Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Творчасць Леаніда Дранько-Майсюка

   Леанід Дранько-Майсюк – адзін з самых папулярных і арыгінальных сучасных беларускіх паэтаў. У. Гніламёдаў зазначыў, што Леанід Дранько-Майсюк пачынаў у XX ст., але гэта паэт XXI стагоддзя, маючы на ўвазе актуальнасць і самабытнасць яго эстэтычнага пошуку.
    Паэт творча працягвае традыцыі эстэтызму у беларускай паэзіі, для яго, як і для Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўкі, прыгажосць – найвышэйшы ідэал. "Арфеем, распятым на струнах ліры" назвала яго Г. Кісліцына, падкрэсліўшы адданасць паэта высокаму мастацтву, узвышана-рамантычны склад яго таленту.
    Вершы Л. Дранько-Майсюка нязмушана ўводзяць чытача ў свет красы і гармоніі, яны прасякнуты суладнымі і вытанчанымі музычнымі інтанацыямі (нездарма на яго словы напісана звыш 40 песень, многія з якіх сталі вельмі папулярнымі ў выкананні "Сяброў", Я. Паплаўскай і А. Ціхановіча і іншых спевакоў).
    Для сённяшняга Л. Дранько-Майсюка характэрна інтэлектуальная глыбіня, медытатыўнасць, з'яднаная з канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю, высокая культура мастацкага мыслення, якая абапіраецца на добрае веданне традыцый сусветнага мастацтва, эстэтычны пошук і багацце вобразна-выяўленчых сродкаў.
    Леанід Дранько-Майсюк нарадзіўся 10 кастрычніка 1957 года ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Родны гарадок Л. Дранько-Майсюк апаэтызаваў у сваёй ранняй творчасці як асяродак сапраўднага нацыянальнага каларыту, увасабленне хараства палескай прыроды. Менавіта ад родных давыд-гарадоцкіх кветнікаў ў яго паэзію прыйшоў гэты адвечны сімвал прыгажосці – кветкі, у якіх, па жартаўлівым прызнанні Л. Дранько-Майсюка, яго і знайшла мама і якія "красой ахвярнай ратавалі талент" паэта. Першыя вершы надрукаваў у раённай газеце ў 1972 г. Скончыў Літаратурны інстытут у Маскве (1982), працаваў рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура". Выдаў кнігі вершаў "Вандроўнік" (1983), "Над пляцам" (1986), зборнікі вершаў і паэтычных эсэ "Тут" (1990), "Акропаль" (1994), "Стомленасць Парыжам", сатырычных апавяданняў ("Пра тое, як я..."), кнігу выбраных твораў "Гаспода" (1998).
    Архетыпам духоўнага пошуку, абнаўлення, незаспакоенасці лірычнага героя з'яўляецца вобраз вандроўніка, які яшчэ з першай кнігі трывала ўвайшоў у яго паэзію. Трэба сказаць, што і ў рэальным жыцці Л. Дранько-Майсюк многа падарожнічае: у Германію, Бельгію, Францыю, Грэцыю, Польшчу, Чэхію, Славакію, у выніку чаго з'яўляюцца шматлікія вершы і эсэ. Аднак вандроўкі нязменна прыводзяць яго да роднага парога, бо толькі тут ён адчувае сябе цэльнай асобай. І шлях паэта няспынны, бо толькі ў ім нараджаецца паэзія.
    Паэзію Л. Дранько-Майсюк асэнсоўвае як вечнае служэнне прыгажосці і пошук эстэтычнага ідэалу. Здавалася б, паэт будзе вечна ўслаўляць красу, аднак у вершы "Прыгажосць" ён парадаксальна пярэчыць ёй, сцвярджаючы праз гэты кантраст складанасць і супярэчлівасць працэсу творчасці, бо толькі праз пярэчанне і магчымы шлях да ісціны.
    Высокая патрабавальнасць паэта да самога сябе, палемічна падкрэсленая ў апошняй страфе, – сведчанне яго ўнутранай незаспакоенасці і духоўнага пошуку. Такое высокае разуменне паэтычнай творчасці найбольш дакладна і поўна выявілася ў празаічным разважанні "Пра паэта", якое найбольш грунтоўна перадае эстэтычныя прынцыпы Леаніда Дранько-Майсюка. Паэзія, як сцвярджае Л. Дранько-Майсюк, – шлях да маральнага самаўдасканалення, на гэтым шляху абуджаецца інтэлект нацыі.
    Адной з найбольш цэласных і ўдалых па мастацкім увасабленні пафасу творчасці з'яўляецца кніга Л. Дранько-Майсюка "Акропаль". Паэт шукае новы творчы шлях, знаходзячы яго ў канцэнтрацыі і асацыятыўным паглыбленні адзінага тэматычнага поля кнігі, узмацненні культуралагічнага патэнцыялу слова і ў стварэнні своеасаблівага жанравага сінтэзу — прозапаэзіі.
    Імкненне да збліжэння прозы і паэзіі — істотная, сутнасная для сучаснага літаратурнага працэсу ўвогуле тэндэнцыя. Мацнее гэтая плынь і ў нас — творчасць Алеся Разанава, У. Арлова, А. Кірвеля і многіх маладзейшых літаратараў сведчыць пра зрухі ў эстэтычнай свядомасці мастакоў, якія адкрываюць новыя магчымасці слова, шляхі самавыяўлення. Гэта гаворыць не пра вычарпанасць чыстай (у жанравым сэнсе) паэзіі, хутчэй пра яе здольнасць да развіцця і пра магчымасць адыходу ад традыцыйных уяўленняў пра род і жанр літаратуры.
    Новы зборнік Л. Дранько-Майсюка складаецца з метафарычных еgо-essаі "Ратаванне Грэцыяй" і "Стомленасць Парыжам", што ствараюць своеасаблівы культ еўрапейскага мастацтва (найперш Антычнасці і французскага сімвалізму), і з інтымнай лірыкі, дзе — культ жанчыны-мары і чыстай эротыкі. Нічога чужароднага — таму паэзія свабодна пераліваецца ў прозу, а проза шчодра дзеліцца з вершамі канкрэтнымі дэталямі і вобразамі. Жанравыя межы робяцца чыстай умоўнасцю, нават сюжэты, матывы, рытмы рухаюцца ў кнізе свабодна, як антычны вецер і Гарынь-рака, як знакі, сімвалы і колеры, як цытаты з любімых мастакоў і паэтаў. I калі зборнік "Тут" яўна распадаўся на "богам створаную прозу" і "д'яблам высненыя вершы", то "Акропаль" больш арганічны і цэласны, у ім менш эклектыкі, найперш таму, што аўтар адмовіўся ад надзённых матываў, нават ад балючай і "абгалошанай" (паводле П. Васючэнкі) у ранейшых вершах тэмы роднай мовы, якая сёння паэта нават "душыць", прыгнятае звыклым лексічным даляглядам, перашкаджаючы пачувацца "ранішнім святлом на пыльным еўрапейскім лісці".
    Аўтар вольна і нязмушана творыць свой утульны і гарманічны для ўсяго існага свет паводле законаў славутай вежы чыстага мастацтва, таго вечнага Акропаля, які наўрад ці заўважае мітусню каля яго падножжа.


