Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лукаш Калюга - Вясна

Увага!!! Поўны змест

   Як маленечкія люстэрачкі, мяняюцца ад прамення вясенняга сонца растрэсеныя па полі сняжынкі. Весела міргае шыр палявая, як вокам скінуць, ад вуглоў трох новых хат з прыбудоўкамі хлеўчукоў ды такоў, што, як дзіця старчыхі ў цёплай хаце, туляцца ля іх, да бярэзнічку шляхечага хутара. Заве шыр на свае загоны.
   Як тычкі, тырчаць гэтыя тры хаткі ў чыстым полі. Не пяюць ім ціхіх калыханак кучарастыя дрэўцы, схіліўшы над іх стрэхамі свае зялёныя галовы ў шарую гадзіну. Толькі вецер-падвей высвіствае песні, снуючы каля іх вуглоў. Ні плоту, ні замёту ніхто не ставіць упоперак яго сцежак.
   У аднэй хатцы сядзіць ля акна Тодар Сітнюк і ўглядаецца ў белую шыр, снуе думкамі па дзірванах сваіх палеткаў. Думка радасная, што самахцом цягнула яго сюды, у гэты пустыр, часамі з’явіцца цяпер, і тады пад павіслым вусам прабяжыць лагодная ўсмешка.
   Роўным звагам гудзе каля другога акна жончын калаўрот, і з-пад яе пальцаў тоненькая, як валасок, нітка жвава бяжыць у вілачкі.

 

* * *

   I пачалося яно з ціхіх гаспадарчых меркаванняу, з практычных разваг. Але тэмп яго штораз павялічваўся і штораз вышэй узнімаўся Алімпін, Тодаравай жонкі, звонкі голас.
   I як толькі ўпраўляўся яе бабскі язык. Сакатала:
   – Ужо каторы дзень, каторы тыдзень я дзяўбу гэтаму надаўбню, – дабірала яна больш ядранае, буйное слоўца, – пайдзі да Вінцэся, каб ты па свеце не хадзіў, – пазыч жыта. А ён і вухам не вядзе. Па сваіх камітэтах валочыцца.
   – Ціха!.. ціха!.. – не то крычучы, не то просячы ратунку, пісклівым голасам наперабой жонцы залямантаваў Тодар. Яму гэтыя песні прыслухаліся за паўтары гады пасялкоўскага жыцця. I так яны вечна, дзе б ні быў, куды б ні пайшоў, як звон стаяць увушшу. Як бобам, сыпле імі Алімпа кожан дзень.
   А яна раскудахкалася на ўсе застаўкі, як пусты млын. Жалілася на сваю горкую долю, на недахват куска хлеба, а да хлеба – і казаць няма чаго.
   – Быў парабкам, і трэба было трымацца ў цёплым кутку чвырака, калі не выкідалі. Зазвоняць – бяры работу ў рукі. I ні табе клапот, ні думак. Воляю свет. Рукі ў кішэні – пасвіствай. А яму нядобра – трэба свой шнур мець, свае клопаты. Кажа, зямлю ўраджайнаю зробіць, будзе сітніцаю пазы затыкаць... Хвалько! Дурань!..
   – Сціхні! – начальніцкім голасам загадвае Тодар і адначасна кулак спускае з-за пляча ла рог стала.
   – А вось не сціхну! – зазначае Алімпа. – Вось, Тодарка! Хоць голы, ды востры. Але помні: не дагоніш яго, Вінцэся, у пяту пацалаваць. Ты – скула пад яго вокам, і яшчэ пакланіцца яму не хочаш. У яго дабра поўны засекі, а ў цябе зубы на паліцы ляжаць.

 

