Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Лынькоў - Маньчжур

Увага! Поўны змест

   — І-і-і... браток ты мой, медныя твае галасы... Ты не падумай, сокал мой родны, што я... што я абы-хто.
   — О-го... Ты не глядзі, браце, што гарнітур на мне — не гармонь мая — трохрадка венская з пазалочанымі галасамі... Пасціраліся лады на мне, лаку няма, дый адкуль узяць яго. Гады-годзікі:

Пазарасталі сцежкі, дарожкі,
Дзе прахадзілі мілага ножкі...


   Не дзіва, браце, — сорак пяты гадок, а гэта табе не «ізюміна», не бок тарана... Паспрабуй вось, голуб, падскочыць настолькі — пуп надарвеш... Так-то, браце... А я вось пражыў і, дзякаваць Богу, чаго не пабачыў і хто толькі не глядзеў на мяне... Падумай толькі, сам генерал Курапаткін са мной гаварыць ізволіў... Уся-го было. Іду гэта я з даручэннем ад ротнага камандзіра ў штаб палка, і... браціку мой, шась насустрач мне генералаў з шэсць, і ўсё ў палетах бліскучых. Ну, я адразу, як след, круць ва фронт і зенкамі старшому зенкі пакрыў.
   — Ты, — гаворыць, — салдацік, куды?
   — Так і так, ваша правасхадзіцельства, з даручэннем ротнага камандзіра...
   — А ці ведаеш ты, — кажа, — хто гаворыць з табой?
   — Не магім знаць, ваша правасхадзіцельства!
   — Ду-у-рак!
   Вось тут-то я як рыкнуў на ўсё сваё горла салдацкае, вядома, малады быў, не тое, што цяпер:
   — Так точна, ваша правасхадзіцельства!
   Бухнуў гэта я, аж генеральскія коні вушы нахмылілі, ад’ютант малады, ат, падсосак мамчын, чуць з сядла не споўз. Ну, думаю, нарабіў бяды, тут табе, галубок, не гаўптвахтай пахне, пазнаеш, пачым фунт ліха. Але нічога. Паглядзеў гэта ён на мяне, усміхнуўся другім ды кажа:
   — Хоць ты і дурак дураком, але ўсё ж такі хлапец зухаваты, адказваць можаш як след. Ідзі ў штаб і скажы, што генерал Курапаткін загадаў табе лычка даць, запішы паручнік...
   Ну, вядома, хваціў я яшчэ раз: «Рад старацца, ваша правасхадзіцельства», яны і паехалі, а я сваёй дарогай. Так і яфрэйтарам стаў. Ты, галубок, не смейся, молад яшчэ, і смешнага тут, браце, нямашака. Ты вось зубы выскаляеш, а запытаць цябе — чаму? — і не адкажаш. А таго не ведаеш, што я табе пра Маньчжурыю гавару, а не пра калдобіны на тваёй вуліцы. А раз пра Маньчжурыю — маўчы і не дыхай, бо мы там кроў пралівалі, супастат ты гэтакі, мы сопкі маньчжурскія шынялямі заслалі ды пахавалі пад імі косці салдацкія, шэрыя...
   — І ты кроў праліваў?
   — Ах ты, агідная душа твая, «і ты кроў пралівааў»... ды хто ж яе і праліваў, калі не я?
   — Яно і праўда, казаў жа ты ўчора, што кашаварам у Маньчжурыі быў і даводзілася рэзаць быкоў маньчжурскіх.
   — Я?.. Я?.. Быкоў маньчжурскіх? Ах ты, шымоза ты дзіравая японская, «кашавар», бачыш ты...
   — Ды ты ж сам казаў...
   — Я... Я казаў? Перахрысціся, і хто цябе навучыў сказаць гэта, каб я, яфрэйтар, кашаварам быў, і калі...
   — Пазаўчора.
   — Згінь, нячысты дух, а то не пашкадую гармоні... Бач, што надумаўся, я «кашаварам быў»...
   — Ну, супакойся, можа, ты і не быў, хто ж цябе ведае?
   — Я, я ведаю, няшчасная твая галава, хто ж болей павінен ведаць?..
   — Правільна, Маньчжур, правільна, мо ты і афіцэрам часам быў?
   — А што ж ты думаеш, я не мо-ог быць і афіцэрам, што ж ты сабе думаеш — я не мо-о-г насіць пагоны блішчастыя, бач, знайшоў мудрасць...
   — Дык чаму ж ты не быў?
   — Чаму, чаму... А таму, што мурлом мы, браце, з табой не выехалі. Мужычае мурло і розум мужычы. А мурло то яно шэрае; мазгі мохам пазарасталі, калі ё розум, і той ззаду. Яно, канечне, і ў панкоў розум не абы-які быў, мо слабей і нашага задняга, ды, бач, мурло то ў яго белае, і без цвілі, і рукі — далікатныя рукі, белыя рукі. Адным словам, не да працы рукі, голуб ты мой. Чым жа ім і падзаняцца, як не быць панамі ды афіцэрамі. Вось і былі, і пагоны насілі з эпалетамі, а мы, значыцца...
   — Яфрэйтарамі служылі...
   — А хоць бы сабе і яфрэйтарамі. Адно лычка, дый тое бліскучае...
   Маньчжур ужо не крычыць, ён гаворыць паціху, але злосныя ноткі іголкамі тапыршчуцца ў асіплым голасе, шчацініцца рыжая барада, а закарузлыя дрыжачыя рукі цягнуцца да чаркі, не першай і не апошняй. Мутнымі, як асенняя імгла, міргаючымі вачыма доўга ўзіраецца ён скрозь заседжанае мухамі шкло на пякучыя «божыя слёзы», падносіць на свет замурзанай газоўкі і потым ужо, нібы набраўшыся шчырай адвагі, падносіць чарку пад абшчыпаныя, рэдкія рудыя вусы. Закінуўшы назад галаву, за два-тры каўткі высмоктвае ён пахучую, празрыстую гарэлку, моршчыцца пры гэтым, як сто сопак маньчжурскіх, нібы збіраецца ўсяму свету прадаваць гэтыя маршчакі глыбокія. Чарка ціха стукае аб стол, крэкча Маньчжур, лахмацяцца яшчэ болей рыжыя кудлы на галаве, а вочы — слязлівыя, асалавелыя — узіраюцца на гармонь.
   Маньчжурава гармонь...
   Маньчжурава сэрца...
   Гэта ж адно і тое. Сумуе сэрца — сумуе гармонь, плача гармонь — плача і сэрца. Гармонь Маньчжуру — жонка і дзеці, усіх перажыла і ўсяго пабачыла, не на адной сцяне павісела. Але не перажыла яна чалавечае радасці і чалавечага смутку. Пасля першай чаркі Маньчжур заўсёды рады, пасля другой — ён вясёлы. І тады старыя, паабшчыпваныя лады трохрадкі, пазвязваныя ніткамі, дроцікам, залепленыя лакам і воскам, а то і проста паклееныя хлебам, пачынаюць залівацца вясёлаю песняй. Сам Маньчжур, скрывіўшы набок галаву, выводзіць разам з старым, залепленым і абмусоленым мехам гармоні словы песні, ківае ў такт галавою і падгоцвае правым каленам.
   Калі ж дапівае Маньчжур апошнюю чарку і слязлівыя вочы заўважаюць пустое і нуднае дно, — апускаецца галава на грудзі, з вачэй скочваецца сіраціна-сляза, і Маньчжур успамінае Маньчжурыю. Успамінае маньчжурскія сопкі і пачынае цягуча-цягуча выцягваць з роднай гармоні гукі вальса «На сопках Маньчжурыі». Ён прынікае вухам да самых ладоў, закрывае вочы, і льюцца гукі ручаінаю слёз, мітусяцца паміж цесных і сырых сцен, але на вуліцу выйсці баяцца — Маньчжур іграе ціха. Дый нашто яму гучна, калі і так далятаюць гукі да самае глыбіні душы, хвалююць і шчыпаюць за сэрца, моцна шчыпаюць. Да таго шчыпаюць, што не даводзіць да канца вальса Маньчжур, кладзе гармонь на стол, ашчарэпіць галаву далонямі і ціха ўсхліпвае.
   — Эх, брат ты мой, як былі мы ў Маньчжурыі...
   — Кладзіся ты спаць лепей, мо Маньчжурыя табе і прысніцца, сопкі пабачыш тым часам.
   — Не ў сопках справа, мой голуб... Эх, брат ты мой, калі быў я ў Маньчжурыі, дык.. охо-хо... Хіба расказаць можна ўсё, не...
   — Ну, ладна, ладна, спі і годзе, і ніякіх табе тут гутарак.
   — Браточак мой, і гэта, значыцца, быў я ў Маньчжу-жу-у-р...
   Далей язык яго зусім заплятаецца, думкі пачынаюць іграць ціхую завею, Маньчжур засынае.

