Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лукаш Калюга - Трахім – штучны чалавек

Увага!!! Поўны змест

   Гэта й праўда, што штучны чалавек. Ці добра ён гаворыць, ці на глум, а ўсё здаецца, што штукуе. Людзям раіць, што як рабіць, а таго не толькі рабіць, але і слухаць няма чаго. Толькі ніхто з нашых людзей не бачыў, каб ён сам сабе добрую параду даў ды каб сам сябе й паслухаў – зрабіў так лёгка, як лёгка языком брахануць.
   Усяго раз і было такое здарэнне, што Трахім паквапіўся на сабе практыку зняць, ці добра будзе тое, што людзям раіў.
   Усё лаганіў, па сяле ходзячы, што як работа робіцца ў чалавека, дык і яда тады есца. Ці ты яму смачнага дай, ці не смачнага – не разбіраецца чалавек, калі добра напрацуецца. Яму тады абы міску вялікую пад нос паставіў, абы ў місцы было многа, каб было на што расчыняцца. Хоць камень дай працавітаму чалавеку. Калі, не агледзеўшыся, глынуў яго замест скваркі, дык і толькі таго. Стравіць і жывата не прыпсуе. Ён з’есць тое, што сабак трое. А адзін сабака паўздохлага цяляці можа асіліць.
   Але ж у гэтай Трахімавай мове нічога новага. I без яго гэта ўсякі ведаў.
   Ды не аднаго працавітага чалавека ведае Трахім. Гультай, што толькі каля вуглоў ціцюляе, ці не дзядзькам яго прыходзіцца. Ведае ён, як і таму жывецца. Гэты, кажа, чалавек не жыве, а сохне. Ён, і за стол сеўшы, пераборлівы і не варушкі надта, з’есць тое, што адзін абскубены верабей. Гэтакія людзі й шукаюць сабе лёгкага хлеба. Тут і дзіва з іх няма. Хоць дарагі лёгкі хлеб, але колькі ім трэба. Гэта каб працавіты чалавек выстараўся сабе лёгкага смачнага хлеба, дык на адну кішку мала было й вунь якой пенсіі: гэта – не тое, што гаршчок картоплі ўвавіць аднаму.
   Чортведама што б з’еў працавіты вясковы чалавек, каб не была капейка патрэбна.
   Трахім, як чалавек разумнейшы за іх абодвух, паглядзеў і на працавітага чалавека і на гультайскага. Падумаў, як ім жыць даводзіцца. Падумаў і дадумаўся, што работу рабіць няма ніякага сходу. Трахім так усё людзям напроціў гаварыў, а гэты раз сказаў, што іх прыказка да праўды ўходзіць. Людзі кажуць: работа дурня любіць, а дурань работу. Так яно й ёсць.
   Ды не толькі да гэтага Трахім дадумаўся, што ўжо даўно ўсе людзі ведалі. Ён толькі сам праз сябе дазнаўся, як чалавеку на свеце жыць. Трэба работу ад першага дня кідаць рабіць і памаленьку патроху адвыкаць есці. Што ж чалавеку інакшае трэба, калі не яда й адзежа? Дзеля чаго чалавек працуе так цяжка, калі не для таго, каб кішку напхаць і сякую-такую рызу налажыць на сябе ад холаду і ад людзей? Есці, Трахім дазнаўся, што льга адвыкнуць. А калі работы не рабіць, нідзе не хадзіць, а толькі ў цёплым месцы ляжаць не варушачыся, калі ў два месяцы раз перакаціцца з аднаго боку на другі ды, гаворачы калі хто нагодзіцца, рукамі нічога не паказваць, дык і адзенне не будзе насіцца.
   Раіў Трахім людзям гэта сваё перакананне ад шчырага сэрца, а яны ўсё думалі, што штукуе. Што ж ты зробіш, калі такі штучны ён чалавек удаўся – няма ніякай паверкі. Дармо, што мядзведзя ўсе за разумнага звера прымаюць (соннага ды мёртвага не кране чалавека), дармо, што й ён так робіць, а потым баркаўчане Трахіму не паверылі, што чалавеку так жыць добра б было.
