Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая

Увага! Поўны змест

1
Дзіўны гэты Арончык. Гэта ж ён так назваў яе:
— Кветка пажоўклая...
Калі ж Булановіч хацеў распытаць што пра гэту жанчыну, Арончык махнуў нецярпліва:
— Эт, кінь ты. Не варта аб гэтым...
І не сказаў нічагутка.
А Булановіча яна зацікавіла. Яна, перш-наперш, — прыгожая жанчына, з павабнай, трошку сумнай і ціхай усмешкай. Невысокага росту, стан досыць зграбны, з мяккай акругласцю форм. На твары троху цьмяная бледнасць і зморшчыкі навокал вачэй — такія маленькія, празрыстыя. Як усміхаецца, дык зморшчыкі збіраюцца праменьчыкамі, ахінаюць вочы ціхай, ласкавай прыветнасцю. Тады ў вачах знікае тая дзіўная палахлівая маркота, якая часам халадзіць іх, робіць пустымі, далёкімі. Тады ў іх — зеленаватыя агеньчыкі; вясёлыя, гарэзныя. І зірнуць тады ў іх, дык не стрываеш, каб не ўсміхнуцца самому. Бо зеленаватыя агеньчыкі — яны пранікаюць дужа глыбока, соладка казытаюць сэрца і поўняць яго нейкім гуллівым уздымам.
Булановіч даўно чуў пра яе, але пазнаёміўся толькі нядаўна.
Так было. Хадзілі разам з Арончыкам дзіцячыя дамы аглядаць. Зайшліся аж на саменькі край горада, туды, дзе раскошнымі купамі сады разгарнуліся, дзе пачынаюцца дачы.
Дом № 30. На Чэрвеньскай вуліцы. Жоўценькі, свежы. Ззяе вясёлымі вокнамі, задорна ўсміхаецца зграбнымі высокімі ганкамі.
Як увайшлі яны ў дом, плоймай абсыпалі дзеці, зазвінелі ўвушшу звонкім смехам — вясёлым, бязрупатным. Сярод іх выхавальніцы плаваюць зважна, напускаюць на твары салодкую ўсмешку. Яе не было, Булановіч адразу заўважыў.
Спыталіся:
— Дзе загадчыца дому?
Дзеці — хорам бязладным:
— У садзе... Цёця Марына ў садзе... Мы паклічам... зараз...
І пабеглі навыперадкі.
Праз хвіліну яна прыйшла. У простай сукенцы, у фартуху. Відаць, нешта ў садзе рабіла. З Арончыкам па-сяброўску спаткалася:
— А!.. Арончык!.. Якім ветрам цябе прынясло?
Руку паціснула моцна, парыўчата. З Булановічам тож прывіталася. Зірнула з цікавасцю, сказала выразна:
— Гарнова.
І затрымала погляд на ім. Але на момант адзін. Зараз жа звярнулася да Арончыка:
— Ну, чаго прыйшлі? Рэвізію наводзіць?..
— Вядома, бо да вас, мусіць, ад самага стварэння свету ніхто не прыходзіў...
— О, не, якраз памыліўся. Такога дабра, як вы, заўсёды хапае. Надакучыла нават...
Булановіч усміхнуўся:
— А вы б гэткіх гасцей мятлой выганялі!
— Эканоміка не дазваляе: на мётлы нам мала грошай даюць... Ну, але што ўжо з вамі рабіць, — хадзем, глядзеце нашае царства.
Як аглядалі дом, Булановіч увесь час сачыў за Гарновай. Думаў сабе: "Няўжо гэта тая, пра якую калісь гаварылі так многа, якую ведаў блізка ўвесь горад?"
І дзівіўся. Здаецца, нічога асаблівага: прыемная жанчына, прыгожая, вабная. Столькі жаноцтва ў ёй, столькі ласкі — да дзяцей асабліва...
І гэта тая, перад імем якой часам дрыжэлі нашыя ворагі? Гэта яна?..
Як агледзелі ўсё, зайшліся ў пакойчык, што лічыўся канцылярыяй дома. Там сядзелі, гутарылі. У часе гаворкі Булановіч спытаўся:
— Скажэце, калі ласка, ці здавальняе вас гэтая справа?
І ўбачыў тады, як вочы ў Гарновай працяліся холадам, пустатой, як засвяцілася ў іх нешта такое, што падобна было да спалоху або да нейкай палкай, балючай журбы. Загаварыла новым — ціхім і працяжлівым голасам.
— Ці здавальняе, пытаецеся? Як вам сказаць... Усяк бывае. Бывае так, што й зусім здавальняе...
Яна змоўкла, задумалася. Булановічу прыкра стала. Каяўся, што аб гэтым пачаў. А Арончык бесцырымонна ляпнуў яе па плячы.
— Ну, ты ўжо й насупілася. Яшчэ раскіселішся часам.
Арончык, відаць, добра ведае Гарнову. Дый не дзіва. Булановіч тут новы зусім чалавек, а Арончык тут з самага свайго нараджэння. І вядома яму ўсё чыста, што было ці што ёсць тут, у горадзе.
Гарнова, аднак, не звярнула ўвагі на Арончыкаў жарт. Праўда, усміхнулася, але ўсмешка была ўжо не тая.
Булановічу было не па сабе. Адчуваў сябе нібы вінаватым у тым, што настрой у яе сапсаваўся. Трэба было нешта сказаць, працягнуць гутарку. І ён пачаў гаварыць аб карыснасці працы па выхаванні дзяцей, аб новых кірунках у гэтай працы. Выйшла яшчэ горш, бо ў голасе яго неяк міжвольна праточвалася асцярожнае спачуванне, быццам хацеў угаварыць, улашчыць. Ад гэтага ў вачах у Гарновай засвяцілася дасада і злосць. Слухала, а потым адрэзала раптам:
— Кіньце навукі чытаць, сама ўсё ведаю добра...
Яшчэ часінку сядзелі, потым Арончык узняўся.
— Ну, паехалі. Бывай!
Як развітваліся, Булановіч стрэўся поглядам з Гарновай. Убачыў у вачах яе смутак і разам нейкае замяшанне. Нібы стыдалася яна за свой дзівачны настрой.
Як ішлі назад, Булановіч думаў пра Гарнову. Тачыла думкі вострая назойлівая цікавасць. Спытаўся ў Арончыка:
— Што яна за жанчына?
Вось тады і назваў Арончык яе:
— Кветка пажоўклая...
А чаму? Адкуль узяў гэта ён? — не разумеў Булановіч.
А Арончык больш не хацеў гаварыць. Сказаў толькі:
— Эт, кінь ты. Не варта аб гэтым...

