Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Сацыяльна я і маральна-філасофская праблематыка рамана Кузьмы Чорнага "Трэцяе пакаленне"

   Як сказана ў Бібліі, усяму — свой час: час нарадзіцца і час паміраць, час раскідаць камяні і час збіраць камяні... I ў Бібліі ж сказана: "Яшчэ я пад сонцам пабачу: месца суду — а ў ім беззаконне, месца праўды, а там — няпраўда..." Здольнасць пабачыць тут і цяпер, дзе суд, а дзе беззаконне, дзе праўда, а дзе няпраўда, дадзена вельмі нямногім. Большасць жа гэта пабачыць толькі праз некаторы час, бо толькі час — самы справядлівы і бесстаронні суддзя.
   Сёння відавочна, бадай, усім, хто здольны бачыць, што ні той лад, ні яго мараль, ні яго прынцыпы, ні яго "каштоўнасці", пра якія расказваецца ў рамане "Трэцяе пакаленне", не вытрымалі выпрабавання часам. Рухнула тая жудасная машына, але ж колькі ахвяр укруціла яна ў свой барабан, колькі лёсаў скалечыла, колькі гнёздаў раскідала, разбурыла!..
   Кузьма Чорны не раз у сваіх артыкулах даводзіў, што пісьменніка павінны цікавіць падзеі не самі па сабе, а тое, які ўплыў яны робяць на чалавека. I сюжэт, і вобразы рамана сведчаць пра тое, што пісьменнік ставіў мэту паказаць уздзеянне савецкай улады на чалавека, вызваленне яго ад уласніцкай псіхалогіі, паказаць цяжкасці станаўлення савецкай улады і ўсталёўвання новых узаемаадносін паміж людзьмі, выявіць новы, савецкі, бальшавіцкі падыход да такіх вякамі сфарміраваных каштоўнасцей, як сям'я, працавітасць...
   Як бачым, ужо сама задума вымагае ад твора сацыяльнай і маральна-філасофскай накіраванасці і заглыбленасці. Як жа рэалізавана ў рамане задума аўтара, у чым жа ён нас пераканаў? Наколькі ўдалося таленавітаму пісьменніку-псіхолагу паказаць (як і патрабавалася тады ад усіх пісьменнікаў, што пісалі "па загаду сэрца", а сэрцы — "належалі партыі") савецкую ўладу як самую гу манную на зямлі, якая ўстанаўлівалася ў імя і на карысць такіх, як Міхал Тварыцкі?
   Вельмі арыгінальныя і цікавыя пісьменніцкія сродкі, якімі задума рэалізавана. I найперш сюжэт як найважнейшы сродак у эпічным творы. Сюжэт у рамане дэтэктыўны. Раман напісаны па законах дэтэктыўнага жанру, бо ў ім ёсць усе атрыбуты дэтэктыву: злачынствы, злачынцы і пакаранне; ёсць следства і суд. Назарэўскі судзіць Міхала, прыводзіць неабвержныя "доказы" яго віноўнасці. Такім доказам з'яўляюцца не толькі ўтоеныя ім знойдзеныя грошы, але нават закарэлая ад поту яго світка. Яна, на думку Назарэўскага, сведчыць калі не пра кулацкую прыналежнасць Тварыцкага, то пра яго філасофію кулака. Толькі ён сваё кулацкае нутро пад той світкай прыхаваць хоча, дэманструючы сваю беднасць і батрацкасць. Следства дапамагае весці жонка абвінавачанага, нават сама праводзіць вобыск: "Вельмі вырасла да Міхала варожасць. Часамі нават з'яўляліся адзнакі злараднага жадання: каб няйначай знайсці які-небудзь доказ яго вінаватасці. Увечары яна запаліла ліхтар і нанава перавярнула ўсё ў клеці. К вечару гэтага дня яна дайшла да самага большага напружання нерваў".
   Некаторыя хістанні і "няўпэўненасць у дачыненні да мужа і да свайго ўчынку" яна перамагла і заявіла на мужа. Пры гэтым яшчэ і параіла Назарэўскаму: "Трэба дамагацца ад яго, каб сказаў, дзе больш грошы. А не — то няхай давядзе фактамі, а не пустымі словамі, што грошай у яго больш няма". Што ж, Чорны не паграшыў супраць праўды. Як сказаў Твардоўскі: "Тут ни убавить, ни приба вить — так это было на земле!" Страшным грахом і злачынствам сталіншчыны, бальшавізму Васіль Быкаў назваў вынішчэнне адвечнай народнай маралі. Усё можна, усё апраўдана ідэяй. Ніякіх сумненняў і ваганняў нават у дачыненні да самых блізкіх людзей. Таго патрабавала новая ідэалогія, новыя прынцыпы новай улады. Сын ішоў на бацьку, брат — на брата, жонка — на мужа. Рваліся сувязі, якія вякамі, тысячагоддзямі нельга было разарваць, — кроўныя. Сям'я як найвялікшая каштоўнасць і святыня ("сям'я — падмурак царквы", сказана ў Бібліі) таксама адрынута. Усё — на службу ідэалогіі.
