Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Гусоўскі - Песня пра зубра

Увага!!! Поўны змест

Пераклад  Я. Семяжона


Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай
       Сведкам відовішча быў я – бою быкоў на арэне.
Люд пацяшаўся, гудзелі, як вулей, трыбуны,
       Стрэлы ж і коп’і ўпіваліся ў цела жывёлін,
Боль прычыняючы ім невыносны. Пакуль мы глядзелі,
       Як вар’яцеюць быкі і як бліскае ярасць
З позіркаў раненых, гул выклікаючы ў цырку, –
       Хтосьці сказаў: «Як у нас на зубрынай аблаве».
Я пагадзіўся і там жа ў сваім асяроддзі
       Усё расказаў, што і ў нас у змаганні зацятым
Гэткім жа чынам адольваюць дужага звера.
       Як і гаворыцца ў прыказцы мудрай, язык мой
Мой жа быў вораг. Праслухаўшы ўсё ў захапленні,
       Мне загадалі адразу ж узяцца за працу,
Каб успаміны свае, пераліўшы ў памер вершаваны,
       Песняй зрабіць і пра нас, і пра нашы аблавы.
Бачыце, я, між паэтаў часовы абраннік,
       Вымушан скласці свой спеў аб краіне з багаццем
Свету жывёльнага ў ёй, бо і звер гэты цудам
       Толькі шчэ ў нас захаваўся пад зоркай Палярнай.
Славай нядобрай ахрышчаны – дзікі забойца,
       Ён і ва мне выклікаў неаднойчы пачуцці
Страху і жудасці. Сорамна нават прызнацца –
       Часта пускаўся наўцёкі. Плявалі з пагардай
Простыя людзі: у нас баязлівых не любяць.
       Тут, удастоены гонару большага – і небяспекі,
Мабыць, не меншай, – я прыхапкамі авалодаць
       Мушу нязвычнаю зброяй: той самай рукою,
Што налаўчылася лукам распісвацца, трэба
       Умельства сваё праявіць і ў пісьменстве прыгожым.
З бояззю нейкай, прызнацца, са страхам душэўным
       Пёрка нязвыклае ўзяў, адчуваю: пад ношай
Гэтай бязважкасці ніц упаду, бесталанны,
       Бо, не адолеўшы страху, не здзейсню і волі
Мужа вялікага, – я ж яму ўсім абавязан.
       З гэтым сумненнем буджу я крыніцу натхнення:
О, праявіся з-пад раскі вадой жыватворнай
       I ўскаласі сваё першае семя на добрае племя!
Тут, на зямлі апенінскай, якую ніколі
       Бачыць не бачыў, прашу цябе, Муза, аб гэтым.
Гаспадары пажадалі пачуць гэту песню,
       Ну, а калі атрымаў даручэнне – старайся!
Так што тут спроба мая, а рашэнне – чужое,
       Здольны ці не, а выконвай, бярыся за справу.
Без спадзявання, што будзе мой твор дасканалы,
       Я пачынаю з адзіным намерам: унесці
Толькі свае ўдакладненні пра нашага звера.
       Як жа мы з вамі згаворымся, лёгкія пёркі?
Мне, прызнаюся, шчэ змалку ваш голас знаёмы
       У звоне стралы, на якой вы былі апярэннем,
А на паперы павінна пачацца размова
       Іншага тону – такая размова лясная,
Каб зараўлі ў ёй звяры, разгарэліся бойкі
       Не на жывот, а на смерць і раіліся стрэлы.
Цяжка мне справіцца з вамі, не тое што з тымі.
       Лепш бы ты сам пісанінай, чытач мой, заняўся,
Я ж бы займаўся работай, мне звычнаю, – лукам,
       Так мы зраўняліся б, мабыць, у розных мастацтвах.
Права тваё за табой: калі гэтую песню
       Не ўпадабаеш, – бязлітасна выкінь у смецце
Верш самавука-аматара з краю чужога.
       Дзіўнае ўсё ж падабенства: адзінае джала
Ў пёраў і стрэл, а напоіш хоць злёганьку ядам –
       Хопіць і драпіны, каб закрануты загінуў.

Ну, дык пакрочым на поўнач, у нетры лясныя.
       Я, следапыт, павяду вас, бо мне гэта звычна,
Там і сустрэнемся з грозным, магутным асілкам.
       Хай ён рыкне, і прарвецца ў радкі мае рэхам
Тое рыканне – набудзе гармонію песня;
       Хай ён бадне ў мой радок, каб маглі мы разгледзець
Гэтае дзіва з абшараў Літоўскага княства.
       Волатным целам сваім ён настолькі вялікі,
Што, калі раняць смяротна і ранены ўкленчыць,
       Трох паляўнічых садзіцца ў яго між рагамі.
Скажам, калі б наўздагад я пачаў падбіраць параўнанні
       З мордай і каркам ягонымі, не падабраў бы.
Злямчаны клін барады памялом вытыркае з-пад сківіц,
       З позірку зыраць і злосць, і нянавісць, і ярасць;
Грыва калматая шчыльна да самых лапатак
       Шыю ўкрывае, звісаючы ўніз па калені.
Можа, магчыма тут наша падаць параўнанне –
       Часта ж раўняюць малое з вялікім, як быка з індыкам, –
Гэта казёл барадаты з нагуленым целам.
       Вось ён – бізон ваш, што ў нас называецца зубрам!
Масці паджарай, як мешанка бурай і чорнай,
       Быццам з вякоў у вякі пераходзіў праз горны
I гартаваўся, сабраўшы адценкі стагоддзяў.
       Дзіўна, што ў кнігах апісаны ён недакладна,
Я ж без падставы псаваць не хачу і не буду
       Тое, што ў спадчыну ён атрымаў ад прыроды.
Дзе яны бачылі – зубр ды з рагатаю пысай?
       З выгляду ён не падобны на іх апісанне.
Іменна мордзе звярынай, на іхнюю думку,
       Самая сіла ўласціва. А я ўдакладняю:
Рогі растуць не на пысе і сіла не ў мордзе
       Ў нашага слаўнага зубра, лясоў нашых славы.
Свет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх,
       Граматах рускіх, кірыліцай пісаных вязкай.
Лад алфавіту наш прашчур для ўласнай карысці
       Ў грэкаў пазычыў і, гукі мясцовых гаворак
Зладзіўшы з ім, іншаземцам, застаўся сабою.
       Звычкі і побыт жывёл разнастайнай пароды,
Як і падзеі, апісаны ў граматах гэтых.
       Што ж да зуброў, то такога магутнага звера
Шчасная доля, як дзіва часоў першабытных,
       Толькі шчэ ў нас захавала, пад зоркай Палярнай.
Пліній, напрыклад, пісаў пра зубра і пра тура:
       «Тур і бізон (па-мясцоваму – зубр) засталіся
Толькі ў лясах першабытных. Вучоныя кажуць, –
       Сведчыць гісторык, – што лютасцю, злосцю і сілай
Роўнага звера не знойдзеш лясному асілку,
       Што і ў лясах, і на выпасах ляхаў і росаў
Быў і застаўся царом над усімі звярамі».
       Значыць, ён ведаў пра тых і другіх, а вось людзі
У нас на радзіме шчэ лічаць, што свет іх не знае.
       «Дзікі і люты, іх зубр – падабенства бізона,
Толькі даўжэйшая грыва», – заканчвае Пліній.
       Хоць і не многа, ды праўда. Хто ж болей захоча,
Хай пацікавіцца – кнігі і болей раскажуць.
       Я ўжо наперад прадбачу – пярэчанні будуць:
Байкі дзіцячыя. Ведаем, чулі, чыталі!..
       Хто цаліка не прамераў і нашага звера
Ў вочы не бачыў, вядома, такі не паверыць.
       Сутнасць не ў гэтым. Галоўнае, як ты раскажаш.
Глупства ўсумняецца, мудрасць разумна сцвярджае.
       Вам пра зуброў паляўнічы ў нас кожны раскажа,
Толькі спытай – прагаворыць да ранішніх пеўняў.
       Што да мяне, то сваё паляванне і ловы
Адпаляваў я. Адзіная ўцеха ў самоце –
       Жыць успамінамі. Думкай ляціш быстракрылай
Ноччу і днём на радзіму, у памяці сеці,
       Вабіш той час незабыўны, што некалі ў нетрах
Родных лясоў разгубіўся, і кліч – не даклічаш...
       Што ў іх, тых закліках? Час улавіць немагчыма.
Гонішся, смертны, за страчаным часам, прыстанеш,
       Не даганяеш, бо што прамінула – не вернеш.
Гэты пясок-плывунец высыпаецца ў вечнасць.
       Што ж я маруджу? Пара б за істотнае брацца.
Боязна ўсё-такі: чым ты іх, кніжнікаў, здзівіш?
       Свет ім вядомы – якія чытаюць старонкі!
Хай і правераць па кнігах, які ён на выгляд,
       Я ж бы прасіў іх уважыць маё ўдакладненне:
Пушча – загадка, разгадка хаваецца ў лесе.
       Вас я, лясны чалавек, завяду ў яго нетры,
Каб паказаць таямніцы і пушчаў і тое,
       Што вы не знойдзеце ў кнігах і граматах даўніх.
Возьмем, напрыклад, трактат «Лангабардскія дзеі»
       Паўла Дыякана. Што ён там піша пра зубра?
Вельмі нямнога, адзін толькі штрых мімаходам:
       Быццам калісьці пятнаццаць лаўцоў на начлезе
Спалі на шкуры забітага волата-зубра.
       Я захапляцца ні ім, ні ягонаю шкурай
Нават не думаў, калі свежаваў на аблавах.
       Як ты ні кінь, а з маленства мне добра вядомы
Ловы, і праца, і хлеб мой, зароблены потам.

       Край мой (цяпер ужо ўласнасць Кароны) калісьці
Я перамераў удоўжкі і ўпоперак пешшу.
       Змалку ад бацькі вучыўся ў бясконцых абходах
Крокам нячутным ступаць, каб нішто не шурхнула,
       I спасцігаў, як звяроў прыкмячаць па бярлогах
Нюхам, і вухам, і вокам. Без якасцей гэтых
       Не напалюеш, бо звер палахлівы і пільны.
Колькі патоў ён, бывала, зганяў з мяне ў зімнюю сцюжу,
       Коп’і шыбаць прымушаючы з бегу наводмаш!
Колькі нагледзеўся смерці, наслухаўся енку
       Ў пушчах, пакуль мяне, сына, вучыў палясоўшчык!
Рос і засвойваў усё: дзе сям’ёю мядзведзі
       Сусляць маліннік, дзе пасвіцца дзік па дубровах,
Як на ласёў асцярожных нябачныя сеці
       Ў лузе расставіць, каб трапіў у пастку сахаты.
Бачыў і чуў, як пальбой аглушалася пушча,
       Грузна, мармычучы, ў снег асядала здабыча.
Жмурыўся перш, калі недзе ў імклівай пагоні
       Ранены верхнік мільгне, і адно толькі згледзіш:
Кроў на кані і, як гронкі каліны, – на снезе.
       Вось у такіх пераплётах на нашых аблавах
Часта і я быў раўнёю сваім пабрацімам.
       Рэкі лясныя, Дняпра паўнаводнага строму
Пераплываў я з канём у пагоні за зверам.
       Што там таіцца, карцела дзе-небудзь і збочыць;
Гнаў тую думку: на людзях і смерць не страшная.
       Колькі нягод паспытаў я на тых паляваннях –
Каяцца б можна, ды хто ж калі каяўся ў мілым!
       Быў і адважны, а дзе й неразважны, казалі:
Як ні было – не забыць сваю школу Міколу.
       Гэтую ж песню – далёкае водгулле пушчаў –
Слухай душой, мой чытач, і, як плод недаспелы
       З дзічкі, сарві і смакуй, калі маеш цікавасць
Штосьці даведацца з нашых лясоў, і з прыроды
       Нашага краю, і з нораваў рэдкага звера.
Так што працягваем наша з табой падарожжа
       Ў самыя нетры зубрынае вотчыны-пушчы.

