Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ларыса Геніюш - Малітва

О Божа! Народ свой пакутны, убогі,
як вернае сэрца ў адданых грудзёх,
кладу Табе сёння пад Божыя ногі,
каб Ты не забыўся, каб Ты дапамог.
 
Каб слёзы і раны, што землю пакрылі,
супроць чалавека бязлітасны чын,
і здзек безупынны, і безліч магілаў,
каб Ты не забыўся, каб Ты палічыў.
 
Тугу ад гнязда сваяго адарваных,
дзіцячую долю і мацеры плач,
бяссонныя ночы закутых ў кайданы,
галодных мучэнні, о Божа, убач!
 
Паглянь на чужымі стаптаныя нівы,
на вокны сляпыя разбітых святынь.
О будзь міласэрны, о будзь справядлівы
і слуг Тваіх верных Ты больш не пакінь.
 
Ты быў чалавекам, як людзі, меў маці,
і сам ад людзей Ты цярпеў на крыжы.
Не дай больш нявіннай крыві праліваці,
народу майму у бядзе памажы.
 
З крыві і нядолі ўздымаў Ты народы
і мудрасцяй Божай іх волю сцярог, –
і нам пашлі волю і дай нам свабоду,
да нас прыйдзі ў госці на скромны парог.
 
За мукі народа, за слёзы паэтаў,
за смерць нашых юных братоў на крыжы,
за нашы малітвы, о Ойча сусвету,
дай волі народнай на нівах ажыць.
 
Няхай абагрэе наш край небагаты,
пацешыць ніколі не знаючых ласк,
асвежыць хай сумныя, шэрыя хаты
пазнаннем, што Ты не забыўся пра нас.
 
Як чыстае сэрца пад Божыя ногі,
кладу Табе сёння палі і лясы,
тых гоняў палотны, шляхі і дарогі,
і межаў квяцістых сцялю паясы.
 
І ў поце крывавым згаранае поле,
забытыя хаты, курганы, бары,
і сэрцы у путах, і іхнюю долю,
і з нашай крывёю Твае алтары.
 
О, Ты, найласкаўшы, Сын Бога Жывога,
што смерць адкупленнем сваім перамог,
кладу Табе край свой пад Божыя ногі,
каб ты не забыўся, каб Ты дапамог.

 

Похожие статьи:

Янка КупалаЯнка Купала - Мая малітва

Янка ЗолакЯнка Золак - Божа Ўсяўладны

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Вячэрняя малітва

ММалітва

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Малітва