   Адметная асаблівасць пісьменніцкага стылю — моцная, выключная асоба ў выключных абставінах — у поўнай меры выяўлена і ў рамане "Трэцяе пакаленне". Доўгі час літаратурная крытыка фарміравала ў чытача ўсведамленне аб моцы і сіле Міхала Тварыцкага ў яго апантанасці да нажывы і багацця. На такое прачытанне вобраза скіроўвала вучня і школа, наладжваючы "ўрокі-суды над Міхалам Тварыцкім". Зусім не звярталася ўвага на тую мужнасць і сілу, з якой і Міхал, і Зося (таксама, безумоўна, модная, выключная асоба!) вытрымлівалі жыццёвыя нягоды і выпрабаванні. I тут Чорны-псіхолаг і рэаліст не паграшыў супраць праўды, надзяліўшы герояў тыповай для ўсяго нашага народа якасцю — выключнай працавітасцю, цягавітасцю і вынослівасцю. Прачытаўшы раман, нельга не пагадзіцца з высновай вучоных, якія даводзяць, што працавітасць — катэгорыя не столькі маральная, колькі біялагічная, бо яна— сведчанне моцнага інстынкту самазахавання. Лянота, нядбайнасць і гультайства — праграма на самавынішчэнне. З працавітасцю цесна звязана і вынікае з яе яшчэ адна якасць, што ў ментальнасці нашага народа наогул, — імкненне быць гаспадаром на сваёй зямлі, стварыць надзейны падмурак для годнага жыцця сваіх дзяцей, клопат пра іх.
   Усімі гэтымі якасцямі ў поўнай меры валодае Міхал Тварыцкі як прадстаўнік свайго народа. Сілу ён мае незвычайную. Аднак жа (і гэта таксама пераканаўча паказана ў рамане) на ўсякую сілу ёсць іншая сіла. Злачынства савецкай улады яшчэ і ў тым, што яна справакавала людзей на выяўленне і рэалізацыю не лепшых маральных якасцей. Вялікае назначэнне дэталі ў сцвярджэнні гэтай думкі. Пісьменнік пастаянна падкрэслівае прыкметы нялюдскага і нават звярынага ў абліччы Міхала, у лёсе якога ўсё рушыцца. З прыходам новай улады жыццё яго не толькі не палепшылася, а наадварот, ускладнілася новымі праблемамі, якія ўжо не вырашаліся нават яго нястомнай працавітасцю і дбайнасцю.
   Час быў такі, што ўсе спрадвечныя каштоўнасці былі не проста адрынуты, а аб'яўлены шкодніцкімі: патрыятызм — нацдэмаўшчынай; працавітасць — кулацкай сквапнасцю; клопат пра заўтрашні дзень — прагай да нажывы; вернасць сям'і і дзецям — слабасцю іздрадай уладзе. Усё перавернута з ног на галаву. I таго, хто працівіўся такому перавароту, ламалі. Сведчанне таму не толькі лёс Міхала Тварыцкага, які два гады адсядзеў у турме, а вярнуўся "крыштальна чыстым" і пазбаўленым "перажыткаў" мінулага. Сам Кузьма Чорны восем месяцаў адпакутаваў у турме, дзе яго катавалі, білі гумавымі шлангамі па галаве... У чым тое "ачышчэнне" героя, акрамя таго, што ён забівае Толіка Скуратовіча, пісьменнік нам не паказвае. Гісторыя дапісала раман за яго: выявы вынішчэння спрадвечнага і лепшага ў чалавеку (любові да сваёй зямлі-карміцелькі, працавітасці, дбайнасці, клопату пра сваіх бацькоў і дзяцей, вернасці сваёй сям'і) балюча адчуваюцца і сёння.
   Пісьменнік ставіў перад сабой мэту паказаць уздзеянне падзей на свядомасць чалавека — гэта значыць, паказаць эвалюцыю яго душы.
   Абсалютным крытэрыем эвалюцыі душы любога чалавека з'яўляецца змена і замена нянавісці на любоў, помсты — на літасць, непрымірымасці — на згоду і даравальнасць...
   Выдатна паказана ў рамане, як пачуццё любасці, згоды, удзячнасці, што нарадзілася ў душы Зосі-падлетка да Міхалкі, яе захапленне яго працавітасцю, дзякуючы якой яны і здолелі выжыць разам, гэтыя два адзінокія асірацелыя чалавекі, саступіла месца варожасці, злараднаму жаданню "знайсці які- небудзь доказ яго вінаватасці".
   Былі "моманты і хістанні, была няўпэўненасць", але "яна перамагла ўсё гэта". Вось такая адбылася "эвалюцыя"...
   Выпрабоўваючы сваіх герояў бесчалавечнымі абставінамі, пісьменнік прымушае нас задумацца над вечнымі праблемамі: вернасці і здрады; сям'і як найвялікшай каштоўнасці чалавека і грамадства; віны і трагедыі; адказнасці чалавека перад сям'ёй і грамадствам...
   Вызначальнай і цэнтральнай у рамане з'яўляецца праблема магчымасцей чалавека ў сітуацыі, якая мацнейшая за яго. Не ў тым віна Зосі Тварыцкай, якая, прагнучы лепшай долі, паверыла, як быкаўская Сцепаніда, у змены да лепшага, што так шчодра абяцаліся новай уладай. Віна ў тым, што яна, аддана служачы ёй, "перамагла" ў імя яе ўсё лепшае, што было, несумненна, у яе душы: любоў, спагаду, удзячнасць, вернасць, абвостранае пачуццё справядлівасці, шчырасць, даверлівасць.
   Даць волю ці паставіць у сваёй душы заслон варожасці, нянавісці, "злараднаму жаданню" віноўнасці бліжняга свайго залежыць толькі ад чалавека. Трагедыя Міхала ў тым, што самыя лепшыя і чалавечныя якасці яго асобы былі адрынуты, пакараны. Самыя ж горшыя былі справакаваны нялюдскімі абставінамі. У яго трагедыі — трагедыя ўсяго народа, трагедыя пакалення, якому было наканавана нарадзіцца і жыць у часы "карэннага пералому". I пералом той прайшоўся найперш па душах людскіх.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!