Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Максім Танк - Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні

Прыгнаў аднойчы вецер
Газету, што згубілі
Ля пералеску дзеці,
Калі ў грыбы хадзілі.
 
Знайшоў яе пад елкай
Неспадзявана вожык.
Адна бяда: газеты
Сам прачытаць не можа.
 
Паклікаў ён лісіцу
З мядзведзем-дабрадзеем,
Ды і яны не вельмі
У чытанні разумеюць.
 
Звярнуліся да бусла,
Што гнездаваў на школе,
Які, чуваць, кумекаў
У грамаце найболей.
 
I той праклекатаў ім,
Што з Байканура скора
Ў ракеце касманаўты
Адправяцца да зораў
 
I вось па цёмнай пушчы,
Па пералесках хутка
Пайшла, загаманіла
Пра гэта дзіва чутка.
 
Шмат хто ў яе не верыў,
Але было нямала
Той раці, што да зораў
Ляцець паспрабавала б.
 
Сярод яе – хто б думаў! –
Быў і Мураш-Бадзіня,
Які любіў залазіць
У неба па хваіне.
 
I з вышыні паднебнай
Глядзець на сонца, зоры
Ды марыць пра вандроўку
Ў захмарныя прасторы.
 
I хоць ніхто не раіў
З дарадцаў мураўіных
Рызыкаваць дарэмна,
За свет ляціць Бадзіні –
 
Ён не паслухаў рады
I праз лясы, разлогі,
Узяўшы кій ды компас,
Падаўся без дарогі,
 
Блукаў – ішоў ён доўга
Па нетрах невядомых,
Пакуль не апынуўся
Каля аэрадрома.
 
Ды тут ён схамянуўся:
– А як ляцець адгэтуль,
Калі няма ў Бадзіні
Ніякага білета?
 
Аж чуе, каля касы
Гавораць пасажыры:
– Лячу ў Арджанікідзе.
– А я – ў тайгу Сібіры...
 
– А я – да Байканура,
Там – мой сыночак мілы...
I тут ідэя раптам
Бадзіню асяніла:
 
А што, калі забрацца
У кошык да бабулі?
I вось ужо сядзіць ён,
Схаваўшыся пад дуляй,
 
Сярод гасцінцаў розных,
Што везла маці сыну.
– Хаця б хто не заўважыў, –
Хвалюецца Бадзіня.
 
Але прайшла пасадка,
I адлягло на сэрцы.
I самалёт узняўся,
Як легкакрылы вецер.
 
Хацеў зірнуць Бадзіня,
Ці карабель харошы,
Ды ўбачыў сцюардэсу
I зноў схаваўся ў кошык.
 
А там і не заўважыў,
Як ахінула стома.
I ён заснуў нібыта
У роднай пушчы дома.
 
Ці доўга спаў, ці мала –
Таго і сам не знае.
Прачнуўся толькі, помніць,
За новым небакраем,
 
Калі матораў змоўкла
Грымець грымуча рэха,
Калі да самалёта
Высокі трап пад’ехаў.
 
Гурмою пасажыры
Пайшлі ў вясёлым гуле,
За імі падалася
З гасцінцамі бабуля
 
I трапіла адразу
Ў абдымкі свайго сына:
– Ну, як здарова, мама?
Ідзём хутчэй ў машыну!
 
– Вось бачыш, сынку, жыва,
Хаця і пастарэла...
– Як добра, што ты ў госці
Нарэшце прыляцела...
 
Пакуль ішла гамонка,
Наш Муравей-Бадзіня
Паспеў прыхарашыцца
Прад тым, як кош пакіне.
 
Ён выйшаў і падаўся
Туды, дзе ззяла сонца
I нейкі слуп вялізны
Гарэў на гарызонце.
 
Такое ўпершыню ён
Убачыў. Няўжо гэта,
Здзівіўшыся, падумаў,
Касмічная ракета?
 
I ўпершыню страх нейкі
Ў сабе адчуў Бадзіня:
Малюсенькі які ён
Прад гэткаю махінай!
 
Мо’ лепш сядзеў бы дома,
А то аж неяк млосна
Ад думкі, што сабраўся
Ляцець у сцюжны космас.
 
Але ж і адступаць як,
Калі ўсе ў родным краі
Пра гэта падарожжа
На кожнай сцежцы знаюць.
 
