Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Пейзажная лірыка Максіма Танка

   Паэзію Максіма Танка (1912-1995) немагчыма ўявіць без шматлікіх прыродаапісальных твораў. Калі сабраць усе ягоныя паэтычныя пейзажы, пачынаючы ад першага зборніка «На этапах» (1936) да апошняй пасмяротнай кнігі «Errata» (1996), то атрымаецца cвоеасаблівая мастацкая галерэя, якая шматаблічна раскрывае свет беларускай зямлі, даволі шырока знаёміць з малюнкамі і вобразамі прыроды замежных краін.
Лірыка прыроды ў Максіма Танка — з'ява надзвычай універсальная, шматвобразная. Мастак слова апаэтызаваў усе поры года і сутак, вобразы ландшафту, стыхіі і з'явы прыроды, яе ўспрымальныя элементы, беларускую флору і фауну, касмічныя краявіды. Заўважаецца і асаблівая прыхільнасць паэта да пэўных пейзажных вобразаў, улюбёнасць у пэўную пару года і сутак. Звернемся да частотных паказчыкаў. Так, вясновых вершаў у творчасці М. Танка 49. Супаставім гэтую лічбу з колькасцю твораў, прысвечаных паэтам іншым порам года: восень — 42, зіма — 27, лета — 9. Як бачым, пейзажная тэма вясны ў яго паэзіі мае важнае сэнсава-выяўленчае значэнне. З пораў сутак паэт аддае перавагу раніцы. Вобразы вясны, раніцы, усходу сонца ў яго творчасці заходнебеларускага перыяду становяцца сімволіка-алегарычным увасабленнем ідэі нацыянальнага вызвалення, духоўнага адраджэння і свабоды. Вельмі часта яго пейзажны позірк выбірае аб'ектамі жывапісання дарогу і поле, раку і возера, дождж і вецер, лес і сосны, жаўранка і жураўля, сонца і зоркі. Прытым многія з гэтых і іншых вобразаў найперш знітаваны з радзімай Максіма Танка — Пількаўшчынай, краявідамі Нарачы і наднарачанскага ўлоння. Прырода радзімы назаўсёды зачаравала і прыгарнула да сябе паэтава сэрца, а таму і ў жыцці, і ў думках-згадках, і, зразумела, у вершаваных радках дарога нязменна прыводзіла да Нарачы: «А хвалям канца не відаць. // Успомніў я Нарач сваю» («На Жамчужнай рацэ»); «Я, нават будучы глухім, // Між тысяч іншых сосен // Адрозніў бы іх пошум...» («Наднарачанскія сосны»). Прырода, яе малюнкі і вобразы сталі асноватворнай крыніцай паэтычнай свядомасці Максіма Танка. Пейзаж паэта з'яўляецца самакаштоўнай і арыгінальнай мастацкай з'явай, а таксама надзвычай значным духоўным і ідэйным асяродкам ягонага верша.
   Малюнкі прыроды ў Максіма Танка вылучаюцца жывапіснай вобразнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнай яркасцю параўнанняў: «Айсбергі — гэта алмазы Палярнага ззяння...» («Палёт над айсбергамі»). Паэт здолеў стварыць індывідуальна-адметныя, шэдэўральныя выявы беларускай прыроды, і мы можам, напрыклад, гаварыць пра вясну Максіма Танка, восень Максіма Танка, ягоныя зіму і снег, вечар і ноч, поле і жыта, раку і сонца... Колькі індывідуальнай непаўторнасці ў вобразатворчасці паэта: «кудлаты снежань», «плыты ільдзін», «снег свежасшаранелы» (верш «Зіма») і інш. Для Танка-пейзажыста характэрны незвычайная адухоўленасць светаўспрымання, чуйная знітаванасць з жыццём прыроды, яе рытмамі, зменамі яе станаў, фарбаў. Зіма і восень, лес і поле, наогул уся прырода, як і ў фальклоры, існуе на антрапамарфічны лад, яна нясе рысы адушаўлёнасці: мае жывы голас, ходзіць, спявае... Як да жывых істот звяртаецца паэт да вярбы і рабіны, коласа і жыта, зямлі-маці. У вобразе вярбы, якая параўноўваецца з дзяўчынай-красуняй, паўстае перад намі вясна ў вершы «Вясной». Паэт піша з жывапіснай сакавітасцю і разгорнутай дэталізацыяй малюнка, эмацыянальнай захопленасцю пачуцця: «Але покуль касу расчасала Крыгай — грэбенем срэбным І ўпрыгожыла плечы Хусткай — золакам зрэбным...» М. Танк выяўляе зайздросную глыбіню і праніклівасць назіранняў, ён надзіва дакладны і ў той жа час раскаваны ў сваіх зрокавых параўнаннях і асацыяцыях. Пакошаныя травы ў яго ўспрыманні — «шолахі дубравы, вясёлкі, галасы вясны», якія зносяць у копы (верш «Ляжаць пакошаныя травы»), У пейзажах М. Танка ўражвае сіла мастацкай выяўленчасці, незвычайная паэтызацыя, здавалася б, звычайнага ў прыродзе, што набывае для нас, дзякуючы мастаку слова, чароўную дзівоснасць і прывабнасць. Паэт мог знайсці яркія і жывапісныя сродкі і фарбы пісьма.