I не марнее, жывіцца мастацтва
Глінянай прахалодаю быцця.
Яшчэ магу кахаць і падабацца,
I чыстым быць, як зорка і дзіця.

Паіць віном паўлінавыя астры,
На пчол глядзець і цешыцца любой!
I ластаўку, якую сочыць ястраб,
Забраць адсюль у Грэцыю з сабой...
 

    У гэтым наноў створаным свеце пануе радаснае адчуванне паўнаты жыцця, суладнасці закаханых душ і нейкай таемнай змовы людзей, рэчаў і прыроды, музыкі і фарбаў.
    Кожны вытанчаны, насычаны мастацкімі рэмінісцэнцыямі і ўмоўна-бытавымі дэталямі паэтычны вобраз, кожная старанна вытачаная і дагледжаная празаічная фраза, у якой спрасаваны цэлыя культурныя пласты,— усё аб'яднана адной звышідэяй — служэннем Прыгажосці і ратаваннем ёю. Вядома, гэта эстэцтва, такое чаканае, кліканае і неабходнае нашай літаратуры.
    У прыгажосці ёсць і звышнацыянальнае, і мы можам толькі ўспрыняць агульначалавечае і дадаць нешта сваё, як аддае Л. Дранько-Майсюк стомленай ад уражанняў Еўропе свае давыд-гарадоцкія маляўнічыя этыкеткі — "плату за радасць жыць паміж каханнем і паэзіяй", папярэдне апаэтызаваўшы кожную фарбу і кожны пялёстак, нават характар кожнай кветкі.
"Я прывёз Петунію.
Яе не вяжуць у букеты, бо яна — сіні ластаўчын ускрык над навальнічнаю хмараю. Яе не дораць каханым, бо сцяблінкі ў далонях растаюць, як воск. Яна прывабная нават і ў жніўні, калі, адцвітаючы, паслухмяна аддае гаспадыні пяшчотнае насенне.
...Я прывёз Кларкію.
Пчала цалуе мініяцюрны крыж — пялёсткі ружовай Кларкіі... Пчаліны пацалунак, убачаны ў дзяцінстве, і ў старасці будзе пахнуць грэчкаю і забытымі вуллямі. ...Я прывёз Аксаміткі.
Колер аксамітак — сепія, прасвечаная сонцам — перамагае свой контур і вырываецца з яго. Як на Васілёвых малюнках, як на карцінах Дзюфі — колер не слухаецца контуру..."
Сальвія, "паненка без жаніха", "любімая Апалінэрам Лілія", каталіцкая Кампанула, Календула з жоўтымі аптэчнымі вуснамі... Кожная назва, як імя — з вялікай літары, і такое ўражанне, што ў матчыным гародзе жывуць малодшыя сёстры грэчаскіх німфаў, упрыгожваючы свет. З першай да апошняй старонкі кнігі яны побач з намі, і калі напачатку гэта непрывычна, то потым пераконваешся — прыгажосці не бывае замнога.
    Найвышэйшая праява прыгажосці для Л. Дранько-Майсюка – каханне. "Паэт, які кахае", як назваў Л. Дранько-Майсюка крытык А. Бельскі, найбольш поўна і дасканала выявіў інтымныя перажыванні свайго лірычнага героя ў цыкле "Вершы для А.", "лірычнай сімфаньеце закаханай душы".

