Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Чарняўскі - Добры доктар спарыння...

Увага!!! Поўны змест

   Поле ўжо страціла сваю залацістасць: яно падалося Андрэйку сівым і трошачкі... панурым.
   «Гэта ўсё сухмень, – падумалася малому. – Сцяблінкі перасохлі, пагорбіліся, а каласкі дзе-нідзе пачарнелі. Куды бацька глядзеў?» – Нават нейкая крыўда авалодала ім.
   – Перастаяла, – быццам пагадзіўся з ім бацька. – Камяні камянямі, а жаць трэба...
   Ён увайшоў у жыта, сарваў некалькі каласкоў, расцёр іх, падзьмухаў, перасыпаючы зярняты з далоні на далонь, паклікаў Андрэйку:
   – Хадзі-тка сюды, паглядзі на яе, нягодніцу...
   – На нематоду? – Андрэйку здавалася, што, апрача яе, злой і хітрай, ніякіх шкоднікаў няма.
   – Ды не, – задуменна адказаў бацька. – Але таксама «цаца» добрая!
   На яго далоні, сярод усохлых жаўтлява-бурых жытнёвых зярнят, нібы драбнічкі вугалю, чарнеліся яшчэ нейкія зярняты.
   – Што гэта? – спытаўся Андрэйка, пераклаўшы некалькі зярнят на сваю далоньку.
   – Што гэта, пытаеш? Спарыння пурпуровая, грыбок, ці, калі можна так сказаць, паразіт, нахлебнік. Асабліва жыта любіць. Бачыш, якая вырасла: буйнейшая, чым жытняе зярнятка, але лягчэйшая за яго. Калі з’есці такое «зярнятка», ну не адно, а трохі болей, можна атруціцца, нават памерці.
   – Ды хто ж гэта падахвоціцца есці іх, калі ведае, што можа памерці? – здзівіўся Андрэйка.
   – Як ні дзіўна, сынок, елі, – з усмешкаю прамовіў бацька. – Елі сотні гадоў запар. Вядома, не самую спарынню елі, а хлеб, выпечаны з такога зерня... I атручваліся...
   – I што, ніякіх лекаў не прыдумалі людзі?
   – Прыдумалі... Калі старанна ачышчаць насенне, зямельку дбайна ўрабляць, тады спарыння не прычэпіцца да зярнят, не пасеецца, не ўзыдзе ў полі... Праўда, цяпер яна крышку змяніла свой нораў, палагоднела. Больш таго, нават набыла рэпутацыю... доктара.
   – Ты смяешся, татка? Як гэта так: атрута і раптам... доктар, лекамі стала?
   – Чуў жа, мусіць, што нават у змей бяруць яд, а ён ідзе на выраб каштоўных лякарстваў? Нешта падобнае і тут выйшла. Спарыння ў наш час больш вядомая ўжо як лекавая расліна. Яе разводзяць, яе вырошчваюць! Парадокс, праўда?
   – Ад чаго ж ёю лечацца?
   – Яе прымяняюць, калі трэба спыніць кровацячэнне. Прэпаратамі, што выраблены са спарынні, лечацца ад неўрозаў, гіпертаніі... Ці мала ёсць хвароб?
   – I наша бабуля ўсё скардзіцца на гіпертанію. Давай занясём ёй гэтыя зярняткі, яна зробіць адвар з іх. Яна ж збірае ўсялякія зёлкі. Сам бачыў.
   – О-о, сынок, на гэты раз бабуля наўрад ці прыдумае што. Не такое гэта зелле, каб узяў яго, адварыў і, калі ласка, лячыся, пі. Гэтым займаюцца вучоныя, у спецыяльных лабараторыях, на заводах. Фар-ма-цэў-тыч-ных заводах.
   – Фарм... Фар-ма-тэў-тычных... – памкнуўся паўтарыць незнаёмае слова Андрэйка, але не змог.
   Бацька засмяяўся. Прыжмурыўшыся ад сонца, якое біла проста ў вочы, і прыклаўшы далонь брыльком, ён пачаў углядацца ў жытнёвы палетак.
   – Хочаш, я цябе арэшкамі пачастую? – раптам спытаў Станіслаў Ігнатавіч, крута павярнуўшыся да сына.
   – Якімі арэшкамі? – страпянуўся Андрэйка. – А што, яны ўжо даспелі? Яшчэ ж рана, мусіць?
   – А мы зараз пабачым. Можа, і не зусім даспелі, але ўжо блізка да гэтага. – Ён падміргнуў Андрэйку, узяў яго за руку, і абодва шпарка пашыбавалі наўпрост па ўзмежку да «Нівы»...
   Нейкі час ехалі моўчкі. Хлопчыка пакалыхвала на сядзенні, і ад гэтага калыхання, і сцішанага, лагоднага вуркату матора хацелася прытуліцца да бацькавага пляча і заплюшчыць вочы. А заснеш – не захоча раптам бацька будзіць, дамоў паверне, і ўжо тых арэшкаў не пасмакуеш?! Андрэйка яшчэ ніжэй апусціў шкло ў дзверцах кабіны, выставіў у акенца руку. Свежы ветрык ударыў у далонь, прабег па руцэ, слізгануў пад кашулю.
   Станіслаў Ігнатавіч, чэпка трымаючы баранку, пільна ўзіраўся ў дарогу. Час ад часу, уздымаючы за сабою попельна-рыжы шлейф пылу, насустрач ім шыбавалі грузавікі, што кіраваліся з поля, дзе працавалі камбайны.
   Андрэйка не чуў, што крычалі, параўняўшыся з імі, шафёры, але па тым, як яны ўскідвалі левую руку, разумеў – віталіся з бацькам.

Похожие статьи:

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - «Акадэмія»... на колах

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Змайстравалі сані

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Ёлка

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Вясёлка над полем

Міхась ЧарняўскіМіхась Чарняўскі - Вогнепаклоннікі