   У яго мастацкім свеце важкае напаўненне набыла эстэтыка колеру («Колер снегу», «Колер зямлі» і інш.). Прыродаапісальныя выявы нярэдка нясуць у сабе цэлую гаму святлаколеравых абазначэнняў: «Акварэлі разліла вясна на полі: //зелень ніў і пазалоту, бель і сінь» і інш. Эстэтыцы святла і колеру Максім Танк надае важнае значэнне таму, каб узмацніць эмацыянальную і вобразна-выяўленчую глыбіню верша. Бо «святло,— як адзначае замежны даследчык Р. Арнхейм,— гэта адзін з найбольш уражальных вытокаў нашых адчуванняў», таксама і «колер, па сутнасці, выклікае эмацыянальныя адчуванні». У апісаннях прыроды паэт дасягае насычана яркай каларыстыкі, жывапіснай святлаколеравай метафарычнасці пісьма.
   Уласціва Максіму Танку і гіпербалізаванасць у пейзажна-метафарычным светаадлюстраванні, нават кінематаграфічнасць малюнка. Згадайма хаця б наступны вобраз-пейзаж: сосны «аж на заходні бераг Нарачы Уброд пераносяць сонца» («Наднарачанскія сосны»).
   Паэтыку пейзажу Максіма Танка немагчыма ўявіць без унутранай музыкі слова, інтанацыйна-гукавой суладнасці радка. Музычнасць — надзвычай характэрная і вядучая рыса пейзажнага пісьма паэта. Чытаючы танкаўскія прыродаапісальныя вершы, мы адчуем усё хараство музыкі вясны і песні жаўранка, музыкі нарачанскіх сосен і хваляў Нарачы, будзем запалоненыя шолахамі траў, рытмам касавіцы, «канцэртам у сене» — гукамі такіх маленькіх істот, як камар, пчала, асвянка, чмель. «Колькі ў адной копцы свежага сена Музыкі радаснай!» — усклікае паэт у вершы «Канцэрт у сене», стварае тут цэлую сімфонію гукаў. Музычны спосаб гукавядзення ўласцівы і такім пейзажным творам Максіма Танка, як «Люблю твае, Нарач, затокі і тоні...», «Вясна-красна на ўвесь свет», «Ляжаць пакошаныя травы», «Летні дождж» і інш. Мелодыка слова выяўляе стан і настрой душы паэта, прыдае радку рытмічную стройнасць, гарманічнасць і прыгажосць гучання. Максім Танк у сваіх прыродаапісаннях прадэманстраваў бліскучае майстэрства гукавой вобразнасці, выявіў высокія фанетыка-фаналагічныя магчымасці беларускага паэтычнага слова.
Нельга не заўважыць міфалагізаванасць пейзажнага мыслення паэта. «Пейзажныя вершы Максіма Танка, — як адзначае У. Калеснік,— часта засяляюцца таямнічымі і дзіўнымі казачнымі істотамі, чарадзейнымі здарэннямі, як у народных казках». Міфалагізацыя прыдае пейзажу нейкую незвычайную атмасферу першароднасці, адчуванне таямнічасці хараства: «Ціха свішчуць крылы позняй сломкі, Лесавік падпальвае карчы» («Дарога з сенажаці»). Пейзаж «У лістапад» нібы акунае нас у свет наіўнай дзіцячай веры ў казку: «А мне здаецца. Што гэта Верасень Са сваімі сябрамі Неганісабакузхаты, Дажджахлюпам і Гразяшлёпам Зацеплілі нашу лазню І хвошчуцца венікамі прысад...» У падобных малюнках праз міфаказачнае ўспрыманне паэт вяртае сучаснага чалавека да вытокаў непасрэдна-шчырага стаўлення да прыроды, свету наогул. Міф, казка — першааснова жыцця нашых далёкіх продкаў. У пейзажнай творчасці Максіма Танка суседнічаюць рэальная вобразная канкрэтыка і міфапаэтычнае адлюстраванне прыроды. Ці няма тут нейкай парадаксальнасці? Рэальнае і міфічнае, відаць, узаемадапаўняюць мастацкае пачуццё прыроды, робяць яго больш глыбокім, нават універсальным.