2
З таго часу ў Булановіча з думак не сходзіла Гарнова. Часам сам сабе дзіваваўся: чаму гэтак моцна й глыбока запаў у душу яе вобраз? Ды так упарта, станоўка думкі гняце, мігціць заўсёды ўваччу плямай нязводнай — не пазбыцца ніяк.
— Мо закахаўся?
Смешна рабілася самому з гэтае думкі. Закахаўся... Ды не, гэта не тое, гэта бывае не так. Ён жа ведае добра, што значыць — кахаць: было калісь гэта. Тады — летуценні, парыванні, кроў агнём бушуе, бурліць непакойна. А тут — не. Тут проста — цікавасць нейкая. Але цікавасць глыбокая, моцная, якая пераходзіць у назойлівую, дакучлівую патрэбнасць. Хочацца выведаць усё, разгадаць. Хочацца бліжэй падысці да яе, прыгледзецца, у самае нутро пранікнуць, каб пазнаць, што дзеецца там глыбока-глыбока, пад гэтым халодным, нібы палахлівым бляскам зеленаватых вачэй.
Булановіч яшчэ раз хацеў распытаць у Арончыка. Злавіў яго неяк на дарозе і затрымаў.
Арончык, як заўсёды, спяшаўся. Бег некуды на нараду ці пасяджэнне. Спыніўся, як Булановіч яго затрымаў, сказаў, дасадліва зморшчыўшы лоб:
— Ну, што табе? Справа якая? Некалі мне!..
Булановіч не знаў, як пачаць. Хацеў, каб як неўзаметку, а тут ён адразу пытаецца. Хацеў нават змоўчаць, але так моцна жадалася пачуць што якое пра Гарнову.
Пачаў проста:
— Ведаеш, Арончык, мяне дужа зацікавіла тая загадчыца дому, ну... гэта... Гарнова... Скажы, што ты ведаеш пра яе?..
Арончык яшчэ больш зморшчыў лоб.
— Ды кінь ты, Булановіч! Што гэта табе закарцела? Ці не ўлюбіўся ты часам на старасці?..
— Ды не, проста цікава. Скажы, дзе яна працавала раней?
— Ну, слухай. Працавала ў надзвычайнай камісіі, займала важную пасаду, добра працавала, была вядома ўсім тутэйшым "контрам" як спрытная чэкістка з пільным вокам і сталёвай цвёрдасцю. Ну, а потым нешта змянілася, страціла свой запал, энергію. Цяпер — сам ведаеш: закапалася ў дзіцячым доме, гатуе нам моладзь на змену... Ну, годзе?.. Бывай, бо мне, дадушы, няма часу...
І пабег. Пакінуў у Булановіча яшчэ большае нездавальненне. Аж раззлаваўся ён на Арончыка.
— Чорт нейкі... Бегае, нікае, ніколі сталага месца не мае. Нават пагутарыць часу няма.
А думкі, як і раней, гняло цяжкое дакучлівае пытанне, і ўваччу лунаў бледны твар з загадкава халоднымі, поўнымі смутку вачмі.
Праз колькі дзён была агульнагарадская партыйная сходка. Булановіч прыйшоў у тэатр яшчэ тады, як жоўтыя рады крэслаў бяздушна блішчэлі сухой пустатой і толькі дзе-нідзе самотна чарнелі невялічкія купкі людзей, парушалі гулкую цішыню бубнявай гаворкай.
Булановіч сеў адзаду на самым праходзе, сачыў пільна за дзвярмі, якія што далей, то часцей і часцей расчыняліся, прапускаючы новых людзей.
Чакаў яе, Гарнову. З дасадай адводзіў вочы ад незнаёмых людзей, зноў і зноў упінаў іх у дзверы.
Прабег Арончык угрунь з партфелем пад пахай. На хаду прывітаўся з ім, нібы задзівіўся:
— Ты тут ужо?
— Тут, — адказаў Булановіч і рад быў, што Арончык пабег. Чамусьці прыкра было, не хацелася з ім цяпер гаварыць.
Зала ўсё напаўнялася, гудзела аднамерным бурлівым гоманам. У ім разбаўляліся, танулі ўсе паасобныя зыкі, блыталіся ў дзівосным бязладдзі. Толькі часам звонкі жаночы смех узлятаў рэзкім зыкам і вызначаўся сярод агульнага гуду.
Булановіч усё пазіраў непакойна на дзверы. Ужо пачало мітусіцца балюча ў вачах, ужо — не людзі, а плямы аднастайныя, прыкрыя. Хацеў адвярнуцца, але раптам угледзеў Гарнову. Яна яго пазнала, заўважыла. Падышла да яго.
— Добры вечар! Ці пазналі мяне?
— Вядома, пазнаў. Добры вечар! Сядайце.
Яна села побач. Раптам чагось засмяялася, зірнула на Булановіча вясёлым іскрыстым поглядам. Бліскучыя вочы ўбраліся тонкай сеткай прыветных маршчынак, працялі гарэзным агеньчыкам.
Булановіч здзівіўся:
— Чаго вы?
— Успомніла, як вы былі ў нас. Помніце, вы мне гэтак сур'ёзна тлумачылі, быццам угаварвалі?..
— Ды не... Я проста выкладаў сваю думку. Я ж не ведаў, што вам не падабаецца, калі чалавек сур'ёзна гаворыць...
— А вы, мусіць, любіце сур'ёзна гаварыць? І заўсёды так?..
— Таксама, мусіць, як вы заўсёды жартуеце...
— Не, я часам тож сур'ёзна магу...
Булановіч хацеў нешта сказаць, але ў гэты момант узнялася заслона і пачалася сходка. Нейкі час сядзелі моўчкі, слухалі ўважна, што гавораць. Булановіч заўважыў на сцэне Арончыка, паказаў Гарновай.
— Глядзіце, ён і там не ўседзіць спакойна, круціцца, як верацяно.
Яна ўсміхнулася, не адказала нічога. А праз хвілінку нахілілася да яго, спыталася ціха:
— Слухайце, ці любіце вы сходкі?
— Як гэта — ці люблю... Я нават не ведаю, як гэта можна сходкі любіць. Можна справу любіць, часткай якой і сходкі з'яўляюцца.
— Не, я дык люблю сходкі. Асабліва, калі вялікія, дзе многа людзей, дзе ў бурлівым уздыме выяўляецца агульная згода, дзе чалавек разбаўляецца ў масе, губляе сябе, забываецца на сваё асабістае і жыве, поўніцца гэтым агульным уздымам. Там неяк робішся смелым, адважным, пазбаўляешся ўсякіх сумненняў, усякай жудасці жыццёвай.
Яна троху змаўчала, падумала.
— Калісь было многа такіх пекных хвілінак. Цяпер не тое, цяпер неяк шэрае ўсё. Нудна часам...
Булановіч зірнуў на яе з цікавасцю. Але сказаў нібы зусім безуважна:
— Усяму свой час. Цяпер, вядома, мінуліся гэтыя, як вы кажаце, пекныя хвіліны. Затое працы цяпер не менш і нудзіцца часу няма.
Яна быццам не чула яго слоў. Угледзелася некуды ў прасцяг задуменным поглядам. Потым зноў загаварыла:
— А дрэнна аднаму, цяжка. Думкі розныя, пустата... Моцы няма, бо моц толькі ў грамадзе, калі так зліешся з усімі, калі гарыш захапленнем магутным. Эх, было калісь!..
Яна нават уздыхнула. І ўсё глядзела некуды ў пустату. А на твары смутак глыбокі свяціўся, адбіваўся ў вачах ціхім зеленаватым бяздоннем.
Булановіч глядзеў на яе і чуў, як аднекуль — з глыбі ўсплывае ў яго нейкае няяснае, непакойнае пачуццё, нейкая зыбучая хваля салодкага суму. Быццам перадаваўся яму настрой Гарновай, быццам той смутак, што халодным бяздоннем спавіў яе вочы, быццам ён і яго захапляў, блізіў да яе, навяваў глыбокую сімпатыю да гэтай жанчыны.
Булановіч зрабіў над сабой патугу і абярнуўся да сцэны. Гвалтам прымушаў сябе слухаць прамоўцу, стараўся ўкласці ў мазгі кожнае слова, кожную думку, каб толькі развеяць гэты непатрэбны настрой.
І выходзіла так: словы запаміналіся, сказы ўкладаліся цалкам у галаву, біліся там, гудзелі гудам траскучым; а недзе ўглыбі ціхенька, але ўпарта вілася асобная думка — дакучлівая, настойная, свідравала нутро цурочкам ціхага суму.
Як злавіў сябе Булановіч на думцы на гэтай, узлаваўся і на сябе, і на Гарнову. Рашыў:
— Калі так, дык пайду.
І хоць нешта цягнула астацца, нешта прыкоўвала да месца, — перамог сябе, узняўся.
— Ну, я пайду. У мяне ёсць надта пільная справа. Бывайце!..
Стараўся не глядзець ёй у твар, не бачыць яе смутных вачэй. Яна затрымала яго руку. Сказала шчырым прыяцельскім голасам:
— Слухайце, заходзьцеся вы калі-небудзь да нас. У нас, дадушы, няма ніводнага чалавека, з якім можна б было пагаварыць.
Ён усміхнуўся.
— Дзякую за камплімент.
— Не, сапраўды. Калі будзе час вольны, прыходзьце.
І калі ўжо завярнуўся ісці, дадала:
— Буду чакаць.
— Добра. Можа, калі і прыйду.
І выйшаў. Па вуліцы пасігаў шпарка, размашыста, бубнеў сабе пад нос:
— Ого! Іш ты, як яно. Так часам і сапраўды ў гісторыю ўлезеш. Так і вабіць, так і зацягвае, быццам якое бяздонне таемнае... Не, брат, пачакай, не паддамся. Не хлопчык маленькі... Во толькі сход прапусціў нізавошта...
Гэта так ён казаў, запэўніваў сам сябе ў гэтым, хацеў, каб так думаць. Але думкам хіба загадаеш? Хіба прымусіш сваё ўяўленне не маляваць таго смутнага твару, тых вачэй выразлівых, ахінутых зеленаватай пялёнкай таемнага суму?..

3
— Дзядзька Булановіч! Вам цёця Марына запіску прыслала.
Булановіч няўцямна зірнуў на маленькую дзяўчынку. Адразу нават не ўспомніў, не зразумеў, у чым справа. Потым схапіўся:
— Гарнова.
Узяў невялічкі кавалак паперы, разгарнуў.
"Тав. Булановіч! Прашу вас прыйсці сёння ўвечары да мяне, маю сказаць нешта важнае. Гарнова".
— Нешта мае сказаць, просіць прыйсці... Што за штука?
І ён пачаў рабіць розныя здагадкі. Углыбіўся ў думкі і на дзяўчынку забыўся. Тая пра сябе напамянула:
— Цёця Марына прасіла, каб адказ далі.
— А...
Адказ... Які ж адказ? Пайсці ці не?.. Але — чаго ж там... Баіцца ён хіба, ці што? Вядома, пайсці. Нават цікава, што скажа яна.
— Перадай, што — добра.
— Бывайце!
У Булановіча думкі роілам завіхрыліся, зблыталіся ў зыбучы бязладны клубок. І толькі да болю яскрава, выразна стаяла ў галаве турбуючым гнётам:
"Што яна скажа?"
Цэлы дзень мардаваўся сярод плоймы напружаных думак, здагадак. А як горад ужо захінуўся ў душную вопратку летняга вечара, пайшоў да Гарновай.
Дзіўна бывае ўвечары на ўскраіне горада. Па завулках крыўлястых, вузенечкіх, па куточках прытульных змрок нікае неяк старожка, цікуючы. Хавае ў сябе пад палой усё чыста, на абрысы прадметаў воўну накладае густую, робіць іх акруглымі, мяккімі. Абымае, сціскае будынкі чарнатой непрагляднай, цалуецца з вокнамі — бліскучымі засланкамі.
І ціха, бязлюдна ў завулках глухіх. Як ідзеш, толькі гукі ўласных крокаў раскідаюцца гулкай чаргой, прабіваюць пухкі застой цішыні. Ды часам насустрач пераборам блытаным прыляцяць з-за рога нечаканыя крокі нейкай кампаніі, і дружная гутарка, смех раптам абудзіць напружаны спакой. Выбухне ўраз з маўклівае цемры, празычыць над вухам і неўзабаве сціхне недзе адзаду. Здалёк яшчэ раз адгукнецца гулліва-прарэзлівым смехам.
Булановіч ледзь адшукаў той дом, дзе калісь быў разам з Арончыкам. А знайшоўшы, часінку стаяў, не важыўся ўваходзіць. Збіраў думкі да ладу, апошні раз меркаваў, як яму лепш абысціся з Гарновай. Потым узняўся на ганак, таргануў моцна званок.
Выйшла незнаёмая жанчына, мусіць, з выхавальніц тутэйшых. Яго, пэўна, пазнала, бо запрасіла адразу:
— Заходзьце!
І павяла некуды ў задні пакой.
Перад дзвярмі Булановіч спыніўся, азірнуўся здзіўлена. З-за дзвярэй няслася жвавая гутарка, смех. Відаць, сышлася нейкая вясёлая кампанія.
Але ўжо позна было разважаць. Увайшоў следам за жанчынай, што яго прывяла. Перш-наперш убачыў Гарнову. Сядзела на крэсле каля стала і глядзела на яго ўпартым гарэзлівым поглядам. На твары — весялосць, задорнасць гуллівая, з вачэй праменнем іскрыстым пырскае смех. А вакол яе — колькі дзяўчат, хлопцаў таксама.
Адзін асабліва яскрава адбіўся ўваччу ў Булановіча. Сядзеў ён воддаль, асобна. Яшчэ малады, але лысы, — лоб закаціўся на самае цемя. На папяляста-шэрым твары разліта сумная летуценнасць, журба ціхамірная. Здавалася — нейкае ціхае гора яго ахінула, прыціснула, налажыла на твар сваю цяжкую пячатку.
Як увайшоў Булановіч, усе на хвілінку сціхлі. Вітаючыся з ім, шчупалі прыкрымі цікавымі поглядамі. А потым зноў загаварылі, не зважалі больш на яго.
Булановіч сеў воддаль і не знаў, што рабіць. Расло ўнутры нездавальненне. Лаяў у думках сябе, што прыйшоў, і меркаваў, як бы хутчэй уцячы.
Гарнова падышла да яго, села поплеч.
— Я думала, вы не прыйдзеце... Я чакала вас дужа... сапраўды...
Булановіч зірнуў на яе з здзіўленнем.
— Я не разумею ўсё-такі, што можа ў вас быць такога, аб чым пільна трэба сказаць мне.
— Ёсць нештачка. Не надта пільнае, праўда... Але не, не... дужа пільнае, такое, з чым нельга чакаць, з чым я не магу, не ўмею чакаць.
Вочы яе загарэліся шчырым агнём. Булановіч адвярнуўся, не мог глядзець у гэтыя вочы. Цягнулі яны да сябе чароўным магнэсам, абуджалі ў грудзях бурлівае, палкае.
— Дык, я спадзяюся, вы скажаце зараз гэтае "нештачка"?
— Зараз? Не, гэта няможна... не, не скажу...
— Дзякую. Дык нашто ж я цягнуўся сюды вярсты дзве? Хіба на тое, каб пабачыць гэтую вашу кампанію?
Яна нібы засмуцілася. Праказала пакрыўджаным голасам:
— Няўжо вам так цяжка прыйсці да мяне? Дык не варта было сябе турбаваць, не пайшлі б, і годзе...
Булановіч падумаў і прызнаўся самому сабе, што схлусіў, што йшоў ён сюды не толькі затым, каб пачуць гэтае "нешта". Проста цягнула, каб пабачыць яе, каб пабыць з ёй, пагутарыць. І сорамна троху зрабілася. Праказаў, нібы ў замяшанні:
— Не, не ў тым... але многа работы, час дарагі...
— У, падумаеш — многа работы... Хлусіце вы, во што...
— Не, выбачайце, вы не маеце права мяне дакараць за гэта, бо не мелі яшчэ часу пераканацца ў тым, што я здольны гаварыць няпраўду.
— Ат, ведаю я вас усіх...
Маўчалі хвілінку. Яна ўтаропіла вочы ў падлогу, думала аб нечым, церабіла нервова сукенку. А Булановічу чамусьці весела стала, захацелася гаварыць. Аб глупстве якім, аб драбніцах, абы не маўчаць. Ён запытаў жартаўліва:
— А гэта ў вас, мусіць, вялікі сакрэт, трэба гаварыць пры зачыненых дзвярах?
— Вядома. Затым я вам сёння і не скажу нічога... Слухайце, — раптам пачала яна сур'ёзна і шчыра. — Вы выбачайце, але гэта выйшла зусім неспадзявана. Я сапраўды хацела пагутарыць з вамі. Мне хочацца многа чаго сказаць вам. Але сышліся вось гэтыя... прынясла іх нялёгкая... Во што, дайце мне абяцанне, шчырае, сяброўскае, што вы прыйдзеце да мяне калі-небудзь пасля. Самі, ведаеце, без запрашэння... Добра?
Булановіч троху падумаў.
— Добра, прыйду. Не думайце, што мне так ужо прыкра прыходзіць да вас...
— Ну, вось і добра. Тады я скажу вам "нештачка"... Абавязкова скажу.
Яна зірнула на яго ваблівым, хітраваным поглядам, які ў Булановіча ўзняў унутры прыемнае абуджэнне, прымусіў яшчэ раз сказаць:
— Добра, прыйду.
Потым гаварылі аб чым пападзя. Між іншага Булановіч спытаўся:
— Хто гэта той лысы, з вачмі гэткімі сумнымі?
— А гэта настаўнік адзін, Абшарскі. Кахае мяне...
— І не мае ўзаемнасці?
— Вядома. Але нішто, не дакучае, больш моўчкі глядзіць сумнымі вачмі ды ўздыхае. Я ўжо прывыкла...
Булановіч уважна паглядзеў на Абшарскага. Стрэўся на момант з яго нерухомым поглядам і адвярнуўся міжвольна з пачуццём нейкай грэблівай жаласці. Так адварочваюцца, калі стрэнуцца з ліхаманкава-напружаным поглядам хворага.
А Абшарскі быццам застыгнуў, упяўшы ў іх бок свае адзервянелыя вочы. І ўвесь час, пакуль не пайшоў, Булановіч адчуваў на сабе гэты ўпарты, ліпучы погляд.
Прыкра было. Затым і не сядзеў доўга. Устаў, развітаўся з усімі. Гарнова яшчэ раз шапатнула:
— Дык прыходзьце калі. Мо ў нядзелю ўдзень... пойдзем гуляць куды-небудзь. За горад, далёка-далёка...
Абшарскі таксама ўзняўся.
— Нам па дарозе, здаецца. Пойдзем разам.
Булановіч звярнуў увагу на яго голас. Якраз такі, якога ён і чакаў: ціхі, марудны, працяты нейкай цяжарнай зморай.
Адказаў:
— Калі ласка. Весялей будзе йсці.
Пайшлі. Ладны час абодва маўчалі. Потым пачаў гаварыць Абшарскі:
— Скажыце, калі ласка, вы даўно знаёмы з Гарновай?
— Не, усяго толькі з тыдзень ці два.
— Толькі? — быццам здзівіўся ён.
Троху змаўчаў.
— Ну, як яна ўпадабалася вам?
Булановіч не чакаў гэтага запытання. Не знаў, што адказаць.
— Выбачайце, але я не разумею — як, з якога боку ці ўпадабалася...
— Наогул з усіх бакоў: як жанчына, як чалавек, ну... як працаўніца...
— Так сабе...
Булановіч наўмысля адказаў так безуважна. Чакаў, што будзе далей.
— Не, мусіць, вы мала яе знаеце. Яна надта добрая жанчына. Такая харошая, ласкавая, ветлая. Я скажу вам ад шчырага сэрца, што такую жанчыну трудна знайсці... Колькі ў ёй жыцця, колькі прыгожых, чароўных рухаў душы! Яна быццам саткана ўся з дзівосных перажыванняў, з квяцістых мар, з хараства незвычайнага.
І пайшоў, і пайшоў. Пацягнуў сваім ціхім, аднатонна-пявучым голасам. Здаецца, не зважаў ён ні на Булановіча, ні на ўсё, што навокал яго. Углыбіўся ў сябе, сам сабе гаварыў.
А Булановіч думаў:
"Ткі не на жартачкі ён закахаўся ў яе. Бедны паэт! Ці ведае ён, што трухляцінай нясе ад яго паэтычных дыфірамбаў, што сам ён выдае нейкім трухлявым паследкам даўно прамінулых гадоў".
А Абшарскі ўсё гаварыў, усё выслаўляў сваю каханую. Урэшце ўжо надакучыла Булановічу. Расла дасада, злосць на яго. Быццам не мае аб чым гаварыць больш, як толькі аб ёй...
І дужа рад быў Булановіч, калі, урэшце, яго падарожнік спыніўся й сказаў:
— Ну, я налева.
— А я направа.
Развіталіся. Абшарскі знік у цемры неяк ціха, нячутна, быццам і не было яго тут, быццам не йшоў з ім Булановіч, а толькі думаў пра яго.
Булановіч пайшоў сваёй дарогай. Думаў, ідучы:
"Дзіўны чалавек. Не от мира сего..."
І наогул было ўражанне ў Булановіча, што акунуўся ён у нейкі асобны, дзіўны свет, у якім ён чужы і яму ўсе чужыя.
А Гарнова здавалася восеньскай кветкай, якая жоўкне сярод сухога былля і яшчэ песціць погляд сваім астатнім сумным хараством.