* * *
   Кожны заве яго Маньчжурам, і не крыўдзіцца ён, і ніхто не ведае, як завуць яго інакш, якое ў яго імя, якое прозвішча. Дый нават і сам Маньчжур пра гэта добра не ведае. Ці скурыў з п’яных воч дакумент, ці проста згубіў дзе-небудзь пад плотам ці каля сметніка, але дакументальна ўстанавіць сваю асобу ён не меў ніякай магчымасці. І ў першыя разы, калі забірала яго паліцыя за розныя п’яныя справы, усе вельмі дзівіліся, калі чалавек на ўсе запытанні безнадзейна адказваў адно і тое слова: Маньчжур і Маньчжур...
   — Як імя?
   — Маньчжур...
   — Прозвішча?
   — Маньчжур...
   — Па бацьку?
   — Маньч... не, не, галубкі мае, яксьці іначай бацьку звалі, а хто яго ведае, ці Панкрат, ці Кандрат. Але я пасля ўспомню.
   Так і пайшло: Маньчжур і Маньчжур. Дый нашто яму дакументы, нашто тое прозвішча, калі і так кожны добра ведае, як аблупленага. Маньчжур з’явіўся на вуліцы год з дзесяць-пятнаццаць таму назад. Тады была ў яго жонка, былі дзеці, а сам Маньчжур насіў тады прыгожыя бліскучыя боты, бо меў работу, і не абы-якую работу. Такую работу, якая давала магчымасць пашыць і боты, і ў нядзелю апрануцца ў чорную новую жакетку, купіць і жонцы вялікую цёплую хустку, а дзецям перавясла абаранкаў у свята. І Маньчжур купляў. Даўно гэта было, даўным-даўно. Не любіць думаць пра гэта Маньчжур, бо няма цяпер ні дзяцей, ні жонкі, ні цёплай хусткі, ні перавясла абаранкаў. Усё сплыло, усё загінула.
   Чаму?
   Не пытайце пра гэта Маньчжура, бо носіць ён у сэрцы сваім толькі думку аб пляшцы, аб чарцы, не першай і не апошняй. І добра ведае Маньчжур, як не любіла жонка пляшкі, як плакалі дзеці, калі занадта пачаў углядацца ён у мокрае хмельнае дно. І чым болей ён углядаўся ў дно чаркі, тым болей плакалі дзеці і маўклівай рабілася жонка. Яна сядзела нерухома, падпёршы далонямі галаву, сядзела, маўчала і, углядаючыся ў дзяцей, выціскала з вачэй халодныя скупыя слёзы. Ох, як не любіў іх Маньчжур, як узненавідзеў ён гэтыя слёзы, не раз жонцы казаў:
   — Ты лай мяне, лай апошнімі словамі, ну дай мне, калі хочаш, у пысу, да крыві дай, бо я не абы-хто, я стары салдат... Толькі не маўчы, о, смерць мая, не маўчы ты, не маўчы-ы... Ну, чаго ты хочаш?
   А жонка маўчала, палахліва пазіралі дзеці адно на аднаго і, нібы па камандзе, пускаліся ў скогат.
   А Маньчжур, тады ўжо назло ім, піў яшчэ болей і, калі заставалася ў галаве яшчэ хоць адна светлая думка, браў гармонь са сцяны і на гуках дрыжачых пускаўся ў далёкія маньчжурскія сопкі. І плакала гармонь, плакала жонка, плакалі, усхліпвалі дзеці, але пад гармонь заціхалі і толькі размазвалі слёзы на задуменных тварыках. Маньчжур іграў; і з чароўнымі, шчыпаўшымі за сэрца гукамі ўнасіўся ў далёкае жыццё, дзе няма гэтых шэрых сцен, дзе няма гэтых шэрых будняў, гэтых нудных і пахмурных дзён, у якіх ёсць задаволенне ў адной толькі працы, а больш... больш нічога... бо гразка на вуліцы, шэрыя і непрытульныя сцены, а ў акне гразкі і хмуры двор. А Маньчжур быў у розных краях, ці ж можна яму знайсці радасць у гэтым сметнішчы, што вунь там прытулілася пад слізкай каменнай сцяной. А вочы яго, якія бачылі і блакітнае неба, якія бачылі глухія лясы сібірскія, суровы і строгі Байкал і такія смешныя, смешныя фанзы кітайскія, — хіба гэтыя вочы радасць знойдуць у каменных буднях, у пялёнках дзяціных...
   — Эх, разысціся б, распрастаць плечы...
   І хочацца Маньчжуру нечага новага, светлага, а чаго — і сам не ведае. А жыццё — камень цяжкі, прыціскае на самае дно, на твань, і навокал зірнуць некуды, стаіць, не скалыхнецца вада мутная, гнілая вада.
   Толькі застаецца пускаць пузыры, і Маньчжур іх пускае... Хмельныя пузыры, зыркія, іскрацца агеньчыкамі рознакалёрнымі. І чым больш пузыроў, чым больш чарак, тым вышэй ада дна, тым больш якойсьці таемнай, цёмнай радасці ў шэрых вачах. Блішчаць яны, іскрацца, а з сэрца скатваюцца чорныя павукі і падаюць кудысьці ў бяздонную яму. І сэрцу лягчэй, б’ецца яно мацней і мацней, круціць голаў хмелем крыві вясёлай, плаваюць мазгі ў слізкіх туманах, ногі зямлі не чуюць.
   А жонка... Эх, жонка, яна толькі і здолее плакаць. А потым, назаўтра, у галаве нібы клёпку збіваюць, гудзіць яна, стукаюць невядомыя малаткі па чэрапе, а ў сэрцы чарвяк высмоктвае кроў. І жудасць тады, і нуда непамерная.
   Трэба пахмяліцца.
   — Жонка, схадзі па сотку...
