Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цана — жыццё (па раману "Вязьмо")

   Міхась Зарэцкі (Міхась Яўхімовіч Касянкоў, 1901-1937) — першы ў беларускай літаратуры, хто сказаў вострае і праўдзівае слова пра калектывізацыю і гады "вялікага пералому". І па мастацкай сіле сказанае М. Зарэцкім можна параўнаць, бадай, толькі з сілай сказанага рускім пісьменнікам А. Платонавым у яго раманах "Катлаван", "Чэвенгур". 
   У рамане "Вязьмо", галоўным творы М. Зарэцкага, — пісьменніцкае бачанне калектывізацыі, і выкрыццё антыгуманнай сутнасці таталітарнага рэжыму. Зразумела, што такое бачанне калектывізацыі і такая, як у М. Зарэцкага, форма мастацкага яго выяўлення былі, фактычна, прысудам. Цана за яго слова — уласнае жыццё... 
   І не ўратавала пісьменніка ні рамантычная аздоба рамана, якой ён стараўся прыхаваць тую праўду, што бачылася не ім адным; ні вобраз Галілея, вясковага блазна-мудрагеля, праз які найперш і выяўляецца пісьменніцкае ўсведамленне народнай трагедыі (а блазнам жа дазвалялася без пагрозы жыццю гаварыць-блюзнерыць нават перад царом); ні шчаслівы, казачны, неверагодны канец, які прыдумаў аўтар для свайго рамана. 
   А жыццё — не казка са шчаслівым канцом, тым больш тое жыццё, тая трагедыя, аналагаў якой няма ў гісторыі чалавецтва. Рамантычнае каханне камсамольца Віктара і прыгажуні Аўгінькі магло скончыцца (і доказам таму — наша гісторыя, трагічны лёс не тысяч — мільёнаў!) толькі так, як каханне быкаўскіх Анюткі і Васіля Ганчарыка, ці пакутніцкай заўчаснай смерцю закаханых дзе-небудзь на лесапавалах пад Котласам ці Сыктыўкарам, як быкаўскіх жа Ганулькі і яе дачушкі Волечкі з аповесці "Аблава". Трэцяга не дадзена! Трэцяе паспрабаваў ажыцявіць быкаўскі Хведар Роўба — і быў загнаны родным сынам у тупік, у Багавізну, дзе Хведар і знайшоў сваю пагібель. 
   Міхася Зарэцкага ніяк нельга назваць нявіннай ахвярай сталіншчыны і бальшавізму. Ён вельмі "вінаваты" (за што і паплаціўся жыццём) перад жудаснай машынай таталітарызму, бо ўжо ў самым пачатку яе шалёнага бегу паказаў увесь трагізм яго наступстваў для народа. Слова М. Зарэцкага — слова Прарока, яго папярэджанне пра небяспеку бегу да прорвы... 
   Асаблівага ўздзеяння на чытача пісьменнік дасягае менавіта вонкавай парадаксальнай неадпаведнасцю зместу і формы рамана — апісаннем жудаснай праўды пра нерамантычныя абставіны і рамантычнай формай іх адлюстравання. І тым мацнейшае наша чытацкае ўсведамленне ўсёй той трагедыі, якую давялося зведаць, але не перажыць нашаму народу. Бо перажыць — гэта значыць адпакутаваць і выжыць. Большасць — не выжылі. A ў тых, хто ацалеў фізічна, было вынішчана ўсё: крэўныя сувязі, мінулае, памяць пра яго, спрадвечныя каштоўнасці і арыенціры — вынішчана душа. 
   Сіла і наступствы жудаснай машыны, што распачала "карэнны пералом", — злом у душах людзей. І настолькі вялікая тая сіла, што яна не пакідала чалавеку ніякай магчымасці застацца чалавекам у бесчалавечных абставінах. Хто ратаваў сумленне — плаціў жыццём. 
   Вязьмом сціскала таталітарная машына розум і душу чалавека, такім вязьмом, што, каб ацалець фізічна, трэба было толькі секчы — секчы па жывому, кроўнаму, дарагому, спрадвечнаму. Але і паратунак той быў толькі часовы, бо хто клапаціўся каб уратаваць цела, — траціў урэшце і душу, і цела таксама. На вобразе Карызны пераканальна паказаны марныя высілкі чалавека, які хацеў развязаць вязьмо, але у выніку — злом душы і яе вынішчэнне. Як слушна зазначае Галілей, "усё ламаецца, дык і чалавек мусіць ламацца". 
   Спеў Галілея "Мёртвых цел ляжаць пракосы, Кроўю краскі зацвілі" з'яўляецца і лейтматывам рамана, і выяўленнем пісьменніцкага ўсведамлення той велізарнай небяспекі, якую несла народу сталінская мадэль казарменнага сацыялізму. 
   "Лёс чалавека, шчасце чалавека, яго гонар — вось чым вымярае пісьменнік глыбінны сэнс сацыяльных зрухаў", — слушна вызначае адметнасць і наватарства рамана літаратуразнавец Т. Мушынская. 
   Толькі тыя абставіны чалавечныя і маюць права на існаванне, якія не руйнуюць лёсы, пакідаюць чалавеку права выбару без вынішчэння і страты душы. Чытачу відавочна бесчалавечнасць абставін і імі абумоўленыя ўчынкі герояў. Пісьменніцкае ўсведамленне, як павінна і як не павінна быць, вывяраецца спрадвечным, народным. 
   "Вось як яны робяць!" — такое людское стаўленне да "рамантычнага" кахання Карызны і Веры Засуліч, у выніку якога разбурылася аснова асноў — сям'я. Разбурылі сапраўднае, а на яго руінах новага не пабудавалі. "Рамантычнае каханне" адразу ж рухнула, як толькі Вера Засуліч убачыла перад сабой не героя з адпаведнымі выгодамі, а раструшчанага абставінамі слабага чалавека — не пераможцу, а пераможанага. У любага яе сэрцу Андрэя Шыбянкова ёсць перспектыва і ўсё ў яго натуры неабходнае для таго, каб стаць менавіта "героем", якога патрабаваў той час. Што пасля будзе і з гэтым "героем", як і яго раструшчаць абставіны (а гэта, мы ведаем, было толькі пытаннем часу), Вера Засуліч не хоча ўбачыць і зразумець. Ды і не дадзена ёй гэта. У рамане такім бачаннем і ўсведамленнем валодае, бадай што, толькі адзін Галілей. 
   А гэта ўжо трагедыя не толькі літаратурных герояў. Гэта — трагедыя народа 

Похожие статьи:

Міхась ЗарэцкіМіхась Зарэцкі - Адна партыя ў шашкі. Аналіз апавядання

Міхась ЗарэцкіМіхась Зарэцкі - Адна партыя ў шашкі

БиографииМіхась Зарэцкі

Міхась ЗарэцкіМіхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая

Міхась ЗарэцкіМіхась Зарэцкі - Вязьмо