Лютасцю больш небяспечны, чым люты драпежнік,
       Зубр для людзей не страшны, не чапай – не зачэпіць,
Будзе стаяць як укопаны – пастыр на варце,
       Не страпянецца, а позіркам пасціць няспынна
I чараду, і сям’ю ў чарадзе на папасе.
       Смелы, і ў гэтым няма яму роўнага звера
У свеце жывёльным пушчанскага нашага краю.
       Стрэнеш, бывала, такога дазорцу ў дуброве,
Стоішся ў хмызе і дзякуеш Богу – не згледзеў.
       Дзе там – не згледзеў! Ты вокам зміргнуў – заўважае.
Дзесь калчаном шарганеш, на галінку наступіш –
       Быццам працяты стралой, здрыганецца – і ў наступ.
Шчасце, калі пры такой выпадковай сустрэчы
       Меч твой не бліснуў на сонцы, кап’ё не заззяла:
Смела ідзі без аглядкі, як быццам не бачыў
       Гэтага страху. А ён, утаропіўшы вочы,
Будзе ўсё зіркаць, пакуль не схаваешся ў нетры.
       Горш, калі часам наткнешся на матку з прыплодам,
Схопіш мушкет з перапуду – ох, гэта гарачка! –
       Звер вокамгненна раз’юшыцца, рыкам аглушыць –
Знай, што раз’ятраны: хто яго ўздумаў трывожыць?
       Тут не разгадвай, давай у пяту і, як дужы,
Скідвай убок, у гушчар, і пакуль яшчэ цэлы –
       Дай Божа ногі: за ўцёкшым ён гнацца не стане.
Леташкі-цёлкі, бычкі-аднагодкі ў чародах –
       Люба глядзець: скакункі, забіякі-задзіры.
То пачынаюць басціся, то, быццам у зыку,
       Шумна гарцуюць, пужаючы гулямі статак.
Кемлівы звер па прыродзе. Напрыклад, цяляты
       З першага ж дня пераймаюць паводзіны матак:
Назіркам дыбаюць за чарадой і на пашы
       Нешта ўжо пыскай вышукваюць. А пасталеўшы,
Порстка выбрыкваць пачнуць, апрабоўваюць рожкі,
       Звера сустрэўшы ці пень абымшэлы ў гушчары.
Так на выгодзе лясной, у няспынным змаганні
       За кудзярок лугавога кіпрэю, з бычка-зубраняці
Зубр вырастае, магутны прысадзісты волат.
       Дзіву даешся: ні сну ж, ні спачыну не знае,
А набіраецца сілы, і колькі цярпення
       Трэба такому, каб стрымліваць жыўчыкі руху!
Ходзіць спакойна і раптам у бегу імклівым
       Ён, як рысак, пралятае праз гала лясное.
Проста не верыш вачам, як валодае целам
       Скрытая сіла. Нібы шыбануты прашчою,
З месца рванецца і ўмомант, закінуўшы перад
       Недзе да рэпіцы, схопіць на рогі ляпёшкі
I растрасе, быццам хоча слядоў не пакінуць.
       Многа нагледзішся рознага ў статку зубрыным,
Непараўнальнымі ўсё ж астаюцца турніры
       Іх трацякоў-кавалераў з-за нецеляў-самак.
Юр гэты ў іх супадае з парой лістападу
       Кожную восень, і недзе мо з тыдзень ці болей
Цягнецца свята Венеры, і шалы юнацтва
       З бою бяруцца. У гэту пару насалоды
Толькі і чуеш: усюды прывабна і млява
       Мыкае пушча і ў дрыжыках зябкіх дубровы
З шастаннем сцелюць лістоту на шлюбнае ложа.
       Хто гэта слухаў і бачыў, той скажа, напэўна:
Музыка нашых лясоў мілагучнасцю строгай
       Вуху і сэрцу мілей за літаўры і ліру.
Шум у вяршынях, і шолах, і шоргат, і гэты ўладарны
       Голас крыві неўтаймоўнай – сімфонія пушчы.
Колькі жыве ён, асілак пушчанскі, не знаю.
       Хто ж дзе лічыў даўгалецце ў нясвойскай жывёлы?
Ходзяць легенды, што дзесьці ва ўрочышчах сельскіх
       Быў запрыкмечаны зубр, можа, дзвесцегадовы,
З сівым касмыллем на ўзлобку. Па тым патрыярху
       Статак увесь празывалі «Гурты Сівучовы».
Што ж, калі верыць паданням, той самы важак іх
       Вока дзесь страціў парою зубрынага юру.
Гэта магчыма. I ў пушчаў, і ўсюды на свеце
       Моцныя гэтага свету за права на ўладу
Б’юцца на злом галавы, хоць кулачнае права,
       Як і вяршынства жывёльнаю грубаю сілай, –
Спрэчная справа; сапраўдныя спрэчак прычыны
       Толькі пасля высвятляюцца; знакамі ж спрэчак
Будзе калецтва ці шрам на баку самаўладцы.
       Цяжка сказаць, што таго сівагрывага зубра
Прагнасць улады над гуртам штурхнула на бойку.
       Тыя ж паданні сцвярджаюць, што трон верхавода
Дарма і ў іх не даецца, а вока – за вока.
       Выдумка, мабыць; мана для вушэй – асалода.
Можа, пагэтаму шэпты народных паданняў
       Не заціхаюць у нас ні па ўзлесках шумлівых,
Ні па квяцістых лугах, ні пад стрэхамі хатаў.
       Я ж разумею, што тым, для каго я спяваю,
Праўда за ўсё даражэй, і пагэтаму стаўлю
       Кропку над «і»: невядомае мне невядома.
Нашы лясы, лугавіны – прыволле для статкаў звярыных,
       Там у іх выручка: гуртам – за кожнага ў статку,
Кожны ж – за гурт і за ўсіх, беспарадкаў – ніякіх.
       Дужы са слабым уладай дзяліцца не стане;
Права царова ў чародах на пашы і ў спрэчках
       Даў яму вопыт, набыты магутнаю сілай.
Бой разгарыцца смяротны, і ў ім пераможа
       Той, хто мацнейшы. Пад сонцам ніводнай хвіліны
Без барацьбы не было на зямлі і не будзе.
       Прага ўзяць зверхнасць над слабым распальвае ярасць,
Вынік жа бойняў крывавых – калецтва ці згуба.
       Той, хто саперніка збіў і знявечыў, тым самым
Сілу на выпасах сцвердзіў за ўласнаю сілай.
       Хто ж не ўстаяў і паддаўся, той сам ад чародаў,
Як ад пагарды, панура пускаецца ўпрочкі.
       З гурту адбіўшыся, ён, адзінец, палахліва
Стане цурацца не толькі сваіх, а часамі
       Нават саступіць лаўцу, бо заўсёды слабее
Стадны інстынкт у жывёліны ў доўгім выгнанні.
       Зрэшты, другія чароды – другія парадкі.
Недзе прылучыцца к іншаму статку і ў прымах
       Зменіць свой спрыт забіяцкі на статут прымацкі.
Вернасць у парах зубрыных адной толькі смерцю
       Можа парушыцца: скажам, самца забадалі –
I аўдавелая матка вяртаецца ў статак.