4
За горадам бесканцовай стужкай выпрасталася чыгунка. Стужка жоўтая з паскамі чорнымі, з дзвюма жалезнымі цвёрдымі жыламі.
А прайсці з паўвярсты па чыгунцы ўдалеч, — там лес разгарнуўся абапал, на чыгунку ўспёрся, сціскае яе, хавае зайздросна ў сваім гушчарным нутры.
Стромкі, сухі бор. Блішчыць свежай жоўцю ствалоў, песціць погляд сваёй цёмнай прытульнай зелянінай. І звініць звонам напружна-ціхім, празрыстым.
У гэты бор пайшлі Булановіч з Гарновай. Ішлі па гладкім абрусе чыгункі, любаваліся шырокім, вольным прасцягам.
У Гарновай твар свяціўся радаснай свежасцю, вочы блішчэлі маладым захапленнем.
Булановічу яна падабаецца сёння. Сёння ў ёй многа хараства, многа дзівоснай павабнасці. Сёння Булановіч не зводзіць вачэй з яе твару, смагла ловіць тонкія рухі яго і адчувае, як нутро соладка растапляецца, расплываецца ў прыгожым, яскравым пачуцці.
Як увайшлі ў лес, Гарнова спынілася.
— Вы не ведаеце, як люблю я чыгунку. Я бачу ў ёй нешта вялізнае, дужае. Мне часам здаецца, што гэта людзі пабудавалі сабе шлях да новага, невядомага жыцця. Забудзешся часам на тое, што станцыі ёсць, паўстанкі, раз'езды, што канец ёсць гэтай магутнай гадзюцы. І здаецца тады, што, каб пайшоў па ёй, пайшоў далёка-далёка, не спыняючыся, не азіраючыся, дык бы й прыйшоў у тое новае жыццё. А яшчэ могілкі я люблю... за іх спакой, цішыню... Бо часам дужа хочацца гэтага спакою... Але чыгунка бліжэй мне, больш захапляе... Ведаеце што, я памру на чыгунцы...
Булановіч міжвольна здрыгануўся. Не словы здзівілі яго, а тон, якім былі яны сказаны. Так сур'ёзна, так пэўна яна іх сказала, і ў вачах у яе Булановіч угледзеў тую дзіўную, халодную пустату, якую бачыў у іх у часе першага знаёмства. Ён хацеў нешта сказаць, але Гарнова не дала. Раптам ажывілася, пацягнула яго па адхону.
— Пойдзем у лес, у самы лес... Далёка, глыбока, туды, дзе няма нікагутка, дзе толькі сасонкі адны... Ну, хутчэй, хутчэй...
І яны блізка што ўгрунь пасігалі па лесе.
Пад нагамі мякка паслаўся мохавы дыван. Як ступаеш, угінаецца пухка, падатна. Запахла смалой. Лес ахінуў цішынёй глыбокай, старожкай.
Булановіч затрымаўся.
— Дык куды ж мы, слухайце...
— Пойдзем, пойдзем... далей...
Ішлі яшчэ. Зайшлі ў самыя нетры. Урэшце выйшлі на невялічкі прагалак. Там Гарнова спынілася, зморана апусцілася на мохам засланы дол.
— Сядайце!
Булановіч паслухаўся.
— Я вам зараз скажу... тое, што абяцала... Толькі бліжэй вы... ну, бо гэта сакрэт... — І прашаптала на вуха: — Я пакахала вас... чуеце, ну?..
І выйшла так, што Булановіч зусім не здзівіўся, хоць і не чакаў гэтага, не думаў пра гэта. Ён узяў абедзвюма рукамі яе галаву, упіўся поглядам у бліскучыя вочы. Сказаў, выгаварваючы паасобку кожнае слова:
— Ты... мяне... любіш?.. А я цябе?..
Яна весела засмяялася.
— Ну, вядома...
Яшчэ раз абдала гарачым поглядам і потым схавала свой твар у яго на грудзях. Шаптала:
— Ты дрэнны. Ты не думай, што ты добры... Не, цябе не варта любіць, бо ты мучыў мяне, не прыходзіў ка мне, нават як клікала я.
Ён узняў яе галаву, зазірнуў ласкава ў зеленаватыя вочы.
— Няпраўда. Я прыходзіў. І сёння прыйшоў...
— Так, праз цэлы тыдзень... Не, не, нядобры...
Ён не даў ёй больш гаварыць. Пацалункам вусны закрыў. Абняў яе горача, смела.
Яна раптам страпянулася, вырвалася.
— Не, пойдзем... Я не хочу, каб было так... не трэба... Лепш любіць, адчуваць заўсёды гэтае нявычарпанае, бурлівае пачуццё нездавальнення.
Ён хацеў затрымаць яе, але ўбачыў у іскрыстых вачах ціхую просьбу, смутны дакор. Пайшлі тады.
Ішлі моўчкі. Булановіч быў пад уплывам таго, што толькі што адбылося. Правяраў сябе, сваё пачуццё і бачыў, што не схлусіў ён там. Грудзі поўніла шчырая ласка, пяшчота. Гарнова была яму дарагая і блізкая.
Як выйшлі на палатно чыгункі, Гарнова зазірнула гарэзліва ў твар яму, засмяялася:
— Ну, чаго ты стаў гэткі маўклівы? Мо нездаволен? Дык бяры свае словы назад...
Ён тож усміхнуўся:
— Не варта. Лепш няхай будзе так, як было.
Яна з пяшчотай прытулілася да яго, зірнула вачмі, поўнымі шчырай удзячнасці.
Далей да самага дома гаварылі аб усім-усякім, жартавалі. Як падыходзілі к дзіцячаму дому, Булановіч убачыў на ганку фігуру Абшарскага. Ён упяў ім насустрач свой сумны нерухомы погляд.
Булановічу неяк прыкра зрабілася. А Гарнова — нібыта што... Падышла да яго, па-сяброўску руку цісканула.
— Вы ўсё сумуеце, мой рыцар няўцешны?..
Твар Абшарскага асвяціўся шчаслівай усмешкай, а ў бліснуўшых раптам вачах Булановіч прачытаў усё тое, аб чым калісь так дакучліва пеў яму гэты незадачлівы палюбоўнік.
І Булановіч падумаў:
"Ці ёсць у каханні маім хоць палавіна таго, што цвіце ў грудзях гэтага недалужнага чалавека!.."

