Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Міколы Мятліцкага

   Паэзія Міколы Мятліцкага – лірычная споведзь душы сучасніка, які трагічна перажывае і па-філасофску глыбока асэнсоўвае становішча чалавека ў сённяшнім свеце, атручаным экалагічнымі і духоўнымі катастрофамі. Паэт незвычайнай творчай актыўнасці, якая выявілася ў выданні дзесятка аб'ёмных кніг паэзіі, ён ніколі не здраджваў лірычнаму спосабу самавыяўлення, амаль не звяртаўся да прозы і публіцыстыкі. Лірычнае слова для Міколы Мятліцкага самадастатковае, здольнае ўвасобіць самыя глабальныя праблемы гісторыі і сучаснасці. Аднак такое ўвасабленне магчыма толькі пры багацці духоўнага свету паэта, пры яго гранічным эмацыянальным і інтэлектуальным напружанні. У такім пастаянным духоўным пошуку і творыць паэт.
    Мікалай Міхайлавіч Мятліцкі нарадзіўся 20 сакавіка 1954 года ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, у адной з найпрыгажэйшых мясцін поўдня Беларусі. Паэтычны талент, відаць, перадаўся яму ад дзеда Яўхіма Анісімавіча, які складаў гумарыстычныя вершы. Мікола пачаў пісаць вершы ў школьныя гады, яшчэ ў 4 класе, а ў 1969 годзе яго творы былі апублікаваны ў хойніцкай раённай газеце. Сур'ёзна ставячыся да свайго паэтычнага таленту,  Мікола Мятліцкі паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дзе актыўна займаўся творчасцю, быў старастам студэнцкага літаб'яднання "Узлёт". Ужо для студэнцкіх, часам крыху рытарычных, вершаў Міколы Мятліцкага была ўласціва культура паэтычнага мыслення, планетарны, касмічны маштаб вобразаў:

 

Што яму, летуценніку, трэба?
На планеце маёй дзень пры дні
Чалавек падымае неба
Да касмічнае вышыні.


    Пасля заканчэння ў 1977г. БДУ Мікола Мятліцкі працаваў у рэдакцыях газеты "Літаратура і мастацтва", выдавецтва "Мастацкая літаратура". З 2002г. – галоўны рэдактар часопіса "Полымя". Аўтар кніг паэзіі "Абеліск у жыце" (1980), "Мой дзень зямны" (1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі), "Ружа вятроў" (1987), "Горкі вырай" (1989), "Шлях чалавечы" (1989, выбранае), "Палескі смутак" (1991), "Чаканне сонца" (1994, выбранае), "Бабчын" (1996, Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы), "Хойніцкі сшытак" (1999), "Жыцця глыбінныя віры" (2001).
    З самага пачатку творчага шляху паэзія Міколы Мятліцкага была ў глыбокім і плённым рэчышчы традыцыйнага беларускага верша з яго ўвагай да канкрэтна-рэалістычных дэталяў, фальклорна-песеннай меладычнасцю і адкрытай пачуццёвасцю. Тэматыка ранняй паэзіі Міколы Мятліцкага таксама традыцыйная: генетычная памяць вайны, родная вёска і яе жыхары, вытокі песні, юнацкае каханне. Не пазбаўленыя дэкларацыйнасці, гэтыя вершы нярэдка ўражвалі шчырай захопленасцю жыццём, юнацкай рамантыкай і экспрэсіўнасцю.
    У ранняй паэзіі Мікола Мятліцкі выяўляў сябе як сапраўдны майстар пейзажнай лірыкі, напоўненай светлым любаваннем красой свайго краю:
 

Святло чырвонае калін, 
Палескі край,
пяшчотна-мілы.
І журавоў расстайны клін
У туманах палошча крылы.

Світанне...
Водбліскі зары
Сцюдзёна свецяць у крыніцах.
Грыбы апошнія ў бары
Глыбока дрэмлюць пад ігліцай.

Яшчэ цяпло не адышло,
Яшчэ зямлі
не счэзлі сокі.
Ды ўжо трывожнае крыло
Сячэ бухматыя аблокі.

Ды ўжо ярчэй святло калін
Над сцежкай стоенай ласінай.
І лета –
зыркі успамін –
Трымціць асінай.