   Потым... потым не стала і жонкі. Пэўна, і ёй не даспадобы былі шэрыя сцены і пахмурны двор пад акном, а мо вінаваты тут былі сухоты, толькі памерла яна. За ёй і дзеці пайшлі неўзабаве адзін за адным. І застаўся Маньчжур адзін у сценах пустых з шэрымі буднямі. На сцяне вісела гармонь, а ў куце мятла прытулілася. Мятла самая звычайная, вышарпаная мятла.
   Маньчжур працуе з ёй ад раніцы да самага позняга вечара.
   Ён падмятае вуліцу, чысціць вулічны брук ад гразі, збірае яе ў дзіравыя бразготныя вёдры і носіць гэтую гразь у памыйную яму.
   Раніцой, калі яшчэ цемнавата, калі так гулка раздаюцца крокі адзінокіх прахожых, калі пачынаюць блякнуць ліхтары, — выходзіць Маньчжур на працу, на вуліцу.
   Дзіравыя лахманы, ускудлачаныя, нібы падбітыя ветрам. Постаць яго ківаецца з боку на бок. Шархаціць мятла, раскідае яе Маньчжур шырокім кругам, змятае ў кучы вулічнае смецце, што пакінуў тут вечарам і ноччу людскі натоўп. Недагаркі папярос, луска ад семечак, арэхаў, абрыўкі газетнай паперы, прыгожыя паперкі ад цукерак, гразь, гной — чаго тут толькі нямашака.
   Мяце Маньчжур, мармыча нешта пад нос, а часам лаецца ўголас:
   — І халера ж іх не падуша... Мяцеш, мяцеш, а раніцой — на табе, зноў... І адкуль толькі бярэцца поскудзь гэта. Вось прымусіў бы каторага пазаграбаць рукамі бруд гэты, нябось не стаў бы потым пакідаць па сабе смецце ды трасцу розную.
   Часам Маньчжур спыняецца, углядаецца пільна ў смецце і цягне адтуль які-небудзь пудэлак з-пад папярос. Асабліва падабаецца яму «цыганка Аза». Паклаўшы мятлу на вядро, доўга-доўга ўглядаецца ён у нерухомыя папяровыя вочы дзяўчыны, уздыхне, упіўшыся вачыма ў сырое каменне бруку, і потым, выпрастаўшыся, раптам цепане плячом, усміхнецца, языком прыцмокне і, сплюнуўшы разы са два на далоні, бярэцца за мятлу. Цыганку ж кідае ў вядро. Часам Маньчжурава вока заўважае што-небудзь бліскучае, якую-небудзь алавяную паперку з-пад чакаляды. Ён бярэжліва чысціць яе аб шапку, аб крысы сваіх лахманоў і хавае, смеючыся, за пазуху. Гэта падарунак будзе суседскаму сыну Цімку, які любіць Маньчжура і заўсёды яго прывітае:
   — Дзядзька Маньчжур, цацку дай...
   А цацак у Цімкі мала, бо бацька боты чысціць на рагу вуліцы і прыходзіць заўсёды дамоў такі чорны, чорны... Ён аб Цімкавых цацках ніколі не думае, калі і скажа слова, дык толькі пра ваксу, пра старыя галёшы, якія зашывае Цімкава матка, а бацька потым залівае нечым рэдкім і смярдзючым.
   Працуе Маньчжур, цягае цяжкія вёдры, а калі пачнуць стукаць аканіцы ў дамах, пераходзіць на двор — трэба і яго да парадку давесці. Мятла шархаціць, пялёхкае па гразі, а за ёй пасоўваецца мернымі крокамі Маньчжур. Пасоўваецца цвёрда, бо на цвёрдых нагах — яшчэ раніца, не адкрыта манаполька. Хутка пачынае калодзеж скрыпець калясом іржавым, жалезным. З усіх куткоў і закуткаў двара спяшаюцца яшчэ сонныя людзі, больш жанчыны. Бразгаюць вёдры, скрыпіць калясо, бабы лаюцца за чаргу. Чарга стаіць, гутарыць, дзеліцца навінамі ці снамі сённяшнімі, не пускае ў чаргу прыдуркаватага ваданоса Элю.
   — Ты пасля ўсіх нас, бо мы для сябе бяром, а ты, брат, на продаж, выганяеш прыбытак, чыстыя грошы з вадзіцы, не абы-што. Дык і пачакаеш, ліха цябе не возьме.
   Эля шлёпае вёдры ў гразь, паварочвае атопкі назад і нібы адыходзіць, злосна мармычучы пад нос нешта невыразнае.
   Услед рогат, кпіны:
   — Эля, пачакай, навошта нас пакінуў, дзівіся — вёдры плачуць!
   Эля суне назад, бяжыць да каляса, совае кулакамі пад самы нос нейкай кабеціне, якая накачвае ваду. Чым болей лаянкі — тым болей смеху, чым болей смеху — болей лаянкі. Эля крычыць, гатоў лопнуць, кулакамі махае, напружвае ўсе свае сілы. І ўсе рагочуць, захапляюцца да таго, што спыняюць і калясо, і забываюць пра ваду, «падаграваюць» Элю ўсё болей і болей.
   — Гэй, вы, жывадзёры, вады чалавеку шкода, а што, калі б ён хлеба папрасіў у вас?
   — Га-га-га... І Маньчжурыя тут... Бач, указчык знайшоўся, тут табе не японцы, брат, — адказвае языкастая баба Яўдоха.
   —Язык падатні, трапло, ды падцягні панчохі. Глядзі — з-пад суботы пятніца відаць.
   Яўдоха хутка хаваецца за спіны другіх, каб не знайшоў часам Маньчжур і другіх дзён у яе палатаных і перазалатаных рызманах. Вядома, з Маньчжурам і пажартаваць можна, але сёння ён яшчэ на цвёрдых нагах, дык лепей ад яго далей. А Маньчжур ужо парадак наводзіць, балазе двор прыбраў.
   — Ну, ты, малы, чаго шлепталы паразвесіў, налівай, а то не дачакаешся. Тут, браце, і вады не дадуць: бач, людзі, здаецца, а паглядзіш, дык смецце трухлявае, агрызкі, не людзі.
   Усе маўчаць — не любіць Маньчжур, каб хто наўпракі гаварыў.