5
З таго часу заўладала Булановічам пачуццё. Ён доўга думаў аб тым, як назваць яго, як растлумачыць. І кончыў тым, што прызнаўся сам сабе — гэта любоў. Мо трэба было б неяк іначай назваць яго, іншую даць яму назву, але слова такога няма.
І разважаў Булановіч:
— Якая бедная наша мова людская! Колькі розных разуменняў прыходзіцца пакрываць адным словам. Любоў... І пяшчотная ласка маткі да дзіцяці свайго, і адважная, шчырая адданасць барацьбіта сваёй справе, свайму калектыву, і гэтае агнёвае, бурнае, што кроў растапляе ў жылах, што грудзі віхурыць прагавітым жаданнем...
Усё — любоў...
І дзівіўся Булановіч, чаму гэткія зусім непадобныя пачуцці адным словам названы.
А сэрца тым часам рабіла сваё, сваё дыктавала. Яно поўніла нутро чароўным захапленнем; думкі, настрой — усё чыста пакрывала адбіткам непазбыўнае смагі.
І цягнула туды, да яе, да тых прыветных іскрыстых вачэй, у якіх гэтак дзіўна сплятаецца смутак з гуллівым агнём весялосці, у якіх часам адкрываецца такое прыгожае, чароўнае бяздонне. І цяжка цяпер Булановічу ўстрымацца, каб не пайсці туды, на край горада, дзе жоўценькі домік ветла ўсміхаецца высокімі ганкамі, вабіць ружовай прытульнасцю. Там, у маленькім пакойчыку, так шпарка, так радасна праходзяць хвіліны, так прыемна засцілаюць галаву салодкім ап'яненнем.
І часта ходзіць Булановіч туды, у гэты жоўценькі домік. Аддае яму ўсе свае вольныя гадзіны. А калі часам не ўдасца схадзіць, калі некалькі дзён не бачыць яе, тады нутро раз'ядае нуда і сэрца маркотаю садніць.
Было нешта так. Не бачыўся цэлых тры дні. На чацвёрты моцы не стала, — пайшоў, хоць і работа была. Пайшоў ужо ўвечары, як горад замігціўся агнямі, як гарадскі тлум ахінуўся прыглушанай таемнасцю.
Гарнова ў двары была. Як убачыла Булановіча, кінулася да яго з бурнай радасцю.
— Як добра, што ты прыйшоў. Як я рада... Ведаеш, гэтыя дні што толькі са мною рабілася... Я думала — ужо канец, не стрываю. Гэткая пустата, гэткі адчай. Знялюбела ўсё чыста, усё назаляе, цяжарыць...
Яе голас звінеў невыводнай журбой, глыбока пранікаў Булановічу ў сэрца. Ён з ласкай абняў яе, прытуліў да сябе, глядзеў з каханнем у твар.
— Дарма ты так, любая. Не трэба гэтага. Трэба перамагаць сябе, трэба пазбыцца гэтага разлому душэўнага... І чаму ты так мардуешся? Хіба цябе не можа жыццё захапіць... Хіба не бачыш ты, колькі ў ім новага бурлівага зместу, колькі творчай радаснай сумятні?.. Гэта ж — смех проста: адчай, пустата... Сорамна табе, во што...
А яна маўчала — ціхая, смутная. Мо зусім і не чула таго, што ён ёй казаў? Бо ў вачах свая асобная думка свяцілася — захаваная, таемная.
Ён тож перастаў гаварыць, моўчкі лашчыў яе, поўны глыбокай пяшчоты. Яму чамусьці здавалася, што далёка яна, незразумелая, цёмная. Загадка неразгадная. І такая — яна яшчэ больш яму дарагая. Далёкая і разам блізкая, родная.
Толькі крыўдна, што не паказвае яна душы свае, што нібы хавае ад яго беражліва нутро сваё, тыя думкі балючыя, страшныя, што наганяюць адчай, пустату, што труцяць жыццё ёй нязводнай атрутай.
І ён ёй сказаў:
— Слухай, чаму ты такая няшчырая? Чаму ты не ўсё мне гаворыш?
Яна зірнула на яго, не разумеючы.
— Як, што не гавару? Я нічога ад цябе не хаваю. Я нікому больш не выказваю свайго настрою, сваіх турботных думак. Толькі табе ўсё адкрываю, бо ты такі дужы, цвёрды... І добры ты. Ты не смяешся над маёй слабасцю. Ты заўсёды хочаш зразумець, уцешыць. Я за гэта люблю цябе, за гэта ты мне дарагі.
Яна памаўчала троху, потым ізноў пачала:
— Ведаеш, любы, мне часам сорамна бывае. Я не магу сабе дараваць таго, што сышлася з табою... Я — эгаістка вялікая... Мо дзеля таго, каб дастаць сабе нейкую ўцеху, падтрыманне, я прынясу табе непрыемнасць, няшчасце. Я часам злую на сябе за тое, што пакахала цябе і з твайго боку выклікала каханне...
Ён спыніў яе.
— Чаму ты гаворыш так?.. Быццам табе ўжо ўсё згінула, пагасла ў жыцці. Глупства гэта. Проста — часовы настрой. Мінецца ён, развеецца — і ўсё будзе добра. І зноў сонейка зайграе ў гэтых любых вочках.
Яна сумна ўсміхнулася.
— Ды не, нашто падманваць сябе. Не будзе так. Я ўжо асуджана. Я ўжо падышла да канца, да мяжы... Я многа жыла — поўным, бурлівым жыццём. Я растраціла моц сваю, той невялічкі запас, што быў у мяне. А цяпер — няма чым жыць...
Булановіч не разумеў нічагутка. То яму здавалася, што словы гэты адны — пустыя, сентыментальныя, — і тады прыкра было, нездаволенне раджалася, гасла добрае пачуццё. А часам праўдай жывой выдавала ўсё гэта, палохала страшэннай жудасцю, паліла вострую, непакойную трывогу. І тады бушавала ў грудзях пачуццё дзіўнай пяшчоты. Хацелася не адходзіць ад яе, быць з ёй кожную хвілінку, няўпынна глядзець на яе, любавацца.
Здавалася, што калі пойдзе ён ад яе, дык навек яе страціць. І згасне тады тое ружовае, светлае, што цяпер дрыгаціць гэткай чароўнай краскай у сэрцы.
Ужо позна было, а Булановіч яшчэ сядзеў у Гарновай. Не мог пайсці, не мог кінуць яе — сіл не ставала.
А яна таксама, калі збіраўся ісці, калі гаварыў пра гэта, — сціскала яго сударгава, тулілася да яго палахліва.
— Не, не йдзі... Пачакай яшчэ... Не кідай адну... Страшна мне, цяжка адной...
У пакойчыку прытульным цурочкам цякла цішыня, навявала чароўную згоду. Здаецца, век бы сядзеў вось так удваіх і адчуваў, як сэрца з сэрцам вядзе бясслоўную ціхую гутарку.
Раптам Гарнова ўзнялася.
— Пачакай, Алесь, я пакажу табе нешта.
У шуфлядзе сярод пруду розных паперак знайшла яна маленькую пісульку і дала яму. Ён прачытаў:
"З гэтага часу будзь ты праклята. Няхай табе жыццё будзе горкаю доляй. Бацькава пракляцце спасцігне цябе на тваім ганебным шляху".
Булановіч зірнуў на яе дапытлівым поглядам. Яна, мусіць, зразумела яго нявыказанае запытанне і адказала:
— Гэта так... маленькая ілюстрацыя да жыцця да майго... Цікавая рэч, сапраўды? Такіх дакументаў я маю даволі...
Булановіч гарэў упартым жаданнем узнаць усё чыста, узнаць пра ўсе драбніцы яе жыцця. Здавалася, што абы ўзнаў ён, і зараз жа знойдзе тое, што дасць выхад з тупіка, у які яна трапіла, што знішчыць яе глыбокі адчай.
Мо тады ўсё гэта здасца нікчэмным і смешным? Мо разляціцца, як дым, гэты дзіўна сплецены, незразумелы клубок яе смутку?
Булановіч узяў яе за руку, ахінуў поглядам, поўным шчырай, глыбокай пяшчоты.
— Марына, родная... Раскажы мне ўсё чыста пра жыццё пра сваё. Мне ўсё здаецца, што хаваешся ты, што не хочаш выказаць мне свае патаемныя думкі... Ведаеш, мне дужа крыўдна і цяжка робіцца, калі аб гэтым падумаю.
Яна ўсміхнулася ласкавай, добрай усмешкай.
— Ды не, Алесь. Я не хачу хавацца і не хаваюся. Я табе ўсё гавару, аб чым думаю. А расказваць пра жыццё — доўга гэта і непатрэбна... Але вось што... я раскажу табе. Раскажу тое, што дасць табе магчымасць многа чаго зразумець. Слухай.
Перш-наперш — гэта табе, пэўна, вядома — я дачка памешчыка з Віленшчыны. Ты не ведаў гэтага? Так, так... Самага сапраўднага пана з тысячамі дзесяцін зямлі. Рэвалюцыянеркай я рана зрабілася, як толькі навучылася глядзець на жыццё крытычна, разбірацца ў ім. Ну, вядома, эсэркай спачатку была. А жыла ў бацькі і часам карыстала яго асаблівую любасць да мяне на нашую справу. Бацька й не знаў, што тыя гасцінцы, якія дае дачцы, ідуць на змаганне з такімі, як ён. Ну, як там было — не цікава... Галоўнае пачынаецца ўжо пасля Кастрычніка. Я ўцякла з дому з адным чырвонаармейскім атрадам у той час, як савецкае войска адступала з нашай мясціны. Уцячы мяне прымусіла многа прычын. Былі й асабовыя чыста... каханне было. Але гэта глупства...
Вось з гэтага часу і пачалося маё жыццё. Я да вас далучылася, увабрала ў сябе тыя парыванні, той запал, што гарэў тады ў сэрцах паўстаўшых работнікаў. Я тады пачула тую магутную волю калектыву, аб якой я калісь табе гаварыла. Я злілася з ёй, у ёй растапілася, працялася наскрозь агульнай сталёвай думкай, агульным бурлівым пачуццём...
І як лёгка, добра было тады! Ведаеш, Алесь, я ўвесь час была тады быццам у нейкім чароўным хмелі, я не прыкмячала, як ляцеў звар'яцелы час. І як добра тады працавалася! Ніколі не чуваць было зморы. А працаваць многа даводзілася... Дзе, на якой справе я працавала — ты ведаеш... І вось нешта раз я атрымала ліст ад бацькоў. Тады нішто яшчэ: лаяліся, вядома, заклікалі вярнуцца назад. Я адказала ім. Напісала вось так, слова ў слова: "Не лічыце мяне вашай дачкой..." Мне тады проста смешна было з усяго гэтага. Між упартае працы гэта была нібы забава маленькая. А яшчэ троху пасля здарылася тое страшнае, што, мусіць, навекі адбілася на маім нутры...
Да мяне прыйшоў брат. Ён працаваў у адной патаемнай контррэвалюцыйнай арганізацыі і ў той час быў прыціснуты да сцяны. Яшчэ колькі дзён — і ён павінен быў трапіць у нашыя рукі. Ён прыйшоў да мяне шукаць абароны, ён спадзяваўся, што я, як сястра, выратую яго. Ах, як прасіў ён мяне, каб я пасобіла яму ўцячы за мяжу, як ён кляўся, прысягаў, што не будзе больш весці сваю контррэвалюцыйную працу. Бедны, ён так спалохаўся небяспекі, што думаў толькі аб тым, каб выратаваць сабе жыццё. Мо каб хто чужы так прасіў, я б не ўстрывала, дала яму ратунак. Але гэта быў брат, а ў той час нікога я не лічыла такімі ворагамі, як сваю радню...
Яго расстралялі. Так. Я сама падпісала смяротны прыгавор... А ўсё-такі я многа тады змагалася сама з сабой. Шавялілася троху кроўнае пачуццё. Мае рукі дрыжэлі як у ліхаманцы, калі я падпісвала гэтую страшную паперку... Хутка пра гэта дома прачулі. Тады вось і пераслаў мне бацька гэту пісульку. І, ведаеш, цяжка мне стала, як я прачытала яе. Быццам нешта навалілася на мяне, прыдушыла страшэнным, жудасным цяжарам. Праўда, я хутка пазбылася гэтага пачуцця, я затапіла яго ў моры напружанай, ліхаманкавай працы. Але след застаўся. Я пачала часам задумвацца, чагось сумаваць. І пачула, як ліпучай павучынай пачынае абвязваць мяне страшэнная змора. А разам раджалася пачуццё адзіноты, нездавальнення...
Апала навальніца бурлівая, жыццё пачало ўкладвацца ў сталыя рамкі. Пачалася другая работа — руплівая, нудная. Я лішняй пачула сябе, не магла прыстасавацца да гэтае новае працы. І заззяла чорным бяздоннем у душы пустата. Холад ахінуў. Сумна так стала.
Гарнова змоўкла, задумалася. Была такая ціхая, смутная. Потым схапянулася, раптам прыціснулася сударгава да Булановіча, задрыжэла ўся.
— Алесь, любы мой... Я табе ўсё... усё чыста скажу аб сабе... Мне ўночы часам дужа страшна бывае. Нейкі смяртэльны спалох надыходзіць... Крычаць тады хочацца, зваць каго, каб прыйшлі, каб быў хто са мной.
Зноў сціхла. Ціша ў пакоі стала старожкай, злавеснай. І раптам гэтую цішу працяў зазыўны прарэзлівы гудок цягніка. Ён быў поўны дзіўнага, смелага задору, у ім бурным воклікам зычэла магутная вешчая воля.
Гарнова ўсхапілася. Загаварыла быццам зачараваная, быццам у сне:
— Во... ён кліча мяне... Ён вабіць мяне сваім настойлівым крыкам. Ён знае, што прыйду да яго, што ў яго буду шукаць ратунку сабе... Алесь, ты не ведаеш, як я люблю чыгунку... Яна будзе магілай маёй...
Булановіч маўчаў, апанаваны цэлай бурай розных пачуццяў. Жаль ціснуў сэрца, ахінаў яго агнём балючай пяшчоты. І разам давіла мазгі нешта цяжкое, неразумелае, нешта такое, што поўніла нутро глухім непаразуменнем...
А ноч усё цякла, усё пасувалася.
У вокнах ужо зашарэла...

6
Сягоння замардаваўся Булановіч. Цэлы дзень упартай, рупатлівай работы падарваў сілы. Як прыйшоў, урэшце, дамоў, паваліўся на ложак зняможаны. Па целе прыемнаю хваляй расцяклася цягучая млявасць, а ў галаве зыбучай пялёнкай захістаўся туман. Сон цяжэрна звесіў павекі.
Ужо ледзь не заснуў Булановіч, але раптам нехта ў дзверы паляпаў.
— Увайдзіце!
Памалу адчыніліся дзверы, і ўсунуўся сваёй даўгалыгай нязграбнай фігурай Абшарскі.
Яго Булановіч ніяк не чакаў і надта здзівіўся.
А Абшарскі прывітаўся, сеў ля стала і пачаў маўчаць. Булановіч тож нічога не гаварыў, сачыў за ім моўчкі. Чуў, што нездарма Абшарскі прыйшоў, што мае нешта сказаць. І дужа карцела пачуць гэта "нешта", але нядобра было запытацца. Чакаў, каб сам ён пачаў.
Урэшце Абшарскі пачаў сваім ціхім маркотным голасам:
— Таварыш Булановіч, я прыйшоў да вас пагаварыць аб надта важнай справе...
— Калі ласка.
— Я ведаю, вас дужа здзівіць тое, аб чым я скажу вам, але... усё роўна... я павінен гэта зрабіць...
Ён ізноў памаўчаў, быццам падбіраючы словы.
— Во што, таварыш Булановіч, я хачу з вамі пагаварыць аб Гарновай...
— Калі ласка. Я слухаю. — А сам падумаў: "Прэтэнзіі хіба хоча свае заявіць..."
Ахапіла цікавасць. З нецярплівасцю чакаў, што скажа далей Абшарскі.
— Таварыш Булановіч... я не ведаю, як вам гэта лепей сказаць... Я хачу прасіць вас, каб вы... жаніліся на Гарновай...
Булановіча нібы варам абдалі. Усяго ён чакаў ад Абшарскага, толькі не гэтага. Глядзеў на яго, няўцямна выпяўшы вочы.
Абшарскі неяк замятушыўся, заварочаўся на месцы.
— Вас гэта дужа здзівіла? Я знаў, што так будзе... Мне цяжка было гаварыць аб гэтым... Але вы паслухайце... Я вам скажу ўсё... Бачыце, я люблю яе, дужа люблю... Мо гэта якая асаблівая любоў, не такая, як зазвычай, не ведаю... І я не магу бачыць, калі яна мучыцца, калі пакутуе гэтак...
— Выбачайце, а чаму вы думаеце, што калі я з ёй ажанюся, дык яна не будзе мучыцца?
— Я знаю, я пэвен у гэтым. У яе гэта з адзіноты. Ёй трэба такі чалавек, які быў бы каля яе, які б яе падтрымаў, памог пазбыцца таго адчаю, які часам яе ахапляе...
Булановіч яго перапыніў:
— Выбачайце яшчэ раз... А чаму вы думаеце, што гэткім чалавекам павінен быць я? Чаму вы, напрыклад, самі не будзеце такім?
Абшарскі ціха ўздыхнуў.
— Я не магу... Яна не захоча, бо яна не любіць мяне. А вас яна любіць, я знаю, я бачу...
Колькі хвілін маўчалі абодва. Потым ізноў Абшарскі пачаў:
— Таварыш Булановіч, вы павінны зрабіць гэта. Я вас дужа прашу... Ратуйце яе, не дайце ёй загінуць... Яна ж такая добрая, такая любая...
Голас дрыжэў у Абшарскага, а ў вачах бліснулі слёзы. Булановічу шкода было гэтага недалужнага чалавека. Хацелася ўцешыць яго, заспакоіць. І дзіўнай, незразумелай здавалася гэткая шчырая самаахвяра, гэткая знявага да самога сябе, гэткая адданасць другому. Ён сказаў яму ласкава:
— Слухайце, таварыш Абшарскі, вы ўгадалі, што мяне дужа здзівяць вашыя словы. Вядома, што я пэвен у іх шчырасці. Я надта дзякую вам за вашую даверлівасць. Але сказаць вам што-небудзь я цяпер не магу. Я буду думаць аб гэтым...
Абшарскі яшчэ сядзеў колькі хвілін. Ужо выходзячы, сказаў Булановічу:
— Я ўчора ў яе рэвальвер знайшоў... Я адабраў яго...
Булановіч міжвольна здрыгануўся.
— А яна што?
— Яна смяялася... Кажа — гэта я так, для забавы дастала, а страляцца не маю намеру...
Як пайшоў Абшарскі, Булановіч яшчэ доўга не спаў. Думкі павадкай біліся ў галаве, уваччу мітусіліся пярэстыя вобразы. Твар Гарновай не сходзіў з памяці, усё лунаў — смутны, прыгожы, — будзіў у сэрцы шчырае пачуццё. І ўжо гатова была скласціся пастанова, ужо гаварыў сам сабе:
— Так, я павінен ратаваць яе, я павінен з ёй жыць, быць заўсёды пры ёй, я павінен памагчы ёй пазбыцца яе згубнага настрою, вярнуць яе да жыцця...
Маляваліся вобразы новага супольнага жыцця — вобразы пекныя, але поўныя нейкай атрутнай млявасці, таго, што мякчыць чалавека, што падцінае яго волю. І вось гэта палохала. Проці гэтага паўставала нешта ўсярэдзіне, перасцерагала. Нейкі голас шаптаў:
"Зацягне, завалачэ ў багну бязволля. Сам тады прападзеш..."
Так цэлую ноч змагаўся з сабой. Заснуў пад самае ранне з пастановай пайсці заўтра параіцца з Арончыкам. Ён добры хлапец, разумны. Не памыліцца, дасць добрую раду.
Прачнуўся Булановіч гадзіне а дзесятай. Наспех выпіў чаю і пабег шукаць Арончыка.
Знайсці Арончыка не так было лёгка. Гэта ж такі чалавек, што не можа пабыць на адным месцы. Ён проста кіпіць ад навалы бурлівай энергіі, ён у клопатах, у працы знаходзіць сабе асаблівую асалоду.
Булановіч злавіў яго недзе на пасяджэнні. Чакаў з паўгадзіны, пакуль кончыцца, потым пайшлі разам.
Вуліца млела ў паўдзённай спякоце. Сонца быццам прыхілілася да зямлі, прыціснула горад сваім густым душным ззяннем, усклала на ўсё адбітак санлівай нерухомасці.
Было цяжка ў гэтым пякельным вары. Зморана спыняліся ногі, цела ўсё нібы распускалася, сцякала бяссільна ўніз. Хацелася сесці, адпачыць.
Булановіч з Арончыкам завярнулі ў гарадскі сад. Там абабралі мясціну прытульную, селі на лавачку ў засені.
Арончык на гэты раз не спяшаўся. Ці мо нейкім дзівам час вольны меў, ці мо й яго гарачыня троху прабрала, троху зменшыла невычэрпны запас яго энергіі. Сядзеў спакойна, уважна слухаў, аб чым апавядаў Булановіч. А той расказаў усё па парадку. Прызнаўся Арончыку ў тым, што паміж ім і Гарновай было, расказаў і пра Абшарскага. Як скончыў расказваць, запытаў Арончыка:
— Скажы мне цяпер — шчыра, па-прыяцельску: што я павінен зрабіць? Толькі сур'ёзна скажы, не жартуй, не аднеквайся...
Арончык насупіў свае густыя, паўкругам бровы, надуўся, напружыўся. Відаць, моцна, станоўка думаў. А потым бровы высока ўзняў, пакрывіўся паважна й пачаў:
— Слухай, што я скажу табе, Булановіч. Зірні ты сам сабе ў нутро, падрахуй свае сілы і дай адказ самому сабе: ці здолееш ты яе ратаваць? Ці здолееш выцягнуць яе з гэтае процьмы? Калі так, дык жаніся. А калі не — лепш не пачынай, бо часам сам можаш трапіць у багну. Ты ж ведаеш, што гэта за штука — каханне. Гэта ж — слабасць... так, слабасць. Гэта такое зелле, якое многа дужых людзей паламала, звярнула іх з пэўнага шляху... Ты добра падумай аб гэтым.
І, памаўчаўшы, дадаў:
— А ёй бы трэба было памагчы. Яна многа чаго нам зрабіла і, можа б, яшчэ сякую-такую карысць прынесла. Трэба б было памагчы...
Булановіч шчыра падзякаваў Арончыку. Больш не пытаўся, нават кінуў гаварыць пра гэта. А як разышліся, пачаў упарта абдумваць справу, пачаў правяраць сам сябе.
— Ці хопіць сілы? Ці здолею?..
Не мог адказаць, бо не было яснасці ў думках, бо ў галаве хваляваўся ружовы душны туман. І больш увагі прыцягвалі апошнія словы Арончыка:
— Трэба б было памагчы...
Яны мацней заселі ў мазгах, бо адпавядалі настрою, пачуццю. І хацелася на іх адных грунтавацца, толькі іх мець на ўвазе.
Трэба памагчы... Вядома, трэба... Ён павінен гэта зрабіць. Ён зробіць гэта...
Пастанова крэпла, расла, пераходзіла ў магутнае імкненне. А вобраз Гарновай смела ўставаў уваччу, вабіў, цягнуў да сябе, абураў грудзі нецярплівасцю прагнай, жаданнем як найхутчэй зрабіць тое, што стала ўжо канчатковым, пэўным рашэннем.