    Гэта паэтычная акварэль прасякнута светлымі, няяркімі, нібы размытымі фарбамі (туманы, світанне, водбліскі зары). Спакойная, лагодна-ўдумлівая інтанацыя добра адпавядае жывапіснаму малюнку, а заключная дэталь – трымценне асінавага лістка – кантрастна вяртае нас да "зыркага ўспаміну" пра лета.     Спакой удала "падсвечаны" не толькі згадкай пра яркае лета, але і трывогай жураўлінага кліну. Як заўсёды ў сапраўднай пейзажнай лірыцы, верш са звычайнай карціны прыроды перарастае ў роздум пра час чалавечага жыцця, тым больш, што напісаны быў аўтарам на самым пачатку жыццёвай восені.
    Кніга "Ружа вятроў" (1987) засведчыла ўзмацненне інтэлектуальнага патэнцыялу паэзіі Міколы Мятліцкага, паглыбленне філасофскай праблематыкі праз далейшае асэнсаванне вобразаў Космасу, Сусвету, Вечнасці, Часу. Як зазначыла Т. Шамякіна, паэт яднае беларускі народны, язычніцкі космас і Космас вялікі, нібы шукаючы ў ім паратунак ад жыццёвых турбот.

 

Чуйна хвалюецца спелае жыта,
Мроячы вечныя сны.
Чуйна праносіць ля сонца арбіта
Шар жыццядайны зялёны.

Ты размініся з сіняй Зямлёю,
Вечнасці чорнай імжа!
Гусне трывога. Спудліва ёю
Зоркі над светам дрыжаць.


    Такая адцягненная сімволіка магла б падасца другаснай, калі б ні была ўласцівасцю паэтычнага стылю Міколы Мятліцкага, калі б паэт ні знаходзіў яркіх і пераканальных нацыянальных дэталяў для яе ўвасаблення. І ўжо зусім новае гучанне апакаліптычныя прадбачанні, сімволіка Космасу і Вечнасці атрымлівае ў сучаснай, паслячарнобыльскай лірыцы паэта.
    Мікола Мятліцкі сам крыху палемічна адзначыў, што паэтам яго зрабіла чарнобыльская трагедыя, выразна падзяліўшы яго творчасць на два этапы – да і пасля 26 красавіка 1986 года. Вёска Бабчын, апетая ў ранняй лірыцы паэта, аказалася ў самым эпіцэнтры бяды – у зоне адсялення. "Апошні Бабчына жыхар" – так вызначае сёння Мікола Мятліцкі сваё светаадчуванне, пастаянна вяртаючыся ў адселеную вёску, каб пахадзіць сцежкамі маленства, пераначаваць у апусцелай бацькоўскай хаце і – пісаць, бясконца пісаць вершы, даючы магчымасць выйсця трагічным пачуццям, што перапаўняюць сэрца. Пасля Чарнобыля Мікола Мятліцкі не можа не пісаць пра гэтую бяду, і няма сэнсу пытацца, ці не паўтараецца паэт, як няма сэнсу пытацца ў таго, хто плача, ці аднолькавыя яго слязіны
    Прынцыпова змяніўся характар вобразнасці ў паэзіі Міколы Мятліцкага – у ёй не стала акварэльных фарбаў, яна пабудавана на кантрастах, на колерах чорнай бяды і смертаноснага сляпучага сонца, радыяцыйнага выпраменьвання, на карцінах здзічэння прыроды, "сіроцкіх забытых хацін", кінутых рэчаў, пустэчы, зарослых гародаў, атручаных крыніц. Гэта апакаліптычны "антыпейзаж", як трапна вызначыла яго Т. Шамякіна.
    Першыя непасрэдныя ўражанні ад чарнобыльскай катастрофы ўвасоблены ў кнізе вершаў "Горкі вырай", затым трагедыя роднага краю, знішчанага бядой, асэнсоўвалася ў вершах з кніг "Шлях чалавечы" (1989), "Палескі смутак" (1991).
    Чарнобыль прынёс карэнныя змены ў паэзію Міколы Мятліцкага, і гэта датычыць нават не столькі тэматыкі, колькі агульнай элегічнай, мінорнай танальнасці, трагедыйнасці светаадчування паэта. Насуперак прывычным уяўленням пра яго творчасць, Мікола Мятліцкі не стаў паэтам адной тэмы, проста яго вершы, аб чым бы ні пісаў, прасвечаны чарнобыльскай радыяцыяй. Ад гэтага – большая відушчасць, мудрасць і элегічны настрой яго паэзіі.
    Мікола Мятліцкі падрабязна выпісаў злавесны воблік "чорнай зоны", мёртвых вёсак, пакалечаных людскіх лёсаў. Даследчык А. Бельскі справядліва ацаніў паэтаву канцэпцыю рэчаіснасці: "Беларуская паэзія хіба толькі ў гады вайны звярталася да такіх чорных фарбаў, такога эмацыянальна-трагедыйнага жывапісу".
    Унікальнай з'явай у беларускай паэзіі стаў выдадзены ў 1996г. зборнік паэзіі "Бабчын" – своеасаблівы помнік мёртвай вёсцы, загубленай Чарнобылем, які мае, тым не менш, сімвалічнае вызначэнне "кніга жыцця". Гэта і сапраўды кніга жыцця, але найперш – былога.
    Зборнік адкрываецца вершам "Бяссмертнік", які ярка перадае адметнасць сённяшняй паэзіі Міколы Мятліцкага, насычанай злавеснымі вобразамі чарнобыльскай трагедыі.
    У вершы пануе жоўты колер – колер развітання і магільнага пяску, злога чарнобыльскага санцапёку, кветкі бяссмертніка, якая некалі была лекавай, а зараз атручана радыяцыяй. Толькі ўзмацняюць песімістычны настрой згадкі пра "шчасце былое", "дыханне каханай", "крылаў бусліных размах", матылька і душу-пчалу, якая танцуе свой "танец на чорных крыжах". Верш разгортваецца пакутліва доўга, у аднастайных інтанацыях марудлівага анапесту, нібы душа-пчала гудзіць над вухам пра пакуты, боль і хваробы загубленага краю.
    Верш настройвае на тое, што чытанне кнігі не будзе лёгкім і хуткім. І гэта сапраўды так, аднак праз суперажыванне пакутам ачышчаецца душа і шукаюцца адказы на значныя пытанні філасофскага і грамадзянскага характару. Прысвечаная адной тэме, кніга тым не менш не робіць уражання аднастайнасці, бо паэт знаходзіць мноства розных ракурсаў яе адлюстравання, цікавых вобразаў, умее прыгледзецца да дэталяў, спалучае рэальнасць і яе абагульненне, разважае і задумваецца над прычынамі і наступствамі трагедыі.
    Кніга мае прадуманую кампазіцыю. У першым яе раздзеле, "Глыток чысціні", мы разам з паэтам ідзем ваколіцай і "мёртвай вуліцай" Бабчына, разам з ім успамінаем тое лепшае, што было звязана з дарагімі мясцінамі: Мазураўка, Грыбовішчы, Гала, вышка, сажалка...


