіў:
   — Як гэта даўней было прыемна з вобразам, пратэсамі і ўсё такое, як гэта належыдь богабаязным хрысціянам... А цяпер што...
   — Я і сёння... думаў, бацюшка, наконта вобраза,— гаманіў запінаючыся Габрусь,— але то ж то і бяда, што... баязні перад богам не маюць маладыя дзецюкі і дзяўчаты... Сёння працуюць у полі,а ўчора рагаталі, калі абазваўся, каб вобраз панасіць па вёсцы... Вось якая моладзь ...
   — Што моладзь, — перабіў яго айцец Парфіры, — і ў многіх старых дух збунтаваны... Так, так...
   Пры гэтым перажагнаўся і адзеў выпалены капялюш...
   У гэты час на вуліцы праходзіў настаўнік ліпнёўскай школы.
   Бацюшка не меў добрага вока на настаўніка за тое, што апошні трымаў школу ў непажаданым духу для бацюшкі. Але на гэты раз бацюшка першы зняў капялюш і кіўнуў галавою.
   Настаўнік затрымаўся і, абапёршыся аб плот, запытаў:
   — Што, айцец Парфіры, на кірмаш да нас... па старой знаёмасці?..
   — Куды там... Цяпер не да кірмашу. Проста лічу за свой святы абавязак наведаць у гэты дзень сваіх парафіян... Ну, а як вы жывеце, як жонка, дзеткі?.. Ці вялікі сынок?
   — Дзякуй, — адказаў настаўнік, — нічога, так сабе... А сынок ужо ладны... Хутка ў камсамол запішацца...
   — Так, так, — цадзіў праз зубы бацюшка, цярэбячы бараду,— калі думаць аб зямным існаванні, то гэта нічога, але не трэба забываць, што ніякі камсамол не можа даць чалавеку царства нябеснага...
   Настаўнік усміхнуўся.
   Бацюшка зрабіў міну нездавальнення, развітаўся і пайшоў у хату Габруся.
   Там ужо за прыбранымі сталамі сядзела некалькі мужчын і кабет. Усе прыўсталі і прывіталіся з бацюшкам; на вуснах яго прабегла вясёлая ўхмылка, пабачыўшы на стале пірагі, парася ды бутэлькі...
   — О, часы насталі, — загаманіў бацюшка, — гэтым калісь кірмаш канчалі, а цяпер пачынаць прыходзіцца.
   — Гэта найлепей, — казаў Антось Лабанок, які ўжо паспеў хапіць добрую чарку, — якімі б дарогамі ні хадзілі, усё роўна пры гэтым стале ўсе сойдземся...
   — Ды яно гэтак, — пацвердзіў бацюшка. — Ты, Антось, заўсёды мудрыя словы кажаш... Сакрушацца не павінны.
   Пры гэтых словах бацюшка праціснуўся пазастоллю і сеў на самым покуце.
   Усе пачалі займаць свае месцы, а Габрусь нёс з каморкі бутэльку чырвонай гарэлкі.
   — Гэта, айцец Парфіры, крыху падфарбаваная бутэлечка, даўно вас чакала...
   — Белай то можа б і не піў, а чырвоную то можна... Яна на віно царкоўнае пахожа, толькі на смак не ведаю...
   Сказаўшы гэта, бацюшка сам падставіў чарку, і Габрусь наліў яе аж з каптуром...
   — Каб у бацюшкі ў засеках поўна было, — прыгаворваў Габрусь, калі бацюшка нагінаўся сербануць з чаркі, каб не праліць «жывой вадзіцы»...
   — Няма каму напаўняць засекі, не тыя часы, — адказаў бацюшка і гэтак лыкнуў спрытна чарку, што аж Антось Лабанок пазавідаваў.
   — Вось гэта я разумею, — сказаў Антось і пачаў наліваць сабе белай.
   Гэтым кірмаш і распачаўся...
