Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Творчасць Леаніда Дайнекі

   Дзве музы моцна паланілі яго сэрца: першая — гэта паэзія, другая — гісторыя. Леанід Дайнека прыйшоў у літаратуру як паэт. Ён выдаў зборнікі вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985). Выбраныя вершы і паэмы з гэтых пяці кніжак склалі аднатомнік «Сняжынкі пад агнём» (1989), які стаў своеасаблівым творчым падрахункам на яго паэтычнай дзялянцы. У першай палове 70-х Леанід Дайнека зрабіў сур'ёзную заяўку і ў жанры прозы. Неўзабаве выйшаў яго зборнік апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976), а пазней пабачылі свет раманы «Людзі і маланкі» (1978), «Футбол на замініраваным полі» (1983). Аднак найбольшы літаратурны поспех выпаў яго гістарычным раманам «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988) і «Жалезныя жалуды» (1990). За раман «Меч князя Вячкі» пісьменнік у 1987 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Мележа, а пазней, у 1990 г., гэты твор і раман «След ваўкалака» былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Напісаў Леанід Дайнека і раман у жанры фантастычнай прозы — «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992).
   Паэтычны голас Леаніда Дайнекі пазначаны самабытнасцю індывідуальнага самавыяўлення і, як падаецца, яшчэ належным чынам не ацэнены крытыкай. Гэты мастак слова ўслед за Уладзімірам Караткевічам праз напластаванні часу праніку мінулае роднага краю, апаэтызаваў таямніцы, загадкі «слядоў даўно мінуўшых год», вычуў рэха мінулага ў камені і кургане, сваю крэўную роднасць з далёкімі продкамі, сцвердзіў, што «наша памяць жывая». У вершах «Прадзеды», «Камяні, камяні...», «Курганы», «Званы», што ўвайшлі ў першы зборнік «Галасы», якраз і чуецца водгук мінуўшчыны, выяўляецца гістарызм аўтарскага мыслення. Гэтая тэндэнцыя паэтызацыі і цікавасці да мінулага знайшла працяг у далейшых кнігах Леаніда Дайнекі. Зрэшты, у 60-70-я гг. гісторыя адгукнулася і ў вершаваных радках іншых паэтаў — Р. Семашкевіча, Вольгі Іпатавай, Ніны Мацяш... У той час, калі ў модзе былі гучныя грамадзянскія тэмы (дарэчы, даніну ім аддаў і Леанід Дайнека), вершы пра беларускую гісторыю выглядалі па-сапраўднаму неардынарнымі, нават смелымі. Многім гэта бачылася анахранізмам, адставаннем ад патрабаванняў часу. У раздумлівасці, з пранікнёнай адухоўленасцю і пашанай дакранаецца паэт да мінулага ў вершы «Навагрудак»:

 

Гэты мох, нібы рэха трывог.
Уздыхае ён сумна і доўга.
Я прыйшоў к табе, замак Міндоўга,
У грымоты суровых дарог.

Ні усмешак, ні плачу, ні слоў.
Толькі вецер над сценамі вые.
Сцены гэтыя — лёсы людскія.
Спрасаваныя прэсам вякоў.
 

   Гісторыка-патрыятычны дух поўніць радкі паэмы «Песня белага снегу», якая ўвайшла ў зборнік «Начныя тэлеграмы». Твор напісаны з эмацыянальнай страснасцю, пачуццём нацыянальнай годнасці і гонару за наша мінулае. Гэткі кірунак ва ўспрыманні і трактоўцы беларускай гісторыі ў 70-я гг бачыцца па-грамадзянску мужным, нават бунтоўным, па-мастацку наватарскім:

 

Мы —

не натоўп схіленых спін.

Мужны народ герояў!
Біце ў званы,

Тураў і Пінск,

Слуцак, Бабруйск і Лоеў.


