Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Чарняўскі - Казакі-памочнікі

Увага!!! Поўны змест

   Машына праскочыла масток, пабегла весялей, нібы зарадавалася нечаканаму прастору, што адкрыўся перад ёю: куды ні глянуць, залаціўся пад сонцам зжаты палетак, салома, толькі-толькі сцягнутая ў бурты, яшчэ не паспела страціць пачатковай свежасці і таксама адлівала на сонцы зіхатлівай жаўцізной.
   Можна дыскі пускаць, за лушчэнне брацца, – услых зазначыў Станіслаў Ігнатавіч.
   Жытнёвы палетак змяніўся аўсяным, потым міма акенца праплыў шырокі квадрат бураковага поля, за якім неяк непрыкметна вырасла перад вачамі зялёная сцяна кукурузы. Яна яшчэ набірала росту ды сілы. Да Андрэйкі, здавалася, далятаў шолах яе лісця.
   Машыну яшчэ разы са два калыхнула з боку на бок, і яны вырулілі на бальшак. Зноў, уздымаючы воблакі рыжага пылу, міма іх правуркатаў трактарок з прычэпам, што быў вышэй бартоў нашпігаваны зялёнай сечкай-падкормкай.
   Тата, глядзі, – раптам сказаў Андрэйка, тыцнуўшы пальцам у пярэдняе шкло. – Чаму гэта ўсе камбайны пасталі, паламаліся, ці што?
   Бацька мелькам зірнуў на гадзіннік.
   – Мусіць, абед прывезлі, таму і стаяць.
   Калі пад’ехалі бліжэй, Андрэйка прымеціў машыну з крытым кузаўком, што стаяла за камбайнамі. Каля яе завіхалася жанчына ў белым халаце.
   «Кухарка, – здагадаўся ён. – Абеды раздае».
   I адчуў, як раптам засмактала пад лыжачкай – з раніцы ж нічога ў роце не было.
   – На самы абед паспелі, на гарачанькі боршч, – падыходзячы да бацькі і падаючы загарэлую руку, сказаў дзядзька Антон. – О, і не адзін, з памочнікам! – усклікнуў ён, убачыўшы, як з машыны вылез Андрэйка. – Я таксама сёння не адзін, з падменшчыкам...
   Андрэйка не зразумеў, пра каго казаў дзядзька Антон. Апрача камбайнераў, загарэлых, запыленых, ля складаных столікаў і табурэтаў, што стаялі непадалёк, тут нікога больш не было. I раптам з-за бліжэйшага камбайна выйшаў... Толік. У кедах, старых выцертых штанах-джынсах, паласатай кашульцы, з маслёнкаю ў руках. Убачыўшы Андрэйку, ён прыпыніўся, зрабіў спробу ўсміхнуцца, але потым паважна, як падалося Андрэйку, з яшчэ большай сур’ёзнасцю і гонарам падняўся па прыступках на камбайнерскі мосцік, прыткнуў некуды маслёнку, выцер анучкаю рукі, спусціўся ўніз.
   – От і мой падменшчык, – здавалася, свіціўся дзядзька Антон, паказаўшы на Толіка, які набліжаўся да іх. – Раніцай успароўся і прыджгаў на мехдвор: «Вазьмі ды вазьмі з сабою, хачу на камбайне пакатацца». Кажу: «На маёй «Ніве» не катаюцца, а працуюць». А ён мне: «I я працаваць буду». Нічога не зробіш, давялося ўзяць... – Потым выгукнуў: – Цётка Мар’я, а хлапцам-малайцам, нашым казакам-памочнікам знойдзецца перакусіць?
   – Усім знойдзецца, усім хопіць, – завіхалася жанчына над бачкамі, з якіх патыхала параю ды прыправамі. – Гэй, казачкі, падыходзьце, вам першым налью. Прагаладаліся нябось?
   Толіку, відаць, не ўпершыню прымаць такія запрашэнні. Ён бойка патупаў да палявой кухні, узяў з рук цёткі Мар’і лусту хлеба і лыжку, потым ужо, у абедзве рукі, металічную міску з вушкамі па баках. Кухарка ўсміхалася, бесперастанку прымаўляла, наліваючы і падаючы ў рукі посуд з духмяным баршчом, і ад гэтага на стане панавала ажыўленне.