       Княжацкі ўказ пад пагрозай адказнасці строгай
Не дазваляе знішчаць ні зубрыцаў, ні моладзь
       I ашчаджае тым самым багацці лясныя.
Скарбы свае нашы людзі на золата нават
       Не прамяняюць. Здаўна іх жыццё навучыла:
Нашы лясы – гэта нашых даброт і багацця
       Невычарпальны калодзеж; з яго напаўняем
Лайбы і стругі заморскіх купцоў, што прывозяць
       Недзе з-за свету да нас на таргі свой набытак.
Шчодрая вільгаць з бяздоннай зялёнай крыніцы
       Спорным дажджом выпадае на тлустыя глебы.
Рэкі ад самых вытокаў да вусцяў шырокіх
       Поўны плытоў, а плыты на шляхах нашых водных –
Гэта масты паміж рознымі землямі княства.
       Поле ўрадлівае працы не шмат патрабуе.
Толькі ў жніво ды ў касьбу і на ніве, і ў лузе
       Бела ад хустак, намітак, кашуль і бравэрак.
Па сенажацях, гаях і па ялавых гонях
       Коні пасуцца, а скрозь на прыволлі, на ўзлессі –
Статак скарбовы брыдзе, патанаючы ў травах.
       Плён сваіх ніў і дары сваіх пушчаў бязмежных
Мы прадаём і мяняем – тавар за тавары.
       Можа, мы дома дастаткам няроўныя з некім,
А на таргах прыбядняцца – не ў нашай натуры.
       Край наш багаты драўнінай, нічога не скажаш,
Ды не адно хараство ў ім – лясы, нібы хмара.
       Нашы лясы – гэта наша скарбонка і свіран,
Наша камора жывіцы, і дзёгцю, і ягад,
       Мёду і воску, куніцы і рознай дзічыны.
Так што купец чужаземны, тугой калітою
       Не паскупіўшыся, можа раскінуцца шчодра
I на таргах, і на менах – тавараў удосталь.
       Тут і сасновыя бёрны, і бруссе, і кроквы,
Дуб на шалёўкі – купляй і будуйся, бязлесны.
       Толькі за нашу гатоўку – гатоўкай на бочку!
Сосны ў нас гоніць у ствол, як трыснёг – у сцябліну;
       Хмаркі, здаецца, павіслі на макаўках кронаў.
Водарам кветак з вясны і да позняга лета
       Пушча напоена, ветры яе і прылескі –
Месцы ігрышчаў і гульбішчаў моладзі сельскай.
       Бортнікі нашы на стаўках – разлапістых соснах –
Ставяць вуллі, а часамі і ў дрэве пад верхам
       Выдзеўбуць долатам борці і лётвы прыладзяць –
Вось і стаяк-каранёк для залётнага рою.
       Так прыручаем пчалу і частуемся мёдам.
Безліч у пушчах і звера, і птушкі, а тыя
       Дзікія пеўні, якіх апісаў яшчэ Пліній,
Плодзяцца ў нас, як вароны, пры кожнай імшары.
       Мы іх глушцамі завём – самавітая птаха,
Што ж да вагі, то, бывае, і гусь пераважыць.
       Пах асаблівы ўласцівы глушцоваму мясу.
Радасць і смутак спазнаў не адзін паляўнічы
       Тою хвілінай, калі ён з падседкі на золку
Трапна падцэліць – і певень, залопаўшы крыллем,
       Чмякнецца вобземлю, так і не скончыўшы песні.
З токаў шчаслівец прыносіць двайную спажыву:
       Страўніку – ежу, а глузду – і кемнасць, і мудрасць.
Дзе ты ні пойдзеш – майструюць то пасткі, то сілы:
       Пасткай не зловіцца – сіллямі недзе засіліць.
Перад законам і правам лясным на здабытак
       Роўныя ўсе там – палюй, здабывай колькі можаш.
Край наш прырода такім надзяліла багаццем,
       Што незлічонасць у пушчах дзічыны і звера
Волю дае не лічыцца з памерам здабычы.
       Безгаспадарнік, абшарнік-скупеча – у гэтых
Гінуць і рыба, і звер занішто. Неаднойчы
       Я назіраў, як у нераст на іхніх валоках
Рыба кішэла не толькі ў азерцах і рэчках,
       Нават у лужынах – проста прасілася ў венцер
I захлыналася. Вось чым адплачвае скупасць!
       Дзе недагляд, там сады перародзяцца ў дзічку,
Поле радзіць перастане, бур’янам заглухне.
       Край наш – дзівосны прыстанак загадак і цудаў:
Ці то так Бог пажадаў, каб усё ў ім на волі
       I вырастала, і гінула, ці чараўнічай
Воляю нечай усё занядбана – не знаю.
       Часта з трывогаю думаеш: чым растлумачыць
Сілу, што ў нас надаецца замовам і травам,
       Песні і магіі слова? Адказу не знойдзеш
I мімаволі згаджаешся: мы яшчэ дзеці
       Ў свеце хрышчоных і верым у казкі Медэі.
Варта падумаць над гэтым. Мне добра вядома,
       Як хрысціянская вера сурова карае
Усіх ведзьмакоў-фахаводнікаў, што патаемна
       Знаюцца з сілай нячыстай. Іх катуюць люта,
Перш чым спаліць ці ўтапіць, як і тых вінаватых,
       Хто з імі знаўся і ведаў аб чарах вядзьмацкіх,
Ды не данёс у царкву на нячысцікаў грэшных.
       Хопіць таго, каб прайшлі, пракаціліся дзейкі:
Там той вядзьмачыць ці знаецца з д’ябальскай сілай –
       Зараз жа суд і расправа: няшчаснага схопяць
I, перавіўшы пастронкамі рукі і ногі,
       Цягнуць к рацэ – і бултых падазронага ў прорву.
Бачаць, што кануў на дно, нібы камень, – палічаць нявінным,
       Непатанулага ж будуць лічыць вінаватым.
Сведкам такіх пакаранняў я быў неаднойчы.
       Бедны тапельнік, спавіты крыж-накрыж, імкнецца
Торчма стаяць, каб пайсці пад ваду з галавою.
       З берага ж хмара народу галёкае, свішча,
Плача і стогне і кленічы шле ў паднябессе.
       Бачачы гэта ўтрапенне, ты чуеш, як сэрца
З жаху мярцвее: вада на сябе не падобна.
       Дзе яе прагнасць? Ну вось жа грывастая хваля
Голаў лізнула, прайшлася з разбегу па твары –
       I не ўвабрала, зраклася, як беднага – шчасце.
Больш справядлівы агонь ненажэрны. Той прагна
       Зліжа і ведзьму, і мага ад пятак да цемя,
Як і прапашчых забойцаў дзіцяці ці бацькі.
       Некаму, можа, расказ мой здаецца няпраўдай,
Верце: у нас, у Літве, гэта ўсё – рэчаіснасць.
       Я прысягаю: заўжды, да апошняга слова
Пець толькі праўду, хоць кожнаму добра вядома,
       Што і ў дасціпныя выдумкі – байкі і казкі –
Вераць і дзеці, і, часам, дарослыя людзі.
       Спеў аб жахлівым пакуль што пакінем, змяніўшы
Тэму размовы і выбраўшы лепшую песню.
       Бор паказаць абяцаў я – вось там асалода
Вашаму сэрцу і воку, усё першародства
       Скарбаў прыроды, спрадвечнай яе прыгажосці:
Дрэў, не кранутых сякерай, і траў нестаптаных,
       Безліч дзічыны і звера чароды на пашы.
Пушча сваёю красой захапляе і яснавяльможных
       Военачальнікаў нашых, што проста з паходаў
Сталі бівакам у ёй, жаўталістай, на промысел звера.
       Тут адпачынак і дзейнасць спалучацца трапна
I паразвеюць навалу з душы. Паляванне –
       Лепшы бальзам падупаламу целу і духу.
I гартаванне, што старасці бледную немач
       Не падпускае, трымаючы дзесьці наводдаль.
Вопыт паказвае: ты загасціўся на свеце,
       Век зажываеш чужы, а здавацца не хочаш:
Ногі шчэ носяць і сілу не выела праца,
       Вуха не глуха – уловіць і шоргат, і шолах,
Вока не страціла зоркасці – пільна прыкмеціць
       Нават ачэрнены кончык хваста гарнастая.
Лепшая практыка воку, лякарства для вуха –
       Высачка звера з яе пастаянным дазорам.
Зоркасць і чуйнасць на выручку прыйдуць, калі вас
       Ён запрыкмеціў, нявідны яшчэ, і злаўчыўся
Кінуцца ў наступ, каб вас забадаць. Па натуры
       Зубр і адважны, і грозны, і цяміць не блага.
Схібіш з разлікам – паправіцца часу не будзе.
       Вырасшы ў лесе і зведаўшы ўсё гэта змалку,
Я ўваскрашаю карціны былога і знаю:
       Праўдаю гэта палічаць адны, а другія
Скажуць – манюка! Хай кажуць. На суд справядлівы
       Спеў свой стаўляю; няхай яго судзяць па праўдзе
Тыя, хто, права здабыўшы на ніве пісьменства
       Творы чужыя судзіць і выносіць прысуды,
Самі сваё праслаўляюць больш ярка і стройна,
       Чым пашчаслівіла мне за скупы адпачынак.

Ветрана стала, і яхканне гончых з-пад ветру –
       Быццам дзесь побач. О, колькі страсцей і пачуццяў
Раптам абудзіць ражок паляўнічы! Як птушка,
       Сэрца трапеча ў грудзях, замірае на момант,
Ловячы шум баравы, што наплывамі з кронаў
       То ніспадае, то зноў уздымаецца ў неба.
Чуеце, як стогалоса вішчыць і мармыча
       Нетра лясная? Не знаеце, што там такое?
Пэўна, мядзведзя ў бярлозе паднялі на пікі,
       Дзіка праткнулі кап’ём ці паранілі з лука.
Хто не пабачыў сваімі вачыма – не ўявіць,
       Як вар’яцее паранены зубр і рыканнем
Пушчу ў трымценне прыводзіць – аж сыплецца шэрань.
       Ярасць і боль абуджаюць у звера шаленства.
Страшна глядзець, як ён чмыхне і позіркам злосным,
       Поўным нянавісці, зырыць і ўправа і ўлева.
Хай жа, разявіўшы пашчу, ён выдыхне з хрыпам
       Рык глухаваты, гартанны і раптам рванецца
З месца скачкамі насустрач абранай ахвяры –
       Кроў ледзянее ад жаху. На жаль, і пачуцці,
I адчуванні не слухаюць нас у трывозе.
       Што я расказваю ўсё гэта? Тым, хто не зведаў
Гэтых эмоцый, расказ мой нямым застанецца.
       Цяжкі ты, хлеб наш надзённы, у промысле цяжкім –
Бачыце самі, аднак жа і гора радзімы
       Нават цяжэйшае. Дзе нам знайсці тыя лекі,
Каб ратаваць яе ў бедах, – і самі не знаем.
       Часам за лекавы сродак мы лічым здабытак
Высілкаў нашых у лесе на княжацкіх ловах.
       Больш у іх лекаў для цела, чым нават у зеллі,
Можа, таму і палюе ў нас кожны з маленства.
       Ногі ў хваробе не шкодзяць, бо ўсё пераходзяць, – жартуюць
Людзі старыя, – і лечаць балеснасць хадзьбою.
       Хмарнасць, паўзмрок ад лясоў, адзінота паселішч –
Толькі разумнай прабежкай і лечаць маркоту.
       Ён, зверабой наш, наўсперак усім эскулапам
З іх асцярогамі, молад, і ў голад ён дужы
       I не старэе заўчасна. (Дарэчы сказаўшы,
Прымачкі, зёлкі і розныя кроплі-мікстуры –
       Не эліксір маладосці, бадзёрасці духу!
П’еш гэта пойла і жлукціш – аж боязна стане:
       Як бы не лопнуць, калі, не дай Божа, апушыць!)
Холад паўночны здароваму духам не страшны.
       Наш чалавек працавіты з нягодамі звыкся:
Непераборлівы ў ежы, не жыўшы ў раскошы,
       Ён без прысмакаў, аб хлебе – здаровы і сыты,
Ды і дзічына ж у місе што-небудзь заважыць.
       Так што, усё падлічыўшы – выдатак, прыбытак, –
Вынік падкажа любому, што лепей займацца
       Нам прамысловай здабычай дзічыны і звера,
Сечу спыніўшы з лясамі за поля кавалак.
       Шкода, што час падганяе і ўсе адхіленні
У гэтую сферу мяне адхіляюць ад тэмы.
       Мушу, аднак, да таго, як разгорнем карціну
Дзёрзкіх аблаў на рагатага грознага звера,
       Вас пазнаёміць і з прымхамі нашых народаў.

Зубр, як мы лічым спрадвеку, хоць звер, але ж ратнік,
       Ён прызнае перамогу, здабытую чэсна –
Сілай на сілу, урожкі, і мужнасць на мужнасць.
       Гэта павер’е жыве ў нас ад веку да веку:
Лічаць, што рыцар пушчанскі адправіцца ўпрочкі
       З тых запаветных урочышчаў, дзе ў паядынках
З ім сустракалася часта не дужасць, а хітрасць –
       Будуць там пасткі, засады ці стрэлы з мушкетаў.
Мабыць, усім забабонам любога народа
       Рыса ўласціва адна: невядомае ў свеце
Звышнатуральнаю сілай тлумачыць – і кропка.
       Вобмацкам праўду знаходзяць, а ў нашых павер’ях
Праўда яшчэ не абмацана, так мне здаецца.
       Нават калі б штось падобнае дзе й назіралі,
Абагульненні з дагадак рабіць рызыкоўна.
       Выпадак, кажуць, праменьчык да буйных адкрыццяў:
Цьмяная думка становіцца раптам здагадкай –
       Я ж, не прыхільнік здагадак і розных фантазій,
Тое пяру давяраю, што сам неаднойчы
       Бачыў, праверыў, зрабіў – свой мазолісты вопыт.
Можа, каго і здзіўляюць трафеі Дыяны
       Ў казачных ловах з багамі, а я не зайздрошчу
Слаўным здабычам багіні, бо ў лепшыя годы
       Сам быў здабытчыкам нават і большых трафеяў.
Можа б, і лук Апалона прыйшоўся да густу
       Пэўнаму колу маіх чытачоў, ды і стрэлы,
Што пунсавеюць крывёю забітых аленяў?
       Мода – наш біч, і не дзіва, што ўсе праслаўляюць
Шалы Юпітэра і блазнаванні Юноны.
       Верачы толькі ў Ісуса Хрыста і айца яго – Бога,
Я палічыў бы за грэх назнарок перамешваць
       Ісціну з выдумкай байкі. I дай жа мне, Божа,
Сілы і ўмельства лучынным агеньчыкам праўды
       Ісціну тым прасвятліць, хто дзівосы і цуды
Прагне спасцігнуць, але ў лабірынце памылак,
       Што спластавалі вякі, заблудзіўся ў пацёмках.
Праўда заўсёды ў глыбінях, і пан мой пратэктар,
       Плоцкі епіскап Эразмус зусім не ўхваляе
Спроб вершатворцаў грашыць усявышняму Богу.
       Вартым увагі і ўхвалы найсвентшага храма
Лічыць ён, праведнік боскі, адзінае тое,
       Што і прыстойна, і вартае сану духоўных.
Шчыры слуга яго, я абавязан па службе
       У выразах быць асцярожным, каб важкае слова
Богу і пану майму дагадзілі па густу.
       Можа, пагэтаму ў песню маю западае
Штось і з рэлігіі нашай, а ў ёй не шукайце
       Ні асалоды жыцця, ні вяселля, ні ласкі.
Кветак няма на аблозе, сахою не ўзнятай.
       Ды і крыніцы ж натхнення, што пояць паэму,
Недзе далёка-далёка пад лёдам і снегам.