   Мінулае ў паэме разгортваецца ў сваёй эпічна-драматычнай шырыні, тут паўстаюць вобразы нашых славутых продкаў, ажываюць старонкі гераічнага змагання за свабоду і чалавечую годнасць. Паэт турбуецца пра страчаную славу Беларусі, на высокай клічнай ноце сцвярджае, што родная зямля будзе жыць насуперак патаптанню і перанесеным пакутам: «...Але Каліноўскага голас чуцён, І гавару я: — Ты будзеш жыць!» З вышыні сённяшняга часу сёе-тое ў творы патрабуе ўдакладнення, аднак у цэлым ён напісаны ярка, пафасна, з выразнасцю і пачуццёвай глыбінёй сэнсавых акцэнтаў. Сэрца паэта поўніць вялікая любоў да Беларусі, і ён выказвае гэтую любоў з асаблівай пранікнёнасцю слова: «Радзіма! Не ў сіняе мора — мне ў сэрца цякуць Твой вольны Дняпро, і Шчара, і Друць. Мне звоняць травой твае паплавы, Заснуць не даюць твае журавы».
   Паэтычны зборнік «Вечнае імгненне» Леанід Дайнека таксама пачаў з патрыятычнага сцвярджэння: «Мы — народ. Мы — народ. Мы — галоўная сіла» (верш «Народ»), Паэт усведамляе, як важна адчуваць сябе часцінкай вялікага цэлага і не адстаць ад народа. Паэт успрымае свой народ як нашчадкаў крывічоў і дрыгавічоў, са спрадвечнымі сялянскімі імёнамі, бачыць яго як дойліда і змагара, з мячом і плугам, ведае пра яго пакуты і радасць. Леанід Дайнека выяўляе глыбокую духоўна-генетычную повязь з мінулым:

 

Дрыгавічы — лясныя людзі.
Сыны вады. Сыны зары.
Мы чуем вашы галасы,
Калі з гарачым свістам, гулам Віхор суровы гне лясы,
Калі ж метал зазвоніць строга,
Палезе звер у родны кут,
Мы вас паклічам на падмогу,
І вы адкажаце: «Мы тут!»
(«Дрыгавічы»)
 

   У зборніку «Вечнае імгненне» прыкметна вылучаецца нізка вершаў «Постаці гісторыі айчыннай», у аснове якой ляжыць паэтызацыя вобразаў вядомых людзей беларускай мінуўшчыны, пра што самі за сябе гавораць назвы твораў: «Вячка. 1224 год», «Лышчынскі. 1689 год», «Вецер. 1744 год», «Грынявіцкі. 1881 год», «Чарвякоў. 1922 год». Зноў жа, з пазіцый сучаснасці, не ўсё ў некаторых з гэтых вершаў у светаасэнсавальным плане выглядае бездакорна, бо сёння ў новым святле адкрываюцца факты і старонкі мінулага. Звярнуўшыся да нашай гісторыі, Леанід Дайнека імкнуўся выявіць свабодалюбнасць і патрыятызм беларускай душы:

 

Да вас іду, адважныя, палеглыя.
І разам з вамі за народ свой б'юся.
І праз усе нягоды і адлегласці
Нам свецяць вочы роднай Беларусі.


   Тэма гісторыі сталася сэнсава значнай і магістральнай і на празаічнай ніве Леаніда Дайнекі. Сучасную гістарычную раманістыку ўжо немагчыма ўявіць без твораў гэтага пісьменніка. Поруч з творамі Уладзіміра Караткевіча, Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Арлова яго раманы вельмі істотна пашыраюць дыяпазон мастацкага адлюстравання і асэнсавання мінулага, узбагачаюць нас светапоглядна і духоўна, робяць гістарычны мацярык па-сапраўднаму цікавым і прывабным.
   Раманы «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака» і «Жалезныя жалуды» складаюць гістарычную трылогію, у якой намаляваны асобы і падзеі нашага старажытнага мінулага.
   Леанід Дайнека ствараў свае гістарычныя раманы з думкай пра адраджэнне ў нашай душы і свядомасці гістарычнай памяці. Ён пайшоў шляхам вывучэння і мастацкага асэнсавання мінулага, каб паказаць нам, сваім сучаснікам, найперш юным грамадзянам Беларусі, што мы з'яўляемся тым народам, які мае цікавае і самабытнае мінулае. Пісьменнік прызнаецца, што гэты шлях пазнання старажытнай гісторыі досыць нялёгкі, атулены смугою сівых вякоў: «Цяжка плыць па рацэ, імя якой — Гісторыя. Асабліва цяжка дабірацца да вытокаў, да тых мясцін, дзе ракі, па сутнасці, няма, ёсць тоненькія ручайкі, вадзяныя ніткі, з якіх праз колькі дзесяткаў кіламетраў спляцецца, сатчэцца шырокі абрус ракі». Можна па-добраму пазайздросціць усім тым, хто сёння бярэ ў рукі кнігі Леаніда Дайнекі, бо ранейшыя пакаленні не мелі такой выдатнай магчымасці праз мастацкую прозу адкрываць беларускае і славянскае мінулае.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!