У Вашым голасе квітнеюць астры,
Якіх не бачыў я раней.
Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна...
У Вашым голасе квітнеюць астры,
I кожнай кветцы Бог сказаў: квітней.

Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна –
Ці варты музыкі такой?!
Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,
Калі гучаць арфічна Вашы астры
Па-над пустой канцэртнай асакой.

Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,
Не ведаю і ведаць не хачу.
Запамінаю голас Ваш прыязны;
Нібыта верш, запамінаю астры –
Па-школьнаму, на памяць іх вучу.

Запамінаю голас Ваш прыязны...
Пакінь, пакінь, глыбокая струна,
Шум глыбіні і неспакой рамансны,
Каб у крыві маёй квітнелі астры...
Кроў — гэта ваза, што не мае дна.


    Верш будуецца па законах музычнай і жывапіснай гармоніі, адна фраза нараджае другую, адна метафара водсветам пазнаецца ў другой — усё гэта стварае адчуванне цэласнасці і прыгажосці.
    Леаніду Дранько-Майсюку добра ўдаецца вобраз мужчыны, закаханага ў "жанчыну з чужога нечага жыцця", які ўмее прыгожа, эстэтычна абставіць сітуацыю "грэшнага кахання". Героя трохі прыгнятаюць "сямейныя галеры", але ён упэўнены, што "усё як ёсць, так і павінна быць, нязрушаным павінна заставацца". Яму зручна ў закаханасці, але ён вельмі не хоча, каб яна перарастала ў каханне, "пачуццё тупіковае, на якім злавесна пацепваецца асінавае лісце нянавісці". Не варта спрабаваць высветліць, ці рэальная гэта сітуацыя, ці ёсць прататып у цудоўнай дранько-майсюкоўскай А. Гэта прыгожая фантазія, мары і мастацкая творчасць паэта. 
Леанід Дранько-Майсюк не хавае, а, наадварот, старанна падкрэслівае імёны сваіх літаратурных куміраў: "настаўнік мой Верлен", С. Малармэ, Г. Апалінэр, А. Блок... Выбудавана выразная паэтычная традыцыя, якая гарманіруе з агульным эстэтычным кантэкстам кнігі і з падарожнымі пошукамі "свайго Парыжа". Больш таго, у сваіх паэтычных вандроўках аўтар выразна пачувае сябе беларусам і натуральна ўпісвае нацыянальную эстэтычную традыцыю (Купала, Багдановіч, "Узвышша") у сусветную.
    "Я гаварыў пра Купалу і Апалінэра, пра спадчынна-ўстойлівае непадабенства французскіх і беларускіх паэтаў, сэнс якога шмат у чым вызначаны дзеясловамі шукаць і чакаць. Французскія паэты-класікі шукалі свой лёс, а беларускія чакалі яго — і мелі, дарэчы, рацыю... I калі мы сапраўды адстаём ад сваіх суседзяў на сто, дзвесце ці нават на больш гадоў, калі мы часта прыстаём, стамляемся, басанож адольваючы дадзены гісторыяй шлях, то адставанне нашае (я ўпэўнены!) вельмі блізкае да той відавочнай розніцы, якая існавала паміж пакутнай хадою босых галілейскіх рыбакоў і зладжаным крокам абутых рымскіх легіянераў". З такім назіраннем цяжка не пагадзіцца.