* * *
   Раніца горад абудзіла. Стукае, грукоча, пераліваецца на розныя галасы вуліца, дрыжаць камяніцы ад людскога гоману. Мітусяцца людзі, спяшаюцца хто куды, кожны на сваё месца, бо хлеба дарма ніхто не дае. Вясёлы ідзе Маньчжур дамоў. Ён ужо пабываў у манапольцы, а з кішэні так ветліва і цёпла выглядае чырвонай галавой яшчэ непачатая пляшка. Ногі вырабляюць нібы тыя крэндзелі залатыя, што вісяць над дзвярыма Пінхусавай пякарні. Заблытваюцца ногі — нібы звязаў іх хто танюткім шпагатам. За Маньчжурам дзятва бяжыць, хапае за рызманы, назаляе.
   — Маньчжур, Маньчжур, скажы пра японца...
   — Брысь, вось я такога японца дам, што не будзеце, назолы, ведаць, скуль ногі растуць.
   Але вось Маньчжур і на дварэ, узбіраецца на ганак, крэкча, як сто крактуноў, некалькі разоў асоўваецца назад, але, як-ніяк, напяўшы сілы, узбіраецца наверх, і хутка ў хаце пачынае залівацца гармонь. Маньчжур вясёлы — п’е першыя чаркі. Хутка сусед прыходзіць, Кузьма Крываногі.
   Любіць ён паслухаць Маньчжурава слова і яго галасістую гармонь. А Маньчжур, ужо крыху засмучаны, ціха расказвае:
   — Брат ты мой! Жыццё наша з табой — не жыццё, ну і не маслянка. Мадзееш, трухлееш, як пень стары, — а радасць каму? І ніякай павагі табе, браце, ні сэрца шчырага, ані слова лагодлівага. Кожны сабе ў ногі глядзіць, а куды твае брыдуць — ім і ў недагадзь. А чаму? А таму, браце, што таўсцеюць на людзях скуры звярыныя, а ў сэрцы, як жолуд, камень расце, і не прастукаеш гэтага сэрца ані словам, ані песняй цёплай, ні гаручай слязою — дзе ўжо там. Дык вось як... Але дзіўна мне сёння... Іду гэта я па вуліцы, а насустрач дзяўчына, такая дзяўчына прыгожая, маладая, вочы смяюцца, а каса чорная да кален. Іду я гэта і, загледзеўшыся на красу маладую, штурхель дзяўчынку ў плячо. Ну, вядома, ці хацелася ж мне рабіць гэта, нечакана здарылася... А яна... І што ты думаў — паглядзела мне ў вочы дый кажа гэтак паціху, нібы крыху спалохаўшыся:
   — Пардон.
   І жаль мне яе зрабілася, вялікі жаль — навошта дзяўчыну пакрыўдзіў. Я назад, ды за ёй, нагнаў і кажу гэтак:
   — Выбачайце, галубка, чалавека старога. Не вы павінны былі пардон казаць, а ад мяне вам належа пардоны два.
мІ што б ты думаў? Не ўспеў я сказаць гэта, а яна і выпалі:
   — Адвяжыся, нахаба...
   Ну, што ты скажаш цяпер, за што ж я крыўду панёс?
   — Ну, не зразумела цябе, вось і ўсё, якая ж тут крыўда?
   — Не, браце, крыўда, вялікая крыўда, і за што?
   Маньчжур выпівае чарку, з хвіліну маўчыць і пачынае зноў.
   — Ты вось кажаш — і крыўды нямашака. Можа, і так, хто яго ведае, не скажу цяпер, бо яшчэ не ведаю, ці ўспомню пра гэтую крыўду праз тыдзень. Але бываюць, браце, такія крыўды, што навек захаваеш у сэрцы і не выкурыш яе адтуль аніякім чынам. Вось раскажу табе, калі хочаш, сам убачыш. Быў я гэта, браточак, у Маньчжурыі...
   — Ты мо пра Курапаткіна?..
   — Ды не, які табе там Курапаткін, не ў ім справа. Дык вось, браточак, быў я ў Маньчжурыі, і вось у паход пайшлі. І спыніліся ў месцы адным, бач, адпачын на абед. Ну, добра. І тут, браціку мой, фанза табе стаіць, а ў ёй звычайныя кітайцы жывуць, ат, небаракі працоўныя. Вядома, бульбіны або там хлеба жытняга не знойдзеш у іх, крупені і тае не бачыў, бо рысам займаюцца болей, зразумела, яда хаўтурная. Але людзі як людзі, хоць па-наску і не кажуць, нічога іх не разумееш; і толькі б гэта нам далей збірацца, бачу, а фельдфебель, ат кабель руды, за дзяўчынай прыўлёг, за маладзенькай кітаянкай прыгожай, цягне яе за руку. Ну, а тая, бачу — слёзы ракой — па-нашаму плачуць вочы. Чорныя вочы, чорныя, а зрабіліся на тыя льдзінкі асеннія, вострыя льдзінкі, халодныя, нават сэрца ў мяне так і сцялася, нібы снегам яго агарнулі. Бача кабель — не даецца дзяўчына, схапіў яе аберуч дый пацягнуў, толькі і замітусіліся яе ножкі ўваччу, маленькія такія цыпы-цыпачкі. Не сцярпеў я тут, схапіўся дый кажу яму:
   — Што гэта робіце вы, зачым дзяўчыну спаганіць хочаце?
   Нібы вадой яго абліў. І што б ты думаў? Павярнуўся ён да мяне, паглядзеў звер зверам ды як дасць, браце мой, па вуху, ды яшчэ абазваў «чабатом салдацкім». Чуць-чуць на нагах устояў, але добра — уцякла дзяўчынка. А крыўда? Не ўцякла крыўда да гэтага часу.
   За што? І хоць забілі фельдфебеля самі ж салдаты, а крыўда жыве і точыць, падточвае часам сэрца, бо жывуча крыўда, ніколі яе не забудзеш, ніколі ад яе не пазбавішся.
   — Так, братка, так, вядома, не пазбавішся. Але і час ужо не ранні, забавіўся я тут у цябе, — і Кузьма Крываногі ідзе да свае хаты, дзе ён выразае на продаж шавецкія калодкі.
   А Маньчжур ужо іграе пра маньчжурскія сопкі і, не дайграўшы палавіны, падае на мулкі свой ложак, сіліцца нешта сказаць, але вусны шавеляцца ўсё слабей і слабей, замаўкаюць.
   Спіць Маньчжур сном хваравітым, п’яным.

