Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Леанід Галубовіч - верш "Паэзія"

Ты — боль, паэзія. Ты — быль.
Твае суровыя законы
Не для забаў, не для гульбы —
А пошук ісціны да скону.

Ты — рай, паэзія. Ты — рой
Адвечных дум, дзе мы згараем.
I толькі геніі парой
Жылі часова гэтым раем.

Ты — жаль, паэзія. Ты — жар.
Я па тваім хаджу вуголлі.
Чыя не прагнула душа
Твайго зняволення і волі?

Ты — сум, паэзія. Ты — суд
I мрояў нашых, і здзяйсненняў.
Хай душы шчырыя нясуць
Высокі лад тваіх памкненняў!

Ты — яд, паэзія. Ты — сад
З адзіным яблыкам спакусным.
Над ім — каторы год падрад! —
Мае збалела смягнуць вусны...

Ты — боль, паэзія. Ты — бой.
Ты — праўды непрыступнай вежа.
Я — праведнік і грэшнік твой,
Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..
 

 

Адказы на пытанні:

   1. Чалавек, які захапляецца паэтычнымі творамі знаходзіць для сябе адказы на многія пытанні. У вершы Леаніда Галубовіча "Паэзія" гучыць думка аб шматграннасці тэм вершаваных радкоў і яскравых хвілінах жыцця, калі прыходзіць натхненне, пачуццёвасці і душэўнасць вершаў, іх значэнне ў жыцці кожнага чалавека.
   2. Леанід Галубовіч у вершы "Паэзія" падбірае трапныя словы, якімі характарызуе сутнасць паэзіі. Словы ў мастацкім творы, вершы не заўсёды суадносяцца з словамі паўсядзённай мовы. У літаратурным творы слова не існуе абасоблена, яно звязана з астатнімі мноствам граматычных, сінтаксічных, сэнсавых, стылістычных сувязяў. У паэзіі слова набывае асаблівую выразнасць, становіцца ёмістым, сціслым, шматзначным. У кожным вершы свая тэма, ідэя, пачуцці. Падзеі, якія адбываюцца вакол нас штодзённа, аказваюць на паэта моцнае ўражанне, вызываюць у яго душы асаблівы водгук, усплёск пачуццяў. Таму ў вершах усё часта перабольшана, узмоцнена. Паэт таму і можа аказаць на нас уздзеянне сваёй творчасцю, бо пачуцці, перажытыя намі, зведаў у шмат разоў мацней. Паэзія можа перадаваць трагічнае, паказваць рэальныя падзеі, радаваць чытача, сумаваць разам з ім, асуджаць нейкія ўчынкі, заклікаць да змагання, суцяшаць, раіць, дапамагаць.
   3. У двух першых чатырохрадкоўях азначэнні паэзіі здаюцца вынікам не толькі цяжкіх роздумаў паэта, але і цвёрдых перакананняў і мужнасці.
   Асаблівасць паэзіі заключаецца ў тым, што яна засяроджана на адлюстраванні ўнутранага свету чалавека. Гэта і адрознівае яе ад эпічных і драматычных твораў. Паэзія перадае ўражанні, роздум, перажыванні, настроі, думкі і пачуцці, якія ўзніклі ў душы паэта пад уплывам жыццёвых абставін. Таму ў вершах паказваецца і боль (верш А. Лойкі "У матчын дзень", Генадзя Бураўкіна "Словы жудасна паміраюць..."), і суд (верш Рыгора Барадуліна "Маналог зямлі", Пімена Панчанкі "Сармацкае кадзіла"), і бой (верш Генадзя Бураўкіна "Што паробіш..."), і каханне (А. Русака "Толькі з табою"), і сум (верш М. Багдановіча "Непагодаю маёвай"), і радасць (верш Еўдакіі Лось "Лірыка ліпеня").
   4. Чыя не прагнула душа твайго зняволення і волі? – многія людзі мараць аб паэтычных здольнасцях, але для валодання паэзіяй мала аднаго жадання, патрэбен і талент да вершаванага слова.
   Праведнік і грэшнік твой – той, хто кіруецца высокімі думкамі паэзіі і часам ідзе насуперак ім, хоць і не па ўласным жаданні.
   5. Верш пабудаваны на ўнутраным сугуччы рыфм: боль – быль, рай – рой, жаль – жар, сум – суд, боль-бой. Гэта ўносіць ў верш напружаную, узбуджаную інтанацыю. Паэт уздымае пытанне аб ролі паэзіі ў нашым жыцці, яго хвалюе значэнне паэзіі для кожнага чалавека.
   6. У вершы шмат разнастайных азначэнняў паэзіі, таму што змест вершаў, паказ падзей таксама разнастайныя: перадаюцца пачуцці, настрой, ствараюцца кантрасныя па сэнсу вобразы-параўнанні.

Похожие статьи:

Ніл ГілевічМатывы і вобразы паэзіі Ніла Гілевіча

Пімен ПанчанкаДухоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская паэзія, яе тэмы і вобразы

Сучасная літаратура БеларусіСучасная паэзія Беларусі

Аркадзь КуляшоўПаэзія Аркадзя Куляшова