Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лідзія Арабей - Мама

Увага!!! Поўны змест

   Паўлік жыў у дзіцячым доме. А дзіцячы дом – гэта такі дом, дзе жывуць дзеці, якія не маюць ні мамы, ні таты. Чаму ў Паўліка не было ні мамы, ні таты, ён не ведаў. Яму здавалася, што ён нарадзіўся і жыў у дзіцячым доме ўсё сваё жыццё. Паўліку тут было някепска. Меў шмат сяброў, у сталоўцы смачна кармілі, выдавалі новыя кашулькі, куртачкі, чаравікі. Але нечага яму не хапала. Не хапала, мусіць, таго таемнага, невядомага, што называлася словам «мама». Некаторыя дзеці называлі мамаю выхавацельніцу Людмілу Іванаўну. Калі яна з’яўлялася сярод іх, кожны хацеў дакрануцца да яе рукі. I Паўлік не раз спрабаваў падлашчыцца да Людмілы Іванаўны, але не мог праціснуцца, так шчыльна абступалі яе дзеці. Праўда, ён ведаў, што Людміла Іванаўна несапраўдная мама: не можа быць адна мама на ўсіх дзяцей, у кожнага хлопчыка і дзяўчынкі павінна быць свая мама.
   Аднойчы ён падышоў да Каці, у якой нядаўна яшчэ была мама, і спытаў:
   – А хто гэта – мама? Якая яна?
   Каця схіліла на бок галоўку, задумалася. Пакруціла далонькаю.
   – Мама… Ну, гэта самая прыгожая… I самая добрая… Яна ўсіх любіць…
   – А дзе мая мама? – спытаў Паўлік. Каця зноў задумалася.
   – Хто ж ведае… Можа, ходзіць дзе па вуліцы…
   На тым размова і скончылася. А Паўлік задумаўся: «Калі мая мама недзе ходзіць па вуліцы, то, пэўна, яе можна знайсці?» I аднаго дня, калі ўсе дзеці пайшлі ў двор гуляць, знайшоў шчыліну ў агароджы і пралез на вуліцу.
   Па вуліцы ішло шмат людзей – цёці, дзядзі. Паўлік хацеў знайсці сярод цёцяў самую прыгожую, але ўсе яны так хутка прабягалі, што ён не паспяваў разгледзець. Непадалёку быў сквер. На лавачках сядзелі людзі. Там было куды спакайней, чым на вуліцы, і Паўлік збочыў у сквер.
   Тут таксама хадзілі, сядзелі на лавачках цёці. У скверы іх лягчэй было разгледзець. На адной лавачцы сядзела цёця і вязала нешта пруткамі. На каленях у яе ляжаў вялікі клубок сініх нітак. Цёця здалася Паўліку прыгожаю. Ён нясмела падышоў да яе і спытаў:
   – Цёця, можа, вы мая мама?
   Цёця перастала варушыць пруткамі і здзіўлена паглядзела на Паўліка:
   – А ты што, згубіў сваю маму?
   – Не, я не губляў яе. У мяне зусім няма мамы.
   – Сіротка, значыць, – сказала цёця. – Але ты, хлопчык, памыліўся. Я не твая мама, – і зноў пачала варушыць пруткамі.
   А Паўлік падумаў, што не такая ўжо гэтая цёця і прыгожая. Ён і праўда памыліўся. I пайшоў далей па алейцы. Мінуў некалькі лавачак, на якіх сядзелі цёці з дзецьмі, але ніводная з іх не здалася яму такою, каб аказацца яго мамаю.
   Каля адной лавачкі Паўлік зноў запыніўся. Тут сядзелі цёця з дзядзем. Цёця абдымала дзядзю за шыю. Значыцца, яна яго любіць. А Каця сказала, што мама добрая, што яна ўсіх любіць. I была гэтая цёця прыгожая. Паўлік пастаяў крыху ўбаку, потым адважыўся і нясмела падышоў.
   – Цёця, вы мая мама? – спытаў ён. Цёця спалохана зірнула на яго:
   – Гэта ты ў мяне пытаешся, хлопчык?
   – У вас, – ветліва адказаў Паўлік.
   – Ты што! Якая я табе мама, – цёця, здаецца, нават зазлавала. – Пойдзем, – сказала яна дзядзю.
   Калі цёця паднялася, то аказалася такой высокаю, што Паўлік зразумеў – такая не магла быць яго мамаю. Ён засумаваў. Аказваецца, не так проста знайсці маму. Можа, яна ходзіць не там, дзе ён шукае? Хлопчык цяжка ўздыхнуў. Ён ужо не спадзяваўся на ўдачу. Ішоў па алейцы, не вельмі і прыглядаючыся да цёцяў. Але адна зноў кінулася яму ў вочы. На лавачцы сядзела цёця ў белым капялюшыку і чытала кнігу. Паўлік аглядзеў яе з аднаго боку, з другога некалькі хвілін, падышоў да яе.
   – Цёця, – нясмела загаварыў ён, – можа, вы мая мама?
   Цёця апусціла кнігу, глянула на Паўліка.
   – А як цябе зваць? – спытала яна.
   – Паўлік.
   – А колькі табе гадоў?
   – Пяць…
   – А дзе ты жывеш?
   – У дзіцячым доме…
   Цёця ласкава пагладзіла яго па галаве.
   – Трэба падумаць, успомніць, можа, я і праўда твая мама…
   Яна ўзяла Паўліка за руку і павяла ў дзіцячы дом. Потым доўга нешта гаварыла з Людмілай Іванаўнай. А праз нейкі час прыйшла ў дзіцячы дом з дзядзем і сказала Паўліку:
   – Я – твая мама, а гэта – твой тата. Збірайся, сынок, пойдзем дадому.
   Так Паўлік знайшоў сваю маму. Нездарма людзі кажуць: «Хто шукае, той знаходзіць».

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыДа маці

Пераказы, дыктантыНа скрыжаванні

Пераказы, дыктантыІ надыходзіць дзень

Пераказы, дыктантыСустрэча з маці

Янка ЗолакЯнка Золак - Ода маці