* * *
   Маньчжур пузыры пускае, а гады ляцяць хутчэй пузыроў. Нечакана вайна падышла. Хацелі Маньчжура ў салдаты забраць, нават рады быў ён. Прапіўшы свае вёдры жалезныя за сотку горкай, з’явіўся ён на прыём герой героем. Шапка на адным вуху тарчыць, старыя атопкі як жар гараць, падышоў козырам да стала, нагою аб нагу па-салдацку стукнуў, аж забрынчаў кацялок медны, на рамяні прывязаны.
   — Ты хто?
   — Яфрэйтар, ваша благароддзе, 117-га пяхотнага палка, у баях бываў і маньчжурскія сопкі за веру, цара і айчыну крывёю свайго сэрца паліць зволіў...
   — Ладна... агледзець яго, доктар.
   Маньчжур «рукі па швах», паварочваўся, як машына, калі доктар з трубкай у руках пастукваў яго па хрыбту, у рот паглядзеў, вымерваў грудзі істужкай бліскучай.
   — Мне б у артылерыю, ваша благароддзе, стараваты я ў пяхоту, дый дыхавіца да таго ж...
   — Мразь ты хадзячая, а не артылерыя, а яшчэ яфрэйтар, кажа. Колькі год? Ого-о. Не гож, — мармытнуў доктар.
   Ёкнула сэрца ў Маньчжура, але нічога не зробіш. Вечарам выкупіў свае дзіравыя вёдры, паправіў мятлу, узяўся быў за гармонь, пра сопкі ўспомніў, але куды там, не ігралася, не сыходзіла і вялікая крыўда.

