Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Чарот - Завіруха

Над балотам гудзе завіруха...
Ведзьмай носіцца з краю да краю
I змятае з зямлі жыцця пацяруху...
Неба свінцовым дажджом палівае.

Бура ломіць дубы і бярозы-сталеткі,
Выварочвае хвоі з карэннем...
I ўзыходзяць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Непагоды шалёнай насенне.

Мы засыпаны снежнымі іскрамі,
Ломім ногі ў галлі буралому...
Крычым сонцу: «Блізка мы, блізка мы!
К свету Вялікаму! Новаму!»

Нам не страшна мяцеліца смерці
I напевы хаўтурныя ветру...
Ўсё жыццё нам прыходзілась мераць
Агнявыя балоты і нетры.

Завіруха як свішча — мы слухаем...
Песцяць сэрца жалобныя песні...
Свет стары яна смела парухае,—
Гэта бура зімы напрадвесні.

Падарожны не згіне ў мяцеліцу.
Шлях ён знойдзе ў тумане балота...
Тут адважнаму путніку верыцца,
Што ўжо хутка міне яго слота.

Сонца гляне — асвеціць палеткі,
Згіне з сэрца бязмерная скруха...
Закрасуюць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Сціхне плакаць жыцця завіруха.

1922

 

Похожие статьи:

БиографииМіхась Чарот

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Босыя на вогнішчы

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Вясенняя раніца

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Звон

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Песня беларуса