Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Творчасць Ларысы Геніюш

   Мужны талент, нескароны дух — гэта самае першае, што ўзнікае ў свядомасці, калі думаеш пра асобу Ларысы Геніюш. У ёй, гэтай беларускай жанчыне, месцілася вялікае і палымянае сэрца патрыёткі, жыла душа паэта-лірыка. Яе імя ў нашай літаратуры займае годнае і пачэснае месца сярод такіх жанчын, як Алаіза Пашкевіч (Цётка), К. Буйло, Наталля Арсеннева, а патрыятычны дух і высокі грамадзянскі гарт яе слова роднасныя ідэйным перакананням Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі...
   Ларыса Геніюш — прапаведніца беларускай адраджэнскай ідэі, сапраўдная заступніца Бацькаўшчыны і яе вялікая пакутніца. Узышоўшы на сталінскую Галгофу і спазнаўшы напоўніцу боль фізічнага і духоўнага ўкрыжавання, паэтка цудам ацалела, вярнулася да жыцця і — у гэтым выявіўся сапраўдны гуманізм яе асобы — не выбухнула гневам і нянавісцю да свайго народа, не ўсумнілася ў вечных каштоўнасцях быцця. Ларыса Геніюш, як і славутая Рагнеда, вытрымала здзекі, садызм, не здрадзіла духоўным святыням, не пайшла на кампраміс з сумленнем і не выраклася пачуцця годнасці, свабоды, незалежнасці.
   У вобразнай сістэме яе паэзіі цэнтральнае месца належыць вобразу Беларусі. Радзіма для паэткі — адзіны і галоўны сэнс быцця, гэта рай яе душы, радасць і надзея, слёзы і пакуты: "Беларусь мая, // мой алтар" ("Маці мая сялянская..."). Патрыятычнае слова Ларысы Геніюш аплочана лёсам, трымаецца на ўнутраным вопыце зведанага і перажытага, ёй чужыя штучная дэкларацыйнасць і абстрактнае, безадноснае красамоўства.    Беларусь для паэткі — гэта мінулае, традыцыі бацькоўскай зямлі, усё тое дарагое, роднае, з чым чалавек і народ духоўна багатыя і трывучыя. Прачулая паэтызацыя роднага свету, "адвечнай беларускай стыхіі" гучыць у паэме "Куфар", вершах "Вясковы дом", "Гудзевічы", "Мая крыніца" і інш. Разам з тым любоў да Бацькаўшчыны ў паэзіі Ларысы Геніюш — дзейсная, самаахвярная, самазабыўная: "...як жыць — дык жыць для Беларусі. // А без яе — зусім не жыць" ("Адзінай мэты не зракуся..."). Беларусь для паэткі — найвялікшы жыццёвы скарб, з вобразам у сэрцы "наймілейшай Краіны", з ідэяй адданасці "Роднаму Краю" яна прайшла праз суровыя выпрабаванні часу.
   Успрыманне і асэнсаванне Бацькаўшчыны ў паэзіі Ларысы Геніюш грунтуецца на культурна-гістарычнай аснове. На працягу ўсёй творчасці яна звярталася да вобразаў і падзей беларускай даўніны (вершы "Князь Усяслаў Чарадзей", "Ефрасіння Полацкая", "Над старымі друкаванымі кнігамі", "Кастусь Каліноўскі" і інш.). У мінуўшчыне паэтка бачыла веліч і неўміручасць беларускай душы, нашай нацыянальнай культуры, шукала і знаходзіла там адказы на самыя вострыя, балючыя пытанні, заклікала да годнага жыцця на зямлі продкаў:

 

Мудрасць здолее ў цемры свяціць.
Загад продкаў у сэрцы не згіне!
Будзем думаць, вучыцца, тварыць так, як ты
ў сваей мове,
Скарына.

