Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Танк - Расшытае крыжыкамі

Ўзору не знаю я прыгажэйшага,
Як расшытая крыжыкамі
Трыпутніку ці канюшыны,
Бацькоўскіх ці маіх босых ног –
Палявая дарога;

Як расшытая крыжыкамі мулінэ
I калісьці падораная мне
Дзяўчынай кашуля;

Як расшытае крыжыкамі крыл
Жаўрукоў,
Ластавак,
Журавоў
Неба нада мной;

Як расшытыя крыжыкамі
Ручнікі,
Што на покуце ззяюць,
Стому з твару сціраюць
I на якіх маладым і гасцям
Мы падносім
Хлеб-соль...

Не, недарма, знаць,
Арнаментам гэтым –
А не дзідамі і арламі,
Не шаблямі і львамі –
Упрыгожвалі
Наша жыццё.

13.ІІІ.89

 

Крыніца: Танк Максім. Мой каўчэг: Вершы. 1989-1992. – Мн.: Маст. літ., 1994. – 207 с.

 

Похожие статьи:

Максім ТанкЖыццё і творчасць Максіма Танка

Максім ТанкМаксім Танк - Люцыян Таполя. Ідэйны змест

Максім ТанкДавераснёўская творчасць Максіма Танка

Максім ТанкМатывы і вобразы паэзіі Максіма Танка

БиографииМаксім Танк