* * *
   А годы ляцяць. Цяжкія годы, гудуць галасамі меднымі, агнявымі. І ад тых галасоў чамярэюць людзі, людзі гінуць, і замест каласоў на палях, на пожнях уздымаецца пара крывавая. Не год, не адзін, як людзі ўсе кажуць, — вайна. Каля калодзежа раніцой не сакочуць весела кабеты, а часта, часта выціраюць падоламі слёзы і бразгацяць вёдрамі гэтак сумна і нудна. І гавораць не аб снах, не аб святочных спадніцах.
   Хутка над горадам новыя ветры падзьмулі, ускалыхнулі бляшаныя стрэхі. Уз’юшыліся людзі, забегалі па вуліцах, як непрытомныя. Новыя словы з непрывычкі вуха рэзалі. Дзіўныя словы, таемныя: свабода — раўнапраўе...
   Але хутка апамяталіся ўсе, і прыгожыя словы забляклі. А Маньчжур, убачыўшы раніцой, як праходзіў полк салдат на станцыю, каб ехаць пад далёкага немца, убачыўшы, як хмуры былі салдаты, як стукалі яны чобатамі, як блішчалі залатыя афіцэрскія пагоны, як шчацініліся і натапырыліся грозныя вусы палкоўніка, — падумаў: «І брэшуць жа людзі: свабода, свабода... Дзе ж яна, пакажыце... Зноў будуць румзаць жанкі, выціраць падоламі слёзы. Вядома, мазгі мужыцкія, уцялёпілі немаведама што. Дый дзе гэта відна, каб свабоду табе, шэраму пузу капуснаму, галаве нячэсанай...»
   І нездаволены Маньчжур мармытаў пад нос нешта нуднае і цягучае. Чым ён быў нездаволены? Хто яго ведае. Мо шкадаваў старое? Мо жадаў чаго светлага, новага? Цяжка разабрацца і ў шэрым сэрцы яфрэйтарскім, дзе ўжываецца лычка бліскучае з пякучымі крыўдамі ад залатога пагона.
   І вось пасля новых вятроў прамчаліся нечуваныя віхры, закруцілі горад у карагодзе шалёным. Нешта новае, сапраўды новае, у чым ніхто ўжо болей не сумняваўся, апанавала вуліцай. Па-новаму крычалі людзі. Яны збіраліся вялікімі натоўпамі. На Маньчжураў двор з’явіліся здалёк салдатаў колькі і казалі нешта незразумелае:
   — Даволі, брат, годзе...
   — Цяпер, голуб, без палетаў...
   А стары, даўнейшы сусед Ігнат, вярнуўшыся з-пад далёкага немца, сустрэў Маньчжура каля калодзежа, расцалаваўся з ім і, запытаўшыся пра сваю жонку і дзяцей, весела гэтак сказаў:
   — Жывём, брат, цяпер, ого... і ніякага табе, братка, нічога, а ім, галубок, прыдуха, ды яшчэ якая прыдуха. Былі яны капітаны ды паручыкі — чыкі-чыкі, а цяпер мы іх пад крылле і ўраз: чыкі-чыкі, і гатова — вашых няма. А гэтыя штуковіны ў памыйніцу, каб не смуродзілі часам.
   І салдат-сусед, выняўшы з кішэні, кінуў у вядро Маньчжуру пару залацістых пагонаў з прасветам чырвоным і трыма срэбнымі зорачкамі.
   — Гэта, браток, на станцыі адрэзаў у аднаго. Бач, у сталіцы гэтыя зоркі не ззяюць ужо, а тут яшчэ спаткаеш каго часам. Ну, а цяпер да жонкі, даўно я, браціку, не бачыў яе...
   А Маньчжур стаяў нерухомы, не ведаў, узяцца за што, і ў сэрцы то сум, то радасць. І не ведае Маньчжур, чаго болей. І думкі адна на адну набягаюць, ускудлачаныя, расхістаныя думкі. Але вось узнікла думка аб сопках маньчжурскіх. І «дурак дураком», і «мразь хадзячая», і такія прыгожыя цыпы-цыпачкі ў думках прамільгнулі, і, узяўшы мятлу, загроб Маньчжур апошняе смецце, кінуў у вядро і пацяг у памыйніцу.
   — Так вам і трэба. Усім вам месца тут, матары вашай вілы ў бок. Даволі, годзе...
   У гэты дзень Маньчжур не піў, бо і не было, а па-другое, нешта і не думалася. Час не такі. Не да пузыроў, бо забіла ў жыцці нейкай свежай крыніцай. Якой — яшчэ добра не разумеў Маньчжур; але адчуваў ён істотай сваёй, што гіне стаячае балота, дух падуў новы, разышлася гнілая вада і гэтак добра дыхаць, цікава назіраць, як бегаюць па двары людзі, сустракаюцца, гамоняць, рукамі махаюць. І ўвесь стары пахмурны двор з асклізлымі сценамі шэрых камяніц нібы асвяціўся якойсьці прывабнай прыгожай усмешкай. Нават старая памыйніца брудная перастала страшыдлам быць: па ёй скакалі і зычна чырыкалі вераб’і, а знізу прымайстраваўся сусветны жулік — Цімкаў кот Васька, настарожваў аблезлыя вушы, нецярпліва мяў падагнутымі пад сябе заднімі нагамі, штопарам хвост пакручваў і раптам падскакваў. Але вераб’і — заўсёды вераб’і. Яны паказвалі не зусім спрытнаму Ваську пушыстыя хвасты, ён, схапіўшы ў зубы з гарачкі замест вераб’інага сэрца гнілую цыбуліну і вінавата маргнуўшы вачыма, нехаця лез уніз, садзіўся і прымаўся старанна і спакойна за чыстку сваіх запэцканых лапак, нібы і не зважаючы зусім на вераб’ёў-задзіраў.
   Пасля працы Маньчжур пайшоў у кватэру, паглядзеў на гармонь, пакратаў яе, да ладоў дакрануўся. Але не, не граецца нешта. І, пастаяўшы з хвіліну, зусім не ведаючы, што рабіць, пацягнуўся Маньчжур да суседзяў, паслухаць аб усім новым, паслухаць аб мінулым, пра немцаў далёкіх, распытаць аб тых чамаданах страшэнных, аб тых пузырах цэпелінаўскіх, на якіх немец на рускага чалавека смерць пасылаў. Дый ці мала аб чым распытаць.
   І ніхто не здзівіўся, калі прыйшоў Маньчжур, хоць раней ён ніколі не вылазіў са свае кануры. І нашто дзівіцца, не той час, ёсць многа цікавага, новага, захапляючага. І аб гэтым кажуць. А Маньчжур слухае, перамінаецца з нагі на нагу, хоча слова аб Маньчжурыі ўставіць і не адважваецца — адчувае, што нікому яна цяпер не патрэбна, бо нешта большае засланіла свет і ціхія вуліцы, чымся далёкія маньчжурскія сопкі.