Не памяць сцежку ўе –
Сустрэчай сэрца ные.
Ляжаць наўкол мяне
Урочышчы лясныя.

Хаджу да ўтомы ног
У жніўнай цішы дня:
Бярозавы Аблог,
У соснах – Каляшня.

...Не стрэнеш грыбнікоў,
Блукай хоць да знямогі.
Палкі баравікоў
Кідаюцца пад ногі.


    Гэты верш напісаны ў лёгкім і бадзёрым рытме хады грыбніка. Але вось мы заходзім у родную хату Міколы Мятліцкага ("Згадкі ў хаце") – і інтанацыя карэнным чынам мяняецца, калі паэт пачынае развагі – верлібры "Стол", "Услон", "Печ", "Канапа".
    Хлеб, які заўсёды асацыіруецца з жыццём, паэт кантрастна супастаўляе з соллю – знакам бяды, слязы. Так свядома парушана адвечнае адзінства, сімвал гасціннасці стала – хлеб-соль. Так бяда парушыла спрадвечную, замацаваную ў народнай свядомасці і міфалогіі, гармонію.
    Другі раздзел, "Суцемак гладыша", знаёміць з партрэтамі аднавяскоўцаў. Мы нібы разам з паэтам разглядаем звычайную у вясковай хаце вялікую рамку-карціну, запоўненую фотакарткамі дарагіх людзей, многіх з якіх ужо няма на свеце: Яніха, Антося, Зоя, Нюра, Аксінчык, Макрэна... Жаночых партрэтаў болей, бо і вёска ж нездарма называецца Бабчын – удоў у ёй многа яшчэ з мінулай вайны.
    Верш "Яніха", у якім суладна пераплецены язычніцкія традыцыі і хрысціянскія матывы, – адзін з найбольш светлых, яркіх і лаканічных партрэтаў, у ім створаны прыгожы і гарманічны народны характар. Вельмі ўдалая жыццесцвярджальная канцоўка верша, якая характарызуе і духоўную дасканаласць, святасць Яніхі, і глыбіню ўнутранага свету самога паэта. Гуманістычны па сваёй ідэі, верш узвышае жаночы вобраз да Боскага: з Яніхай размаўляе Матка Божая, адпрэчваючы смерць, бо без такіх людзей было б пуста і няўтульна на зямлі. Сцвярджаючы прыгажосць чалавечых характараў, Мікола Мятліцкі кантрастна ўзмацняе агульны трагедыйны настрой кнігі.
    Раздзел "Безгалосыя дні" напісаны аўтарам непасрэдна ў Бабчыне, дзе "на родным бацькаўскім двары – чатырыста сорак тры" мілірэнтгены. Гэтую лічбу рэфрэнам паўтарае аўтар у аднайменным вершы, яе ён бачыць, паклаўшы дазіметр на магілу маці... Вершы гэтай часткі кнігі – філасофскае абагульненне, асэнсаванне бяды. Цэнтральны верш "Пчала" – прытча з нечакана аптымістычным зместам, у які боязна паверыць: "О цуд! Безнуклідны у Бабчыне мёд!" Паэт уважліва сочыць за шчыраваннем "радзімай пчалы", раскрывае "палескага мёду найпросты сакрэт" – усё жывое пратэстуе супраць атрутнага зла... Услед за Алесем Разанавым, які ў адным з вершаказаў заўважыў у слове "пЧАЛа" чалавечы пачатак, Мікола Мятліцкі па-філасофску аб'ядноўвае сэнс пчалінага і ўласнага паэтычнага набытку:


Слова маё,
сабранае ў травах атруты,
Будзь чыстым,
як бабчынскі мёд!


