Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Пасляваенная лірыка Максіма Танка

   Эмацыянальны запал і палемічнасць у поглядах на чалавека і навакольны свет бліскуча выявіліся ў кнігах Максімма Танка пасляваеннага часу.    Паэтызуючы пасляваеннае жыццё, мірную стваральную працу, ён увасабляе іх у вобразе мацярынскіх рук. "Іх цалавала зямля Сваімі пясчанымі вуснамі I каласамі", — усклікае паэт у вершы "Рукі маці", каб тут жа кантрасна зазначыць:

 

Колькі сягоння на іх
Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамоў і маршчынаў,
Гэта сляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.


   Верш "Мой хлеб надзённы" даў назву аднайменнаму паэтычнаму зборніку Максіма Танка, які выйшаў у 1957 годзе. Гэта праграмны твор, які можа служыць эпіграфам да ўсёй творчасці паэта. Планета Зямля ў яе глабальным маштабе неадлучная ад зямлі, якая ўзрасціла паэта. "Непакой за цябе, зямля мая, — мой хлеб надзённы", — гаворыць лірычны герой, асэнсоўваючы свой асабісты лёс і гістарычны лёс свайго народа праз шматгранную сімволіку хлеба:

Часамі ён горкі ад пылу быў,
Часамі салёны ад слёзаў быў,
Часамі гарачы ад пораху быў,
Але і салодкі ад дружбы быў
Мой хлеб надзённы.


   Музыка радкоў, дзівосная пераклічка анафар (паўтораў у пачатку радка) і эпіфар (паўтораў у канцы) робіць твор адметным і запамінальным.
   З гэтым творам пераклікаецца і верш "Перапіска з зямлёй", які даў назву аднайменнаму зборніку (1964). Тут, адухаўляючы зямлю, Максім Танк вылучае самае істотнае, на яго погляд, ва ўзаемадачыненнях чалавека з навакольнай рэчаіснасцю. І гэтым асноўным з'яўляецца зноў жа стваральная праца, бо на напісаныя зямлі лісты і "пяром", і "смыкамі ўсіх скрыпак", і "штыком, і сапёрнай лапаткай" лірычны герой не атрымлівае адказ:

Толькі на ліст мой,
Напісаны плугам.
Вось ён.
Парэжце на скібы яго.
Частуйцеся.
Ешце.


   Шэдэўрам танкаўскай лірыкі называюць славуты верш "Ave Maria!". Гэты верш, напісаны ў шасцідзесятыя гады, утрымлівае ў сабе тым не менш згадкі яго віленскай маладосці — вузкія вулкі, старадаўнія камяніцы, званы святыняў, што клічуць на малітву гурт манашак у чорным адзенні:

 

Нат пад жалобнай вопраткай чорнай
Ты адгадаеш: стан непакорны,
Ножкі, якімі б на карнавалах
І захапляла і чаравала,
Смуглыя рукі, грудзі тугія, —
Ave Maria!

 

   У сучасным свеце, які перастаў быць адназначна атэістычным, гэтае кантраснае супрацьпастаўленне матэрыяльнага, зямнога і духоўнага, Боскага ў танкаўскім вершы ўспрымаецца з пэўнай доляй умоўнасці. Паэт увасобіў тут свой ідэал жаночага хараства, які суадносіўся ў яго заўсёды найперш — з народнымі ўяўленнямі аб прыгажосці, што грунтуецца на ідэале ўвішнай працавіта-руплівай маці дому, гаспадыні.
   Лірыка Максіма Танка 50-80-х гадоў надзвычай разнастайная па змесце, яна ўключае і філасофскі роздум над сутнасцю паэзіі ўвогуле, які ўвасобіўся ў знакамітым вершы "Паэзія!"

Я ведаў, што ты — бліскавіца,
Што хмары рассекла:
Я ведаў, што ты — вызваленне
З няволі і пекла,

— з такой эмацыянальнай сілай і напружанасцю радка пачынае паэт свой маналог пра сутнасць паэзіі, які завяршае па-танкаўску смела і непрадказальна:

А ты аказалася большым:
Ты — кроў, што пульсуе па жылах...

І без чаго, як без маці
Або без радзімы,
Ні нараджацца, ні жыць
На зямлі немагчыма.


   На працягу ўсяго свайго жыцця Максім Танк цікавіўся тэорыяй мастацтва, новымі тэндэнцыямі і пошукамі ў галіне паэзіі. І ў гэтым плане зразумелая і вытлумачальная яго цікавасць да класікі, як да айчыннай ("Эх, Багрыме", "Над магілай Багдановіча", "Францішак Багушэвіч"), так і да замежнай — вершы "Сяргей Ясенін", "Трэска з дому Шэкспіра". Найбольш любімай формай выказвання паэтычнага пачуцця ў Максіма Танка быў верлібр.
   Верлібр, або свабодны верш, гэта верш, які не мае фармальных прымет вершаскладання (метра і рыфмы), але валодае пэўным рытмам і заснаваны на лірычным успрыманні свету. Свабодны верш узнік у амерыканскай і еўрапейскай літаратурах у сярэдзіне XIX стагоддзя. Яго пачынальнікамі можна лічыць амерыканца Уолта Уітмена і нямецкага паэта Генрыха Гейнэ. Тэрмін "верлібр" увёў ва ўжытак французскі паэт Г. Кан.
    У аснове рытму верлібра — чаргаванне вершаваных радкоў як аднатыпных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў. Важнае значэнне ў верлібры мае графічная разбіўка верша на радкі, вызначэнне міжрадковых паўз. У радках верлібра паўтараюцца перш за ўсё дапаможныя рытмастваральныя кампаненты: аднатыпныя сінтаксічныя канструкцыі, аднолькавыя ці крыху відазмененыя радкі, аднолькавыя словы ці іх формы, гукаспалучэнні, націскі і інш. Характэрна, што ў свабодным вершы адсутнічае адзіная скразная мера паўтору, яна ўвесь час змяняецца. Гэта можна ўбачыць на прыкладзе знакамітага верлібра Максіма Багдановіча "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...".

   У XX стагоддзі верлібр шырока распаўсюдзіўся ў літаратуры. Ім карысталіся такія славутыя рускія паэты, як А. Блок, У. Маякоўскі, М. Цвятаева, літовец Э. Межэлайціс, украінец І. Драч. У беларускай літаратуры ў творчасці Максіма Танка верлібр стаў адным з асноўных відаў верша, пачынаючы з самых першых давераснёўскіх яго зборнікаў. У другой палове XX стагоддзя верлібр распаўсюдзіўся ў творчасці беларускіх паэтаў маладзейшага пакалення: Анатоля Вярцінскага, Янкі Сіпакова, Р. Семашкевіча, А. Наўроцкага, Алеся Разанава.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!