   Надыходзіў вечар.
   На небе пачалі то там, то сям з’яўляцца хмары... У паветры была страшэнная духата — нібыта збіралася на дождж...
   Выпражаны конь айца Парфірыя хадзіў па градах на Габрусёвым агародзе і «церабіў» маладую капусту.
   Для яго таксама быў кірмаш. Але на гэта ніхто не зважаў увагі.
   Кірмашнікі гулялі ва-ўсю. Толькі час-ад-часу з расчыненых акон хаты несліся па вёсцы гукі звонкага рогату або вясёлай песні-дрындушкі.
   — А ну, айцец Парфіры, навядзі струны леры ды зайграй нам сваім кракадзілавым голасам «святы ўгодніча Мака-ка-вей»,— гукаў Антось Лабанок, падсеўшы бліжэй да бацюшкі і чокаючыся з ім чаркамі...
   Габрусь, які яшчэ мацней усіх трымаўся на нагах, узяў Антося за плячо і папрасіў, каб ён супакоіўся. Але Антось і слухаць не хацеў. Ён вылез з-за стала, перайшоў на другі бок, падсеў бліжэй да бацюшкі і пачаў гаманіць:
   — Ты, бацюшка, тут не бацюшка, а такі самы, як і мы ўсе: як Антось, Габрусь, Гіляры, Купрыян, і наогул як усе, хто тут выпівае і закусвае... Мы ў царкве табе руку цалуем, а тут?!. Жартуеш, брат... Я не пацалую табе... Праўда, ёсць і тут дурні, якія таксама цалавалі... але я?! Антось Лабанок?! О! Ніколі!..
   — Буруздзіш ты, Антось, — сказаў бацюшка, нюхаючы кавалак пірага пасля толькі што выпітай чаркі,— майго звання ніхто нідзе не адбярэ... Я быў бацюшка, ёсць бацюшка і буду бацюшка... Званне мне не ад людзей, а ад бога дадзена.
   — Але я цябе не баюся, — сказаў Антось, зноў падстаўляючы сваю чарку, каб чокнуцца...
   — Не мяне, а бо-о-га трэба баяцца, — загаманіў бацюшка, узвёўшы вочы ўгару і ікнуўшы на слове «бога»...
   Антось паўзіраўся на бацюшку, які з чаркаю самагону ў руках, нібы з чашаю «святога прычасця», «узвёў вочы к небу» ды выпаліў, як з бярданкі:
   — Пацалуй богу ў с...
   Але Габрусь, які падстаўляў смажанае парася да бацюшкі, закрыў рукою рот Антосю.
   Антось абвёў усіх вачыма і зноў сеў...
   — Не тое грэх, што ў вусны, а тое, што з вуснаў, — сказаў бацюшка, выпіўшы чарку. — Ты, Антось, глупства сказаў, але я не магу на цябе абразіцца дзеля таго, што богу я магу куды хочаш пацалаваць... Бог ёсць дух...
   А на другім канцы стала ў гэты час жонка Антося схапілася грызціся з Купрыяніхаю, якая ўвесь час сачыла за гутаркаю Антося і ўпікала, што яе муж трымае сябе вельмі брыдка і зусім не паважае бацюшку... Антось гаркнуў цераз стол на жонку, і бабская лаянка спынілася... Зноў усе пілі па чарзе і віталі сусед суседа з кірмашом...
   У хаце была гарачыня. Пот цурком ліўся па тварах. Кампанія з кожнай хвілінай станавілася весялей і весялей...
   Самагонка сваё ўзяла. Спачатку айца Парфірыя прымусілі пець ухвальныя песні «ўгодніку Макавею», а пасля бабы пачалі вытылінгаваць гэткія прыпеўкі, што бацюшка, набраўшыся зуху, перамяніў свой рэпертуар... Ён вылез з-за стала, стаў супроць прыгожай і дзябёлай бабы Купрыяніхі ды, прытоптваючы нагамі, заспяваў:

Ты ж мая, ты ж мая,
Ты ж не чужая.
За то цябе спадабаў,
Што ты маладая.

 

   Купрыяніха ад радасці, што каля яе пачаў «хадзіць певуном» бацюшка, ажно распаўзлася...

 

Ты вясёлы і прыгожы,
Толькі вось кудлаты,
Як палягуць усе спаць —
Жду к сабе дахаты, —

 

   адпела Купрыяніха да бацюшкі. Але бацюшка не крыўдзіўся за слова кудлаты, а толькі мацней аблапіў Купрыяніху і пусціўся ў скокі. Услед жа за бацюшкам Габрусь і Гіляры таксама хапілі па кабеце і пачалі шпарка .круціць мяцеліцу.
   Аднавокі музыкант Савоська, які быў спецыяльна запрошан Габрусём для кірмашу, спрытна хадзіў кручкамі па цымбалах і шырока разяўляў рот ад смеху, калі бацюшка прысядаў, падаткнуўшы крысы сваёй доўгай вопраткі, або цалаваў знянацку Купрыяніху...
   А Купрыяніха, расчырванеўшыся як мак, бліжэй прыціскалася да свайго танцора і прыпявала.
   Гадзіны паўтары Савоська не пераставаў сячы на цымбалах, а п’яныя кірмашнікі давалі адно другому дыхту...
   Гарачыня прымусіла расчыніць вокны і дзверы. Пад вокнамі хаты сабралася шмат малых дзяцей. Але ніхто не зварачваў увагі... Дзеці ажно качаліся ад рогату, пабачыўшы, як танцуе падгуляўшы бацюшка. А бацюшка да таго разышоўся, што калі нават перастаў іграць музыка і спыніліся ўсе скакаць, ён яшчэ ўсё вырабляў нагамі розныя выкрутасы і, прыхіліўшыся лагадней да Купрыяніхі, спяваў ёй на вуха:

 

Прасіў, прасіў — не выпрасіў,
Бадай табе чорт выкусіў...

