Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Жыццёвы і творчы шлях Кузьмы Чорнага

   Літаратурная постаць Кузьмы Чорнага ўзвышаецца поруч з талентамі Якуба Коласа і Максіма Гарэцкага. Разам гэтыя тры пісьменнікі — нібы тры кіты, на якіх трымаецца вялікі мацярык беларускай прозы. Сваімі творамі Кузьма Чорны закладваў традыцыі чалавеказнаўства, паэтызацыі роднай зямлі, глыбокага філасафізму. Сёння ён бачыцца творцам сапраўды еўрапейскага ўзроўню. XX стагоддзе ў нашай нацыянальнай прозе з'яўляецца перадусім літаратурнай эпохай Чорнага-празаіка — асобы магутнай, велічнай і разам з тым вельмі трагічнай.
   Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) нарадзіўся на золку XX стагоддзя — 24 чэрвеня 1900 г. І гэты час народзінаў у пэўным сэнсе з'яўляецца сімвалічным. 15 красавіка 1900 г. закончыўся жыццёвы шлях Францішка Багушэвіча, прарока беларускага Адраджэння, які з пачуццём глыбокага нацыянальнага самаўсведамлення гаварыў: «...Мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая». Кузьма Чорны, а таксама Кандрат Крапіва, Уладзімір Дубоўка, Міхась Зарэцкі, Язэп Пушча і іншыя равеснікі XX веку былі пасланы беларускай мове і літаратуры на вялікі росквіт, шанаванне і славу. У 20-30-я гг. гэтыя маладыя і таленавітыя літаратары ўслед за Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Максімам Гарэцкім і іншымі нашаніўцамі актыўна і грунтоўна ўзвышалі статус беларускага прыгожага пісьменства.
   Месцам народзінаў Кузьмы Чорнага з'яўляецца тагачасны маёнтак Боркі на Случчыне, але самым родным і дарагім кутком для будучага пісьменніка сталі Цімкавічы — мястэчка, адкуль паходзілі яго бацькі і куды іхняя сям'я вярнулася ўвосень 1908 г. Цімкавічы — карэнны, генетычны архетып мастацкага мыслення Кузьмы Чорнага. Без родных мясцінаў ён не ўяўляў свайго жыцця і сваёй творчасці. «Там,— прызнаваўся пісьменнік,— жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае». Уражвае, колькі вобразаў і характараў з рэальнага жыцця ён вывеў на старонкі сваіх твораў. Цімкавічы і цімкаўцы былі для празаіка невычэрпнай тэмай, цэлым сусветам, духоўным апірышчам у самыя цяжкія дні жыцця. Знясілены пакутамі, незадоўга да смерці, 8 жніўня 1944 г. Кузьма Чорны ў сваім «Дзённіку» пісаў: «...Можа, мне суджана яшчэ пабачыць мілыя Цімкавічы. А што, калі і хата мая асталася і стаіць? Гэта будзе вялікае шчасце. Там жа, у ціхім жыцці можна будзе ачуняць як мае быць і напісаць усе задуманыя раманы».
   У дзіцячыя гады Кузьма Чорны, а тады ён быў проста Коля Раманоўскі, рос хлапчуком з уражлівай і чуйнай душой. Ягоным равеснікам здавалася дзівацтвам тое, як ён паводзіў сябе ў лесе. Дзятва не праяўляла асаблівай увагі да птушак, іхняга жыцця. Колю ж, наадварот, цікавіла, з чаго і як звіта гняздо, якога колеру яечкі ляжаць у ім, якая птушачка прыляціць да гнязда, што яна прынясе ў дзюбцы, як заспявае. З дзедам Міхалам ён часта хадзіў у Бушылава — маляўнічы куток прыроды за Цімкавічамі, пра які сёння засталіся хіба адны згадкі. Бегаў туды і з аднагодкамі, каб у рацэ лавіць ракаў (зараз рака выпрастана ў меліярацыйную канаву). Замілаванне да роднай зямлі, вострыя ўражанні дзіцячай пары яскрава адбіліся ў многіх творах пісьменніка. Так, у рамане «Пошукі будучыні» створаны яркія рэалістычна-канкрэтныя прыродаапісанні, у якіх намаляваны знаёмыя з дзяцінства родныя краявіды: «Зусім блізка, па той бок рэчкі і поля, быў кіламетраў на дзесяць хвойны лес, і паўднёвы вецер гнаў сюды пах смалы. Паветра было, як лагодныя лекі, а краявід — увасабленне ціхага хараства». Без цяжкасці адгадваеш, што тут гаворка ідзе пра Скіп'ёўскі лес. Любоў да хвояў, паэтызацыя гэтых дрэў таксама бяруць пачатак ад сустрэч са Скіп'ёўшчынай, захаплення музыкай прыроды: «Хутка будзе вечар. Вецер не сціхне, і чуваць будзе, як за рэчкаю гавораць хвоі...» (апавяданне «Хвоі гавораць»).
