Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Міхась Чарняўскі - Вогнепаклоннікі

   Ніхто дакладна не ведаў, адкуль быў родам гэты высокі стары з загарэлым тварам і барадою, сівою і пакручастаю, як пена на віры. Хадзіў ён ад паселішча да паселішча, абапіраючыся на ядлоўцавы кій, пабліскваючы меднай бляхаю на грудзях з выяваю крукаватага крыжа.
   Казалі, што яшчэ ў маладосці гэты чалавек трапіў быў у палон да паўднёвых людзей, якія прадалі яго ў рабства. Шмат гадоў лёс кідаў яго па свеце. Нацярпеўся рознага, але, будучы ад роду цікаўным і кемлівым, шмат чаго пабачыў і многаму навучыўся.
   Вярнуўся ён у гэтыя мясціны ўжо ў сталым веку. Прыплыў ажно з-пад паўднёвага мора разам з цёмнавалосымі кучаравымі людзьмі на вялізным чоўне пад ветразем. Вёрткія прыморнікі абмянялі медзь, бронзу і шкляныя пацеркі на звярыныя шкуры, мёд і воск і вярнуліся да сваіх цёплых берагоў. Стары ж застаўся. Ён пачаў хадзіць па тутэйшым краі і навучаць людзей пакланенню сонечнаму свяцілу. Вечарамі распальваў вогнішча, збіраў вакол сябе гурт і гаварыў, размахваючы рукамі. Яго ўтрапёныя вочы быццам пранізвалі людзей, і дзівосныя словы глыбока западалі ў сэрцы. А калі сонца адбівалася ад увагнутай меднай бляхі і асляпляла прысутных, усім здавалася, што гэта пасланнік самога Сонца з’явіўся перад імі. I за ўсё гэта клікалі старога Вешчуном.
   — Вы сееце збажыну і гадуеце быдла, але як дзікуны-паляўнічыя, што блукаюць па глухіх пушчах, па-ранейшаму пакланяецеся Месяцу — уладару цёмных начных сіл, якога лічыце вярхоўным боствам,— гаварыў Вяшчун.—Але ж хіба не Сонца прыносіць цяпло на зямлю і растапляе снягі і лёд? Хіба не з ім прыходзіць вясна і наступае час сяўбы? I хіба не сонечныя промні спеляць зерне ў каласах? Хіба не Нябеснае Свяціла дае жыццё ўсяму існаму на зямлі?
   — Сонца — вярхоўнае боства,— навучаў далей стары.— Месяц жа — цемра і ноч, і свеціць ён толькі, адбіваючы сонечнае святло. Падстаўце далоні Сонцу і адчуеце цяпло. А хіба ж дае цяпло Месяц? Хіба не холадам і золкім туманам ахутвае ён зямлю? I хіба не Сонца разганяе туман уранку і прасвятляе над намі неба?
   — Агонь у вогнішчы і на паходні — гэта часцінкі Сонца, што апусцілася да людзей. Калі мы спальваем лес і на выгарыны кідаем зерне, то ячмень хутка расце, высокі і каласісты. Гэта агонь зрабіў такой урадлівай зямлю. I гэты агонь нараджаецца ад трэння скрыжаваных палачак. Таму скрыжаваныя палачкі, крыж — сімвал вечнага Сонца!
   Слухалі людзі Вешчуна, дзівіліся, ківалі галовамі. Некаторыя ж пляваліся, адварочваліся і ішлі прэч. Ды ўсё больш было такіх, што пачыналі пакланяцца Сонцу, паліць летняй самай кароткаю ноччу рытуальныя вогнішчы, спальваць нябожчыкаў і насыпаць над імі земляныя капцы. Таму вылюдняліся бажніцы, прысвечаныя Месяцу, усё менш да іх прыносілі ахвяраў. I адпаведна ўсё менш перападала светарам — прыслужнікам каля бажніц мяса і хлеба, вопраткі і ўпрыгожанняў.
   Аднойчы ў канцы лета Вяшчун з некалькімі вучнямі падаўся на землі, што былі на далёкіх паўночных прытоках. Прыйшлі яны туды і прыпыніліся на высокім прыбярэжным мысе. Зладзілі цёплы будан, каб перабыць у ім зіму, расклалі вогнішча і пачалі залучаць мясцовых жыхароў да вогнепаклонніцтва. Але на гэтых глухіх ваколіцах, сярод векавечных пушчаў, дзе былі неўрадлівыя пясчаныя глебы, людзі жылі амаль выключна з палявання і рыбацтва. Зерня тут сеялі мала, і жывёл амаль не разводзілі. Таму новае вучэнне з цяжкасцю пускала кара-ні. Тубыльцы па-ранейшаму пакланяліся Месяцу, выявам Вялікага Лася і Маці-качкі, нябожчыкаў загортвалі ў бяросту і хавалі ў дуплах старых дрэў. Ды ўсё ж паціху-памалу большаў гурт слухачоў каля вогнішча на мысе. Але ўсё гэта дужа не даспадобы было тутэйшым светарам ды і старэйшыны скоса пазіралі на находніка, што муціў у галовах іхніх супляменнікаў.
   I аднойчы на рачны мыс уварваўся натоўп узброеных мужчын.
   — Смерць чужаку, які вучыць нішчыць агнём целы нашых памерлых бацькоў і дзядоў! — крычалі светары-падбухторшчыкі.
   — Смерць яму! — роў натоўп.— I гэтым, што каля яго!
   — Паслухайце, людзі...— узняў рукі Вяшчун.
   — Няма чаго нам цябе слухаць! — перапыніў старога каржакаваты здаравяк з ваўчынай шкураю за плячыма.—Калі твае багі такія вялікія, то пакажы іхнюю моц. Інакш — рыхтуйся сустрэцца з імі! I ён патрос сякерай.
   — Вучні мае,— загадаў Вяшчун,— нясіце сюды больш сухой травы і галля.
   У насцярожаным маўчанні натоўпу Вяшчун падышоў да нарыхтаванага вогнішча і павярнуўся так, каб сонечнае святло ад нагруднай бляхі, сабранае ў вузкі пякучы прамень, трапіла на сушняк. Доўга стаяў так, не кранаючыся, і ягоныя ворагі ўжо пачалі былі траціць цярпенне. Але вось ад сонечнай плямкі на траве выплыў абвуглены абадок, задыміўся, і нарэшце ўспыхнуў агонь. Гул здзіўлення праляцеў над мужчынамі.
   — Гэта толькі чараўніцтва! Не верце яму, людзі! — не здаваліся светары.
   — Нясіце голле на вогнішча. Ды пабольш! — зноў загадаў Вяшчун.
   Нарэшце полымя зашугала гарачынёй і выбухнула вышэй чалавечага росту. Тады Вяшчун узняў рукі да Сонца, нешта пашаптаў і ступіў на вогнішча.
   Крык жаху і ўтрапення скалануў прысутных. Людзі адхлынулі, многія ўпалі ніцма на зямлю. Рэшта ж са светарамі кінуліся наўцёкі. 
   Калі дагарэла вогнішча, вучні Вешчуна насыпалі над ім высокі капец.
   Вестка пра такое нечуванае здарэнне разышлася па блізкіх і далёкіх наваколлях. Уражаныя тубыльцы паступова таксама пачалі пакланяцца агню.