   Тым часам надышоў змрок.
   Дажджу не было, але неба ўхутана было хмарамі, і ва ўсіх баках пагрымліваў гром і мільгацела маланка.
   Моладзь і частка старых, якія не захацелі кірмашаваць, вярталіся з працы... Кожны, праходзячы каля Габрусёвай хаты, затрымоўваўся, каб падзівіцца на кірмашнікаў,якія ўжо блыталіся і на дварэ, і на прыгуменні...
   — Нябось, кірмаш, відаць, нядрэнны быў, калі нават ногі адмаўляюцца слухаць,— казалі праходзячыя сяляне...
   А дзеці рагаталі і ўсім расказвалі, як з Купрыяніхаю скакаў бацюшка...
   Раптам на прыгуменні пачуліся крыкі і лаянка...
   Гэта, на чым свет стаіць, лаяўся Купрыян на бацюшку, які гушкаў Купрыяніху на пасавым калясе ад малатарні ў маняжы за акалотам... Купрыян хацеў ушчарэпіцца бацюшку ў валасы, але быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі тройчы і перакуліўся... Пабачыўшы, што фізічнай сілай не можна даць рады, Купрыян пачаў лаяцца самымі апошнімі словам!...
   Невядома, чым бы гэты «кірмаш скончыўся, каб не разнеслася чутка, што едзе міліцыя. Усе да таго перапалохаліся, што, як дым у паветры, нямаведама куды пахаваліся...
   Толькі бацюшка бегаў каля сваёй драбінкі і прасіў, каб яму запрэглі каня. Габрусь супакойваў бацюшку:
   — Мала хто едзе, — казаў ён, надзеючы хамут на каня, — бацюшка няхай не палохаецца... А лепш было б, каб, айцец Парфіры, паслухалі мяне ды асталіся начаваць. Паглядзіце, як хмары аблажылі ўсё неба, цёмна, хоць у вока стрэль, дождж можа пайсці, а ехаць пяць вёрст...
   — Не магу, не магу, Габруська! Абяцаў матушцы быць сёння... I так, ведаеш, лішняе дазволілі... А скажы Купрыяну, што дарэмна ён да мяне чапляўся... А жонка яго... з агнём кабета, як па-твойму?
   — Ды яно ж так... Але нашто было, каб ён бачыў... Прайшліся б дзе-небудзь за гумнішча... Ды нічога, праспіцца, то на ўсё забудзецца.
   — Хто? Купрыян?
   — Але, — адказаў Габрусь і зірнуў на бацюшку.
   Бацюшка ўсміхнуўся і сцебануў каня пугаю...
   Перад тым, як пасадзіць бацюшку на воз, Габрусь завёў яго ў варыўню і даў некалькі разоў пацягнуць з біклажачкі... Бацюшка гэтак пацягнуў, што ледзьве-ледзьве ўзабраўся на каламажку. Габрусь даў яму ў рукі лейцы і пугу, вывеў каня за вароты і развітаўся, яшчэ раз гаворачы аб тым, што лепш было б не ехаць.
   Конь па вуліцы пайшоў паціху, а бацюшка зразу стаў «кляваць» носам.
   Вясковыя хлапчукі-падшывальцы грамадою ішлі за бацюшкам, напамінаючы яму, як ён спяваў і скакаў з Купрыяніхаю і як яго чуць Купрыян не адпаласаваў на прыгуменні...
   Але бацюшку «змарыў» сон, і ён нічога не чуў, што навокал яго дзеялася.
   Адзін з хлапчукоў, той самы, якому ў мінулым годзе бацюшкаў сын у школе рассек спражкаю пераносіцу, захацеў чым-небудзь дапячы бацюшку.
   Ён, падбегшы бліжэй да каламажкі і ўпэўніўшыся, што бацюшка заснуў, узяў разляйцаў каня і прывязаў лейцы за гужы.
   Усе хлопцы ішлі і рагаталі, чакаючы, што будзе, калі бацюшка захоча павярнуць у які-небудзь бок...
   Выехаўшы за вёску, конь прайшоў некалькі крокаў ды зразу павярнуў у авёс, які рос паўз дарогі... Каламажка астанавілася, і бацюшка, рэзнуўшыся носам аб біла, прачнуўся...
   — Ну, каб цябе ваўкі, — шмаргаючы за лейцы, крычаў хрыплым басам бацюшка... Але конь і не думаў адрывацца ад аўса, бо лейцы былі прывязаны за гужы і яго зусім не трывожылі...
   Бачыць бацюшка, што конь яго не слухае, пралупіў вочы і пачаў сцябаць пугаю... Конь павярнуў з аднаго боку і зараз жа перайшоў на другі бок дарогі, пачаўшы ганашыць авёс...