* * *

   А тым часам неўзаметку падкралася гадзіна злосці, штораз мацней сціскала Тодарава ўстрывожанае сэрца.
   Не змагла яна ўтрымацца ў вузкіх берагах сумлення і шырокаю паводкаю хлынула цераз іх, змываючы па дарозе ўсё. Была ў яго на той час адна думка, адна мэта – даць. I засланіла яна сабою ўсе астатнія думкі, імкненні, развагі. Рвануўся Тодар, акамянелы кулак разоў колькі заехаў у каршэль Алімпе.
   Загаласілі на ўсю печ дзеці.
   – Людцы, ратуйце! – енчыла Алімпа, буйныя слёзы цурком ліліся з вачэй.
   Апамятаўся Тодар, апрануў кажух і ціханька выйшаў з хаты. Сам на сябе і на ўвесь свет злосны быў ён.
   Сёння пабіўся. Жарты гэта? П’яны быў, век пражыў – не біўся. А цяперака давялося. Злаваць... Во гэта другая справа. Злаваць ён умее, ды яшчэ як умее, заесца да таго, што год гаварыць не будзе, нават вачэй на таго не падыме. Другі б за тую віну крыві нарабіў – сабакам не папіць, а ён на гэта не здолен. Ён ціхай і ўпартай натуры.
   Яркі свет рассыпаных па полі зорак сляпіў Тодару вочы. Праціраючы іх кулаком, пайшоў ён у вёску.
   Вясна ідзе. Гудзе і пераліваецца маленькая ручаінка, перабягаючы пад невялічкім мастком дарогу. Па сцежках чарнеюць лужы. Снег – слюза, якую рассоўвае ў бакі Тодар, ідучы сваёю дарогаю. Насунуўшы сваю аблавушку на самыя вочы, унурыўшыся, пёрся ён па напрамку на Вінцэсеў бярэзнік.
   Сваё жыццё і ўдоўж і ўпоперак перадумаў.
   «Добра таму, у каго работнікаў поўна хата. А ў мяне – дзятва ды мы ўдваіх, – снаваў свае думкі Тодар. – Рвеш свае вантробы, з скуры пнешся, а ўсё недахваткі. Хоць бы на сваё насенне ўзбіцца. Чужое зерне – воўк. Аддасі яго, а ў засеку адны пазадкі астаюцца. Канцы з канцамі не сходзяцца... Ну, але налета іначай будзе. Перакідаемся сяк-так гэты год. Вось крапівы прыжджом. А там і на цыбулі пер’е адскочыць, будзе боршч, халаднік. Перахарчуемся лета. А жонка хваліць долю парабацкую. Ну яе...»
   Вясною рунее жытцо і ярына, зялёнымі хвалямі к зямлі хінецца. Улетку спелыя калоссі гнуць свае пажоўклыя галовы на твае грудзі, як пройдзеш мяжою, і шастаюць казку пра жыццё.
   А каб да шчырай працы ды навуку дадаць, агранома часцей пазываць на парады... Тады з сітніцаю можна будзе не толькі мары злучыць, але і справу на грунт сапраўднасці перавесці.
   I хлюпаюць па макраце яго боты. Пырскі ў бакі за гоні разлятаюцца. А ён задумённа звесіў галаву і не пашле ласкавага погляду на сонца, што радасна ўсміхаецца з сіняй высі. I не падыме вачэй на бярэзнік, дзе з-за яго гэтакая калатня ўзнялася.

 

