Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Міхась Лынькоў - Андрэй Лятун

   У старога паравознага машыніста Андрэя з прозвішчам Сапун, якога Летуном празвалі ў маладыя гады за прыхільнасць да хуткай язды, вылучаліся яго вялікае працалюбства, душэўнае багацце і чалавечая высакароднасць. Усё гэта ёсць у апавяданні і складае істотную частку яго зместу. Але не менш істотнае там і іншае — трагедыя старасці. Міхась Лынькоў тую трагедыю адчуваў, бачыў даўно, яшчэ ў часы ўласнай маладосці, а ў 1975 годзе, за два месяцы да смерці, мабыць, прадчуваючы яе, напісаў з афарыстычнай выразнасцю: «Старасць горш за любую хваробу — яна невылечная».

   У апавяданні «Андрэй Лятун» трагедыя старасці, паказ якой не вельмі стасаваўся з абавязковым аптымізмам савецкай літаратуры, знарок трохі прыглушаецца выдатна напісанай канцоўкай з крылатымі словамі старога машыніста: «I ляцім жа, браткі!.. Э-эх, ляцім!.. Даганяй — не дагоніш…»
   Ляцім-то ляцім, але ці надоўга гэты лёт? На бліскучы рэгулятар новага і, здавалася на тыя часы, магутнага паравоза Андрэй націскае «дрыжачай рукой», весці новую машыну яму дазваляюць маладыя сябры толькі на працягу нейкіх хвілін і тады, калі «цягнік адыходзіць ад станцыі», бо Андрэева бадзёрасць вельмі ненадзейная, хліпкая. Яна можа нечакана згаснуць, абарвацца. Разумее гэта і сам колішні Лятун.
   «Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш», — прызнаецца ён у адным з апошніх эпізодаў твора. А яшчэ раней так гаварылася пра машыністава сэрца: «Яно старое, яно пракурана агнём і мазутам, яно праржаўлена, як праржаўлены стары паравоз». Ды і запеўка апавядання, не менш славутая, чым яго фінал, — гэта звернутыя да самога сябе скрушлівыя словы старога машыніста, у якіх трагедыя старасці паўстае ва ўсёй яе прыкра-жорсткай няўмольнасці: «Эх, Андрэй, Андрэй, да чаго ж ты дажыў, да чаго дастукаўся: ні раздолля табе, ні жазлоў, ні пуцёвак… Стой, гібей са сваёю “кукушкай-свістушкай”, чакай гнілых шпал, платформу адвядзеш за паўсотні сажняў. Не жыццё, а маслёнка мазутная. I ні пары табе паддаць, а ні поўны ход, ні табе семафоры крылатыя, а ні вёрсты бліскучыя, што мігцяць-сакацяць пад грымучымі коламі… Так, браце Андрэй, сядзі цяпер і не рыпайся… А чаму? Таму, што старыя мы сталі, а віною ўсяму: годы точаць падшыпнікі, не разгонішся цяпер, не раз’едзешся… А іначай кажучы, старасць — не радасць. Баста! Годзе! Ад’ездзіўся». Здаецца, больш ясна ўжо і не скажаш. Але мы ўсё роўна як бы і не заўважалі гэтай яснасці.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!