   А гэткая была цемра, што нібы завязанымі вачыма пазіраеш наўкола. Толькі бляск маланкі час-ад-часу асвячаў усю акругу.
   Пачынаў пырскаць дожджык... Бацюшка, крыху аглуздаўшыся, ніяк не мог уцяміць, дзе ён і што... Ён пачаў нешта мычэць сабе пад нос, клясці каня, але не рушыўся з месца...
   Хлопцы, прысядаючы на мяжы ў аўсе, усё гэта бачылі і рагаталі, затыкаючы рот далонню, каб не выдаць сябе.
   Бацюшка доўга валэндаўся, а пасля супакоіўся і перастаў нукаць на каня. Хлопцы думалі, што бацюшка заснуў.
   — Нецікавым можа кончыцца кірмаш для бацюшкі, — гаманілі паціху паміж сабою хлопцы,— конь пад’есць аўса, бацюшка тым часам выспіцца і паедзе дахаты... К таму часу можа і сонца ўзысці...
   — Давай лепш падыдзем да яго, — сказаў той самы хлапец, які ўстроіў штуку з лейцамі...
   Некалькі смельчакоў падышлі да каламажкі і пачалі моцна гаманіць. Бацюшка пачаў шавяліцца.
   — Гэта хто тут пасе каня? — гукнуў празрыстым голасам адзін з хлопцаў.
   — Гэта я, — адказаў, чуць паварочваючы язык, бацюшка.
   — Хто ты?
   — Ну, я... бацюшка... А вы хто такія?..
   — Мы?.. Хлопцы!..
   — Адкуль вы, хлопцы?
   — З Ліпнёўкі...
   — Ага, з Ліпнёўкі... А скажыце мне, хлопцы, куды я еду?
   — Нікуды вы не едзеце, а стаіце на месцы ды каня ў чужым аўсе папасваеце...
   — Цяпер няма чужога...і ўласнага няма... усім раўнапраўе пры савецкай уладзе... вось што... Але скажыце, хлопцы, куды ўсё ж такі я еду і... дзе я еду...
   — Мы ж кажам, што на месцы стаіце...
   — Ага, на месцы, — паўтарыў бацюшка, нібы толькі прачнуўшыся, — ну, а куды я паеду, калі паганю каня? Куды мой конь стаіць перадам, а куды задам, скажыце мне, хлопцы?
   — Ці ж вы не бачыце?
   — Не бачу, бо нешта ў ваччу цёмна...
   Хлопцы зарагаталі, пашушукаліся, а далей адзін і кажа:
   — Перадам стаіць да Ліпнёўкі, а задам да вашага капелюша....
   — Ну, то і добра, што да Ліпнёўкі. Цяпер сядайце, хлопцы, на воз і завязіце мяне ў Ліпнёўку да Габруся... Ведаеце, што на канцы жыве... бо дамоў гэткай цемраю, пэўна ж, не заеду...
   — Добра, добра, — адказалі хлопцы, і, заляйцаўшы каня як трэба, трое з хлопцаў ускочылі на каламажку, узялі з рук у бацюшкі лейцы і пугу, пасакаталі проста па дарозе...
   Бацюшку пачало трэсці, і ён стаў прыходзіць у сябе...
   — Вы закон божы вучыце ў школе? — запытаў бацюшка...
   — Не, — адказалі ўсе трое ў адзін голас.
   — А чаму? Ці ж вам, сукіны дзеці, спасение душы не патрэбна? Га? Ці вы, можа, у гэтым самым ка... камусамоле?
   Хлопцы захіхікалі.
   — Але, бацюшка, у «камусамоле», а там закону божаму не вучаць...
   — А чаму ж вас там вучаць? На сабак брахаць ды бацькоў не слухаць!.. Біць вас трэба, сукіны дзеці, што ў царкву не ходзіце, богу не моліцеся ды старших не паважаеце...
   Хлопцы ва ўсім супярэчылі бацюшку, а бацюшка «настаўляў іх на пуць ісціны» і лаяўся апошнімі словамі...
   — Вось і прыехалі, — сказаў адзін з хлопцаў, і ўсе трое саскочылі з каламажкі...
   — Стой, хто гэта? — пачуўся голас упоцемку...
   — А, гэта ты, Габрусь, — загаманіў весялей бацюшка, паварочваючы галаву да голасу...
   — Не Габрусь, а Ігнась, тутэйшы міліцыянер...
   — Мі-мі-лі... — хацеў паўтарыць бацюшка, але з пераляку язык не мог павярнуцца...
   — Гэта ж мы злавілі бацюшку, — гаварыў адзін хлопец да міліцыянера, — ён каня пасвіў у нашых аўсах...