   Немавернікі нашы людзі.
   Ды Трахім не раіць якраз гэтак рабіць, як мядзведзь. Мядзведзь на зіму кладзецца ў логава ды бярэ лапу ссаць. Трахім жа раіць, як толькі згоніць з поля снег і аж да вялікіх марозаў, класціся людзям у ложак. Тады самая работа, сама што адзежа носіцца. Ды тады не толькі ў ложку ляжаць льга будзе. Можна дзе ў халодную будыніну зайсці і там сабе добрае ціхае месца выбраць. Зімою ж мусіш устаць, як мароз прыцісне. Якое там чорта лежава, калі трэба коўдраю накрывацца, а па коўдры кажухом, ды шчэ папраўляць яго на сабе, як дзе крыху з’едзе. Ужо работа хоць невялікая робіцца, адзежа хоць непрыкметна, але дзярэцца – а зараз і есці гатова захацецца – от тады прапаў за адзін раз увесь шчыры пост. [...]
   ...Дзіва, што Трахім зіму пралежваць не раіць. Няма дзіва, і што ён дома ніколі не распратваецца.
   Усё штукуе Трахім. А раз вымкнуўся ды і ўляцеў са сваімі жартамі. Якраз яго на тое і павяло, каб, што з таго выйдзе, паспрабаваць.
   Быў раз надта з жонкаю пасварыўся.
   Усё яна ўпікала, што людзі адной картопляй усю зіму абыходзяцца, а хлеб на вясну пакідаюць – як пойдуць на поле, дык трэба ж што смачнейшае, лепшае з’есці. А ў іх гэтай ашчаднасці няма: адзін хлеб цяпер жаруць, а на вясну нічога не застанецца – ні хлеба, ні картоплі: хлеб самі ўпатрэбяць, а картоплю свінням скормяць.
   У такую вялікую спрэчку зайшлі былі, што траха ўзалабкі не спляліся.
   Трахім ніколі ж нічога сваёй жонцы не хваліўся. Гадкі жаночы звычай яна мае. Калі верыць, што праўда будзе што-небудзь, дык знарок будзе гаварыць наперакор, каб яшчэ больш пачуць, што так яно й мае быць, каб самой яшчэ лепш паверыць. Трахіму, мужыку свайму, яна бывае што й верыць, а наперакор гаворыць.
   – Ат! Што ты задумаў, стары?! Дзе гэта відана, каб так і было, як ты кажаш?!
   Калі ж бывае і ўвалжэцца Трахім, дык і тады яму жонка злажыцца не дасць.
   – А ідзі ты! – кажа.
   Толькі ўсяго, што гэты раз не так ласкава ганіць яго мову, як той раз, калі міла слухаць было.
   Ужо Трахім і пераканаўся, што нямаверніца жонка. Дабра яна яму не мысліць. Ніводнага слова не перапусціць. Сам-насам яны ўдваіх ніколі ад шчырага сэрца не пагавораць. Ужо як бывае Трахіму гаварыць, а слова да яе не прагаворыць, бо яму абы пачаць, а тады ўжо ўсё роўна ўгаворыцца – усё што ведае раскажа. Трахім адваротны чалавек: ён што далей жыве, дык таго не забываецца, што ўмеў, а што больш жыве, дык усё да лепшых (ці то горшых – хто яго разбярэ) баек дадумляецца.
   Яму як прыпрэ ахвота з добрымі людзьмі пагаварыць, дык апранецца й пойдзе з хаты. От чаму ён і звык па сяле валачыцца; як з аднаго канца ў другі ідзе – дадому не заходзіць. Бяда чалавека прымусіла свае хаты цурацца. Нядоля навучыла па людзях хадзіць.
