Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Мятліцкі - Баршчоўка

А. М. Сцепаненку

 

Як блізка падступаецца прагрэс!
I што ў руках?
Магільная рыдлёўка...
Над Прыпяццю

зялёная Баршчоўка

За восем кіламетраў ад АЭС.
Наўкруг – лугі.
I пракаветны лес.

Тут хвалі сіньку плёскала вясло,
Рука –

сяўбой зямлю спадзеўна грэла.

Туманам ранне золкае шарэла,
I мокла жураўлінае крыло.
Жыццё гуло...
Жыццё наўсцяж гарэла...

Тут эпахальных не было падзей,
Былі радзіны і былі хаўтуры.
Праводзіў позірк воч старых пахмуры.
Цяжэлі рукі цвёрдыя людзей.
Ды ў памяці

вайны жылі віхуры.


...Уздрыгнуў ноччу пракаветны лес.
I воблак белы, як світанне, вырас,
Як згубы кліч,

як смерці чорнай вырак,

За восем кіламетраў –

    над АЭС.

Ён рос і рос

і накрап сеяў спрэс.


А тут – душа закутая ў спакой –
Хадзілі лугам, плавалі ракой,
На пашу гналі вуліцай кароў,
Садзілі соткі

і... бялілі кроў.

I думалі: які ён, той прагрэс?
Ў глыбінцы свету...

    Побач ля АЭС.

 

Похожие статьи:

Алесь ПісьмянкоўАлесь Пісьмянкоў - 1986

Мікола МятліцкіМікола Мятліцкі - Санеты Чарнобыля

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Аб самым смачным...

Артур ВольскіАртур Вольскі - Боль Чарнобыля

Сучасная літаратура БеларусіТэма Чарнобыля ў беларускай паэзіі