   – Мне няпоўную, – нясмела папрасіў Андрэйка. – Я і дома па столькі ем.
   – Дома і ўнук мой мала есць, – сказала цётка Мар’я, – а калі ў сталоўку забяжыць, дык хоць тры міскі падавай. Вядома ж, з людзьмі абедае...
   Не змаўляючыся, хлопчыкі селі па краях хісткага стала. Але як ні стараліся не глядзець адзін на аднаго, калі ўзнімалі галаву, позіркі іх сустракаліся. Елі моўчкі.
   Дзядзька Антон чамусьці не сеў, як усе, за стол. Ён абмінуў гаваркую кампанію з камбайнераў і іх памочнікаў, падышоў да бліжэйшай капы саломы, выбраў, дзе быў цень, і апусціўся, нібы схаваўся ў ёй. Паставіў міску на калена, пачаў есці. Туды ж пакіраваў і Станіслаў Ігнатавіч. Андрэйка не ўсё чуў, пра што гаварылі аграном і камбайнер, але сэнс гаворкі да яго даходзіў.
   – А што з гэтым? – спытаўся бацька, кіўнуўшы галавою ў бок адзінокага камбайна.
   – Кардан паляцеў, – дзядзька Антон апусціў лыжку, перастаў сёрбаць боршч. – Дужа палеглая мясціна трапілася... А што гэта нашы джыгіты ваўкавата пераглядваюцца, прымоўклі, быццам чорная кошка паміж імі прабегла? – нечакана перавёў ён гаворку на сяброў. – Пасварыліся, ці што?
   – А з-за чаго ім сварыцца?
   – Не ведаю. Але мне падалося...
   – Я думаю, сваю праблему яны хутчэй уладзяць, чым мы сваю, – перабіў яго бацька і зноў кіўнуў туды, дзе стаяў сапсаваны камбайн. – Баюся, без яго дажынкі справім... – Потым запытаў: – Вы адны з гэтым клінам управіцеся да вечара?
   – Канечне, – упэўнена адказаў дзядзька Антон.
   – Тады адразу ж кіруйце пад Бялюнцы. Там жыта перастаяла. Днём, у такую сухмень, жаць яго немагчыма – сыпацца будзе на зямлю, страцім шмат... А надвячоркам – самы раз... Калі ж здарыцца, што сёння ўсё-такі не паспееце, то заўтра з самай ранічкі туды кіруйцеся...
   Дзядзька Антон слухаў, згодна ківаў галавой, а сам, гэта Андрэйка прымеціў, не зводзіў позірку са стала, за якім яны канчалі свой палявы полудзень.
   – Ты вось што, Ігнатавіч, – звярнуўся да агранома дзядзька Антон, – прыхапі з сабою і майго памагатага. Да вечара далёка, ды і працаваць, можа, давядзецца позна, нашто ж ён будзе мэнчыцца ў мяне пад рукою. А дома ж травы даўгавухім назбіраць трэба, а там і карову з поля пераняць...
   Толік ураз насупіўся, пальцы яго ліхаманкава забегалі па шурпатай паверхні стала, вычэрчваючы нейкую аднаму яму вядомую фігуру. Андрэйку нават стала шкада сябра: гэтак самавіта, незалежна стараўся ён трымацца перад ім, Андрэйкам, ды раптам такі бацькаў загад...
   А яшчэ Андрэйку падумалася: «Хітруе дзядзька Антон, ой,хітруе! Хіба ж я не бачу, што ён усё зразумеў, хоча пасадзіць нас побач?.. Ды не, усё роўна не сяду з ім, сяду побач з татам... – I, не чакаючы Толіка, ён каўзануўся на пярэдняе сядзенне, уставіўся ў запыленае шкло. – Няхай не задаецца».

Похожие статьи:

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Змайстравалі сані

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - «Акадэмія»... на колах

Міхась ЧарняўскіМіхась Чарняўскі - Вогнепаклоннікі

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Вясёлка над полем

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Ёлка