Ды і карціць самому
Пабачыць дзівы свету...
Памалу абышоў ён
Касмічную ракету,
 
Якую да палёту,
Знаць, людзі рыхтавалі
I правяралі ўважна
Ўсе часткі і дэталі.
 
Таму мо’ не звярнулі
I ўвагі на Бадзіню.
А той, па кранах, скрытна,
Дабраўся да кабіны.
 
Нырнуў у глыб ракеты,
Дзе між дратоў, утулак,
Дзівосных апаратаў
Знайшоў сабе прытулак.
 
Прылёг. Але не спіцца
Яму ад хвалявання.
Прыйшлі два касманаўты
Ў кабіну на світанні.
 
Праверылі прыборы.
– Гатова ўсё як трэба!..
I гул маланкагромны
Узняў ракету ў неба.
 
I тут адчуў Бадзіня
Груз перагрузкі цяжкі,
А потым наступіла
Дзівосная бязважкасць.
 
Каб не ўчапіўся добра
За нейкую там скрыню,
Напэўна, стаў бы плаваць
Ці лётаць па кабіне.
 
Праз нейкі час ён звыкся.
Гучалі тэлехвалі.
Ён чуў, як касманаўты
Зямлі рапартавалі,
 
Што ў іх усё ў парадку,
Да працы прыступілі,
Прывет касмічна-зорны
Ўсім перадаць прасілі.
 
Калі ж іх сном глыбокім,
Стамлёных, агарнула,
Бадзіня асцярожна
Пакінуў свой прытулак.
 
Знайшоў запасы ежы,
Падсілкаваўся, потым
Праз люк палюбаваўся
Нябёсаў пазалотай.
 
А ў тэлескоп як глянуў
Ён на зямлі прасторы,
Убачыў акіяны,
Даліны, рэкі, горы,
 
Знаёмыя мясціны –
Баравіковы ельнік,
Сярод густой ажыны
Свой родны муравейнік.
 
Ад радасці, здзіўленьня
Пра ўсё забыў Бадзіня.
– Глядзіце, як лячу я! –
Гукнуў ён у кабіне,
 
Нібыта яго голас
Мог даляцець да дому,
Да нарачанскіх нетраў,
Да блізкіх і знаёмых.
 
Ён толькі касманаўтаў
Збудзіў, якія, дужа
Здзівіўшыся, спыталі:
– Адкуль ты ўзяўся, дружа?
 
Ды ты ўжо не хавайся.
Цяпер нас будзе трое.
Работу падшукаем
I для цябе, героя.
 
Пра тое, што ты з намі,
У рапарце адзначым.
На’т можаш інтэрв’ю даць
Па тэлеперадачы...
 
Цяпер, як паўнапраўны
Ўжо касманаўт, Бадзіня
Даследаваў з усімі
Падзорныя глыбіні.
 
Шырот паўночных ззяньне,
Камэт агністых грывы,
Дзівосных, серабрыстых
Аблокаў пералівы.
 
Нагледзеўся ён столькі
У палёце дзіўным гэтым,
Што на’т сябрам не змог бы
Ўсё расказаць за лета.
 
Таму, калі палёт іх
Праграмны завяршыўся,
I карабель касмічны
Дзе трэба прызямліўся,
 
I касманаўтаў гучна
Віталі ўсе, – Бадзіня
Кабіну непрыкметна
Ў той мітусні пакінуў.
 
Калі ж яго адсутнасць
Заўважылі, далёка
Ужо ішоў ён стэпам
Квітнеючым, шырокім.
 
Ішоў і ехаў доўга
Ў дажджы і сухавеі...
Ды хто ўсю прыгадае
Бадзіні Адысею!
 
Адно, калі вярнуўся
У свой стажок жывічны,
Ўсе жыхары лясныя
Яго сустрэлі зычна,
 
Сустрэлі як героя.
I расказаў усім ён
Пра ўсе свае прыгоды
У падарожжы дзіўным.
 
I сёння, калі часам
Заглыбіцеся ў нетры,
Дзе векавыя хвоі
Шумяць пад веснім ветрам,
 
Дзе Нарач хвалі сініць
I звон стаіць птушыны,
Пачуеце вы гэту
Пра мураша быліну.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!