Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Міхась Зарэцкі - Адна партыя ў шашкі. Аналіз апавядання

   Рамантычная ўзнёсласць, квяцісты стыль і кантраснае супрацьпастаўленне герояў у апавяданні "Адна партыя ў шашкі" з'яўляюцца адбіткам эстэтычных пошукаў маладнякоўцаў, да якіх спачатку належаў Міхась Зарэцкі. Тыпова маладнякоўскі пачатак апавядання. "Гэта — з таго часу, як у маладой савецкай краіне полымем барацьба бушавала, як у смяротную бойку схапіліся былі паўстаўшыя работнікі з сваімі адвечнымі ворагамі — панамі. Тады кожны куток нашай краіны працяты быў вострай напружанасцю, якая часам прасякалася агнявымі бліскавіцамі бурных уздымаў.
   У той час на кожным кроку хаваліся ў цемры падкалодныя гадзіны. Часам выпаўзалі яны на свет і атрутныя джгалы паказвалі. Мужыкі сярмяжнікі зніштажалі іх сваімі рукамі мазольнымі, карузлымі. І не было тады меры мужычай моцы жалезнай. Не было меры і гневу народнаму, бурнаму".
   Гісторыю такога "зніштажэння" "падкалоднай гадзіны" і паказвае пісьменнік у творы. Чырвонаармейскі атрад захапіў у палон класавага ворага — пана. Праўда, зараз ад панскай далікатнасці і вытанчанасці ў яго нічога не засталося. Гэта знясілены, галодны чалавек, які, відаць, доўга жыў у нялюдскіх умовах. "Яго выгляд прыцягваў да сябе ўвагу. Вопратка нібы панская, але так абшарпалася, што зусім страціла свой колішні выгляд. Калматым шкумаццём недалужна звіслі парваныя полы сурдуту, а скрозь дзіркі на каленях свіцілася брудная бялізна.
   Стаяў ён панура, нерухома, у дол апусціўшы сярдзіта прыжмураныя вочы. Твар быццам драўляны, быццам мёртвы. На ім застыгла, закамянела хваравітая напружанасць". Так апісвае Міхась Зарэцкі выгляд палоннага. Затое чырвоны камандзір селянін Аснач глядзіць на свет "светла-іскрыстым поглядам", вочы ў яго "дабрадушныя". А калі падалі вячэру, "Асначу яшчэ весялей зрабілася. Не было ўжо злосці на недалужнага, бяссільнага ворага. Нават жаль нейкі з'явіўся. А панская ўпартасць, замкнёнасць здалася смешнай і недарэчнай". І тады "мужык-сярмяжнік" Аснач робіць вельмі гуманны, чалавечны жэст — ён прапануе згаладнеламу ворагу-пану паесці. А потым запрашае яго згуляць з ім адну партыю ў шашкі, бо вельмі любіць гэтую гульню, а апроч пана ніхто ў той сялянскай хаце гуляць не ўмеў. Дзіўная гэта была партыя, абодвух удзельнікаў захапіла толькі адна думка: каб не прайграць, бо "здавалася, што гэта не шашкі ўжо, што не ў іх справа. Здавалася, што няма ўжо шашак, што счэзлі яны, распаўзліся, разгарнуліся ў нешта вялікае, шырокае, у нешта без форм , без пачатку й канца".
   Такім чынам, гульня ператвараецца ў змаганне двух светапоглядаў, дзвюх праўд, урэшце, дзвюх грамадска-палітычных сістэм: колішняй буржуазнай і новай — савецкай.
   Не паддаўся пан чырвонаму камандзіру і выйграў партыю. Выходзіць, што праўда, духоўная моц была ўсё ж на яго баку. Што мог супрацьпаставіць ёй раззлаваны Аснач? Толькі сілу. І ён выхапіў пісталет і застрэліў палоннага. "Не ведаў ён сам, нашто забіў пана, за што. Дый не думаў пра гэта. Нешта падказала з нутра, што трэба так, што павінен забіць, што вораг гэты кроўны, упарты — узяў і забіў...".
   Такім чынам, Міхась Зарэцкі на прыкладзе аднаго невялічкага эпізоду часоў Грамадзянскай вайны, нягледзячы на квяцістую эмацыянальнасць стылістыкі, выдатна перадаў драматызм і прыхаваную сімволіку часу. Сапраўды, новая ўлада з жыццём і лёсам асобнага чалавека не лічылася, яна была хуткай на фізічную расправу і магла знішчыць чалавека без суда і следства. Асабліва бязлітасна знішчаліся тыя, хто выяўляў духоўную, інтэлектуальную, маральную перавагу.
   Знешняе падабенства прозы Міхася Зарэцкага да твораў іншых прадстаўнікоў літаратуры 20-30-х гадоў абмяжоўваецца агульнай тэмай пераўтварэння жыцця ў горадзе і на вёсцы. Уласцівая гэтаму перыяду тэндэнцыйнасць не закранае глыбінных пластоў творчасці пісьменніка. Міхась Зарэцкі, выхаваны ў высокамаральным асяроддзі, увасобіў у сваіх кнігах спачуванне і хрысціянскую любоў да чалавека незалежна ад яго паходжання і перакананняў.
   Творчае пранікненне ў глыбіні чалавечай душы выклікала феномен рамантычнага героя Зарэцкага. Гэта не толькі адзінокі бунтар-мужчына ў віры сацыяльных змен, але і жанчына, вобраз якой, па сутнасці, трагічны. Сімвал адцвіўшай, "пажоўклай" кветкі выяўляе душу жанчыны, скалечаную агнём рэвалюцыі. Паводле светабачання і сваіх творчых прыхільнасцей Міхась Зарэцкі быў пісьменнікам рамантычнага кірунку, але рамантызм тагачаснае літаратуразнаўства лічыла заганным, называючы яго метадам, уласцівым літаратуры мінулага. Каб пазбавіцца ад абвінавачванняў крытыкі ў рэанімацыі "аджылага буржуазнага метаду", Міхась Зарэцкі прапагандуе сваю тэорыю эмацыянальнага ці пазітыўнага рамантызму. У сваёй творчай практыцы ён шмат увагі надае барацьбе пачуццяў, псіхалагічным зрухам у душы чалавека. Паняцці кахання і любові празаік лічыць усёабдымнымі, каштоўнаснымі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!