* * *
   Гэта было ўжо нядаўна. У пракураным пакойчыку кварткама, куды трапіў я выпадкова па справах, было поўна людзей. Наведнікі сядзелі на лавах, тоўпіліся ў невялічкай чарзе каля стала, гаманілі, спрачаліся.
   — ...Дык ты ўжо, таварыш кварткам, сунімі сына крыху, не дае жыцця, хоць ты прыся на вуліцу, — так скардзілася старая бабка.
   І нехта, мусіць, «таварыш кварткам», суцяшаў бабку, адказваў:
   — Ах, бабка ты мая, неўгамонніца, анёльскія твае галасы...
   Нешта знаёмае, даўно знаёмае пачулася ў гэтых словах.
   — ...А словы твае, ого-о... не туды вернеш, дарагая, бачу я наскрозь цябе, да апошняй тваёй панчохі. Ну, што? Зноў не паладзіла з нявесткай? Не падзяліла пярыну? Ведаю ж я тваю справу, дарагая мая сіраціна, — глупствам займаешся, дарэмна час марнуеш і сабе вось, і нам. Ну, чым табе дрэнна ў сына?
   Бабка маўчыць. Яна збіраецца з думкамі, шавеліць зморшчкамі-вуснамі і раптам зноў:
   — Што ж я, па-твойму, не варта і гаспадыняй быць у сваёй хаце?
   — Гаспадыняй, кажаш? Якая з цябе гаспадыня цяпер, калі ўся гаспода твая ўжо на печы; дык нечага, дарагая, і рыпацца. Даглядаюць цябе? — даглядаюць; кормяць? — кормяць; пояць? — пояць. Бач, і новая хустка нават, і сядзіш ты ў цёплым, і каб не язык твой смяртэльны, кажу табе ў вочы, доўгі язык твой — было б і пашаны больш і ад сына, і ад нявесткі. Ну, ці не праўду кажу я?
   — Дзе ж там праўда... Няма толку, я яшчэ надзею мела... Каторы раз казала табе, не дае сын грошы — усё самі рахуюць, а я што? — дзяркач, па-твойму, ці гаспадар у хаце?
   — Грошы? грошы, кажаш... бач, яшчэ задумала што. Паміраць збіраешся, а пра грошы думкі. Людзей бы хоць пасаромелася. Грошы... Даволі, бабка, здымай якар, адчальвай. А калі ўжо табе прыпякло так — у суд падай, а нам няма чаго ў твае сямейныя справы совацца. Бач, не ўгамоніцца... — кажа «таварыш кварткам», як відаць, крыху раззлаваны.
   Каля стала чарговы наведнік. З-за коцікавага каўняра відны толькі яго тлустыя аплыўшыя шчокі ды шызы нос. Ён часта азіраецца назад і з ліслівай усмешкай абводзіць вачыма ўсіх прысутных. І ў гэтай усмешцы нібы крыюцца чорныя думкі:
   «Ах, паглядзіце на мяне, добрыя людзі. Ну, што з таго, што я багаты, што ў мяне дзве крамы. Я ж няшчасны чалавек, яшчэ які няшчасны, бо паспрабавалі б вы плаціць патэнт, ды падаткі, ды ўраўніцельны... ці мала клопату на нашы галовы бедныя...»
   А з-за стала ўжо чуюцца словы:
   — Грамадзянін, вам тут не прылавак. Вы, мусіць, забыліся, што не перад касай у сваім магазіне. Дайце месца людзям...
   — Дык як жа так, я ж маю права, што за парадак...
   — Грамадзянін...
   — Ды я сто і тысячу разоў чуў, што я грамадзянін, але ж дазвольце...
   — Вось насланнё яшчэ... Ды не маеце вы аніякага права на даведку гэтую самую...
   — Дазвольце, як жа так, чаму ж гэта я не маю!
   — Ну, пагавары ты з ім тут. Яму кажы адно, а ён сабе другое. Ну, падумайце самі, дарагія таварышы...
   І старшыня кварткама, прыўстаўшы за сталом, зварочваецца да ўсіх наведнікаў. Ён абводзіць усіх шэрымі выцвілымі вачыма, не страціўшымі, аднак, маладога бляску і таго зыркага аганьку, які так малодзіць чалавека, прыдае яму здатнасць, адкідае дзясяткі пражытых год і прыдае надзвычайную прыгожасць шэрым пасівелым бровам. Раптам позірк яго робіцца нерухомым, чуць-чуць раскрываецца рот, больш шырокімі робяцца вочы і левае брыво пачынае падзёргвацца ўверх.
   — А, брато-о-чак!
   — ...Медныя твае галасы, — дадаю ў тон.
   — Пасцёрліся яны, браце, пасцёрліся крыху... Але ж адкуль, братка ты мой! Вось не чакаў, не думаў... Да чаго ж гэта я! Хто-хто, а чалавек чалавека напаткае заўсёды... Братка ты мой, ну, пачакай жа ты крыху, вось скончу справы, пагаворым, ну і пагаворым жа.
   І Маньчжур трос руку, прагінаўся, углядаўся ў вочы, абышоў кругом і нават сумна галавой паківаў.
   — Т-а-ак... А скажу табе, пасунуўся, браце, і ты, што казаць. Дый не дзіва — хутка вы, маладыя, на ногі асядаеце. Але дармо, жыццё не міндаліна — пабачыш і салодкага, і горкага, усяго бывае часам.
   — А чаго болей?
   — Як табе сказаць: каму што, а нам яно, братка, лепей...