****


   — Нешта ў цябе тут цьмяна і скорагаворкай. Так і ў сне бачылася?
   — Ну, не зусім так. Тое-сёе дабавіў. Пачатак бронзавага веку быў звязаны з радыкальнымі зменамі ў светапоглядзе першабытнага чалавека. У тым ліку і ў рэлігійных вераваннях, якімі былі прасякнуты самыя розныя бакі тагачаснага жыцця. Справа ў тым, што земляроб бронзавага веку інакш успрымаў і тлумачыў свет, чым неалітычны паляўнічы. Для земляробства важныя змены пораў году, рух нябесных свяціл, па якіх ён вызначаў набліжэнне гэтых змен, важнае сонечнае цяпло, плодная моц зямлі. Старажытнага сейбіта займала таямніца нараджэння расліны з зярняці, чаму спрыялі і дождж і сонца. Канешне, змены ў духоўным жыцці адбываліся не раптоўна, а паступова. Старое не здавала лёгка свае пазіцыі, працягвала існаваць нейкімі элементамі і ў новую эпоху. Гэта таму, што раней-шыя заняткі, звязаныя з лесам, возерам, працяглы час усё яшчэ мелі важнае значэнне ў забеспячэнні чалавека прадуктамі харчавання.
   У сне ж мне бачылася, быццам я — малы хлапчук, сядзім з дзедам на азёрным беразе і пячом мы на невялікім цяпельцы ракаў. Іх поўна было ў норах пад нізкім берагам. Толькі што налавілі — гупалі па беразе нагамі, а ўстрывожаныя небаракі выпаўзалі на пясчанае плыткаводдзе на відавок. Там мы іх і хапалі за спінкі. I вось мы сядзелі каля агню і чакалі, пакуль ракі пачырванеюць — тады іх можна лупіць і есці — і дзядуля апавядаў пра Вешчуна. Запомніліся толькі ўрыўкі з гэтага падання, рэшту ж дапоўніў сам,што ведаў з археалагічных раскопак, прачытаў у кніжках па этнаграфіі першабытных народаў.
    Земляробства гэтага часу ў аснове сваёй было падсечна-агнявым. Глебу на выгарынах рыхлілі рознымі завостранымі каламі, каменнымі і рагавымі матыкамі. Дарэчы, такіх каменных матык на Беларусі знойдзена даволі шмат. Падобныя спосабы апрацоўкі поля былі вядомыя яшчэ з новага каменнага веку. Але маюцца сведчанні, што ў бронзавым веку зараджалася і распаўсюджвалася і ворыўнае земляробства з дапамогай драўлянага рала, запрэжанага валамі. Хачу яшчэ раз падкрэсліць важнейшую ролю агню ў гэтай справе. Толькі ім можна было для сяўбы вызваліць дастатковыя плошчы сярод суцэльных лясоў ды хмызнякоў. Да таго ж зямля, угноеная попелам, станавілася надзвычай урадлівай. Першага чалавека агонь саграваў, ахоўваў ад звера, даваў магчымасць згатаваць ежу. Зараз жа ён стаў першым памочнікам і земляробу. Успомнім, што толькі агонь даў чалавеку ўладу над рудамі, з якіх ён пачаў выплаўляць металы.
   Заняўшы такое важнае значэнне ў штодзённым жыцці людзей бронзавага веку, агонь і сонца, як яго найвышэйшае ўвасабленне, сталі важнейшай часткай іхніх вераванняў, светапогляду. 

Комментарии (2)
Я # 28 мая 2014 в 08:57 0
Інтересно :))
Аня # 1 сентября 2014 в 15:04 0
Помогите основную мысль выделить,пожалуйста.