    Апошні раздзел кнігі, "Параненая душа", – развітанне паэта, "апошняга жыхара Бабчына", з перасяленцамі, з аднавяскоўцамі, якія адыходзяць у нябыт, і адначасова праклён тым, хто вінаваты ў чарнобыльскай трагедыі і духоўнай дэградацыі народа ("Партакратам", "Праклён"), папярэджанне свету аб тым, што бяда можа паўтарыцца ў яшчэ большым маштабе.
    Кнігі "Хойніцкі сшытак" (1999) і "Жыцця глыбінныя віры" (2001) засведчылі, што чарнобыльская тэма застаецца асноўнай у паэзіі Міколы Мятліцкага. Аднак гэта для паэта болей чым тэма, чарнобыльская трагедыя стала для яго магутным штуршком для паглыблення філасофскай думкі, аналітычнага стаўлення да жыцця і гісторыі народа. Паэт больш востра стаў адчуваць адказнасць перад продкамі і нашчадкамі.


Аплочана крывёй і потам
Твая прысутнасць тут.
Жыві!
Хадзі бясстрашным Дон-Кіхотам,
Шугай агнём жывой крыві.

Сваю душэўную спагаду
Святлом Айчыны запалі.
Табе аддадзена ва ўладу
Сівая спадчына зямлі.

Не будзь прытворліва-харошы,
Жыцця спытаючы праснак,
Не траць свой скарб,
Як траціць грошы
Маной аслеплены юнак.

Гучаць твае жывыя гімны
На берагах крутых Няміг.
Спаўна аплочаны другімі
Твой кожны крок,
Твой кожны міг.

І ты з айчыннаю журбою
Дакладна ведай напярод:
Усё, што страчана табою,
Не верне заўтра твой народ.


    У філасофскай лірыцы Мікола Мятліцкі выяўляе міфалагічныя, спрадвечныя асновы светабачання, ствараючы свой гарманічны свет:
 

Пакланяюся агню,
Хай гарыць, як бога вока.
Я агню забараню
З-пад рукі ісці далёка.

Пакланяюся вадзе,
Хай журчыць крыніц лагодай.
Я вадзе скажу: нідзе
Не прабудзь ліхой пагодай.

Пакланяюся лясам,
Хай плыве іх шум былінны.
Прыйдзе час: адпусціць сам
Лес сасну для дамавіны...

Нат у вечнасці на дне
Смуты сэрца не спазнае –
Будзеш грэць цяплом мяне
Ты, гармонія зямная.


    Верш гарманічны, суладны і па форме: у ім выразная, зладжаная кампазіцыя з аднолькавымі зачынамі трох строф (магічная, казачная траічнасць), лёгкая, аптымістычная мелодыя харэя, дакладныя, поўныя рыфмы (спазнае – зямная, лагодай – пагодай), унутраныя сугуччы ў радку ("я агню забараню"). Гэта ўзор адпаведнасці зместу і формы.
    Аднак філасофскаму роздуму ў яшчэ большай ступені адпавядае форма верлібру. І да яе апраўдана звяртаецца Мікола Мятліцкі, калі хоча паказаць не столькі гармонію, колькі супярэчнасць жыцця, часовасць чалавечага існавання.

 

Зямля,
трымаючы нас
на скарынцы грунту,
жагнаючы штормам-ударам,
перуном,
бліскавіцай,
палохаючы землятрусам,
гаворыць:
часовае ваша быццё!

А галаву
ускружваюць колеры і пахі
звабнасцю вечнага існавання:
ты
тут
назаўсёды!
Табе
аднаму
вечна паслужныя
сілы Жыцця!
І гэта ўсё –
Вечнасць.

І расступіцца яна, зямля,
пад табой.
А наступнік,
ускружаны яе небам,
нават не скмеціць,
як ты знікнеш
у расшчэпіне Часу.
Ён, адзінотнік на шляху,
абпоены зманлівай верай
у сваю Вечнасць,
ступіць шчэ некалькі крокаў
наперад
да новай расшчэпіны...


    Сённяшні Мікола Мятліцкі – паэт удумлівы і сталы, са сваім адметным творчым почыркам. 

Похожие статьи:

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака