Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Зарэцкі - Голы звер

   У 1926 г. Міхась Зарэцкі друкуе аповесць «Голы звер» — рэч адметную шмат у якіх адносінах. Істотна перш за ўсё тое, што ў цэнтры аповесці — адмоўны персанаж і людзі, унутрана яму блізкія. Выбарам героя пісьменнік недвухсэнсоўна выказаў свой погляд на мэты і задачы мастацтва. Ён не наводзіў глянец на рэчаіснасць новага часу, не займаўся апалагетыкай існуючых грамадскіх адносін, а лічыў патрэбным сказаць сучаснікам мужную праўду пра негатыўныя з'явы новага жыцця і тую небяспеку, якую неслі з сабой людзі тыпу Віктара Яроцкага.
   Характар галоўнага героя раскрыты па-мастацку пераканальна, доказна, у выразных праявах. Яроцкі пададзены як істота актыўная, дзейсная. Але яго неўтаймаваная энергія скіравана на задавальненне эгаістычных патрэб, нізкіх інстынктаў. I ў ажыццяўленні сваіх намераў Яроцкі не спыняецца ні перад чым, ідзе на падман, ігнаруе пісаныя і няпісаныя законы чалавечага грамадства. «Я, я хачу жыць, маё жыццё, толькі маё, мне дарагое. I я жыву. I ні да кога мне дзела няма. Сумленне, закон... Ха-ха-ха!.. Гэта ж для дурняў, для асталопаў, для тых, хто сілы не мае ўзяць сваю долю! А я — вышэй за ўсіх гэтых дрындушак... Я — сам сабе пан...», — вось які лозунг напісаў герой аповесці на сваім сцягу і няўхільна праводзіць яго ў жыццё.
   Каштоўнасць аповесці як мастацкага твора — не толькі ў праўдзівай абмалёўцы вобраза Яроцкага, але і ў майстэрстве, з якім пісьменнік раскрыў вытокі жывучасці героя як сацыяльнага тыпу. Спробы крытыкаў лічыць Яроцкага параджэннем нэпа — беспадстаўныя. Падобная трактоўка галоўнай дзейнай асобы зніжае, абясцэньвае грамадскую вартасць і эстэтычную каштоўнасць аповесці: сіла, непераможнасць Яроцкіх у тым, што яны ўмеюць сярод навакольных знайсці людзей прагных, сквапных да лёгкай нажывы, маральна няўстойлівых. Герой аповесці выдатна разбіраўся ў псіхалогіі сучаснікаў, выкарыстоўваючы іх слабасці ў карыслівых мэтах. Ён «адразу знаходзіў унутры чалавека звярыныя інстынкты і ўспарваў іх, узбіваў у бурна-шалёную пену, каб захлынула яна ўсё нутро, каб затапіла ўсё чалавечае». Такой істотай, якая па добрай волі трапіла ў пастку, расстаўленую Яроцкім, аказаўся старшыня крэдытнага таварыства Шчупак. Старшыня спадзяваўся, што з дапамогай лоўкага аферыста і яму, нясмеламу бедалагу, дастанецца смачны кавалак ад дармавога пірага. Сваімі марамі разбагацець несумленным шляхам Шчупак сцірае грань паміж злачынцам і яго ахвярай, у чымсьці ўраўноўвае іх як істот, аднолькава небяспечных для грамадства.
   Прыкметнае месца ў вобразнай сістэме аповесці займаюць персанажы, якія воляю лёсу апынуліся на сацыяльным дне. На гэтую катэгорыю людзей беларуская паслякастрычніцкая літаратура амаль не звяртала ўвагу, і Міхась Зарэцкі выступаў тут першаадкрывальнікам.
   Ёсць у аповесці і спробы творчага пераймання вопыту Фёдара Дастаеўскага, што выклікае асаблівую цікавасць як момант ідэйна-мастацкай эвалюцыі пісьменніка. Маецца на ўвазе матыў літасці, спачування чалавеку, які спазнаў усю глыбіню маральнага падзення. Пасля таго, як маска прыстойнасці была скінута з твару Яроцкага, ён звяртаецца да падманутай ім дзяўчыны: «Лідачка! Бачыш, хто я такі? Ты не чакала, праўда, не чакала гэтага? Ну, ці скажаш цяпер ты, што любіш мяне, што я табе родны і блізкі? Ці можна кахаць такога, як я? Ці можна кахаць таго, хто ад усіх чыста адбіўся, хто акунуўся у страшэнную гразь, з якой не змога ўжо вырвацца?».
   Гераіня аповесці аказалася асобай, вартай славутых літаратурных папярэдніц: яна гатовая ахвяраваць сабой, гатовая па-ранейшаму самааддана любіць Віктара, дзяліць з ім радасць і гора. Але верны сваім прынцыпам індывідуаліст Яроцкі — зноў жа па ўзору герояў Дастаеўскага — не прымае спагады і літасці як рэчаў для яго абразлівых. Ён патрабуе, каб і Лідачка «акунулася ў гэтую гразь», каб і яна разам з ім «паўстала супраць усіх людзей, супраць усяго свету...».
   Спробы Яроцкага выдаваць сябе за бунтара супраць мяшчанскай, абывацельскай маралі выглядаюць непераканальна: за яго дэкларацыямі не стаяла ніякай асэнсаванай філасофскай думкі. Тут быў толькі паслядоўны, прынцыповы эгаізм і прага задавальнення асабістых жаданняў за кошт іншых.
   У водгуку на аповесць «Голы звер» крытык М. Байкоў справядліва зазначыў: «Аповесць Зарэцкага лішні раз падкрэслівае, што наша літаратура ўвайшла на шлях стварэння сапраўдна-мастацкай прозы і што ў Зарэцкім мы маем літаратурную велічыню першаступянёвага значэння» (Полымя. 1926. №4. С. 156). Была станоўча ацэнена выразнасць стылявой манеры аўтара, адпаведнасць формы зместу і выказана пажаданне, каб пісьменнік не затрымліваўся на аповесці, а «даў бы твор больш значнага выгляду». Пажаданні крытыка неўзабаве збыліся: у першым нумары часопіса «Полымя» за 1927 г. пачаў друкавацца рамам «Сцежкі-дарожкі», які стаў значнай падзеяй літаратурнага жыцця.

Похожие статьи:

Міхась ЗарэцкіМіхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая

Пераказы, дыктантыСляды на снезе

Міхась ЗарэцкіЦана — жыццё (па раману "Вязьмо")

Пераказы, дыктантыНечаканая сустрэча

Міхась ЗарэцкіМіхась Зарэцкі - Вязьмо