       Летам заўсёды занятыя ў кровапраліццях
Войнаў усобных, якім ні канца, ні пачатку,
       Ратнікі нашы з Піліпаўкі аж па Грамніцы
Маюць аддуху ў лясах – паляванне на звера.
       Мабыць, свой звычай і Марс пераняў у ліцвінаў
I ў адпачынак мячы гартаваць на марозах.

       Войны! Злачынная справа – вайна выклікае
Гнеў мой, і слёзы, і боль. Без падтрымкі, бясконца
       Войны вядзём мы адзін на адзін за свяшчэнны
Братні саюз хрысціянства з навалай з усходу.
       Вораг страшэнны адольвае нас і зламысна
Рэжа пад корань наш род і вучэнне Хрыстова
       У душах народаў на ўсіх заняволеных землях.
Ён, спадцішка ўварваўшыся ў нашы ўладанні,
       Цэламу свету нахабна сцвярджае: ваюю
Не за прастору сабе, а за лад у прасторы.
       З верай сваёй ён ідзе і ў імя нам чужацкага Бога
Лад свой агнём і мячом усталёўвае ў землях
       Іншага веравызнання і іншых парадкаў.
Там, дзе арда саранчой прапаўзе, застануцца
       Толькі асмолкі ды печышчы, попел ды косці,
Зграі варон ды чароды сабак адзічэлых.
       Бог барані, калі нас перамогуць прышэльцы,
Лепш ужо смерць нам усім без пары, чым такая
       Доля – жыццё пад’ярэмнае ў чорнай няволі.
Караю боскай такіх не застрашыць, каторым
       Іхняя вера дыктуе нянавісць к другому.
Мы на пярэднім краі хрысціянства заставай
       Орды варожыя грудзі на грудзі прымаем.
Кроўю сплываючы, мы абязлюдзелі ў бітвах,
       Курыцы клюнуць няма дзе на целе ад ран незагойных.
Рэкамі кроў наша льецца, і гэтыя рэкі,
       Хлынуўшы ўпоперак ордам татара-турэцкім,
Бег іх імклівы сцішаюць з усходу на захад.
       Нашы шчыты і кальчугі ў праломах і дзірах –
Вынік няспынных удараў захопнікаў лютых.
       Вораг бы скрыгаў зубамі пад скрыгат металу
I захлынаўся б крывёю, а ў воінстве нашым мацнела б
       Вера і ў сілы краіны, і ў поспех змагання, каб толькі
У нас за плячыма хрышчоны народ вераломна
       Нас не кусаў і не рваў, нібы пёс, за жывое.
Нашых суседзяў напасць батагом не кранула,
       Певень чырвоны пакуль што па дахах спічастых
Крыллем не лопаў, і ўтульна пад цёплай пярынай
       Кволіцца хіжы драпежнік, яму і нігадкі!
Жар на выгарышчах нашых ён бачыць, захопнік,
       Грудамі золата ўласнага. З гэтым разлікам
Ён і спрыяе ўсёй набрыдзі радай і справай.
       Мы іх, сабакагаловых, спазналі: чакаюць
Часу свайго, ненажэрцы, а там і лякарства
       Хворым прыпішуць, ды лекі ўжо будуць па часе.
Хто не аслеп, не аглух, той і бачыць, і чуе:
       Блізка жахаюць маланкі, грыміць з далягляду.
Прагнасць захопнікаў грозна, як чорная хмара,
       Вісне навалай над намі то злева, то справа.
О, адыходзь на сухія краі, навальніца,
       I ніспадай ненатольнаю смагай на орды!
Хай там грызуцца з сабою і чорнай крывёю
       Землі свае наталяюць, як нашы – чырвонай.
Хай жа іх прагнасць захопаў для іх жа і стане
       Цесным ярмом, ланцугом пакаянным, якога
Досыць і бацьку, і дзецям на вечныя векі!
       Перст указальны і гнеў Усявышняга грозны,
Ён за грахі і за здзек па заслугах адплаціць.
       Час схамянуцца! Няхай яшчэ сёння грымоты
Дзесь за гарамі адгэтуль, а поступ нашэсця
       Смерці падобны: стыхію не спыніш заклёнам.
Вокам сваім не прыкінуўшы, жахі пагрозы
       Цяжка ўявіць, але заўтра і ў вас пад пагрозай!
Што запяеш ты, сусед наш, калі скалануцца
       Плачам і стогнам твае гарады і мястэчкі?
Локаць гатоў будзеш свой укусіць у адчаі:
       Дзе ж я раней быў, чаго я глядзеў і прагледзеў?
Як я сваім патураннем расчысціў дарогу
       Ордам чужынцаў, што разам з ваенным рыштункам
Ёрмы прывезлі суседзям і мне – па-суседску?
       Як жа я здуру няволю прыклікаў, якое
Хопіць і дзецям, і ўнукам, і праўнукам нашым?

       Колькі ні жалься, ні войкай, а чэмеру гора
Не падсалодзіш жальбою. Як лес безгалосы,
       Мы пад сякерай, дык хай жа пачуецца ў свеце
Гусаўца голас між волатаў нашых пушчанскіх.

       Я вас павёў – і цяпер, калі ласка, за мною
Ў шчырага бору святліцу. А там, у гушчары,
       Зрублен двусценак, як тын, што не дзесяць – дванаццаць
Міль італійскіх бяжыць у спрадвечныя нетры
       З мноствам адсекаў, па-нашаму – пасынкаў-пастак.
Звер на папасе, зайшоўшы ў такую лавушку, –
       Самаахвярнік, бо пасынак так збудаваны,
Што для ўваходу – прастора, а выйсце – закутак,
       Мы ж, паляўнічыя-сокі, сядзім у засадзе.
Бачым, што зручна, – сігнал, і пайшло паляванне.
       Што тады робіцца! Страхі не ў страх, а пагроза
Выскачыць можа знянацку і з кожнага боку.
       Сябар дзесь тут, а бяда наляціць – не паможа:
Слугі навокал, а выручыць нават і бацьку
       Сын бы не здолеў, бо голасу ў гвалце не чуеш.
Твой абавязак – і справу сваю, і бяспеку
       Сам барані, бо сваімі ж рукамі трымаеш
Дзіду ці лук, ды і лёс. Не ўтрымаеш – загінеш.
       Сутнасць загаду для кожнага ясная – наступ,
Перамагчы ж, па магчымасці, трэба без стратаў.
       Выбавіць конь быстраногі – адно спадзяванне:
Кінецца ўбок пры сустрэчы з рагатаю смерцю.
       Тут і кароль; ён бясстрашна ўразаецца першы
Ў пекла пабоішча. Прыкладам храбрасці ўласнай
       Дух падымае ў дружыны. I гэта адвага –
Строгі разлік, бо з дружыны ніхто б не памкнуўся
       Зрушыцца з месца, калі б ён камандаваў ззаду.
Як перад бітвай з татарамі меч валатоўскі
       Мужнасцю раці натхняе, так гэтая мужнасць
Воіна-бацькі ў пачатку літоўскай аблавы –
       Трапны пралог і залог баявой перамогі.
Доблесці ратнай яна не прынізіць, а славе
       Лаўраў прыдасць. Адчуваю: ізноў мімаволі
Хіліць пяро маё ўбок, каб табе, Сігізмундзе,
       Бацька Кароны і ўдзелаў Літоўскага княства,
Славу прапець і ўхваліць твае поспехі ў справе
       Дома вялікай, за межамі краю – не меншай.
Гэта не лёгка, бо тут мне дарадцаў не будзе:
       Выпадзе час – паспрабую; як мудрыя кажуць:
Будзе на свеце спакой, дык і песенька будзе.