      Леанід Дранько-Майсюк паслядоўна арыентуецца на сусветнае мастацтва. Імя аднаго са сваіх настаўнікаў — элегантнага і інтэлігентнага жывапісца, выдатнага майстра колеру і святла, удумлівага і арыгінальнага тэарэтыка маетацтва Анры Маціса — называецца Л. Дранько-Майсюком ахвотна і з любоўю.Трэба прызнацца, што гэты ўплыў на яго паэзію найбольш цікавы і творчы. Л. Дранько-Майсюк нідзе не ўжывае ніякіх цытат і дакументальна вывераных фактаў, пісьмо яго эсэ "пераможна-адвольнае", але заснаванае на глыбокім разуменні жывапісу Маціса, яго разважанняў аб спецыфіцы творчасці, а яшчэ — на яўным супадзенні мастацкага светабачання паэта і жывапісца, нават канкрэтных вобразаў і прыёмаў пісьма. Гэта зусім не дзіўна, Маціс — тая ж эстэтычная традыцыя. Леанід Дранько-Майсюк пра гэта не гаворыць, але, паводле дакументальных звестак, літаратурныя прыхільнасці Маціса — П. Рансар, Ш. Бадлер, С. Малармэ, Г.Апалінэр, партрэты якіх мастак пісаў з вялікай любоўю. Найболыы блізкай да мацісаўскай ідэі спакойнага і чыстага мастацтва была эстэтыка Малармэ, кнігу якога "Паэзія" Маціс ілюстраваў з асаблівым задавальненнем, творча і свабодна выяўляючы ўласную асобу. Так, як выяўляе сябе ў "Стомленасці Парыжам" сам Л. Дранько-Майсюк. Яго цікавіць пераважна Маціс — лідэр фавізму, хоць гэты перыяд у творчасці мастака займаў толькі некалькі гадоў, цікавіць адчуванне свята жыцця, колеру і святла. I натуральна, што творы паэта таксама "падсвечваюцца" мацісаўскім святлом.
    Зрэшты, жывапіснасць заўсёды была ўласціва Л. Дранько-Майсюку, як і музычнасць, ідэальнае адчуванне рытму і мелодыі — Мацісу. Ланцужкі, пярсцёнкі і завушніцы каханай жанчыны, знаёмыя мінскія сілуэты Лангбардава Вялікага тэатра і Кафедральнага сабора, гарадскіх вуліц — усё выпісана паэтам дакладна і зрокава адчувальна. А вось захапленне колерам, якога святочна многа ў "Акропалі", своеасаблівая колерамузыка — новая і канцэптуальна важная для кнігі рыса.
    "Святло, выявіўшы сваю дамінанту, змякчыла абрысы дрэў, будынкаў, людзей. Краявід займеў сцішаныя лініі, далікатнае віёльнае гучанне. Цені зрабіліся каляровымі, пад лёгкім ветрам яны шамацелі, нібы крэпдэшын. Залаціста-блакітнае паступова сыходзіла ў аднатонна-сінюю далеч".
I блізкае да гэтай вечаровай музычнай імпрэсіі адчуванне ў вершы:


Табе разгортваючы Верлена,
Заўважыў: у жоўтым тваім агні
Зялёны блакіт успыхваў імгненна,
На страху настоены і чысціні...


    Любімы колер Л. Дранько-Майсюка, вядома, сіні. Спрадвечны колер дэкадэнцтва і эстэцтва, узвышанскіх паэтаў, смутку, холаду і, разам з тым, спакою. Пасіўны колер, які, паводле вызначэння Гётэ, "не наступае, а адыходзіць". Менавіта колеру, як падкрэсліваў Маціс, уласціва выяўляць "святло мозга мастака". Так што ўсё апраўдана і эстэтычна, і псіхалагічна.
    Дарэчы, дамінуючая гама карцін Маціса — таксама сіняя (асабліва тых твораў, што ёсць у музеях Масквы і Пецярбурга), а любімым колерам мастак называў бэзавы — блізкі да сіняга паводле эмацыянальнага ўздзеяння, хоць і некалькі больш актыўны. Маціс асабліва любіў пісаць кветкі як крыніцу радасці людзей і рознай формы вазы для вялікіх букетаў — тыя дэталі, якімі перапоўнены і творы Л. Дранько-Майсюка. Маціс ахвотна выкарыстоўваў самацытаванне ў карцінах, паўтараючы матывы і вобразы, часта "змяшчаў сябе ў свае карціны" і атаясамліваў сябе з мадэллю. Тыя ж прыёмы, як і філасофія знака, сімвала, прасторы, уласцівы і сённяшняму Дранько-Майсюку.
    Творчасць Л. Дранько-Майсюка годна працягвае эстэтычную традыцыю сусветнага мастацтва і ўзбагачае яго ўласнымі знаходкамі паэта, зробленымі на глыбокім нацыянальным грунце.