Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Міхась Зарэцкі - Дзіўная

   Ва ўяўленнях маладнякоўцаў, да якіх спачатку належаў і Міхась Зарэцкі, рэвалюцыя асацыявалася са штормам, ветрам, навальніцай. Творцы рабілі праекцыю гэтых прыродных стыхій на грамадскую свядомасць і, адпаведна, на сямейную, інтымную сферу. У такім плане адлюстроўваецца і трагедыя Шумавай, галоўнай гераіні апавядання Міхася Зарэцкага "Дзіўная". Прадстаўніца жанаддзела Шумава прыязджае ў распараджэнне Блонскага для правядзення асветніцкай работы сярод жанчын. Яе задача — агітацыя за новы быт, а менавіта, за перадачу дзяцей на выхаванне дзяржаве, каб самі жанчыны маглі ўключыцца ў стваральную працу. Шумава збіраецца змагацца "з іржавымі путамі сям'і", "тварыць новых людзей, людзей калектыву, у якіх бацькі — усё чалавецтва". Яна мяркуе, што такія людзі, не абцяжараныя, як яна кажа, "лішнімі прывязанасцямі", стануць сапраўды вольнымі. Гераіня верыць, што і сама яна, пазбавіўшыся "цяжару" жаночага кахання і мацярынскіх пачуццяў, стане новым чалавекам, таму дзейнічае адпаведна ўласным заклікам — аддае сына ў дзіцячы дом, баючыся праяўлення ў сабе жаноцкасці, ад'язджае, калі адчувае, што паміж ёю і Блонскім узнікае ўзаемнае пачуццё.
   Зарэцкі паказвае, як у душы Шумавай змагаюцца тэ страсныя, то рацыянальныя моманты. Яе жаночая, чалавечая існасць яшчэ цалкам не загінула, але ўжо знявечаная ідэалагічнымі ўстаноўкамі новага часу: гераіня адмаўляе сябе як жонку і гаспадыню, нават як жанчыну і маці. І вось у выніку сваей самаразбуральнай дзейнасці Шумава аказваецца "без лішніх прывязанасцей", гэта значыць пазбаўленай кахання Блонскага і любові ўласнага дзіцяці. Сын Шумавай, які выхоўваецца ў інтэрнаце не ведаючы маці, пры сустрэчы адмахваецца ад яе, "як ад дакучнае мухі". Здавалася б, мэта дасягнута, і можна радавацца, але якраз радасці Шумава не адчувае. Чалавечая прырода, мацярынскі інстынкт жорстка помсцяць за гвалт над сабой, "адбітак глыбокай, агнёвай мукі", "матчынай тугі" ляжыць на твары гераіні.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!