Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Мятліцкі - Прыпяць

1

На беразе тваім
Вільготны летні прыпар.
Самотна памаўчым
Удвух, лясная Прыпяць.

Тут горнуцца да стром
Дзве вёсачкі пустыя.
Здалёк рыкае гром –
Раскутая стыхія!

Маланкі джала б’е
Над кручамі, жвірамі.
Былыя дні мае
Усмоктаны вірамі.

Калышуць чараты
Пары далёкай пошум.
Куды панесла ты
Жыцця жывую ношу?

Пакінуты адны
I хаты, і калыскі.
Куды сплылі чаўны,
За свет які няблізкі?

Дождж хлешча у палях,
Мутнеюць нашы рэкі.
Пакутна плача шлях,
Мой шлях:
З вараг у грэкі.
 

2

З прадоннай даўніны,
З бялёсага туману
Павыплывуць чаўны –
Звярэдзяць сэрца рану.

Таемнага агню
Над хвалямі свячэнне.
Плывуць упершыню
Дзяды супроць цячэння

Гадоў, вякоў, эпох,
Вяртаюцца на строму,
Дзе вечнасць іх сцярог
Раскуты голас грому.

Зажурана ў палях
Прымружыў дзень павекі.
Пакутна плача шлях,
Іх шлях:
З вараг у грэкі...

 

Похожие статьи:

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Мора Герадота

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Прыпяць

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Прыціхне ў прыцемках Прыпяць...

Юрась СвіркаЮрась Свірка - Журботны працяг песні

Пераказы, дыктантыПалесся абрус аксамітны