   Цярпеў бывала. Лішняга слова баяўся да жонкі прагаварыць. А гэты раз пад злосць узяў і вымкнуўся:
   – Чорт жа цябе й бяры, калі гэтак, калі табе шкада, што я час-часом скібачку хлеба зжую. Чорт твой хлеб будзе есці! Але ж – трасцу я табе буду і работу рабіць!
   – Калі ж можна б было й прыдзержыцца. А калі ты на задзёр, – і не еш. Чорт ад цябе будзе й работы даходзіць.
   – I на чорта мне твая яда. Пражыву й так.
   – I жыві. Я табе, як добраму... А калі ты на задзёр – трасцу: не пападзеш жа ты ў мяне нічога.
   Трахіміха ў сваёй хаце моцная пані. Яна дома ўсю работу робіць, яна й парадкуецца, яе й слухаюць. А Трахім – чалавек валачашчы. Яго й дзеці, як малыя былі, мала ведалі. Хто яго ведае, ці гэта тата іх, ці так які чужы чалавек ходзіць да мамы, як толькі есці пара, а як пад’есць, зноў за парог уцякае. Спаць, яны ні разу не бачылі, калі прыходзіў, і ні разу яго на ложку сплючы не засталі.
   Трахіміхі лепей дзеці слухаюць, бо пры ёй гадаваліся. Яна, што сказала, тое й зрабіла. Усё са стала прыняла: і лыжкі, і міскі, й хлеб. У насценны шкапчык схавала, замкнула, а ключ сабе ў кішэню ў хвартух палажыла.
   – Паглядзім: хто каму сагрозіць.
   I Трахім гэтаксама ўпарты:
   – Будзем бачыць.
   Добра ўзлаваўся ён.
   Лёг на свой ложак і на хату плячыма адвярнуўся. Так пад паўдня сонца бралася, як ён лёг. Зараз жонка паклікала дачок (у іх сыноў няма). Селі за стол. Уліла ім Трахіміха аднае стравы міску (капусты, здэцца, ці то буракоў) – з’елі. Другую поўную паставіла на стол (не то куцця там была, не то крупнік – нешта забеленае) – і гэту спаражнілі. На гэтым і годзе – пад’елі. Трахім усё ляжыць. Хочацца і яму. Сліны повен рот нацякло. Глытае ён яе ціхенька і цярпіць. Гэта ўсё што не прывычан, што першы раз. А далей:
   «Ацярплюся, – сабе думае, – і хацецца не будзе».
   Меншая дачка, што ў хаце не была, сваркі не чула, хацела была спагадаць бацьку.
   – Ідзеце ж і вы, татка! – пазвала.
   Трахім нічога на яе словы не адказаў, а Трахіміха насварылася:
   – Даміцэля! Нашто ён табе? Надта ты ўпраўная – усюды язык уткнеш. Спагадаеш. Хай от ляжыць – хоць ён не ўстане!
   – I не ўстану, – аказаўся Трахім.
   – I прасіць не будзем. Будзем бачыць, да чаго далежышся.
   Так і не пайшоў Трахім палуднаваць.
   А зараз сон яго змарыў. Прачнуўся аж тады, як сядзелі за сталом, вячэралі. Спаў на хату вачыма абярнуўшыся, дык толькі пралупіў вочы, паглядзеў ды зноў заплюшчыў. I духу не ўказаў, пакуль не павячэралі. Дочкі не раз цікавалі на яго, і бацькі не заўважылі, што не спіць, а слухае, стаіўшыся, што на хаце будзе рабіцца, што будзе гаварыцца пра яго. Вельмі ж хацелася Трахіму гэта на свае вушы пачуць. Ужо як яму добра б было сербануць цёплай толькі што зваранай заціркі, а потым сцярпеў і носам ні разу не чмыхнуў, каб хоць пах яе залавіць. Хацелася было ведаць, хваліць ці ганіць будуць яго пакуту.
   Тады, як быў паўабуўшыся і апрануўшыся, сырамятнаю папругаю падпяразаны, дык першы дзень Трахім і праспаў. А ўвечары так, без сну, лежачы пачалі бакі пабольваць. Надумаўся, што калі ўсёй зімы пралежаць нельга, дык месяц яшчэ можна сяк-так пракачацца, калі чым найболей спаць. Паляжаў трохі – новае надумаў: што гэта ад таго, што шмат адзежы надзета, і ў бакі муляе, і неймаверныя думкі просяцца ў галаву.
   Узяў падлягчыўся: сеў на ложку – сцягнуў боты, раскруціў анучы, расперазаўся, распрануўся ды зноў лёг. Ужо лёг не на смех – коўдраю накрыўся. Дармо, што коўдра падшываная, а холадна пад адною ёю. Кажухом яшчэ ўвярцеўся паверсе.
   Ужо й сон ад Трахіма ўцёк. Як не мэдзіўся ён, каб і лепей легчы і мацней вочы заплюшчыць, не бярэ.
   Адумаўся, што гэта затым, што нераздзеты лёг – лішняя вопратка муляе, а сон не прыстае. Скінуў з сябе верхнюю вопратку, пад галовы сабе палажыў. У адным ісподнім пад коўдру палез. Паправіў кажух наверсе.
   Аж палягчэла чалавеку, як сцішыўся. Усяго бяда, што мала помачы ад усяе яго турбацыі: сну як не было, так і няма. Аж пакуль на дзень не стала займацца, пракачаўся Трахім. А тады так моцна прыкархнуў, што й сняданне праспаў.
   Есці хочацца. Не еўшы не вытрываць. I ратунку брыдка прасіць.
   Адумаўся, што і месяца не пралежыш, а пралежаў бы з тыдзень, каб ціхенька сабе хіба прыкрадаў штодзень хоць па такой лусце, як пастуху ў торбу даць у поле.
   Ляжыць Трахім.
   У роце высахла, а ён і не зварухнецца.
   Ляжыць і думу думае здрадніцкую:
   «От каб крошачку... Каб хоць з лыжачку... Каб хоць кропельку – у роце прамачыць. Больш бы нічога не хацелася. Пакаштаваў бы й годзе сказаў».
   Якраз і з хаты ўсе выйшлі. Ніхто не ўбачыць, каб і ўзяў чаго.
   Памаленьку адхінуў Трахім коўдру. Ціхенька на дыбачках, прыслухоўваючыся, каб хто не найшоў, падышоў ён к пасценнаму шкапчыку паглядзець, ці не льга будзе як дастаць чаго.
   Ды – дудкі. Замкнёна, і нідзе такоўскай шчыліны не відаць, каб праз яе скібку хлеба выцягнуць. Нічога не зробіш, ключа не меўшы.
   Гэтаксама падышоў Трахім і к печы. Адчыніў засланку, паглядзеў, што там ёсць. А што ў печы будзе – адны гаршкі стаяць там. Жалезнікаў і глінянікаў паўнюсенька.
   Далікатненька паставіў Трахім засланку пры качарэжніку, каб не стукнула, каб хто з двара не пачуў. Узяў вілкі. Выцягнуў самы большы гліняны гаршчок. Зняў з яго гнушку. Паглядзеў, дык там капуста. А тлустая ж яна, з баранінай. Скалкі плаваюць паверсе. Такая смачная, харошая – хоць ты яе нагбом напіся. Так Трахіму хочацца напіцца – проста не вытрываць.
   Няма лыжкі. Нідзе міскі не знайсці. Усё пазамыкана. Але калі чалавек у горы, дык ён без усякай выгады абыдзецца і без лыжкі прымайструецца пад’есці, калі голад прыскічыць. I Трахім узяў кварту ля вядра з чыстай вадою. Поўну начэрпаў капусты. Хоць ад кварты й горача ў рукі, але з рук яе не пушчае Трахім. Кепская іх кварта, гарачая. З медзі яна, салдаты ў вайну з снараду неяк вылілі ды Трахіму на памяць пакінулі.