   Творчую адоранасць Мікола Раманоўскі выявіў у Цімкавіцкім двухкласным вучылішчы, а пазней і ў гады вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1916-1919). Яго хвалілі за добрае валоданне словам. У 1923 г. хлопец пешкі падаўся ў Мінск і быў прыняты на вучобу ў Белдзяржуніверсітэт. За плячыма засталіся праца ў Цімкавіцкім валасным рэўкоме, служба ў Слуцкім павятовым ваенкамаце, настаўніцкія клопаты ў Цімкавічах. Здавалася, спраўдзілася запаветная мара і можна будзе паглыбляць веды, у больш спрыяльных умовах заняцца літаратурнай творчасцю. Аднак Міколу не прызначылі стыпендыі, прыходзілася больш думаць пра тое, як пражыць. Праз нястачы і хваробу вучобу ва універсітэце давялося пакінуць. З 1924 г. ён працаваў у газеце «Беларуская вёска», а пасля перанесенай аперацыі перайшоў працаваць туды стала. У згаданым годзе ўступіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк».
   Першыя апавяданні «Гузік» і «На граніцы» Кузьма Чорны надрукаваў у 1921 г. Праз чатыры гады, у 1925 г., выйшлі два ягоныя зборнікі апавяданняў — «Апавяданні» і «Срэбра жыцця», а ў наступным, 1926 г, пабачылі свет аж тры кніжкі «малога» жанру — «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць». Значна пазней выдаў яшчэ адзін зборнік апавяданняў — «Вераснёвыя ночы» (1929). Творчае станаўленне Кузьмы Чорнага праходзіла вельмі актыўна. Праўда, напачатку ён імкнуўся да таго, каб радасна сказаць. што прыйшоў «цікавы час. Час росквіту новай думкі, новага жыцця. Час новых людзей» («На граніцы»). Аднак празаік пазбаўляўся падзейна-вонкавага адлюстравання, павярхоўнага сузірання жыцця. Настойліва, з псіхалагічнай скіраванасцю Кузьма Чорны ішоў да спазнання чалавека, чалавечых нораваў і ўчынкаў і ўрэшце стаў праніклівым пісьменнікам-псіхолагам. За арыенціры ён узяў шэдэўры сусветнай класікі і найперш— мастацкі вопыт Фёдара Дастаеўскага і Льва Талстога. Не далі збіцца, заблукаць свае родныя «маякі» — Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Ядвігін Ш. і іншыя нашаніўцы, хто сваёй творчасцю вывеў беларускае мастацкае слова на высокі эстэтычны ўзровень.
   Паваротным, лёсавызначальным момантам для Кузьмы Чорнага стаў 1926 г., на які прыпадае ўтварэнне літаратурна-мастацкага аб'яднання «Узвышша». Сэнсам і мэтаю яго творчасці, як і іншых узвышаўцаў, сталі ўстаноўка на пераемнасць традыцый, эстэтыку жыццёвай праўды, свядомы адыход ад афіцыёзу, ілюстрацыйнасці, рэвалюцыйна-заклікальнага пафасу. Кузьма Чорны, стаўшы на чале «Узвышша», выдатна разумеў, што шлях літаратуры — гэта шлях узвышэння яе прэстыжу, паглыблення даследчыцкага апалітызму ў асэнсаванні рэчаіснасці і гісторыі, маральна-філасофскага зместу, стылёвавыяўленчай культуры пісьма. У «Аўтабіяграфіі», напісанай у 1928 г. і дасланай даследчыку літаратуры Л. Клейнбарту, К. Чорны гаворыць: «Літаратурнае аб'яднанне «Узвышша», да якога я належу, якраз і змагаецца за літаратурны сталічны Мінск, супраць Мінску — як губернскай правінцыі, з кансерватарскімі поглядамі на літаратуру і традыцыямі губернскага маштабу». Для К. Чорнага «ўзвышаўскі» перыяд (1926-1931) аказаўся, бадай, самым плённым. У гэты час былі напісаны такія буйныя творы, як раманы «Сястра», «Зямля», «Бацькаўшчына», «Ідзі, ідзі», аповесці «Лявон Бушмар», «Вясна», а таксама апавяданні «Начлег у вёсцы Сінегах», «Веснавыя дарогі», «Вераснёвыя ночы» і некаторыя іншыя. Сярод выдатных твораў беларускай прозы 20-х гг. асабліва вылучаецца раман «Зямля» (1928).