   — А, бацюшку, — цішэй загаманіў міліцыянер, — то, выбачайце, бацюшка, я зараз пашлю за старшым, а пакуль што вы злезьце, зайдзіце ў каравульную, а каня я скажу ў хлеў паставіць, бо дождж пачынае ісці...
   — Ды ён сам не злезе, яго зняць трэба, бо ён «прычасце святое» ў нашага Габруся прыняў — загукалі хлопцы ўпоцемку і пабеглі дахаты...
   Бацюшку вельмі паважна папрасілі цэлую ноч супачываць у каравульным пакоі пасля напісання пратакола...
   Гэтым «салодкім» сном у міліцыі, вядома, не зусім скончыўся кірмаш для айца Парфірыя...
   Хлапчукі ж, бегучы паўтары вярсты ад мястэчка, куды завезлі бацюшку на начлег, увесь час рагаталі і цікавіліся, як пасля гэтага бацюшка будзе служыць абедню ў царкве... Яны дагэтуль не верылі, што бацюшка можа гэтак напіцца і лаяцца брыдкімі словамі...
   Не прайшоў так сабе кірмаш і для Габруся. У гэту самую ноч у яго патрэсла глячкі ды бутэлечкі міліцыя і таксама напісала пратакол...
   Габрусь увесь час чухаў сябе за вухам і больш за ўсіх лаяў бацюшку...
   — Казаў жа яму начаваць у мяне... Дык не, занесла яго нячыстая сіла ў міліцыю... Ну, буду доўга памятаць гэты кірмаш... Даўся ён мне ў знакі... Хаця б добра ўсё скончылася... Што пазабіралі самагонку — гэта дарма, але хаця б штраф невялікі налажылі... Ну і пакірмашавалі!.. Няма чаго сказаць...
   А ўся вёска, як у бубен біла, гаварыла пра гэты кipмаш... Купрыяніха, што шуры-муры закруціла з папом, два тыдні на вуліцу не паказвалася і дала слова больш ніколі не хадзіць у царкву...
   Пацешней усяго — гэта расказы хлопцаў, як яны, замест да Габруся, завезлі бацюшку на ўласным яго кані ў міліцыю...
   Чуваць было пра гэты кірмаш і ў ваколічных вёсках.
   — Ліпнякі зноў, кажуць, кірмаш спраўлялі, — гаварылі суседнія вёскі, ды дрэнны, кажуць, торг быў... шмат ім каштавала гэта гулянка... А поп, кажуць, у міліцыі п’яны спрасонку імшу служыў...
   А моладзь ліпнёўская ад радасці была на сёмым небе. Хто б ні спаткаўся з Габрусём, пыталіся ў яго:
   — Ну, што? Як кірмашаваў?!.
   Габрусь нічога не адказваў, а кідаў злосны погляд і адыходзіў...
   Дома ж штодня Габрусь лаяўся з жонкаю і, пазіраючы на вобраз св. Мікалая, гаманіў:
   — Ах, Макавей, Макавей, нарабіў ты мне столькі клопату і непрыемнасці... Бадай на цябе ліха нашло, хоць ты і ўгоднік...
   — Шэльма, што ж ты лаеш святога Мікалая... Прычым жа ён тут,— перабівала яго жонка...
   — Ды ўсе яны роўныя, аднаго поля ягадкі... Не веру я ім... I Макавей, і Мікалай — усе яны аднаго варты, такія самыя, як поп, што ім моліцца... А глядзі ты, заблудзіўся ў міліцыю і столькі нарабіў нам страты!.. Тое самае і Макавей іМікалай зрабілі б, каб маглі гэтак налізацца дарэмнай самагонкі... I ты такая самая «ўгодніца», ліханька на цябе, з карку майго не злазіш, усё грызеш за гэты кірмаш... А ці я вінават, што гэтак здарылася... Усё «ўгоднікі святыя» нарабілі... Цьфу!
   Пры гэтым Габрусь запускаў слаўцо па адрасу ўсіх угоднікаў і «нягодніцы» жонкі, як ён часта называў яе, выбягаў, як апараны, з хаты, стукаючы моцна дзвярыма.
   А жонка гэтым часам станавілася на калені прад св. Мікалаем і малілася, просячы, каб ён не зважаў на яе мужа, якому такі сапраўды святы ўгоднік Макавей зрабіў прыкрасць і вялікія страты...

Похожие статьи:

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Босыя на вогнішчы

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Звон

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Песня беларуса

БиографииМіхась Чарот

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Вясенняя раніца