   Толькі калі стане з раніцы не шанцаваць чалавеку, дык не пашанцуе і пад вечар. Пакуль Трахім у кварце капусту студзіў, нехта ў сенцах скрыпнуў дзвярыма. Не давялося яму, беднаму, і разу глынуць. А такая была на погляд капуста смачная, харошая, з бліскучымі скалкамі. Аж шкода...
   Спалохаўся Трахім. Супэнду ўпусціў кварту з капустаю вобземлю. Хапіў гнушку, каб накрыць гаршчок, ды й тае ў руках не ўтрымаў. Упусціў. Разбіў аб прыпек.
   Старасць – не радасць. Возьмецца пажылы чалавек якую далікатную работу рабіць – рукі ў яго трасуцца. А як перапуд які, дык і саўсім тады ходырам заходзяць – ведама цапу-лапу... Гэтае самае сталася й з Трахімам.
   Добра толькі тое, што ён скора здагадацца можа. Прыйшло у памяць яму, спалоханаму чалавеку, што льга і на ката віну злажыць. Не было калі Трахіму меркаваць, добра гэта будзе ці блага. Хутчэй на свой ложак пабег, коўдраю ўкрыўся. Усяго бяда, што кажух вобземлю зваліўся, але не пара было падымаць. Нехта ў хату прыйшоў.
   Сцішыўся Трахім. Прыплюшчыў вочы. Дыхнуць моцна баіцца. Толькі вушы натапыраў, каб па голасу пазнаць, хто зайшоў у хату.
   – Што гэта за рабункі?
   Толькі пачуў Трахім голас, дык і смел стаў. Дачка Даміцэля яму не вялікі страх.
   – Што тут было? – пытаецца яна другі раз.
   Пасмялеў Трахім. Даміцэля – дачка добрая. Яна бацьку спагадае. Просіць ён яе:
   – Хадзі сюды, Даміцэлька!
   – Гэта вы тут былі, татка?
   – Я, Даміцэлька...
   Больш Трахім не можа гаварыць. Солана ў роце стала. Сляза слязу пабіваючы, пацяклі раўчукі з вачэй.
   Зблізку як паглядзела Даміцэля на Трахіма – шкода ёй бацькі стала. Давай яго цешыць:
   – Дармо! Што ж там такое, калі й вы.
   – Даміцэлька! Ты ж прымі там усё, скажы, што – кот.
   – Добра. Я прыму. Скажу, што – кот.
   – Ну, глядзі ж.
   Не таго Трахім плача, чаго думала Даміцэля. Яна папрымала ўсё – і гаршчок на сваё даўнейшае месца паставіла, і печ засланіла, і хату ў тым месцы замяла, дзе наліта было, і кварту выпаласкала, выцерла скарачом – а ён усё не перасціхае. Усхліпвае і ўсхліпвае.
   Надта ж ужаліўся ён.
   Ізноў падышла Даміцэля да бацькі.
   – Чаго ж вы, татка? Што вам баліць?
   Дзе ён скажа, што баліць. Нічога ў яго не баліць. Гора ў чалавека, дык і плача. З тае прычыны йдуць слёзы з вачэй, што над сваім дабром волі не мае, свае дабро замыкаюць ад гаспадара. Дзе ж ён гэта скажа.. Дачка цешыць, а Трахім і не скардзіцца.
   – Я так сабе. Што мне будзе балець?
   – Дык не плачце ж! Чаго ж вы?
   Трохі разважыла бацьку ды пайшла Даміцэля за парог. Яна з мацераю й з меншаю сястрою цэпам малацілі гарох у таку. Не было калі доўга ў хаце забаўляцца. Трэба было глядзець работы.
   Адумаўся Трахім. Адным плачам сам сабе ў горы не паможаш.
   – Даміцэля! – паклікаў дачку.
   Аж з двара мусіла яна вярнуцца ў хату.
   – Што вам, татка?
   – Дай ты мне, дачушка, хлеба скібачку.