   Пейзаж для Максіма Танка — гэта з'ява псіхалагічнага, а таксама духоўна-філасофскага парадку. Праз апісанне прыроды паэт глыбока раскрывае свет унутраных пачуццяў, выказвае запаветнае, інтымнае. Пейзаж становіцца сродкам паглыбленага самааналізу і філасофскага роздуму. Некаторыя вершы паэта можна вызначыць як пейзажна-філасофскія, натурфіласофскія. Прыкладам псіхалагізаваных пейзажных замалёвак і прыродаапісанняў медытатыўнага плана могуць паслужыць такія творы, як «Над Нёманам», «Дуб Ягелы», «Ноч вераб'іная» і інш.
   Выяўленне інтымна-любоўных перажыванняў у Максіма Танка вельмі часта атрымлівае пейзажную падсветку. У такіх выпадках пейзаж стварае эмацыянальна-настраёвы фон твора, раскрывае незвычайную прыгажосць месца падзеі:

Гарачыня. Ледзь разднее —
Трава на сенажаці млее.
У дзюбах птушак смягнуць песні.
Гараць з лістотаю чарэшні.
Ад пылу і сляпнёў сляпая,
Дарога ў возера нырае.
А поле прысакам дыміцца.
Замёршы, вецер не павее.
Ля студні — ты.
Дай мне напіцца
Або схавай у засень веек.
(«Гарачыня»)


    Прырода ў Максіма Тапка сугучная чалавечым адчуванням, прыроднае ўлонне нібы лучыць закаханых. У душы і сэрцы яго лірычнага героя краявіды і каханне паядноўваюцца ў гарманічным адзінстве і высокай красе.
    Важнай рысай многіх вершаў аб прыродзе Максіма Танка з'яўляецца іх вострая экалагічнасць гучання. Яшчэ ў сярэдзіне 50-х гг. паэт заклікаў: «Не сячы сасны, бо пахіліцца, Не муці ракі — вір уздымецца. Не тапчы вясны — цвет асыпецца...» («Не сячы сасны»). Гэтая просьба-замова ў 70-90-я гг. перарасла ў магутны гуманістычны, заступніцкі пафас у абарону ландшафту, флоры і фауны, прыроды наогул. Максім Танк бачыў усю небяспеку, якую несла з сабой руйнаванне і збядненне навакольнага свету, хваляваўся і трывожыўся, бо за бяздумны гвалт над прыродай прыйдзецца расплочвацца будучыняй, цяжкімі наступствамі. Паэт стварыў не адзін уражальны малюнак прыроды-пакутніцы, дзе дамінуюць балючыя матывы, драматычны пафас. З асаблівай трагедыйнасцю намалявана карціна пахавання «забітай Чарнобылем Зямлі» ў вершы «Просьба аб дараванні». Пейзажны вобраз роднай зямлі стаў у танкаўскай паэзіі ідэйна-сэнсавым цэнтрам, і таму так абвострана ўспрымаецца паказ экалагічнага бедства ў творы «Тут Беларусь была»:

Замест святых імён
Рэк.
Ніў,
Лясоў і сёл
Маёй радзімы
Кароткі надпіс:
«Калісьці
Была тут Беларусь».