("Скарына")


   Ларыса Геніюш не ўяўляла сябе ні на момант без Маці-Беларусі, "краю Крывічоў", роднай мовы, Нёмана, Пагоні — усяго таго, што ідэнтыфікуе народ і вызначае яго сапраўдны, асновасутнасны духоўны змест быцця. Паэтка свядома абрала шлях духоўнага слугавання Беларусі, ведала, што яе чакае: "...буду ісці, буду змагацца моўчкі // за Край мой родны і цярпець за ўсіх" ("Пакуль аж смерць мне не закрые вочы..."). Яна ішла пакутніцкім хрысціянскім шляхам, спазнала на гэтай грэшнай зямлі жахі пекла і ў той жа час сэрцам верыла ў Бога, гукала наперакор нягодам вясну і раніцу заўтрашняга дня. Яна любіла родную зямлю, як вясновы жаўрук, бачыла ў прасцягах Радзімы невычэрпны свет красы, які параўноўвала з "сіняй казкай".
   Лірык прыроды — адметная мастакоўская іпастась Ларысы Геніюш. Прыгожае беларускае ўлонне стала для паэткі тым храмам, дзе яна адчувала найвялікшую асалоду быцця, выказвала сваё захапленне, спавядалася, унутрана ачышчалася, знаходзіла духоўны мацунак. У сваіх паэтычных замалёўках Ларыса Геніюш тонка малюе слоўнымі фарбамі. Яна аддавала перавагу мяккаму акварэльнаму жывапісу ("Акварэль", "Начная акварэль" і інш.). Ларыса Геніюш гэтак жа, як Н. Арсеннева, пяснярка восені, з прачулым настраёвым лірызмам раскрывае хараство беларускай прыроды. У зборніку "Ад родных ніў" (1942) цэлы раздзел складаюць восеньскія вершы. Красамоўная назва гэтага раздзела — "Акорды восені" — назва, якая, здаецца, сведчыць пра музычную прасодыю як вызначальную дамінанту рытміка-інтанацыйнай арганізацыі вершаванага тэксту. Для Ларысы Геніюш уласціва вобразнасць, паэтычнасць успрымання навакольнага свету:

 

Малюе восень лісце акварэллю
ды круціць ветрам каляровы рой,
чырвоны тон пераплятае зелень,
красуюць дрэвы ў ткані залатой.

("Малюе восень ")


