Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Лынькоў - Векапомныя дні

   Вельмі вялікім быў у «Векапомных днях» пісьменніцкі замах паказаць партызанскую і падпольшчыцкую барацьбу ў Беларусі супроць гітлераўцаў ад пачатку да яе пераможнага завяршэння. Празаік гэта зрабіў, але ўсёй складанасці нашай партызанскай вайны ён, вядома ж, не адлюстраваў. Для аднаго твора, якім бы аб’ёмам ён ні быў, гэта і ў прынцыпе непасільная задача. А Лынькова ж яшчэ і скоўвала, жорстка абмяжоўвала тое, што ён павінен быў кіравацца тагачасным афіцыйным поглядам, які аднабакова-тэндэнцыйна тлумачыў і гераізм народа, сапраўды праяўлены ў той вайне, і сам яе характар, свядома «падпраўляў» гісторыю партызанскага руху, замоўчваючы ўсё тое, што не адпавядала ўра-патрыятычнай бальшавіцкай версіі падзей.
   У адпаведнасці з гэтай устаноўкай і партызанскіх кіраўнікоў ён прыхарошваў, маляваў беззаганнымі. А яны, як паказала і дакументальная, і мастацкая літаратура, але ўжо ў наступныя дзесяцігоддзі, такімі не былі і быць не маглі. Сустракаліся ж сярод тых кіраўнікоў і проста жорсткія людзі, якія з гітлераўцамі таксама неяк змагаліся, але з насельніцтвам акупаванай Беларусі, абаронцамі якога лічыліся, асабліва не цырымоніліся, маглі пад гарачую руку пусціць у распыл і цэлую вёску.
   Пэўная аднабаковасць заўважаецца ў рамане і ў паказе калабарантаў з так званага нацыяналістычнага асяроддзя. Яны падаюцца як хціва-карыслівыя, безумоўна подлыя ворагі беларускага народа. А пра тое, што яны небеспадстаўна гаварылі пра бальшавіцкія злачынствы, ад якіх ці не ўсе нацярпеліся асабіста, што гэтыя дзеячы таксама неяк імкнуліся змагацца за Беларусь, няхай і на бесперспектыўных шляхах, — пра ўсё гэта не магло быць і гутаркі. На гэта адважылася толькі літаратура 90-х гадоў.
   Такім чынам, «Векапомныя дні» канцэптуальна цалкам належаць свайму часу, калі сапраўдная павага да нашай нацыянальнай гісторыі ніяк не заахвочвалася. Між тым некаторыя даследчыкі разглядалі іх як ваенна-гістарычны твор. Гэтую думку абгрунтоўваў Ф. Куляшоў, які шмат зрабіў для вывучэння лынькоўскай творчасці. «Следам за Якубам Коласам, аўтарам трылогіі “На ростанях”, Лынькоў стварыў першую беларускую ваенна-гістарычную эпапею пра народных мсціўцаў», — пісаў даследчык у сваёй кнізе «Міхась Лынькоў» (Мінск, 1961). Тэрмін «эпапея» тут паявіўся таму, што Лынькоў спачатку і сам так вызначаў жанр «Векапомных дзён», але потым схамянуўся і зняў гэтае вельмі ж замашыстае вызначэнне. Ён не раз жартам называў раман «апупеяй», праца над якой можа ўрэшце давесці аўтара, як ён казаў, да «апупення».
   Эпапеі ў пісьменніка не атрымалася. Мастак стварыў аб’ёмны панарамны раман, які на эпапею не цягне з-за таго, што ў ім не стае вялікай глыбіні ў адлюстраванні сапраўднага народнага жыцця ў яго нескажонай ідэалагічнай зададзенасцю праўдзівасці.
   Да гонару Міхася Лынькова, ён, чалавек вельмі самакрытычны, разважлівы ў ацэнках не толькі чужых, але і ўласных твораў, на дакладную гістарычнасць у «Векапомных днях» і не прэтэндаваў. У лісце да настаўніцы В. Лапіцкай і якраз у сувязі з «Векапомнымі днямі» пісьменнік патлумачыў: «Я не дакументаліст, пішу не дакументальныя творы. Большасць вобразаў — гэта абагульненыя, у якіх можна знайсці рысы, характэрныя для многіх і многіх людзей. Некаторыя героі маюць сваіх прататыпаў. У некаторых паасобныя рысы нагадваюць да некаторай ступені канкрэтныя факты з жыцця канкрэтных людзей… З найбольшай дакументальнай дакладнасцю выпісаны вобраз К. С. Заслонава».
   Але ў «Векапомных днях» і Заслонаў, як ужо адзначалася ў крытыцы, часам робіць тое, чаго ў рэальным жыцці не рабіў.

Похожие статьи:

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Салют

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Міколка-паравоз

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Васількі

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Над Бугам

Міхась ЛынькоўМаньчжур. Аналіз апавядання