7
Ціха, паволі асядае на горад цёплы ласкавы вечар. Ахінае ціхай прытульнасцю, шэпча на вуха санлівым шолахам дрэў.
Аб чым шэпча?
Мо аб тым, як добра палаць агнём прамяністым кахання, як добра адчуваць непазбыўную душную смагу, жаданне нязведаных радасцей, палкіх уцех? Мо аб тым, як прыемна млець у чароўнай знямозе, у дзівоснай напружанасці ўстурбованых нерваў?
Мо аб тым так соладка шэпча ласкавы вечар? Мо аб тым пяюць ціхую песню таемныя дзіўныя шолахі?..
Булановіч з Гарновай знайшлі сабе ў садзе цудоўны прытулак. Добра тут — у самым глухім куточку, пад ветлай разложыстай яблыняй! Тут так ціха, што чуваць, як сэрца б'ецца ў грудзях. Тут — адны яны, адмежаваныя ад усенькага свету, цалкам адданыя свайму пачуццю.
Гарнова прытулілася шчыльна да каханка свайго, схавала галаву ў яго на грудзях. Сядзіць нерухліва, быццам прыслухваецца да ўцехі, да шчасця свайго, быццам баіцца, каб лішнім рухам, лішнім словам не спудзіць гэтага чароўнага, салодкага настрою.
А Булановіч неспакойны. Турбуе назойлівая, упартая думка, не дае спакою. Сёння ён павінен сказаць Гарновай аб тым... Сёння ён павінен прапанаваць ёй тое, на што рашыўся колькі дзён назад. Кожную хвіліну хоча пачаць ён, хоча выказаць усё. Але нешта спыняе. І стыгнуць на вуснах нявыказаныя словы.
— Што яна на гэта? Як адкажа?
Нібы страшна чагосьці, сіл не хапае сказаць.
Але, урэшце, адважыўся:
— Ведаеш, любая, я хачу нешта сказаць табе, слухай...
Яна ўзняла галаву, упялася ў яго чакаючым поглядам.
— Марынка! Я надумаў нешта зрабіць. Я хочу змяніць нашы адносіны. Мы пакахалі адзін аднаго — шчыра, моцна... Мы адзін аднаго разумеем. Чаму нам не жыць разам, не стаць мужам і жонкай?..
Чуў Булановіч, што неяк нязграбна, карузла выходзіць. Дасадліва моршчыўся, ждаў, каб хутчэй яна што сказала, каб развеялася гэтае прыкрае ўражанне.
А яна маўчала. Доўга маўчала. Мабыць, думала, як лепей яму адказаць. Потым пачала:
— Алесь! Ты выбач мяне, але я табе проста скажу: не хочу я гэтага... і не зраблю. Я не хочу псаваць сабе апошнюю ўцеху. Я ведаю, як гэта будзе: шэрасць, нуда, беспрасвецце. Усё тое прыгожае, што ёсць цяпер, што захапляе, хвалюе, — усё гэта знікне... Не, я не хочу так... не трэба... І ты, Алесь, не настойвай. Кінь гэту думку...
Булановіч не чакаў такога звароту. Гэтыя словы здзівілі яго. І разам яны падлілі ў агонь масла. Замест таго каб згадзіцца, каб кінуць пра гэта, ён ахапіўся цяпер упартым жаданнем дабіцца свайго. Ён увесь гарэў пачуццём, ён у палкай пяшчоце галубіў яе, цалаваў рукі і настойна, упарта прасіў, каб згадзілася. А калі яна адмаўлялася, ён яшчэ больш захапляўся, яшчэ з вялікшай сілай настойваў.
І тады толькі схапянуўся, як заплакала Гарнова, затрапяталася ў моцным сударгавым рыданні. Тады змоўк, не ведаў, што рабіць. Не разумеў, чаму Гарнова заплакала.
А яна парыўчата гаварыла скрозь слёзы:
— Дрэнны ты, злы... Ты мучыш мяне, ты псуеш мне настрой, здзекуешся над пачуццём над маім. І толькі затым, што табе хочацца так... Усе вы такія... без сэрца, эгаісты...
І ўсё плакала бесперастання. Булановіч ледзь суцешыў, заспакоіў яе. Пагадзіліся на тым, што ён даў слова ніколі нават не гаварыць аб гэтым. Гарнова тады заспакоілася, зноў прытулілася да яго і толькі раз-пораз усхліпвала, быццам пакрыўджанае дзіцянё. А як расставаліся, Гарнова сказала яму з ласкавым дакорам:
— Алесь, любы мой... Ты ніколі не крыўдзі мяне... Ты ж ведай, што наша каханне — гэта астатняя ўцеха мая, гэта прыгожая акраса астатніх дзён...
Ён перапыніў яе:
— Што ты гаворыш усё — астатняя, астатняя... Марына, кінь ты настрой гэты свой. Навошта гэта? Адно мучыш і сябе і мяне...
Яна не адказала нічога. Толькі глыбока-глыбока ўздыхнула.
Праз колькі дзён пасля гэтага Булановічу ўсё-ткі прыйшлося яшчэ раз гаварыць на гэтую тэму.
Было так. Ён неяк позна ўвечары вяртаўся з чыгункі: ездзіў на вёску па службовых справах. Проста з вакзала накіраваўся ён да Гарновай.
На галоўнай вуліцы яшчэ гарэлі агні, яшчэ сноўдаліся гаварлівай гурмай начныя гулякі. А ў завулках, у куточках глухіх ужо ўсё сціхамірылася. І вокны не свяцілі ўжо тупа-бліскучымі засланкамі, не цалаваліся з цемрай чарнільнай. Схаваліся, зніклі, быццам і звання іх не было ў гэтых мізэрных хібарках, што палахліва адступалі з дарогі цьмянымі плямамі.
У дзіцячым доме, куды падышоў Булановіч, тож было цёмна. Але тое акенца, якое Булановічу добра знаёма, якое заўсёды спыняе на сябе яго погляд, — гэта акенца яшчэ свяцілася прыветным агеньчыкам.
"Значыць, не спіць..."
Дзверы чамусьці адчынены. Мусіць, ёсць нехта чужы, бо звычайна іх запіраюць.
Булановіч прайшоў проста да пакоя Гарновай і, не папытаўшы дазволу, адчыніў дзверы. І ўбачыў ён: Гарнова на ложку сядзіць, а перад ёй на каленях Абшарскі.
Асалапеў Булановіч. Хацеў адразу назад павярнуцца, але Гарнова спыніла:
— Алесь, пачакай! Што ты спалохаўся?
Абшарскі памалу ўзняўся, сеў у кутку, вінавата ўтупіўшы лысую галаву. Булановіч не разумеў нічагутка. Глядзеў дапытліва ў вочы Гарновай, чакаў тлумачэння.
Яна засмяялася.
— Ну, ты чаго глядзіш так? Быццам цябе аглушылі... Ці мо цябе здзівіла гэтая сцэна, га? Я табе зараз скажу: мой паважаны рыцар сёння чэпіцца да мяне цэлы вечар. Усё просіць... і ведаеш, аб чым? Згадай... Аб тым, каб я за цябе замуж пайшла... Ты, пэўна, і не знаў, што маеш гэткага добрага свата...
Булановічу прыкра неяк стала. Дасада ўзнялася на Абшарскага. Што яму трэба? Чаго ён гэтак турбуецца? Чаго назаляе вечна? Лезе з сваімі паслугамі... І ведае ўсё, гэты нязначны, недалужны чалавек, усё прыкмячае, аб усім дазнаецца! Быццам цень нейкі, сочыць усюды, за ўсім...
Булановіч нічога не адказаў Гарновай, і на колькі хвілін запанавала цяжэрная маўчанка. Потым Абшарскі загаварыў. Гаварыў вінаватым голасам, быццам хацеў перапрасіць Булановіча, выпраўдацца перад ім.
— Я гаварыў аб тым, аб чым калісь вам казаў, таварыш Булановіч. Я зычу толькі дабра. Я хачу, каб Марына Паўлаўна была шчаслівая, каб яна не пакутвала...
Раптам Гарнова ўзлавалася:
— Якое вам дзела? Хто даў вам права аба мне клапаціцца? Я маю свядомасць і сама ведаю, што трэба рабіць...
Яе голас дрыжэў. У вачах гарэлі, пераліваліся аганькі гневу.
Абшарскі моўчкі ўзняўся.
— Марына Паўлаўна! Паверце мне, што я ніколі не хацеў вам зрабіць што благое. Усё, што мучыць вас, мучыць не менш і мяне... а мо яшчэ больш, бо я...
І не даказаў. Выйшаў шпарка з пакоя — высокі, сутулаваты, нязграбны. Пакінуў за сабою ўражанне нейкай напятасці, нялоўкасці.
У Булановіча цяпер не было ўжо ані крушыпачкі злосці. Замест таго жаласць з'явілася да беднага Абшарскага. Ён сказаў Гарновай з дакорам:
— Нашто ты так з ім. Ён жа так любіць цябе. Яму ты даражэй за ўсё...
— Я знаю гэта, Алесь. Але ж часам не хапае цярплівасці. Назаляе гэта маўклівае каханне, нуду наганяе... А часам злосць возьме. Тады й пакрыўдзіш яго нізавошта... Але глупства. Пасля ўлашчыцца.
У той вечар не было паміж Булановічам і Гарновай звычайнай блізкасці, звычайнай ласкі. Гарнова была далёкая нейкая, чужая. Увабралася ў сябе, адгарадзілася ад яго халоднай, сухой пустатой сваіх глыбокіх вачэй. І сама ўся была халодная нейкая, ціхая. Булановічу здавалася, што вінаваты ў гэтым Абшарскі з яго недарэчным учынкам. Зноў востра тачылася ў сэрца прыкрая злосць. Разам з ёй унутры бязладнасць раджалася нейкая, раскіданасць. Не знаў, як падысці да Гарновай, як разагрэць яе ледзяны холад.
І даў тады сам сабе слова ніколі больш не гаварыць з ёй аб жаніцьбе, не кратаць больш гэтага пытання.