       Вось і прыйшлі мы. Цяпер уявіце паляну.
Зубр на паляне стаіць нерухомы, як быццам
       Роздуму поўны над светам і зменлівым лёсам.
Будзем спяваць аб адным, хоць і ў вершах часамі
       Можна сустрэць і чароды аднолькавай масці.
Я не займу чараду, бо ні ўмельства, ні часу,
       Мабыць, не хопіць. А гэты магутны асілак
Проста ў мяне на вачах, не заўважыўшы пасткі,
       Мірна прайшоў праз прагонак і ў пасынак трапіў.
Варта – прагон на засоў, – і пайшло паляванне!
       Стрэламі ўтыканы ў скабы і ў грыву, як пер’ем,
Зубр вокамгненна рвануўся ў гушчар, а з засады
       Коп’і і пікі шыбнулі лаўцы, і ўпілася
Сталлю булатнай у цела звярынае зброя.
       Ён страсянуўся – не строс, і на ўсю сваю пашчу
Сіпла рыкнуў, закружыўся, падскочыў – і ходу.
       Коннікі ўслед, напярэймы. Што робіцца ў пушчы:
Галас і тупат, здаецца, да зор далятаюць!
       Вунь прамільгнуў праз прагалак. Наперадзе – сценка.
Цэліўся перш пераскочыць з разбегу, ды раптам
       Стаў: не пад сілу бар’ер. Дзе ж знайсці паратунак?
Позіркам зырыць наўкола, шукаючы лоўчых,
       А з-за камлістых дубоў, як куслівыя шэршні,
Стрэлы і дроцікі – дзын! – і ўпіваюцца ў цела.
       Ярасць кіпіць унутры, наліваюцца бельмы
Чырванню мутнай, і кроў то цурком, то па кроплях
       Сочыцца з поўсці, і пеняцца свежыя раны.
Дзе ж яны, ворагі? Ён яшчэ дужы, гатовы
       Нават і сотню рагамі змясіць і раскідаць.
Моцна сапе, убіраючы пах наваколля.
       З месца сарваўся на выжлаў. Бушуе ў ламаччы.
Спудзіў сабак і заўважыў, што людзі на конях.
       Тут жа на іх шугануў, верхавыя – уроссып.
Чвякае багна, трашчыць буралом, стогалоса
       Ржэ і храпе, да знямогі цюгакае пушча.
Крый цябе Бог, паляўнічы, пусціцца наўцёкі,
       Просты напрамак узяўшы, – як бачыш дагоніць;
Толькі й ратунку – схінуцца за дрэва ці збочыць.
       Гэта Гаргона, аслеплая ў ярасці дзікай,
Міма прамчыцца: нялёгка ж у руху імклівым
       Гэтакай масе раптоўна валодаць сабою.
Верхнікі зноў ланцужком акружаюць звяругу;
       Зубр раззлавана бадзе то таго, то другога;
Коні, аднак, выручаюць: убок – і прамчыцца
       Міма пагібель. А ён аж гарыць у запале;
Пара клубіцца з-пад чэрава, з ноздраў, а грыва
       Нават без ветру ўзлятае. I звер гэты ў бегу –
Быццам сама ўтрапёнасць, імклівасці сімвал:
       Кожная жылка ў парыве і ў позірку – іскры.
Доўга бушуе ў загоне, раздражнены, гнеўны,
       Прагне з кім-небудзь счапіцца і вымесціць ярасць.
Злосцю клякоча нутро, і якая нянавісць
       Рухае ёю, мяркуйце па гэтым выпадку.
Нехта з мушкетам (бадай што баярская песта),
       Як напаказ, праявіў маладзецтва і стрэліў
Зверу ўдагонку. Параніў і думаў пад спудам:
       Лапы яліны прыкрыюць і звер не заўважыць,
Дзе прытаіўся стралец. Перакатам па лесе
       Брэх пракаціўся, і чутна па голасе выжлаў:
З кожным імгненнем бліжэй і бліжэй небяспека.
       Апанаваны сабачай гайнёю абапал,
Зубр паказаўся, як воз парыжэлага моху.
       Раптам спыніўся і з чмыхам адкінуў сабаку,
Позіркам дзікім кальнуў у ялошнік, дзе ў жаху
       Мамчын сынок, да яліны прыпаўшы, падумаў:
«Вось і канец мой – заўважыў!» – і там жа, на месцы,
       З жаху зайшоўся. А зубр на таго палахліўца
Нават не глянуў – вядома ж: праз лапкі не ўбачыў.
       Дзіву даваліся ўсе, як пярэпалах часам
Б’е напавал малайца з галубінай душою.
       Хтось прыгадаў, што вачыма адны васіліскі
Могуць забіць, але гурт юнакоў запярэчыў:
       «Як жа адны? А вось гэты стралец пры мушкеце
Позіркам зубра забіты, і нават здалёку!»
       Усе пагаджаліся: смерць наступіла ад страху.
Эх, маладосць! Хоць бы хто ці ўздыхнуў, ці паплакаў.
       Дзе там, пакпілі з нябожчыка – мамчын прысосак!
Сам я быў сведкам пры выпадку, нават і помню
       Надпіс магільны на крыжыку з белай бярозы:
«Тут упакоіўся ў бозе раб божы Лаўрын, з местачковых,
       Страхам забіты, знянацку сустрэўшыся з зубрам».
Дзіўнага шмат выпадала пабачыць мне ў лесе,
       Большага ж дзіва, чым тое, калі звар’яцела
Зубр на ахвяру нясецца з падскокам, не бачыў.
       Кроў ледзянее, як глянеш, якая ў ім ярасць!
Лоўчы злаўчыцца, адскочыць, схінецца за дрэва –
       Міма прамчыць апантаны, агледзіцца, стане,
Чмыхае пысай храпастай і ў безлічы пахаў
       Нюхам уловіць дыханне і пах чалавека.
Што чалавек? Усё, што прыкметы жывога
       Мае ў сабе і няхай хоць чым-небудзь праявіць,
Зараз жа стопча, збадзе, разарве на кавалкі.
       Страшная прагнасць у звера адпомсціць, сквітацца
З ворагам сілай сваёй і за кроў, і за раны.
       Што яму значыць дагнаць у спружыністым бегу:
Ты хоць вылузвайся з шкуры, а чуеш – насядзе.
       Вось і насеў, і штуршком галавы – пад азадак.
Толькі і згледзіш – мільгнуліся ногі ў паветры;
       Стогне, чуваць, чалавек, недабіты з разгону.
Там тваё ўсё – аказацца ў нявыкрутцы гэткай:
       Літасць яму не ўласціва, і ён не пакіне
Ні седака, ні каня недабітымі ў лесе.
       Зваліць пад ногі, растопча, прапора рагамі
Так, што пасля не пазнаеш, дзе цела, дзе туша,
       Нават з адных успамінаў заходзіцца сэрца.
Бачыш: уздыбіўся конь растрыбушаны; тут жа
       Коннік на стрэмі завіснуў, запырсканы кроўю.
Звер налятае скачкамі, збівае абодвух,
       Месіць рагамі, аж чвякае нешта, і косці
Аж хрупасцяць, і аж бурбаліць кроў з-пад шарону.
       Люты бясконца, няхай на бярлогу мядзведзя
Недзе нарвецца альбо запрымеціць на лежцы
       Дзіка-разца – забадзе і ў шматкі расцягае.
Мы неаднойчы ў лясным гушчары сустракалі
       Трупы капытных – дакладней, не трупы, а кучы
Шкуры ды мяса – ахвяры ягонай расправы,
       Тыя, хто бачыў, засведчаць: няхай ён, лабаты,
Бухне ў аленя ці лань, падбрыкнуўшы, з разгону –
       Усё адбівае ўнутры – і вантробы, і сэрца.
Цяжка такое ўявіць, хто ніколі не бачыў
       Месца пабоішча ў пушчы. На лапінах моху
Мокрае месіва: кроў, неастылыя рэшткі
       Беднай казулі ці лося. Вось з карканнем, граем
Зараз зляцяцца сюды каршуны і сарокі,
       Гаман узняўшы, павыклююць вочы і счысцяць
З дрэў і з падлеску шмаццё разарванага звера.
       Помніцца неверагодны выпадак: аднойчы
Так бадануў рысака, што ўсе шлункі – на дрэва,
       Егер жа, сілай удару падкінуты ўгору,
Дзесь на бярозе завіснуў уніз галавою.
       Жахаў усіх не прыпомніш. Ну хоць бы і гэты:
Дзесь падчапіўшы каня з седаком у дуброве,
       Так шыбануў, што сядак апынуўся ў абдымках
Дуба галлістага; там і знайшоў паратунак.
       Прыкладаў, мабыць, і досыць. Бываламу ў пушчах
Часта здаралася ўсё гэта бачыць самому.
       Лішак жа прыкладаў, як і залішняе слова,
Толькі зніжае давер да праўдзівасці факта.
       Хто яго ярасць не бачыў, такі і не ўявіць,
Як ён нарожыць, і валіць, і прэ наўздагонку,
       Быццам дзевяты той вал у бушуючым моры.
Далеч, здаецца, дрыжыць, як рыкне на ўсю сілу.
       Яры, бязлітасны, смелы, ён, мабыць, часамі
Ўсё ж адчувае, што помстай не вымесціць злосці:
       Раптам на момант унурыцца мордай тупою,
Цяжка ўздыхаючы. Пэўна, ад зморы ці, можа,
       Нават шкадуе, што мала крыві чалавечай
Выпусціў рогам адным і другім, і як быццам
       Лічыць па кроплях, што капаюць з пысы на гурбы.
Ваш самавучка-мастак непісьменна, напэўна,
       Мажа карціну смяротнага бою. Мастацтва,
Мабыць, і ўмоўнасць, і ў пэўнай ступені натура.
       Звер у бяспамяцтве – гэта парывісты вецер,
Ён жа ў нападзе – страшэнны ўраган, і ратунку
       Лодцы жыццёвай не будзе, калі наляціць ён.
Снег на вачах счырванее на месцы забойства.
       Недзе на голлі ці на пруцці ляшчыны
Збоем крывавым павіснуць астанкі ахвяры.
       З’явяцца зараз жа птушак драпежных чароды,
Як прыжывалаў пры лютым рагатым кармільцы.
       Ён жа, зласлівец, пакіне на момант забітых,
Кінецца ўбок, пастаіць і спахопіцца раптам:
       Як жа там вораг, а можа, яшчэ не дабіты?
Зноў падбяжыць і падчэпіць, прапора, падкіне,
       Месіць нагамі, трыбушыць рагамі – не можа
Помсты ніяк наталіць, ненасытны забойца.
       Конныя ўроссып пусціліся. Бачыш, як змейка
Выгібам справа і злева бярэ яго ў клешчы.
       Крыкі, галёканне; ржанне трывожнае коней –
Зараз, назад павярнуўшыся, прыме атаку
       Ў лоб, і тады – сцеражыся! Не збочыш за дрэва –
Станеш ахвярай. Хоць кожны і смелы, і спрытны,
       А не пашчасціць – загіне і дужы, і мужны.
Гнацца з гайнёю на шпаркім кані па раўніне
       Следам за воўкам ці лісам – не тое, што ў пушчы
Гнацца за зверам, дзе ўсякае трапіцца можа:
       Недзе калода гнілая, звярыныя норы,
Там буралом або пні, што прыкіданы снегам,
       Тут балаціна замёрзлая – не азірнешся,
Як цераз грыву буланага рынешся потырч.
       Лапкі яловыя, скажам, ці сучча сухое –
Яўныя пасткі, а звалішся – болей не ўстанеш:
       Зубр не маруда – наскочыць, прапора рагамі,
Недзе ў аберучкі дубу астанкі рагамі закіне.
       Цудам, здаецца, схінуўся яздок ад удару –
Міма пранеслася бурая маса з сапеннем.
       Раптам круты паварот і скачок вокамгненны –
Быў чалавек і не войкнуў – няма чалавека.
       О, калі б мне тут, адкінуўшы дробязь дэталяў,
Толькі галоўнае ўспомніць аб гэтым страшыдле,
       Цяжка прадбачыць, дзе б кропку знайшла мнагаслоўнасць
I да памераў якіх разбылася б паэма!
       Досыць таго, што расказана, каб меркаванні
Збегліся ў вывад: забойная гэта забава –
       Проста шалёная прыхамаць князя-вар’ята,
I не адмые нявіннай крыві венцаносец
       З лаўраў сваіх паляўнічых і ратнае славы.

Выдумка гэта карэннем сваім пранікае
       Ў княжанне Вітаўта ў годы найвысшага ўздыму
Княства Вялікалітоўскага. З мэтай падтрымкі
       Боегатоўнасці будучых рэкрутаў з вёсак
Князь і загадваў ствараць у сваіх уладаннях
       Лагер ваенны пры кожным паселішчы ў пушчах,
Дзе рыхтаваў свае раці да бітваў наступных.
       Ён паміж войнамі ў шапку не спаў і дружыны
Ў дзікіх аблавах на звера прывучваў змагацца
       Так, як і ў бітвах з татарамі, і гартаваў іх
Сілу і дух у нягодах няспынных паходаў.
       Ён, двуадзіны ў асобе вялікага князя –
Факельшчык войнаў са слабым, а з дужым анёл-міратворац –
       Ставіў аголены меч свой, як слуп пагранічны,
Перад нашэсцямі ворагаў з поўдня і ўсходу.
       Нават татарын, пакорліва ўнурыўшы голаў,
Лук свой зламаны яму аддаваў і тлумачыў,
       Што, спаганяўшы ясак каля вотчын літоўскіх,
Сам станавіўся пачварнай здабычай ліцвінаў.
       Быў літасцівы да тых уладарцаў, якіх ён
Ставіў на княства па выбары ўласным і нават
       Грознай ардзе мог прыцыкнуць: знай меру, татарын!
Як знакаміты багаццем і сілай Масковіі землі.
       Усё ж і яны прымірэння прасілі з ліцвінам.
Турак з Таўрыды заўсёды цюкі падарункаў
       Вітаўту слаў, прыхаваўшы свой клопат таемны:
Як бы задобрыць, улесціць і гнеў не наклікаць
       На галаву сваю з боку Літоўскай дзяржавы.
Тры каршуны, што наводзілі жах на паўсвету,
       Як пылюкі, перад ім нават ціўкнуць не смелі.