* * *

   У бярэзнічку за будынкамі, што, як стада авечак, рассыпаліся па шырокай сядзібе шляхціца Вінцэся, ішоў апарат поўным ходам. Франак, сын, толькі ўпраўляўся пляшкі падстаўляць. Як з кранта, дзюрчалі шалёныя кроплі, ды яшчэ якія! Ужо разоў колькі ўпэўніўся ў гэтым Франак. Не больш напарстка пацягне ён, як толькі нойдзе поўная пляшка, а за горла як агнём хопіць. Кварта першаку, ганарыста растапырыўшы свае бакі, стаяла каля самага апарата. I другі гатунак мала чаго адставаў.
   Спакусліва моргае агеньчык пад трыножкаю.
   А Тодар гэтак і прэцца сцежкаю каля гумён.
   – Бачыць. Каб яму вочы на лоб павыперла, – ціхенька кажа Вінцэсь.
   Залілі агонь і спаважна пайшлі адзін за другім да будынка, як бы нічога і не ведаюць і ні ў чым не грэшныя. Франак пайшоў у хату, а Вінцэсь астаўся каля сцежкі, каб стрэцца з Тодарам.
   Марнуючы час, з мінаю добрага знаўцы абглядаў вуглы пузатага будынка, што больш за сто коп глытае восенню ў свае зявы; барабаніў шчыкалаткамі аб сцяну, як бы гэтакім манерам умеў знайсці нейкі таемны, а разам з тым і практычна неабходны сакрэт.
   I толькі параўняўся Тодар, ён кінуў свой занятак і абярнуўся да яго тварам.
   – Дзень добры! – прывітаўся Тодар.
   – Пачакай! Куды спяшаеш? – спыніў яго Вінцэсь, каб слова-другое закінуць і дазнацца, ці бачыў той яго каля агоньчыку.
   – Трэба ў вёску даведацца, – неахвотна здаволіў Тодар Вінцэсеву цікавасць.
   – Вясна ідзе, – падтрымліваў гаворку Вінцэсь.
   – Але. У нас і ў таку і ў хаце чуваць яна. Сена на рэзгіны адразу забярэш. У хляве авечкі бляюць, карова рыкае. На печы дзеці ў кулак трубяць, есці просяць...
   – Яно-то гэтак, – не то ў бядзе параду даючы, не то холадна заўважаючы факт, пацвердзіў Вінцэсь. У яго дык сена да Міколы хваціць, а хлеб яшчэ й засекі Еселевага шпікнэру папоўніць. Толькі й клапот, што пра сягонняшнюю бяду ды пра абрэзкі, дзе тры скулы як з-пад зямлі выраслі і колюць яго зрэнкі.
   – А можа б, пане-дзядзьку, які б пудок пазычылі? – на спробу закінуў слова Тодар і з пытлівым поглядам заўняўся на яго абліччы.
   – Яно то можна было б, – па слову выціскаў Вінцэсь. Тут яму і бровар на памяць усплыў, непакой быў у гэтым пункце ў яго сумленні. Каб не гэтая бяда, ён бы іначай загаварыў!.. – Вось хіба, нябога, прыйдзі там па таей нядзелі. Тады па-суседску памяркуемся. Яшчэ з сваяўством як мае быць не разлічыўся. Анупрэй касіў, Дзянісіха жала. Трэба і іх не мінаць. Ат! Памяркуемся...
   Гэтага толькі і чакаў Тодар.
   Разышліся.
   Смех бегаў па губах Вінцэся, расплываўся ў прыветную ўсмешку. Здаволены быў. Думкі ўзварушыліся, як сняжок пасля мяцеліцы.
   «Лес не ровен, трава ўсякая, і чалавек – гэтае самае, – кажу я і ўсе разумныя людзі... – Падохнеш, галытра акаянная... I ангельцы, пранцузы, палякі не даюць храпунца. Яны на нас углядаюцца, ды яшчэ як...»
   Здавалася Вінцэсю, што Польшча, Ангельшчына, Францыя, вытрашчыўшы вочы па яблыку, пільна ўзіраюцца ў Савецкую краіну і бачаць у ёй аднаго яго ды яшчэ, можа, Анісіма Стажэвіча. I цякуць, коцяцца на шырокае чэрава іх буржуйскія слёзы, бо бачаць, як абрэзка гняце Вінцэся Анбражыцкага і Анісіма Стажэвіча.
   «Ой, пагоняць! Аж пыл закурыць», – цешыць сябе Вінцэсь і памаленьку, калышучыся, йдзе ў хату, каб загадаць сыну баржджэй брацца за спыненую справу. Хто ж яго ведае? Гатоў падкусіць. Можа, ён з тым толькі й пайшоў.
   Па дарозе глянуў у ток. Рыжаю лысінаю свяцілася старана саломы. З другога боку зелянела сена, як бы толькі што прывезенае з лук.
   Радасна стала.
   Але следам за гэтым горкасць салоным квачам лезла ў душу: успомніў абрэзкі...

 

* * *

   Пад вечар Вінцэсь выйшаў з рэзгінамі на гумно ўзяць сена з току каровам. Бачыць – ідзе па дарозе ля гумён нехта з мехам за плячыма.
   Пазнаў Тодара.   
   – Адкуль гэта? – здалёк папытаўся Вінцэсь.
   – З бядняцкага камітэта, – адказаў той і мінуў Вінцэся, не сказаўшы больш ні слова.
   «Бачыш вужаку! Ужо ён і шапкі не мерыцца зняць! Ліха іх хай возьме! Сабака сабаку знюхае!» – праводзіў яго думкамі Вінцэсь.
   Пазіраючы на бакі, Тодар мерае гаспадарскім вокам шырыню Вінцэсевага поля. Імчацца думкі стройнымі чародамі.
   «Вось мы ўкаранімся тут, тады падзівіцца свет. З гэтым абшарам нам саўладаць – плёвая справа».

Похожие статьи:

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Баркаўцы – добрая вёска, і баркаўчане – вясёлыя людзі

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Нядоля Заблоцкіх

Лукаш КалюгаТворчасць Лукаша Калюгі

БиографииЛукаш Калюга

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Цеснаватая куртачка