* * *
   У прытульным цёплым пакойчыку частаваў Маньчжур гарбатай. Старая гармонь з пабляклымі ладамі вісела на сцяне. Побач з ёй некалькі яскравых малюнкаў, адрыўны каляндар, партрэтаў некалькі. На стале з дзясятак кніжак.
   — А як... з пляшкай?
   — Няма.
   — Чаму?
   — Ат, гаварыць не варта. Старына ўсё... Усяго было, усяго перабачыў, жыў, перажыў і цяпер жыву. Лепш, браце, аб цяперашнім. У кварткаме, бачыш, старшынёй, каторы год абіраюць... Праца ёсць, чаго-чаго, а яе хопіць, абы толькі рукі. Вось і ў кватэрным таварыстве працую: беганіны, тлуманіны штодня, але ж, братка, нішто... Прычэпка, голуб, і не то што прычэпка, а вялікі прычэп да жыцця. Трымайся прычэпу — жыў будзеш, не звянуць рукі... Так, не звянуць.
   — Ну... а шчаслівы ты? не?
   — Шчасце... Як табе сказаць? Шчасце — рэч неразумная. Чуў я, як казалі старыя людзі — адзін едзе на шчасці, другі на снасці. А ў мяне, як і табе вядома, не было калісьці ні таго, ні другога. Ні табе шчасця, ні табе снасці. Гол, як сакол, ды з падрэзаным крыллем яшчэ...
   — А цяпер?
   — Цяпер? Нішто... Што гаварыць, сам бачыш. Толькі вось, братка, скажу я табе адкрыта — часам сум закрадзецца ў сэрца. Вось так, непагодамі, вечарамі, калі адпачын... І вось, браце, сядзіш ты адзін, і разам нібы ўстаюць перад табой... Нібы ходзяць жывымі... жонка... дзеці... Заглядаюць у вочы табе, усміхаюцца. Нібы голас пачуеш дзяціны: татка, татачка, родненькі татка...
   Голас Маньчжура робіцца цішэй і цішэй. Стук ходзікаў аддаецца гучна ў сценах, у аконных шыбах. Дзесьці за сцяной загушкала ціха калыска і малады жаночы голас заспяваў ціхую, пяшчотную песню. Яе гукі ласкавымі, дрымотнымі пералівамі хвалявалі прытульны зрок пакойчыка і соладка казыталі сэрца.
   — А-а-а, а-а-а, баю-ю, бай...
   Я бачыў, як Маньчжур адвярнуўся назад і ўпотайкі ад мяне змахнуў хустачкай нечакана набегшую на шчаціністую шчаку госцю-слязу.
   Хто не даруе чалавеку гэтай слязы, хто зробіць від, што яе заўважа?
   — Ах, братка, ты збіраешся ўжо ісці? Дык заходзь, не абмінай... Стары я ўжо... пагаворым ад сэрца... Дый весялей, бачыш. Дык заходзь жа, заглядвай...
   Позна вечарам я развітаўся з Маньчжурам.

1928

Похожие статьи:

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Салют

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Над Бугам

Міхась ЛынькоўМаньчжур. Аналіз апавядання

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Міколка-паравоз

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Васількі