Доблесць такая сталела ў лясах і па вёсках.
       Славы сястру, яе песцілі ў годы княжэння
Грознага Вітаўта ўсюды на землях дзяржавы.
       Кожны дзядзінец пры замках, груды між балотаў –
Гэта пляцы і пляцы для вайсковых заняткаў.
       Мірны перыяд між войнамі быў перадышкай,
Каб адпачыць, падвучыцца і, страты пакрыўшы,
       Рушыць у новы паход. На такіх табарышчах
Толькі і чуеш, як стрэлы спяваюць, а лукі
       Суха на згібах скрыпяць, нібы хваляцца ўголас:
Бачыш, якія нястомныя рукі, якая ў іх сіла!
       Выган пры вёсцы, і там ад відна да сутоння
Носяцца коннікі з гіканнем цугам па кругу,
       Шабляй і стрэламі цэляць у вешкі. Часамі
Хтосьці падкіне свой зношаны брыль ці кучомку –
       Некалькі стрэл упіваецца ў шапку на ўзлёце.
Падае ўніз, і – пад ахі і рогат прысутных –
       Борзды наезнік падловіць падранка на піку.
Трапны стралок, а такіх дзецюкоў было безліч,
       Змеціўшы ключ жураўліны пад воблакам дзесьці,
Зложыцца з лука, спакойна прыцэліцца, зрэжа
       Роўна крыло ў важака, не крануўшы стралою
Нават і пёрка на целе – такая дакладнасць!
       Птушку – няхай на вадзе, ці на дрэве, ці ў небе
Цэллю лічылі сапраўднай, і ўсе здабывалі
       Гэту дзічыну ў балотах, барах, на азёрах.
Многія неслі здабычу магутнаму князю
       Проста як дзякла (тады яшчэ чыншу не зналі).
Жыць па старым запавеце: «Не ўкрадзеш у пушчы
       Грэх не адпушчан», – лічылі ў народзе за гонар.
З першай парошкай гурты паляўнічых і лоўчых
       З княжыцкіх вотчын у лес шыбавалі на ловы.
Звера ўздымалі цюгаканнем, свістам і гамам,
       Гналі загонам пад стрэлы, мушкеты і дзіды.
Дзіка давесці па следу, мядзведзя бярлогу
       Высачыць храбра – будзённая, звычная справа.
Што ў ёй такога? Падымецца раптам мурашнік,
       Гурбу звярнуўшы наўзбокі, і ўздымецца дуба
Буры смактун, зараве, і зацыкаюць стрэлы.
       Кінуцца нат не паспее, як нехта ражнішча
Проста ў пахвіну наставіць – і грузная туша,
       Бачыш, асела. Цяпер між вушэй – булавою,
Вось і гатоў. А бывалі яшчэ і другія
       Слаўныя забаўкі – конныя гонкі, напрыклад.
Князь паважаў іх, як школу для мужных і смелых.
       Цэль вызначалі за сотняю стадый, і кожны
Ўдзельнік саперніцтва рваўся на сівым мустангу
       Першым адолець дыстанцыю. Цэлыя вёскі
Гналіся ў скачках, бо лепшы праявіцца ў масе.
       Вось па чарзе табунамі галопам узялі,
Лётам лятуць – толькі тупат ды грывы па ветры.
       Чуйны скакун гаспадарскі намёк разумее
З першага знаку, і бачыш, як ён вокамгненна
       Спіну падставіў. Ты вокам зміргнуць не паспееш –
Скочыў сусед на суседа: змяніліся коньмі.
       Толькі і згледзіш, як стрэл апярэнні з калчанаў
Накрыж жахнуліся; коннікі ж з гіканнем зніклі.
       Гонкі такія наладжвалі ў цёмныя ночы
Гуртам, каб мужны ахвоты паддаў баязліўцу,
       А баязлівец, не бачачы страху, раўняўся.
Усім пераможцам давалі прызы, а з няўдалых
       Кпілі гуртом і падносілі браціну з рэдзькі.
Многа цяжэйшай была закладная, хто першы
       Ўброд на кані пераедзе раку без абходу
Плыні падводнай, віроў і трыснёгаў на тонях.
       Ветраным днём, калі ў повень вялікія воды
Хвалямі коцяць на бераг, з’язджаліся к рэкам
       Коннікі з вёсак вакольных, ушчунуць стыхію.
Звычаем конных было: і калчаны, і лук свой
       Звязваць у вузел з адзеннем, каб, недзе на грыве
Сіўкі свайго ці буланага добра ўмасціўшы,
       Самы быстрак пераплыць і сухімі даставіць.
Боская воля! Нібы на Вадохрышчы колісь
       Рынулі з берага голыя людзі на конях.
Бачыш – плывуць, пахаваўшыся ў плыні па шыі,
       Толькі чутно, як пафыркваюць коні, а хлопцы
Боўтаюць нараўні з коньмі. Угледзішся – праўда:
       Правай рукой учапіліся ў грыву, а левай
Горнуць, грабуць пад сябе белагрывыя хвалі.
       Плёсу ж канца не відно, і з паўмілі да мелі.
Гэтым таксама былі ўзнагароды, і першы
       Першую дачу асушваў са срэбнага кубка,
Кубак жа браў на ўспамін. Не міналі нікога.
       Зведаўшы смакі нягод на зямлі і на водах,
Воін брадоў і мастоў не шукаў, а звычайна
       З ходу пускаўся з канём у раку, беражліва
Зброю трымаючы ў вузле, гатовы да бою.
       Войны прадбачачы ўслед за малой перадышкай,
Князь рыхтаваў да вайны сваё войска і княства.
       Мудрая справа – у часе самой падрыхтоўкі
Вытравіць боязь і страх са свядомасці вояў
       I прывучыць іх зараней да ўсякай нягоды.
Сам гартаваны, як меч на кавалдзе паходнай,
       Вітаўт і знаць не хацеў сабе большга шчасця,
Чым гартаваныя ў бітвах бясстрашныя раці.
       Доблесць пры ім афіцыйна лічылася першай
Якасцю воіна, і на вайсковых аглядах
       Ён, як аптэкар на вагах, узважваў, хто лепшы,
Лепшаму там жа за доблесць і дзякаваў шчодра.
       Ох, не любіў баязліўцаў і пестаў з магнатаў!
Будзь ты магнатам, але калі дрэйфіш у справе,
       Лёс незайздросны ў такога – пагарда дружыны.
Строга і крута судзіў, і прытым – справядліва.
       Сам справядлівы ва ўсім, ён па гэтай жа мерцы
Кожнаму мераў і нейкім сваім адчуваннем
       Мог здагадацца адразу, дзе праўда, дзе крыўда.
Хлус перад ім не аднекваўся доўга: збялеўшы,
       Змяк, затрымцеў, як асінавы ліст, і прызнаўся.
Сам і прысуд вінаватым выносіў, а тыя,
       Цяжкасць віны ўсведамляючы, з ціхай пакорай
Самі прыспешвалі час непазбежнае смерці.
       Ведалі добра: на літасць дарэмна разлічваць.
Круцікі-муцікі ў сведчаннях і крывадушнасць
       Болей за ўсё не любіў і, як сведчаць паданні,
Клятваадступнікаў-сведак судзіў, як забойцаў.
       Кат распраўляўся з такімі, і ўсё ў навучанне
Чорнаму люду: вучыцеся, як небяспечна
       Княжы абходзіць закон і вярхоўную ўладу!
Позіркам жорсткім, што гляне – аж зробіцца млосна,
       Ён, як вядзьмак, абяззбройваў усіх ашуканцаў:
«Хлусіш!» – і хлус прызнаваўся, што сведчыць ілжыва.
       Кара была неадкладнай, чакала пры замку:
Іх, закруціўшы ў звярыную шкуру, спіхалі
       З вала на пляц сабакарні, дзе псы-ваўкадавы
Клычылі ў шмацце асуджаных – ведама ж, псярня.
       Так жа бязлітасна, строга караў ён і суддзяў
Княжацкіх вотчын за подкупы, хабар, ліхвярства.
       Выпадак быў, ды не ведаю дзе. Спакусіўся
Нейкі суддзя на багаты дарунак, і справу
       Выйграў адказчык насуперак княскаму ўказу.
Скарга да князя дайшла; вінаваты прызнаўся.
       Кат перабіў яму рукі і ногі, а потым –
Зноў жа ў навуку другім! – і суддзю пры народзе,
       К конскім хвастам прывязаўшы, пусцілі на волю.
Прагнасць нажыцца над шыльдаю варты закона,
       Сквапнасць – загрэбці кавалак у бліжняга з рота –
Ён тыранічнымі сродкамі так пратараніў,
       Што на вякі нават завад іх вывеўся ў княстве.
Кім бы і чым бы ні быў ён пры іншых заслугах,
       Нават за гэта адно я пяю яму славу.
Густа ён справамі век насяліў свой, і водгук
       Спраў тых вячыстых патрапіў і ў гэтую песню.

Клопат аратага быў і астаўся аддаўна –
       Сошка ды ніва, а сэрца яго і адвагу
Князь гартаваў на аблавах, у высачках звера.
       Звер здабываўся па-рознаму; лепшай здабычай
Тую лічылі, якую жыўцом дастаўлялі –
       Поцягам ці на плячах – на дзядзінец у лагер.
Высач, злаві, прывядзі, не скалечыўшы, зубра –
       Гэта ўжо мужнасць, і доблесць, і нават геройства!
Ну і, вядома, была ўзнагарода адважным,
       А з маладушных маглі і спагнаць, безумоўна.
Варта адзначыць, што ўсе земляробы ахвотна
       Тое рабілі, што вёскам ад імені князя
Ставіў цівун у павіннасць, – рабілі без страху.
       Нават і звера жыўцом валаклі да палаца
Князю ў дарунак. Хоць сам я, прызнацца, не веру,
       Людзі ж старыя сцвярджаюць: «Бывала – і часта».
Вось што аб здатнасці нашай да выдумак розных
       Тут без сумнення скажу вам па прыказцы нашай:
Хіцер на выдумкі Зміцер – мастак самавіты!
       Хоць бы і тая збудова пад назваю «сценка».
Вам у навінку такое, і я падрабязна
       Ўсё апішу. Уявіце, што зрублены ў лесе
Клін велізарны з бярвення-калодаў яловых;
       З фронту – шырокія клешчы, далей паступова
Звужаны, быццам прагон, і прарэзы па сценах –
       Вокны-пазы для завалак з цясовага брусу,
Дбала прыкрытыя свежымі лапкамі, голлем.
       (Трэба, каб звер не спасціг ні падману, ні пасткі.)
Вось падышоў ён да кліна. Цікавасць забрала:
       Што за прагон тут? Абнюхаў, ступіў, азірнуўся.
Раптам наперадзе штось мільганула ў чырвоным.
       (Гэта лавец-завадар у барвовай накідцы
Выбег знарок з-пад укрыцця, каб звера раз’ятрыць.
       Зубр, як вядома, ніякай прыстрашкі не любіць.)
Ах, у чырвоным, ды шчэ і бліскучаю шабляй
       Грозна размахвае! Звер гэта бачыць, і ўмомант
Вочы крывёй наліліся, ён з месца падскокам
       Рушыў за лоўчым, а той як растаў, бо па сценах
Зроблены спуды – у іх і схаваўся адважны.
       Бык жа тым часам, прабегшы прагон, апынуўся
Ў пастцы, бо ззаду і спераду завалкі ўмомант
       Шлях адступлення адрэзалі – стой і здавайся!
Зараз жа – дзе толькі браліся! – лоўчыя ў пастку,
       Зверху пятлю накідаюць: перш-наперш – на повад.
Путы на ногі, каб, голаў прыгнуўшы, стрыножыць.
       Крэпяць абапал вяроўкі, а заднія ногі
Вяжуць з пярэднімі, каб не брыкаўся, не скочыў.
       Сілаю зброі вялікага гурту не ўзяты,
Тут ён здрадлівасцю лёсу прададзены. Злоўлен!
       Ну, закілзалі нарэшце і ў пысу прадзелі
Колца стальное, за колца – шматжыльны пастронак –
       Можна і весці пад гулкія воклічы: «Ўзялі!» –
Цягнуць здабычу з прагону. Палонны асілак,
       Пену пускаючы з пашчы – аж бурбаляць храпы, –
Пнецца назад, але ўсё-такі крочыць наперад.
       Жахам ахоплены, ярасць у позірку – як жа
Вольніцу пушчы змяняць на людскія астрогі?
       Лесам вядуць, цераз ляды, па вуліцах вёсак,
Дзе праз шпалеры цікаўных зусім не героем
       Мусіць палонны прайсці, і, нарэшце, – у лагер.
Тут, развязаўшы вяроўкі, з пастронкам у пысе
       Ў чыстае поле пускаюць – бяжы, спатыкайся
I паслужы ездакам бегавою мішэнню.
       А ездакі з кавалерыі княскай тым часам,
Лукі і коп’і прыўзняўшы, чакаюць атакі.
       Гучна ражок затрубіў – і пайшла адшліфоўка
Трапнай стральбы і бяспромашных закідаў коп’яў.
       З вуснаў у вусны даходзяць легенды, што кожны
Коннік стралу сваю значыў асобнай зарубкай,
       Як і капейшчык – дзяржанне кап’я або дзіды.
Звера ж таксама пярэсцілі, як рабаціннем,
       Так што капейшчык ці лучнік, пацэліўшы ў кропку,
Мог апазнаць свой удар па зарубцы на зброі
       I атрымаць, адпаведна, сваю ўзнагароду.
Самай высокай адзнакай таго адзначалі,
       Хто, шыбануўшы кап’ё або дроцік, смяротна
Раніў жывёліну. Драпін у бойцы не лічаць.

       Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы
Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,
       I называюць той век залатым. Разбяромся:
Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай
       Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца
Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна
       Ставіў багацце духоўнае – злата дзяржавы.
Ён быў набожны і першы з народамі княства
       Сам ахрысціўся, прызнаўшы, што з верай паганскай
Повязі ўсе парывае, а ідалаў веры
       Ён загадаў пазбіраць і панішчыць, і цэрквы
Богу адзінаму скрозь будаваў, і надзелы
       Служкам духоўным адвальваў з угоддзяў не скупа.
Славу і ўхвалу вялікаму князю аддаў я
       Поўнаю мерай, хаця і зусім не сумысля
Ратныя справы яго абышоў. Адчуваю:
       Гледзячы доўга назад, я паглыбіўся ў нетры
Даўняе даўнасці, збіўся з напрамку, а трэба ж
       Брацца па сцежцы на поўнач, да свойскага лесу,
Ды і пара б мне дапець сваю песню пра зубра.
       Ёсць паляўнічая прымаўка ў нашым народзе:
«Звера яшчэ не забіў, а набіліцы збіў», – прабачайце
       Гэтую вольнасць. Дык вернемся зноў на аблаву.

Крыкам напуджаны, доўгай пагоняй загнаны,
       Звер абнямог канчаткова. I ярасць не тая,
I не ранейшы запал. Адчувае як быццам –
       Хутка канец. Прабягаюць па скуры раз-пораз
Дрыжыкі зябкія, дыхае з хрыпам, і пара
       Верне клубамі – відаць, што стамілася сэрца.
Мерыцца скочыць – не можа: не слухаюць ногі.
       Вяла брыдзе, галаву апусціўшы, і целам
Ледзьве валодае – так аслабеў, што, здаецца,
       Ступіць – і рынецца потырч, дыхне – і сканае.
Злосць аж іскрылася з позірку, зараз, як плёнкай,
       Вочы сцінае; усё ўжо ўнутры адгарэла.
Верхнікі – з сёдлаў; загоншчыкі коней адводзяць.
       Вось па даўнейшаму звычаю два маладзёны
Поступам смелым да звера бліжэй падступаюць;
       Выняты з ножнаў клінкі, каб ударамі ў сэрца
Справа і злева на дол абваліць недабітка.
       Дражняць, клінкамі махаючы: ну, нападай жа!
Бліскае сталь, ад узмахаў аж свішча паветра.
       Звер абыякавы. Раптам, сабраўшы ўсю рэшту
Моцы былой, страпянуўся і рынуў на хлопца.
       Той адступіўся за дрэва. А зубр павярнуўся,
Згледзеў крыўдзіцеля, цела спружыніў і скочыў.
       Глуха зароў, гваздануўшы рагамі ў асіну.
Толькі шчапа ды сукі затрашчалі, а дрэва
       Ўсё скаланулася, быццам маланка скасіла.
Пільна сачы, маладзён, за намерам асілка:
       Друзлае дрэва ў сутычцы такой – не затулак!
Помніцца, раз на аблаве юнак-паляўнічы,
       Дужы і храбры, вось так жа ў паветры ўзмахнуўшы,
Выпусціў шаблю; бычына ўжо цэліўся ўдарыць
       Хлопцу ў жывот, але той захінуўся за хвою.
Хто б не знямеў ад спужання такога? На шчасце,
       Лёс злітаваўся з хлапца, і дала паратунак
Крона сасны расахатай. На ёй, аблавухай,
       З самых зазімкаў залежаўся снег сшарашэлы,
Зверху прысыпаны свежаю пульхнай парошай.
       Зубр як ударыў рагамі – затрэслася хвоя,
Пругкія лапкі абвіслі, і белая навісь
       Шуснула зверху на дол, як туману заслона.
Хлопца на момант як быццам не стала. I раптам –
       Дзе толькі браліся спрытнасць яго і рухавасць! –
Шмыгнуў наўцёкі за дрэвы праз муць снегавую.
       Што пачалося! Усе з бегуна рагаталі,
Быццам ад злыбеды нельга шукаць паратунку,
       Сорамна смерць абхітрыць, ці, нібыта ў сутычцы,
Мэта якой: што б ні стала здабыць перамогу! –
       Як на арэне, сыходзяцца роўныя сілы.
Зубр неўтаймоўны, ён зноў ірвануўся ў атаку,
       Бухнуў у ствол і рагамі абняў, як аберуч,
Тоўсты камель. Перастарка-сасна не здалася:
       Цвёрды падзол утрымаў карані. А, крый Божа,
Гэтак бы гахнуў пад дых баравой меднаствольнай –
       Трэснула б толькі, і вывараць хлопца накрыла б.
Буры наскокі такой хоць бы што, не здалеюць,
       Ён жа наскочыць, упрэцца – з карэннем абваліць!

Гэты ж, глядзіце, упёрся ў старую асіну,
       Б'е, як абухам, – аж трэскі ляцяць з-пад удараў.
Слепне ад злосці шалёнай, яму ўжо ўсё роўна –
       Дрэва калечыць ці лоўчага. Варам віруюць
Пара і снег, і абодвух за імі не бачна.
       Ярасць зуброў і ў шаленстве не роўная; часта
Вострага зроку і ранены ў помсце не траціць.
       Мабыць, у памяці многім нядаўні выпадак –
Зноў-такі ў нашых лясах – з каралём Аляксандрам.
       Тое няшчасце, калі б не Усявышняга літасць,
У горкіх слязах утапіла б усё каралеўства.
       Двор выязджаў на аблаву, і ў пушчы зараней
Рубшчыкі ўсё як належыць зрабілі: на палях –
       Тоўстых апорах – памост збудавалі ў тры сажні,
Лесвіца збоку, чатыры падпоры, як трэба.
       «Так што пакорліва просім вас, ваша вялікасць,
Там і сядайце, глядзіце, як пойдзе аблава».
       Першаю села ў кампаніі фрэйлін і знаці
Ў строях сваіх аксамітных сама каралева.
       Побач з памостам на доле, на сейміку шумным
Панства сышлося, а воддаль, як быццам на шпацыр,
       Моладзь сабралася. Пеўнікі тыя згаралі
Ад нецярплівасці спрыт праявіць і геройства.
       Блазан-амур, неразумны бажок заляцання,
Віўся на крылах між дрэваў і з лука раз-пораз
       Пырскаў стралой у дзявочыя сэрцы. Паслухай
Ты, матылёк бесклапотны: сваволь, забаўляйся
       Дзе сабе хочаш, ды толькі не тут, дураслівец!
Пушча – не сад і альтанка. У ёй закаханы
       Мілы юнак, што не ведае нораваў звера,
Толькі з жадання каханай прыйсціся пад нораў
       Зробіць свой рыцарскі выбрык і тут жа загіне,
Усё праз цябе ці праз тую абранніцу сэрца!
       Чутна – звяры тупацяць. Прамільгнулі сабакі:
Гоняць зуброў. Анямела, гірыўзняўшыся з месца,
       Світа вяльможная ўнізе і там на памосце.
Сонечны дзень быў. Пярэстасць багатых убораў
       Аж зіхацела ў праменні, барвовыя сукні
З вышыўкай срэбрам і золатам проста сляпілі.
       Выскачыў першым важак. Натапырыўся, раптам
Аж скалануўся, убачыўшы яркую чырвань.
       Голаў панурыў, працяў спадылба узвышэнне –
Ахнуў памост і закрыўся рукамі ад жаху.
       Я не сказаў бы, што сцэнай такой любавацца
Нам, хто не ўладны над злосцю жывёльнай, прыемна.
       Крык заганятых усё набліжаўся, і гэта
Звера прымусіла бегчы, бо побач дубровай
       Наўскач ляцелі чароды зубрыц і аблеткаў
Проста на лоўчых, але па такіх не стралялі.
       З рыкам, нібы ашалелы, узбег на паляну
Зубр велізарны, скрываўлены. З раны на шыю
       Пырскала кроў – у загрыўку трымаліся коп’і.
Ён іх страсаў і, закінуўшы голаў, угледзеў
       Баль-маскарад на памосце. Суняўся і чмыхнуў,
Злосна ўтаропіўся, быццам ён там выпадкова
       Ўбачыў знаёмыя твары і сіліўся ўспомніць,
Дзе сустракаў іх. Дзень добры, шаноўнае панства!
       Смерцю маёй пацяшацца сышліся? Чакайце ж,
Я пакажу вам забойства – вякі не забудуць!
       З храпам набраўшы паветра, разявіўшы пашчу,
Рыкам усіх аглушыў, скалануў наваколле.
       (Рык важака для зубрынага статка – трывога.)
Значыць, сваіх папярэдзіў; цяпер – за расправу.
       З месца сарваўся падскокам. З разгону рагамі
Грымнуў у палю памоста – і збіў з падваліны.
       Зверху – прарэзлівы лямант. Памост пахіснуўся,
Трэснуў і цудам не ўпаў без чацвёртай апоры.
       Бог барані, калі б ён і другі раз ударыў.
Збіў бы памост, і якою б умыўся крывёю
       Дол той пушчанскі і рогі крутыя забойцы –
Сэрца заходзіцца, дрыжыкі б’юць уяўленне!
       Што гаварыць, замясіў бы пірог каралеўству
З княства й Кароны сваёю мясістаю мордай.