    Для паэтыкі некаторых вершаў экалагічнага зместу характэрны пералічэнні пейзажных вобразаў, з якімі паэт развітваецца, нібы з самым дарагім і блізкім на гэтым свеце. У свой памінальнік Максім Танк запісвае родныя вобразы — вобразы памерлых рэк, траў, дуброў і іх жыхароў (верш «Мой памінальнік»). Паэт адчувае, як ён «з зямлёю выгарае» («Пажар на тарфяніках»), са скрухай гаворыць, што мы «не ўмеем хадзіць па зямлі», «яе здратавалі, вытапталі, пакалечылі» («Экалогія»), Ягоныя трывога і боль крэўныя і шчырыя, бо ідуць з самых глыбіняў чалавечай душы. Руйнаванне роднага пейзажу, нацыянальнай этнапрасторы ўспрымаецца і паказана паэтам як вялікая катастрофа, трагедыя быцця.
    Вялікая, нават неацэнная роля Максіма Танка ў асваенні і развіцці экзатычнага пейзажу, пра які ў творчасці паэта і наогул у беларускім літаратуразнаўстве гаварылася мала. Максім Танк — адкрывальнік этнапрасторы, ландшафтаў і вобразаў прыроды іншых краін і зямель. Геаграфічныя каардынаты яго пейзажнага светаадлюстравання сапраўды ўражваюць: мастак слова апаэтызаваў вобразы гор і вадаспада, тундры і акіяна, у поле яго зроку трапілі экзотыка і краявіды Расіі, Прыбалтыкі, Славакіі, Балгарыі, Італіі, Германіі, Фінляндыі, Грузіі, Індыі, Кітая, Амерыкі, Афрыкі, Чылі і інш. Максім Танк у самых лепшых творах на тэму прыроды замежжа дасягае маляўнічай вобразнасці. выяўленчай яркасці формы, тонкай пластыкі гукавога пісьма і інш. Прыкладам тут могуць быць вершы «На Жамчужнай рацэ» ці «У Саянах». Пры гэтым, апісваючы чужыя краявіды, паэт выяўляе непрыхаванае захапленне дзіўнай прыгажосцю, рамантычную прыўзнятасць беларускай душы, выказвае іншыя глыбокія эстэтычныя пачуцці. Вершы «Вадаспад Сіклавіца», «На зямлі Суомі», «Сосны на беразе акіяна», «За Палярным кругам» і многія іншыя — гэта вандроўка беларуса ў вялікі свет, своеасаблівы паэтычны атлас, уражлівае краіназнаўства. Адметнасцю так званых «падарожных», «экзатычных» твораў з'яўляецца тое, што ў іх гучаць матывы Парачы і Нарачанскага краю, прысутнічаюць вобразы беларускай прыроды. Паэт з пачуццём суму пераносіцца ў прасторы, праводзіць эмацыянальна-вобразныя паралелі з роднай зямлёй. Адкрыццё экзотыкі замежжа Максімам Танкам і іншымі майстрамі слова істотна пашырыла духоўна-мастацкія далягляды беларускай паэзіі, якая набыла новы ракурс і маштаб светаадлюстравання.
    Умела і арганічна выкарыстоўвае Максім Танк пейзажныя малюнкі і фрагменты і ў эпічных творах, надае ім шматаспектную функцыянальнасць, пра што сведчаць паэмы «Нарач», «Журавінавы цвет», «Янук Сяліба» і інш. У гэтых творах карціны прыроды напісаны разгорнута, месцамі нават размашыста, асабліва яны ўражваюць у паэме «Нарач», а таксама тут мы сустрэнем нямала прыкладаў яркай гукавой маляўнічасці слова. Аднак размова пра пейзаж у эпасе заслугоўвае асобнай гаворкі.
    Як бачым, у паэзіі Максіма Танка знайшлі ўвасабленне разнастайныя віды, тыпы і функцыі пейзажу. Гэты паэт — майстар нацыянальнага і экзатычнага пейзажу. Яго паэзія нясе ў сабе глыбокае пачуццё роднай прыроды, красе якой ён склаў пранікнёны гімн. Беларускі пейзаж для Максіма Танка стаўся ўвасабленнем любові да радзімы, самай дарагой святыняй душы, аб чым ён сказаў у сваіх вершаваных радках так: «Гэты пейзаж мне знаёмы, як матчын настольнік...» Максім Танк — апантаны пясняр краявідаў, чуйны і спагадны сын прыроды, яе заступнік. Такія паэты, як Максім Танк, пасланыя Богам на нашую зямлю, каб мы адчулі і зразумелі мову ручая і дажджу, травы і дрэва, святло сонца і зорнага неба, адкрылі для сябе, што без прыгажосці нельга існаваць ні на гэтай зямлі, ні ў Сусвеце.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!