Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Чарняўскі - Вясёлка над полем

Увага!!! Поўны змест

   Вярталіся тым жа бальшаком. Зноў трапляліся ім насустрач то жвавыя трактары з прычэпамі і цялежкамі, то абдавалі іх надакучлівым пылам імклівыя грузавікі, то абганялі стракатлівыя матацыклы... Бальшак жыў сваім штодзённым жыццём, звычайным і будзённым.
   – Што новага ў цябе, Толік? – як да дарослага, звярнуўся да хлопца Станіслаў Ігнатавіч. – Ранец у школу сабраў? Ужо ж мала да першага верасня засталося.
   – Сабраў, – ажывіўся Толік. – Як склаў у яго ўсе кніжкі, ледзь падняў, такі цяжкі.
   – А што ж ты думаў, – падтрымаў яго Станіслаў Ігнатавіч, – вы ж цяпер першакласнікі... У вас у верасні толькі пачнецца вучоба, а ў мяне самыя экзамены ў гэты час... Вось так!
   – Экзамены? – здзівіўся Толік. – Наш Юрка дык вясною іх здаваў. А якія ў вас экзамены, дзядзька Стах?
   – Чуў такую прымаўку: «Прыйдзе восень – работ восем»? – звярнуўся ён да Толіка, быццам забыўся, што ў машыне ёсць яшчэ і Андрэйка. Потым нібыта ўспомніў пра яго, загаварыў, звяртаючыся да абодвух: – Вось паглядзіце самі, што выпадае рабіць на гэты час: зябліва і ворыва – раз; сяўба азімых – два; уборка зернебабовых – тры; кукурузы – чатыры; уборка саломы – пяць; касьба атавы – шэсць; уборка льну – сем; копка бульбы – восем... I гэта яшчэ не ўсё. А калі ўлічыць, што часта ідуць дажджы, не хапае людзей, тэхнікі, дык восень для агранома – самы сур’ёзны экзамен. Вунь Андрэй ведае, калі я выбіраюся з дому, калі вяртаюся дамоў...
   Андрэйка сцвярджальна кіўнуў галавой. Калі ён прачынаўся раніцай, бацькі ўжо дома не было, і калі клаўся ўвечары пасля «Калыханкі» спаць – яго яшчэ не было дома.
   Раптам у шкло стукнулася і расплылася па ім дажджавая кропля. За ёю – другая, трэцяя... Потым дождж дружна забарабаніў па кабіне, пацёк струменямі па шкле, пырснуў у кабіну. Андрэйка хацеў падняць шкло ў дзверцах, але спыніўся: было трохі дзіўна глядзець – на небе ні воблачка, вочы слепіць сонца, а па кабіне гулка стукае дождж. Дзіва, цуд нейкі!
   – Залаты дожджык, – здаецца, пасвятлеў бацька. – Залаты дожджык на залатыя каласы.
   Дождж спыніўся гэтак жа нечакана, як і пачаўся. Патыхнула свежасцю, на парыжэлай траве наўзбоч дарогі заблішчала раса.
   Машына лёгка кацілася з пагорка, і вясковыя двары, здавалася, самі беглі ім насустрач, імкліва набліжаліся. Заварушыўся, засоўгаў нагамі Толік. I калі хаты былі ўжо зусім блізка, бацька нечакана затармазіў.
   – Ану, вылазьце, будзем дзівіцца!
   Калі шчыра, вылазіць хлопчыкам не хацелася, але Станіслаў Ігнатавіч рашуча паўтарыў:
   – Вылазьце, вылазьце! Такі цуд празяваеце!
   Толькі цяпер, ступіўшы на зямлю, хлопчыкі ўбачылі той цуд, пра які гаварыў ім аграном: над полем, у прамытым дажджом блакіце, вялізнай шматколернай дугою выгнуўся масток вясёлкі. Яна, здаецца, як жывая, спусцілася з пагорка, прайшла над імі, каб схавацца недзе за вёскаю, апусціўшы ў абмялелую Ліпу ці ў лугавыя лазнякі нябачныя прыступкі свайго дзівоснага мастка.
   – Я загляну на зерняток, – парушыў маўчанне Станіслаў Ігнатавіч, – а вы бяжыце дахаты, даганяйце вясёлку. Калі такое яшчэ надарыцца? Чуў я, ды і сам ведаю са свайго маленства, таму, хто прабяжыць пад вясёлкай, будуць казкі сніцца... Што ж вы стаіцё? Бяжыце! Не, не па адным, вазьміцеся за рукі. – Ён сам узяў іх рукі, паклаў далонь у далонь, лёгка падштурхнуў сяброў у плечукі. – Даганяйце вясёлку, і з песняй, з песняй!
   Станіслаў Ігнатавіч з прытоенай замілаванасцю глядзеў, як хлапчукі шпарка імчаліся па наезджаным бальшаку, потым іх спіны апошні раз мільганулі перад вачамі і зніклі за хатаю дзеда Вінцука. Цяпер да яго толькі даляталі абрыўкі нейкай гарэзлівай песенькі:

 

   Ля-ля-ля, ля-ля-ля!
   Ля-ля-ля! Ля-ля-ля!..

 

   Лагодная ўсмешка засвяцілася ў ягоных вачах. Міжволі падумалася: «Неяк дзіўна выходзіць: я люблю сваю працу, аддаю ёй увесь час, а з сынам пра яе ні разу не гаварыў. Усё некалі. А ён жа, Андрэйка, да сённяшняга дня, мусіць, добра і не ведаў, што за праца ў мяне, чым я займаюся? I я, ці спытаўся хоць калі, што па сэрцу яму, якая ў хлопца мара?.. Што за ўсходы прынясе засевак ягонай душы, чым ускаласіцца?..»
   З гэтымі думкамі Станіслаў Ігнатавіч вярнуўся да машыны, і праз хвіліну «Ніва», збочыўшы з бальшака, пакаціла наезджанай каляінаю да зернятока, дзе агранома чакалі новыя клопаты жнівеньскага дня.
   Толькі Андрэйка не бачыў гэтага. Не выпускаючы са сваёй гарачай рукі руку сябра, ён праставаў вясковай вуліцаю, распырскваючы на бягу неглыбокія лужынкі, услед за вясёлкай – насустрач сваёй казцы.

Похожие статьи:

Міхась ЧарняўскіМіхась Чарняўскі - Вогнепаклоннікі

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Змайстравалі сані

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - «Акадэмія»... на колах

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Ёлка

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Каго баіцца зубр?