   Даміцэля ведае дома ўсе ўходы. Выняла ключ з пячуркі. Адамкнула насценны шкапчык. Не скібку, але дужаватую лусту ўкавяліла й дала Трахіму. А сама і нож на тым месцы, дзе брала, палажыла, шкапчык замкнула і ключ у пячурку зноў схавала.
   Напрамілуй бог яе Трахім просіць:
   – Глядзі ж, не кажы нікому нічога.
   – Добра. Не скажу.
   Пайшла Даміцэля работу рабіць, а Трахім стаў хлеб есці. Такі яму просты, нясеяны хлеб смачны здаўся, што ніколі такога пірага на Вялікдзень не каштаваў. I ў касьбу не еў з такою ахвотай. Цяпер Трахім і пераканаўся, што не ад адной работы есці хочацца, а можа хацецца і ад лежні. Гэты раз яму ад лежні так захацелася, што не вытрываць. Але Трахім на галодны. Не душыцца ён хлебам, а толькі каштуе, толькі лепшую форму лусце дае. Жуе і прыслухоўваецца, каб хаця смак быў у памяць, каб да смерці ведаць, які ён.
   Як ні мэдзіўся ён з хлебам, але такі, пакуль жонка ў хату, з’еў усю лусту. З’есці-то чыста з’еў, але крошак не ў галаве было пазбіраць, не здаўмеўся іх далоў з падушкі стрэсці. Па іх Трахіміха й пазнала, што не шчырым пастом посціць ён, а загадзя прызапашаны хлеб ціхенька жвакуе, на ложку лежачы.
   – От ты які галадамір! Работы рабіць не хачу, а есці – есць.
   Калі ўспала яна на яго, калі раскрычалася, разлякаталася. Не так ёй таго хлеба шкода, але нашто ж бо быў задзёр.
   Не вытрымаў-такі Трахім жаночай звягі. Мусіў адзявацца, абувацца, апратвацца ды йсці на сяло. Каб дома быць, трэ было вушы затыкаць. Немаведама, як сцерпіцца трэба чалавеку, каб жаночую звягу ціхенька слухаць. Спрыцен Трахім да гаворкі, а да сваркі не варт. Ад першага слова спудлуе яго Трахіміха.
   А ўсе кажуць на Трахіма, што валачашчы ён чалавек. Нехаця звалачэшся, калі дома ў сваёй хаце неспакой. Няма чаго ганіць Трахіма – благое яго жыццё. Здаўна звык свайго дому не пільнавацца. Цяпер дык, каб і хацеў, цяжка яму было б пакінуць сваю благую (ці то добрую – я не ведаю) моду. Абы толькі паснедаў, дык і цягне схадзіць даведацца людзей, як яны жывуць, пачуць.
   А таго самага дня, як кінуў жыць аб шчырым пасце, пайшоў Трахім у Баркаўцы ды й давай расказваць, як цыган сівую кабылу хацеў ад яды адвучыць.
   – Ваду, – казаў, – і сама, бэцю, кіне піць.
   Яго й праўда была: не даў есці – кінула ваду піць. Але ад першага тыдня ў трэску высахла, як у хваробе якой паляжаўшы. Потым не ўстала на ногі, а ўрэшце й саўсім іх выпрастала.
   Было б гэта самае й Трахіму. Толькі ён не такі дурны, як тая сівая цыганская кабыла, – як прыпёр голад, пайшоў каля гаршкоў шныпарыцца. Цяпер, пасля таго, ходзіць па сяле ды смяецца з дурной цыганскай работы, з яго практыкаў.
   Штукар наш Трахім. Змалку яго на ўсякія штукі здало. Бывае, штукуючы, сам сябе да жалю давядзе, але свае натуры не пакідае.


1929 г.

Похожие статьи:

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Нядоля Заблоцкіх

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Вясна

Лукаш КалюгаТворчасць Лукаша Калюгі

БиографииЛукаш Калюга

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Баркаўцы – добрая вёска, і баркаўчане – вясёлыя людзі