8
Прайшло два тыдні. Булановічу яны праляцелі бліскавіцай-маланкай. Увесь час быў нібы ў чадзе і не прыкмячаў, як чарадой аднамернай мігаюць гадзіны. Аддаўся цалком пачуццю, утапіў у ім усю істоту сваю, ачмуціў свядомасць ружовым туманам.
Часам схапянецца, зірне сам на сябе з здзіўленнем. Падумае:
"Што ж гэта? Чым гэта кончыцца ўсё?"
І з жахам адчуе, як глыбей і глыбей уцягваецца ў атрутнае дрыгвяное бяздонне, як губляе моц сваю, волю. А спыніцца, вярнуцца — не змога.
Гарнова дзіўнай стала ў апошні час. Рэдка цяпер весялосць маладая асвеціць яе сумныя вочы. Рэдка калі зазвініць яе задорны, гарэзлівы смех. Больш усё ціхая, смутная. Задумленне маўклівае не сходзіць з паніклівага твару.
І з Булановічам яна дзіўная нейкая. То халоднай няўважнасцю яго сустракае, быццам далёкі ён стаў ёй, чужы, быццам ужо знялюбеў. А то раптам закіпіць пачуццём бурным, парыўчатым, агорне яго нястрымана-гарачай ласкай.
Булановіч бачыць гэта і думае часта аб гэтым. Напружвае розум свой, хоча згадаць, зразумець, што робіцца з ёй. І не можа. Толькі трывогу няясную ў сабе распальвае, прымушае сэрца балюча знібець у нейкім невыразным прадчуванні.
Была субота. У гэты дзень Булановічу заўсёды бывае многа работы. Толькі к самаму вечару зволіўся і адразу пайшоў да Гарновай. Заспеў яе ў дварэ. Сядзела ўпацёмку, не паліла святла. І як Булановіч прыйшоў, нейкі час у змроку сядзелі. Так больш ціхай, прытульнай чароўнасці, калі вакол змрок снуе сваю шэрую павучынку, калі мякка загортвае абрысы прадметаў, сцірае рубы, усё робіць такім павеўным, расплыўчастым. Тады прыемна напінаюцца нервы і пачуцці асабліва глыбокімі робяцца.
Булановіч у змроку зусім не бачыць Гарновай. Толькі мяккімі контурамі рысуецца няясная пляма. Але блізкасць яе адчуваецца моцна, настойліва. Будзіць, уздымае непакойнае пачуццё, казытае сэрца гарачай пяшчотай. Хочацца яшчэ большай блізкасці, хочацца зліцца зусім, патануць у глыбокім захапленні.
А Гарнова сёння чамусьці ўнікае ласкі яго. Быццам баіцца яе, быццам палахліва стрымлівае сябе. І Булановіча ахапляе смаглае нездаволенне, турбуе нутро палкім жаданнем. Нездаволенне пераходзіць у нейкую крыўду, у гнеў. Здаецца — не любіць ужо, надакучыў ёй, знялюбеў. Каб сілы хапіла — устаў бы й пайшоў. Нашто назаляць, набівацца дарэмна сваім пачуццём!
Але замест гэтага бярэ яе рукі, сціскае, гладзіць пяшчотна, абнімае нясмела любы, падатны стан.
— Марынка, галубка мая. Чаго ты такая маркотная? Чаму маўчыш усё, мяне старанішся? Мо ўжо не любіш, мо назаляю табе?
Яна адказвае нібы з нейкай дасадай, але ласкава:
— Ды не... Кінь ты, як табе не сорамна! Ну, проста настрой такі. Думаю я... Я, Алесь, многа думаю цяпер. Мо затым часам і мала ўвагі табе аддаю... Калі ж галава крышыцца з думак. Ведаеш, Алесь, я баюся, каб не звар'яцець. Часам ужо непрытомнасць нейкая находзіць. Тады страх агнявы калоціць усю. Усё тое ўваччу, што было калісь... праходзіць перад вачмі гэткай выразнай, страшэннай чарадой...
Яна часінку маўчала.
— Слухай, Алесь, ці дужа ты любіш мяне?
Замест адказу ён горача сціснуў яе кволую, мяккую руку.
— А што б ты аддаў за мяне? Што б ты мог ахвяраваць, каб было патрэбна для мяне?
— Не ведаю. Здаецца, што я не пашкадаваў бы для цябе нават жыцця...
Яна ўсміхнулася.
— Уга... Як многа!.. Але дарма ты гаворыш так. Гэта звычайна кажуць усе, як сядзяць з любай дзе-небудзь у ціхім прытульным пакоі... Ну, скажам, так: я б памірала і сказала табе, што хачу, каб і ты памёр разам са мной. Ну вось, скажы: ці згадзіўся б ты? Толькі шчыра адказвай. Ну?
Булановіч троху падумаў.
— Ведаеш, Марына, гэта б залежала ад моманту. Вось цяпер, мне здаецца, я б не спыніўся перад гэтым...
Яна не дала яму кончыць.
— Глупства ты кажаш. Ніколі б ты не зрабіў гэтага. І ніхто б у свеце так не зрабіў.
Булановіч падумаў і ў думках з гэтым згадзіўся. Чамусь раззлаваўся сам на сябе.
"Дайшоў да чаго... да чаго раскіселіўся. Не разумею ўжо, што гавару..."
Устаў і нервова засігаў па пакоі. Быў унутры нейкі разлад. Нейкі нутраны голас узнімаўся, паўставаў проці тае ўлады, якую забрала над ім пачуццё, проці бязволля, слабасці, што ўсяго спавілі ліпучымі ланцугамі, што аплялі, акруцілі павучыннем атрутным.
Гарнова тож узнялася, запаліла святло. Булановіч зірнуў на яе і здрыгануўся міжвольна. Убачыў твар, працяты адчайнай, бязмернай мукай. Здалося Булановічу, што гэта страшэнная мука пратачылася ў кожную рыску яе твару, у кожную рыску ўклала яскравы адбітак душэўнага болю.
Яна села за стол, застыгла ў ціхай нерухомасці. Быццам сама прыслухоўвалася да болю свайго, быццам аддалася ва ўладу свайго пачуцця.
А Булановіч гарэў непакойным агнём глыбокага жалю. Сэрца дрыготна сціскалася. Хацелася суцешыць, згладзіць з любага твару гэты страшэнны адбітак душэўнай мукі. Але слоў не было, не знаў, што сказаць. І моўчкі стаяў, глядзеў на яе з спачуваннем, з глыбокім жалем.
Яна раптам устала. Загаварыла ціхім парыўчатым голасам:
— Не магу я тут быць... Цяжка чамусьці. Быццам гэтыя сцены душаць мяне, грудзі сціскаюць. Я пайду, Алесь... К прыяцельцы сваёй схаджу... Мо развеецца настрой. А ты, Алесь, не йдзі нікуды. Мне хочацца, каб ты тут быў, каб я кожную хвілінку знала, дзе ты, уяўляла цябе. Ты тут будзь... Я хутка прыйду... Толькі прайдуся... А калі спазнюся, ты ўсё роўна чакай... Я хачу так, Алесь. Чакай, пакуль не прыйду.
Яна стала апранацца. Булановіча скрабанула нейкая невыразная трывога. Ён звярнуўся да Гарновай:
— Марына! Ноч цяпер, куды ты адна? Лепей я таксама пайду... Я правяду цябе, там пачакаю...
Яна нібы страпянулася.
— Не, не... не трэба... я адна... я зараз вярнуся... Ты пачакай тут, Алесь...
А як выходзіла, падышла да яго, узяла абедзвюма рукамі яго галаву, зазірнула ў вочы гарачым кахаючым поглядам:
— Любы ты мой! Апошняя ўцеха мая!..
І пацалавала даўгім-даўгім пацалункам...
Булановічу пацягнуліся нуднай чарадой хвіліны чакання. Плылі яны так аднамерна, марудна. Так дзіўна закалыхвалі, наганялі тупую, млявую нерухомасць. Думкі ў галаве быццам спыніліся, закамянелі. Толькі па ўсёй істоце ціха, паволі перабягалі лёгкія хвалі невыразнага пачуцця, краталі кволым павевам нейкія балючыя, чулыя струны. Была нейкая невымоўная асалода ў гэтым дзіўным пачуцці. І прыемна было чакаць так, у ціхай маўклівай самоце, у млявай нерухомасці.
Плылі, цягнуліся хвіліны марудныя, грамаздзіліся ў грузка-паўзучыя гадзіны.
Гарнова ўсё не прыходзіла. Булановіча памалу пакідаў спакой, змяніўся вострай турботай. Цяпер хадзіў па пакоі, узрушаны, спыняўся раз-пораз і пільна прыслухоўваўся да начной цішыні, шукаў гуку знаёмых крокаў. Ахапляла нецярплівасць, дасада, калі вуха не лавіла ніякага зыку, калі звонам маўклівым пела ўвушшу глухая цішыня. І хадзіў, усё хадзіў па пакоі.
У акно зазірнула падслепаватым вокам шэрая раніца. Палахліва кранула сваёй празрыстай рукой бяздушны свет лямпы, і зрабіўся ён нейкі мутны і цьмяны. І чым далей, тым больш урываўся ў пакой свежы свет раніцы, гарэзліва варушыў па кутках паследкі начнога змроку, накладаў на ўсё адзнаку дзённай цвярозасці.
Булановіча агарнула трывога. І расла, усё расла ў грудзях, білася ў сэрцы боем няроўным, балючым. А думкі цяпер празрыстай яснасцю працяліся, рэзалі галаву ліхаманкавай работай. Без канца свідравала мазгі:
"Што з ёй? Куды яна пайшла? Чаму так забавілася? Чаму яго прымусіла чакаць?"
Не знаходзіў адказу і мучыўся ў палкай трывозе. І быццам наўмысля, каб павялічыць тую трывогу, прыляцеў знадворку даўгі, гулкі гудок цягніка. Быў ён свежы такі, сакавіты, быццам памыўся ў золкай вільгаці раніцы. Зычэў молада, смела, нібы выхваляўся задорам сваім, нібы дражніўся сваёй вясёласцю гуллівай.
Гэты гудок працяў Булановіча сударгавай дрыготай. Ён пачуў у ім злавеснасць нейкую, нейкае страшное напамінанне.
Жудаснай хваляй агарнула новая думка, абярнулася ў страшэнную здагадку.
Булановіч схапіў шапку і паспешна выйшаў на двор.