   Ларыса Геніюш блізкая да імпрэсіяністаў паэтызацыяй колеру, прыхільнасцю да гукапісных сродкаў выяўленчасці. Яе лірыка-пейзажны жывапіс па-беларуску каларытны, пяшчотны і цёплы, прасякнуты трапяткой узрушанасцю слова: "Аблачыны-гускі плывуць // ўзвейна-лёгкія, з белага пуху. // Так шчымліва ўзняць галаву — // адгалоскі далёкія слухаць" ("Аблокі").
   З вялікай замілаванасцю паэтка малюе краявіды Прынямоння, імкнецца выявіць непаўторнасць кожнага цудоўнага імгнення: ці яна паэтызуе "сонца ў праменнай красе", ці радуецца цвіценню кветкі, ці захапляецца чысцінёй белага снегу... Нёман зрабіўся вызначальным пейзажным вобразам у мастацкім мысленні Ларысы Геніюш і па сутнасці з'яўляецца тым ключавым топасам, з якім найперш асацыюецца вобраз Радзімы, роднага Краю.
   Пейзаж стаўся ў паэзіі Ларысы Геніюш асновай глыбокага псіхалагічнага самавыяўлення, а таксама своеасаблівай эзопавай мовай. Шматлікія малюнкі прыроды — яскравы адбітак элегічна-драматычных пачуццяў, якія ў першую чаргу ўвасобіліся ў восеньскіх і зімніх вершах "Развітальна заплакала восень...", "Асенні" і інш. Сваё эмацыянальнае і сэнсавае вымярэнне ў Ларысы Геніюш, напрыклад, тэмы зімы. З халоднай часінай года яна звязвае неспрыяльныя сацыяльныя абставіны, духоўны ўціск, прыгнечанне асобы. Вобразы марозу, лютага холаду, мяцеліцы, па сутнасці, увасабляюць пакутны, драматычны лёс самой паэткі. Менавіта пра гэта яскрава гавораць вершы "Люты", "Мароз", "Зіма. Мароз кусаецца..." са зборніка "На чабары настоена" (1982). Ларыса Геніюш іншасказальна — мовай алегорый і падтэксту — перадае сілу-моц тых грамадскіх абставінаў ("Холад люты да касцей праймае, // аж за душу лапамі бярэ"), якім не скараецца яе сэрца, поўнае годнасці і трывучасці: "Беларусы мы як-ніяк, // Нас сцюжам не адужаць!!!" Лірыка прыроды паэткі пераконвае ў тым, што праз пейзаж можна псіхалагічна праўдзіва і па-мастацку адметна выявіць душэўны стан чалавека, яго настрой, раскрыць сутнасць часу і грамадскага жыцця.
   Голас праўды — так можна сказаць пра ўсё тое, што напісана Ларысай Геніюш пра сталінскі ГУЛАГ і сталінізм. Гэтая жудасная і жахлівая праўда пра гвалт з чалавека знайшла трагедыйнае адлюстраванне ў яе пасмяротных публікацыях. Востры боль і пакуты бязвіннай, безабароннай душы ўвасоблены ў яе спавядальных радках. Перад намі паўстае вобраз паэткі-нявольніцы, жанчыны-пакутніцы, якая гаворыць пра сябе: "...Я лагернік, я зэк, // Засуджны на мукаў чвэрцьстагоддзя..." (верш "Крывёй напоўніліся поймы рэк..."). Па гэтым вершы мы ўяўляем, у якія нечалавечыя ўмовы кінуў час і лёс гэтую беларускую жанчыну. Аднак, што б ні паўставала на яе жыццёвай дарозе, — галоўнае было пакутаваць і жыць дзеля роднага Краю, высокіх ідэалаў дабра і чалавечнасці. "Ланцуг накінулі на шыю салаўю", але палілася збалелая дума-песня з беларускага сэрца:

 

На вуснах песня, мой апошні дых,
Цяплом з-пад сэрца словы саграваю,
Жывая я яшчэ сярод жывых,
Ў душы маёй і Беларусь жывая!!!


   Прайшоўшы праз катаванні і лагеры, Ларыса Геніюш не прымала рознага роду фальш, крывадушнасць, хлусню, верыла ў выратавальную моц праўды: "А праўда ўсё ж жыве і пераможа! // Мы вам не слугаў племя — мы народ!" ("Мы — народ"). Голас праўды нявольніцы ГУЛАГа ў нашы дні працягвае гучаць як суровае абвінавачванне сталінізму. З радасцю і ў той жа час з невыказнаю маркотай бяру ў рукі зборнік "Ад родных ніў", факсімільнае выданне, якое выйшла ў 1995 годзе дзякуючы намаганням С. Чыгрына і М. Скоблы. Адгортваю старонку за старонкай, чытаю і, здаецца, адчуваю, як паэтка мне, усім нам кажа суцешліва, падбадзёрвае: "Ня сумуйце, дзяцюкі, па долі, // ня хіліце гордай галавы...". Гаворыць цвёрда, уздымна, упэўнена, з невынішчальнай беларускай верай у тое, што сустрэнем "волі жаданай світанне" "ўсёй дружнай, вялікай, Крывіцкай Сям'ёй". За савецкім часам палохаліся слова-азначэння "крывіцкі", таму яно не патрапляла ў друк. Баяліся і згадкі пра Пагоню... Тую літоўска-крывіцкую Пагоню, якая была гістарычнай святыняй для Максіма Багдановіча, Вацлава Ластоўскага, Н. Арсенневай, Ларысы Геніюш...
Ларыса Геніюш — пяснярка Беларусі, змагарка за свой "край Крывічоў". Яна назаўсёды застанецца сімвалам свабодалюбнасці і нязломнасці беларускага духу.