       Вернемся ўсё ж на рысталішча ў лес. Паглядзіце:
Звер як стаяў, так стаіць асавела, раз-пораз
       Ліжучы раны. Здаецца, шаленства ўляглося.
Ярасць жа ў позірку шчэ не пагасла. Ён грозны:
       Хвошча хвастом, ажно свіст у паветры, а з пашчы
Вісне язык павілясты, як цела гадзюкі;
       З ноздраў вільготных клубамі папыхвае пара.
(Холад для дужага, мабыць, быў колісь лякарствам,
       Зараз мароз для аслаблага – гэта пагібель:
Кроў усё льецца, з крывёю ж сцякае і сіла.)
       Ходырам дрыжыкі ходзяць, бакі паўпадалі,
Дыхае, стогнучы, булькае зраненым горлам,
       Быццам там лютасць брадзіла і ломіцца выйсці.
Пот абварыў усяго, і калі прыглядзецца –
       Рухі не тыя ўжо, сэнсу не маецца ў рухах.
Грывы касмыль ад уздыху здрыгнуўся ля вока
       Тут жа зубамі рване яго, выкіне з пашчы;
Лясне нагою пад бруха, бы гіз адганяе;
       Жоўты лісток на дубку затрымцеў – апраметна
Рынуў на дрэўца, зламаў і знявечыў падлеска;
       Цень мільгануў па сумётах: сарока ці сойка
З сука на сук праляцела – бадае ў сумёты,
       Чмыхае мордай у снезе. Агонія блізка.
Безліч выпадкаў, прыгод і жывых успамінаў
       Хваляй нахлынуць, палоняць душу – і здаецца:
Зноў ты вярнуўся ў той край, дзе пачатак пачаткаў
       Сэнсу жыцця і пачуцця святога – радзіма.
Я адчуваю: бракуе мне, мабыць, майстэрства
       Ў складзе і ладзе паэмы: сяку яе часта
Жычкай – закладкай з разваг ды і з хронікі нашай,
       Быццам гуляю ў адклад і староннім шматслоўем
Зубы сваім чытачам назнарок замаўляю.
       Выбачце і не сярдуйце: развязка ўжо блізка.

Лоўчы схаваўся за елкай, а зубр не спускае
       З вока яліну. Падскочыў да дрэва. Абодва –
Звер з паляўнічым – адзін на адзін. Сцеражыся,
       Смелы дзяціна! Жыццём за памылку заплаціш:
Выткнешся бокам з-за дрэва – падыме на рогі.
       Круцяцца, быццам у скоках, капыты і чобат,
Дама ж – дзябёлая елка – стаіць, як княгіня.
       Меціць юнак-фехтавальшчык парнуць пад лапатку.
Звер языком, нібы шчупальцам, ловіць за рукі.
       Я ўжо казаў, што язык у зубра – як гадзюка:
Доўгі, рухавы, і хай толькі кончыкам счэпіць,
       Звяжа, як вузлам, падцягне і кончыць рагамі.
Бачачы шчупалец – гэту падступную змейку,
       Лоўчы таксама не дурань – мяняе прыёмы:
Коле кароткім ударам, з падскоку на выпад.
       Тут у імклівасці ўдару клінок апярэдзіць
Нават стралу быстралётную – як бліскавіца!
       «Э, – заўважае юнак, – на цябе, языкасты,
Немач находзіць, хістанка ў нагах пачалася.
       Ты і размяк, і абслініўся. Дзе твая статнасць?!»
Толькі падумаў, а звер страпянуўся – і ў наступ.
       Лоўчы за дрэва – і чуе, як быццам з парыльні
Парай дыхнула і штось застагнала за дрэвам.
       Момант! Клінок мільгануў і адскочыў – пацэліў.
Вось ён, удар сакрушальны! Схіснуўся і пысай
       Тыцнуўся ў снег і прыкленчыў, нібы пакланіўся
Шумнай дуброве: «Даруй, мая родная, ўсё мне».
       Недзе сябры зараўлі, пракацілася рэха –
Нават і ў пушчы свой звычай, свой звон памінальны.
       Галас падняўся – патрэбен удар міласэрны.
Тут жа, як бачыш, з’явіліся тыя ж малойцы,
       Вынялі шаблі і ўмелым ударам пад сэрца
Усё завяршаюць і тым набліжаюць развязку.

       Трубяць у рог. Пераможца сярод пабрацімаў.
Жарты, абдымкі. А звер на бялюткай пасцелі
       Вотчыны роднай прылёг і нібы спачывае.
Нетры лясныя стаілі ў сваёй таямніцы
       Шчэ аднаго, што паранілі, – можа, і сына
Гэтага волата. Хай выжывае, не буду
       Гнацца ў пагоні за раненым. Час падганяе.
Спынім забойствы! Сумленне, і розум, і гонар
       Уладна загадваюць кніжніку: як са званіцы,
Бі ў сваё звонкае слова, узбройвай народы
       Супраць разбою! Бясконца купае і губіць
Марс збраяносны людзей у крывавых купальнях.
       Свет хрысціянства з яго хрысціянскаю верай
Трэснуў даўно, і расколіна ўглыб пранікае
       Дома і ў войску, хістаюцца веры асновы!
Хто вінаваты? Чыёю злачыннай рукою
       Губяцца сувязі братнія, бурацца храмы?
Вораг знішчае – мы скажам, а трэба ж прызнацца:
       I ад сваіх міжусобіц мы ўсе не дужэем.
Нашы ж мячы падсякаюць і веру Хрыстову.
       Кінуўшы здрадліва ворагам лютым на здзекі
Веру дзядоў і бацькоў, нам адно застаецца:
       Літасці боскай чакаць і прасіць даравання.
Мала надзеі, аднак, што Усявышні прабачыць
       Грэшным у веры, злачынным у справах жыццёвых.
Гонар, сумленне зямных уладарцаў, здаецца,
       Спяць беспрабудна. Усе іх учынкі і справы
Людзям на гора, дзяржаве ж – на шкоду і страты.
       Болей за ўсё непакоіць іх сверб панавання:
Вострыць мячы пастаянна сусед на суседа –
       Ты або я запаную, дваім жа нам цесна.
Братазабойствы, грызня, міжусобныя войны –
       Іхні занятак фізічны і свет іх духоўны.
Б’юцца князі-ваяводы, а стогнуць народы:
       Воіны ж гінуць у тых і другіх у сутычках,
Што ім твой смерд – наша гора і нашы пакуты?
       Ім бы свайго дамагчыся, а ты хоць заліся Ў горкіх слязах.
За мурамі рыданняў не чутна –
       Значыць, гандлюй і крывёю, і лёсам падданых.
Ворагі нашы ўсё бачаць, смяюцца з няшчасных.
       «Пастырам будзь па-над паствай» – гаворыць
Пісанне. Будуць – чакайце! Ваўкамі грызуць сваю паству.
       Вось да чаго давяла непамысная прагнасць
Славы, багацця і ўлады і як ачарсцвілі
       Ўсё іх нутро сябелюбства, раскоша і слава!
Свет абшукайце – ці знойдзецца ў ім заваёўнік,
       Што заваёўваў, і гладзіў рабоў па галоўцы,
I не купаўся ў крыві і слязах зваяваных?
       Турак агнём і мячом вынішчае ўсе нашы пасады,
Паліць мястэчкі і сёлы, руйнуе святыні.
       Горад захопіць гандлёвы, дзе маецца прыстань, –
Крэпасць будуе, нагоніць сваіх басурманаў
       Гвалт і рабункі чыніць, а людзей непакорных
Рэжа пад корань – жанок і дзяцей не шкадуе.
       Што яму значыць клінком мацярынскае лона
Выпусціць разам з маленькім? Усё ж па загаду:
       Сродкі – любыя, а мэта адна – вынішчэнне.
Войска разбіўшы, народ абяззброіўшы ўсюды,
       Ён і не дбае, што голыя рукі адпомсцяць.
Стогне і ў цемрадзі ночы злавеснай народ наш
       Вобмацкам долі шукае. Жахлівыя здзекі
Церпіць пакутнік пад страшным прыгнётам чужынцаў!
       Мы – шчэ натоўп, грамада непісьменная, цемра.
Князь і баяры – усе, каму льга заступіцца,
       Глухі да нас і не горай, чым жорсткі татарын,
Душаць пятлёй галасы абурэння ў народзе.
       Плаха і кат-выканаўца – вось доля любога,
Хто пастаяць за закон і за Бога азваўся.
       Як толькі ён, наш заступнік нябесны, трывае,
Бачачы ўсё гэта? Як у крывавым патопе
       Верных гасподняму слову, набожных, знаходзіць?

Боская Маці, Прачыстая Дзева Марыя,
       Чуеш імя сваё ў песні і бачыш, напэўна,
Як затрымцела ад страху рука вершатворцы?
       Раб твой пакорлівы слёзную гэту малітву
Шле да цябе, баючыся: а можа, не прымеш?
       Можа, маўчаць і цярпець? Я ў душы адчуваю:
Вартая ты не малітвы раба, а харалу
       Цэлага свету зямнога – людзей і стварэнняў, –
I велічання, і славы ты варта таксама.
       Я ж ці знайду і ці вымаўлю вуснамі ўзнёсла
Слова-зваротак, тваю не прынізіўшы годнасць.
       Знаю, што ты міласэрная, добрая маці –
Ты мне даруеш, і тут я з васковаю свечкай
       Перад табою, святой Багародзіцай, кленчу.
Бледны, прыгнечаны ношай грахоў сваіх цяжкіх,
       Вусень-чарвяк падбірае будзённыя словы
Ў гэта маленне і шчэ спадзяецца, што зможа
       Вымаліць краю тваю абарону-спагаду.
О, заступіся за нас! Праз любоў к Чалавеку
       Бацька наш Бог і абраў цябе сам, і паставіў
Першай заступніцай люду, і ты заступіся!
       Як птушаняты ў нягоду пад матчына крылле,
Так пад тваю абарону і мы прыбягаем.
       Хай хто пакрыўдзіць дзіця і малое заплача –
Маці ж прыгорне крывінку сваю і суцешыць.
       Ты – наша маці-заступніца, мы – твае дзеці,
Крыўдзяць, цкуюць нас і ганьбяць – утры нашы слёзы.
       О міласэрная ўцешніца, Дзева Марыя,
Не пакідай нас, прымі гэту скаргу-малітву.
       Кінь свой спагадлівы позірк на нашы палеткі –
Гоні і ляды, што скрозь здратаваны і збіты
       Коньмі татарскімі, коламі іхніх абозаў.
Бачыш, якія бясчынствы дазволены лёсам
       Зброі варожай? Там сёння страшэнныя здзекі
Чыняцца з нас, хрысціян, што адзінае веры
       З сынам тваім, міралюбных і прагнучых міру!
Нашым князям, што ў сваіх міжусобіцах розум
       Нашай крывёй замуцілі, падай на пахмелле
Мысляў і ўчынкаў цвярозасць, вярні раўнавагу
       Мудрых дзяржаўцаў, напомні пра іх абавязкі,
Гэтак злачынна забытыя, – карай напомні!
       Свет вар’яцее, і ўсе міратворцы на словах –
Гэта ваўкі пад ягнячым руном красамоўства.
       Ім без твайго настаўлення, прамудрая дзева,
Думка не прыйдзе, што трэба за розум узяцца.
       Дзе ім убачыць з харомаў, як з хатак вясковых
Гоняць бічамі галоту ў палон на пакуты!
       Стань загародай на бітых шляхах і гасцінцах,
Вартай памежнай між воляй народаў і рабствам.
       Папскі прастол Адрыяна і свет хрысціянства
Заклікам боскім згуртуй, апалчы супраць турак.
       Хай накіруюць па ветры свае каравелы
I перахопяць мячы, што варожасцю ўзняты.
       Хай ён тым дурням, аслепленым злосцю, пакажа,
Дзе небяспека і смерць, і няхай вінаватых
       Так пакарае няўмольнаю ўладай закона,
Каб паслядоўнік, стырна не ўпускаючы ўлады,
       Нашую зброю скрыжоўваў са зброяй варожай
Толькі за праўду, са шчырай адданасцю справе
       Мужа дзяржаўнага вёў каравелу дзяржавы
I праз хаос, і праз штормы жахлівага часу!

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыГаспадар пушчы

Пераказы, дыктантыУ Белавежскай пушчы

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Каго баіцца зубр?

Пераказы, дыктантыЗубрыная сцежка

Пераказы, дыктантыКрэпасць на мяжы