9
Паветра ахінула ядранай золлю. Было яно шэра-сталёвае, цьмянае, бо золак толькі яшчэ пачынаўся.
Ціха было. Але ва ўсім адчувалася нейкая жывая напружанасць. Быццам начны спакой працінаўся памалу яшчэ стрыманай энергіяй і пад навалам яе во-во ўжо гатоў быў рассыпацца ў сумятлівую дзянную рухавасць. І застыгла ў шэра-сталёвым паветры маўкліва-трывожнае чаканне.
Булановіч шпарка пасігаў па вілаватых завулках. Свежасць раніцы не заспакоіла, а яшчэ больш нервы завастрыла. Трывога жудаснай хваляй паласкала нутро, халадзіла сэрца ледзяной пустатой, па ўсім целе пускала нервовую дрыготу. Уваччу жывой плямаю стаяла Марына, такая, якою была ў апошнюю хвіліну. Твар свеціцца мукай пякельнай, вочы — бяздонне пустое, халоднае. І быццам чакае яго, быццам кліча, просіць спагады. А ўвушшу няўпынна словы зычаць яе:
"Любы ты мой! Апошняя ўцеха мая!.."
Чаму яна зноў так сказала — "апошняя ўцеха"? Няўжо яна што надумала?
І бурлівым пажарам расла ў грудзях упэўненасць у самым страшэнным. Штурхала яго, прымушала бегчы ўгрунь. Куды? Аб гэтым нават не думаў. Само сабой цягнула туды, дзе гадзюкамі ўюцца сталёвыя рэйкі, адкуль часам ляціць гэты зазыўны прарэзлівы вокліч.
Чыгунка спаткала яго мёртвай цішынёй. І гэта здзівіла. Як бег, думаў чамусьці, што тут павінна быць рухавасць, жыццё, што тут няўпыннай чарадою павінны грымець жалезныя волаты, што тут няма ночы, няма спакою. Аж — маўкліва ляжаць чорныя мокрыя рэйкі, быццам пацягваюцца ў перадранішнім сне. У абодва бакі хаваюцца, точацца ў воўну туману бялясага.
І ўспомніў тады Булановіч, што заўсёды бывае так, што чыгунка тож мае сабе адпачынак. І сціхамірыўся троху. Але не знікла трывога. Бо цішыня на чыгунцы здалася чамусьці таемнай, старожкай. Быццам здрадліва сочыць за ім, хціва хавае ад яго нешта пад палой туману паўзучага.
Стаяў троху, думаў:
"Што ж цяпер? Куды? Хіба туды, дзе лес, дзе хадзілі калісь?.."
І пайшоў, акунуўся ў золкі туман. Як к лесу падыходзіў, ужо дзень расплыўся поўным светам. Сонца чырвонай мятлой маханула па макушках сасонак, уліло ў паветра нешта прыветнае, цёплае.
У лесе птушкі рознагалоссем пярэстым з цішой застыглай спрачаюцца. Льюцца іх песні цурочкамі пекнымі, мітусяцца, блытаюцца ў вецці, снуюць жыццё раніцы — сакавітае, радаснае.
А Булановіч не чуе гэтых чароўных спеваў, не бачыць таго хараства, што навокал раскідаецца пекнымі малюнкамі. Ён упяўся вачмі ў бесканцовую стужку чыгункі і йдзе, углыблёны ў сябе. Ён не ведае, што можа быць там, за туманам. Ён не ўяўляе нават, што можа ждаць яго там. Але здаецца чамусьці, што во-во, яшчэ колькі крокаў — і будзе нешта страшнае, жудаснае.
Булановіч і не прыкмеціў, як зайшоў далёка ў лес, і толькі тады спыніўся, як насустрач вылецеў поезд. Прамчаўся, прагрымеў, ашаламіў сваім рухам магутным і знік за паваротам, вільнуўшы жалезным хвастом.
Тады Булановіч схамянуўся. Завярнуў назад і падаўся на станцыю. Думаў ідучы:
"Што ж гэта я як звар'яцелы? Калі й здарылася што, дык жа напэўна заўважылі... Туды трэба, на станцыю. Ды мо й нічога не было? Проста стварыў сабе дурацкі настрой..."
Ён стараўся заспакоіць сябе, пераканаць, што няма нічога трывожнага, што дарма ён узрушыўся толькі. Ён азіраўся і бачыў, што ўсё навокал такое звычайнае, простае. Сонца, як і заўсёды, залаціць пожню вясёлым праменнем. Птушкі цвіркаюць прыветна, бязрупатна. А вунь — і людзі насустрач. Мужчына з кабетай. Спяшаюцца некуды, захапіліся жвавай гаворкай. Як з ім параўняліся, зірнулі на яго абое з цікавасцю і, прамінуўшы, зноў пачалі сваю гутарку.
К вакзалу падышоў Булановіч зусім заспакоены. Прайшоўся разы са два па бязлюднаму перону, потым пайшоў у пакой дзяжурнага агента. Як уваходзіў, зноў пачуў неспакой усярэдзіне, але стрымаў сябе, звярнуўся да агента звычайным спакойным голасам, быццам яго мала цікавіла тое, аб чым хацеў запытацца.
— Скажыце, калі ласка, у вас сёння ўночы нічога не здарылася на чыгунцы?
Агент зірнуў на яго вострым дапытлівым поглядам, і гэты погляд спалохаў Булановіча.
— А вас чаму гэта цікавіць? — запытаўся агент.
— Я маю на гэта прычыны, аб якіх вам сказаць не магу.
— А хто вы такі?
Булановіч сказаў. Агент, мусіць, здаволіўся.
— Так, у нас было сёння здарэнне...
У Булановіча пахаладзела нутро.
— Якое здарэнне?..
І мімаволі голас яго задрыжэў.
— Сёння а трэцяй гадзіне ўночы цягніком зарэзала адну жанчыну.
Булановіч міжвольна абапёрся аб стол, бо слабасць — цягучая нейкая, ліпкая — паплыла па ўсім целе, падкасіла ногі. Быццам гнёт наваліўся цяжэрны, прыдушыў, прыціснуў, скомчыў пачуццё ў балючы, даўкі клубок. Але яшчэ шавалілася слабая надзея. А мо не яна? Ці мала ж выпадкаў бывае?..
— Слухайце, а яе не пазналі? Невядома, хто яна такая?..
Чакаў адказу як свайго смяротнага прыгавору. А агент адбіваў роўным спакойным голасам. І ўсё дапытліва ўглядаўся ў яго.
— Так, яе пазналі. Гэта — Гарнова, адна камуністка тутэйшая.
Тады быццам парвалася нешта ўнутры ў Булановіча. Быццам адкрылася страшэннае бяздонне і загінула ў ім усё тое, што поўніла жыццё, што давала ўцеху. Заныла ў грудзях пустата, холадам атупіла сэрца, выціснула слязу скупую, балючую.
Потым захацелася ўбачыць яе, зірнуць апошні раз. Здавалася, што тады палягчэе, што тады не будзе гэтай даўкай пустаты ў сэрцы.
— Дзе яна?
— Тут, у пакгаўзе. Вартуюць яе, але вам можна будзе паглядзець.
Як ішлі, Булановіч рыхтаваў сябе да самага страшнага, бо добра ведаў, што можа зрабіць з чалавекам жалезны волат.
Вартаўнік прапусціў іх. Булановіч убачыў на падлозе нешта накрытае брызентам. З краю кроў сочыцца.
Гэта яна! Гэта тое, што нядаўна было чалавекам!
Агент адгарнуў брызент. Адзін толькі момант глядзеў Булановіч. Не мог глядзець, адвярнуўся. Не пазнаў ён Гарновай, бо гэта ўжо была не яна: жалезны волат зрабіў сваё дзела.
Моўчкі выйшаў Булановіч з пакгаўза і ціха пасунуўся ў горад.
Вакол купалася ўсё ў палкім сонечным свеце. Усё ззяла жыццём — вечна маладым, вечна прыгожым, усё пыхала маладосцю і сілай.
Булановіч не ўважаў ні на што. Углыбіўся, утуліўся ў сябе, прыслухваўся к таму, што дзеецца там, унутры. Стараўся ўяўляць сабе Гарнову, будзіў у думках вобраз яе. І калі паўставала яна ўваччу — прыгожая, смутная, — тады ахапляў пякучы жаль. Не верылася, што няма яе. Здавалася — яшчэ стрэнуцца яны, яшчэ будзе тое чароўнае, ружовае, што было дасюль, што аздабляла жыццё.
Сам таго не прыкмячаючы, Булановіч падышоў да дзіцячага дома. З сяродку яго вылучаўся вясёлы, бязрупатны гоман дзяцей. А на ганку сядзеў пануры Абшарскі. Ён спаткаў Булановіча сваім цяжкім, нерухомым поглядам. Булановіч дагадаўся адразу, што Абшарскі ўжо ведае. Ён падышоў да яго, моўчкі прывітаўся. Абшарскі комчыў у руках нейкую паперку. Потым даў яе Булановічу, і той прачытаў:

"Згубіла сваё месца ў жыцці. Дык навошта жыць?
М.Гарнова"


Гэта яна напісала. Гэта яе апошнія словы. Але адкуль узяў гэту запіску Абшарскі? Як яна магла трапіць яму?
І злосць узнялася на Абшарскага. Дурная, прыкрая злосць. Злаваў на Абшарскага за тое, што ён усё ведае, што ён таксама, а мо яшчэ больш, шкадуе яе, што ён таксама любіў яе. І сам адчуваў Булановіч, што злосць гэта нядобрая, брыдкая, але не мог яе пераадолець.
А Абшарскі гаварыў яму з сумным дакорам:
— Вы не ратавалі яе, вы не здолелі... А якая яна была добрая!..
У вачах у яго Булановіч убачыў слёзы. Не адказаў нічога. Адвярнуўся й пайшоў. Ішоў усё шыбчэй і шыбчэй, быццам хацеў уцячы ад гэтага недарэчнага чалавека, ад гэтага дома, ад усяго таго, што перажыў тут, што асадкам гнілым асела на сэрцы.
Гарадскі тлум канчаткова яго ацвярозіў, вярнуў да звычайнай жыццёвай свядомасці. І побач з глыбокім жалем зарадзілася ўнутры нібы здаволенне нейкае.
А мо так лепей? Для яго лепей, бо разарвала тыя ліпучыя путы, павучынне тое атрутнае, што хмелем спавівала волю яго, што цягнула ў прыгожую, але грузкую, дрыгвяную багну.
І лягчэй рабілася на сэрцы. Узнімалася бадзёрасць, смага да гэтага сумятлівага, пярэстага жыцця, поўнага здаровага, магутнага руху.
А тое, што было, адлятала некуды ўдалеч, здавалася даўно-даўно прамінулым, ахіналася туманам зыбучым.
Успомніліся словы Арончыка:
— Кветка пажоўклая...
Так. Кветка пажоўклая. І таму адляцела, адпала ад дрэва жыцця, зволіла месца здароваму, свежаму.
І нямала было такіх кветак, што прыцягнуліся к сонцу Кастрычніка, што закрасавалі ў ім цветам жывым, пышна-дзейным.
Але глыбока ўраслі карані ў атрутна-гнілую глебу, набраклую лёкам смяртэльным.
І не вытрымалі палкага сонца.
Пажоўклі...

Похожие статьи:

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Кветка

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Казкі і краскі

Янка ЖурбаЯнка Журба - Дзяўчынка і кветкі

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Верас

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Гарлачык