Культаўскія 30-я гг. абрынуліся на беларускую літаратуру гвалтам рэпрэсій, цяжарам вялікіх страт. Таталітарная сістэма зрабіла «ворагамі народа» ўчарашніх дзяцей рэвалюцыі — маладнякоўцаў, бязлітасна расправілася з «Узвышшам», не пашкадавала нават тых «пралетарскіх пісьменнікаў», хто паклёпнічаў, ганьбіў сваіх калег па літаратуры. Кузьму Чорнага сталіністы знявечылі фізічна, патапталі яго душу, чалавечую годнасць.
   «Дзённік», які пісаўся з ліпеня па лістапад 1944 г., — гэта споведзь спакутаванай, зраненай душы, споведзь, якая толькі ў наш час дайшла да чытача. Тут раскрываецца і асабістая трагедыя пісьменніка, і праўда пра ўвесь даваенны час. Страшна чытаць, як сталінскія нелюдзі жорстка ўкрыжоўвалі сваю ахвяру: «У яжоўскай турме ў Мінску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі, але рук у кайданы не замыкалі». Не здолеў Кузьма Чорны вытрымаць гэты дзікі садызм: гаварыў тое, чаго ад яго дамагаліся следчыя, дапамагаў «выяўленню і выкрыццю нацыянал-фашысцкага фармавання ў Беларусі». Але гэта знаходзіцца за межамі дзённіка — у матэрыялах допытаў пісьменніка.
   30-я прытупілі пяро Чорнага, прыгнечвалі маральна, змушалі думаць і тварыць з аглядкай на палітыку дзяржавы. Творча акрыяць духам пісьменнік змог толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але, на вялікі жаль, здароўе яго было моцна падарвана: «Колькі нашай інтэлігенцыі без дай прычыны гніе ў турмах і на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца...» І, урэшце, апошні сказ дзённіка, поўны душэўнага адчаю: «Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?.. »
   У суровыя дні вайны Кузьма Чорны самаахвярна працаваў: і ў жанры публіцыстыкі, і на ніве мастацкай прозы. Сваімі філасофска-гуманістычнымі раманамі «Пошукі будучыні» (1943) і «Млечны Шлях» (1944) ён высока ўзняў мастацкую планку ў беларускай ваеннай літаратуры на цэлыя дзесяцігоддзі. Мастацка-даследчыцкую глыбіню думкі пісьменнік выявіў і ў іншых творах, многія з якіх засталіся незакончанымі (раманы «Вялікі дзень», «Смага», «Захар Пагуда», «Сумліцкая хроніка», аповесці «Скіп'ёўскі лес», «Лявончыкава Ліда і якубаўскі карчмар Сымон Біруля», шматлікія апавяданні). Проза Чорнага ваеннага часу стала сапраўды унікальнай, фенаменальнай з'явай у гісторыі айчыннай літаратуры.
   Мастацкае мысленне К. Чорнага ў гады фашысцкай агрэсіі набыло глыбокую філасафічнасць думкі, касмізм светабачання. Пісьменнік паказвае вайну як найвялікшае антычалавечае зло, трагедыю ўсясветнага маштабу. У раманах «Пошукі будучыні» і «Млечны Шлях» створана філасофска-гуманістычная канцэпцыя быцця ў прасторы і часе. Тут пейзаж, вобразы прыроды змяшчаюць у сабе сімволіка-філасофскі змест.
Кастусь Лукашэвіч з «Пошукаў будучыні» і Уладзімер Ярмаліцкі з «Млечнага Шляху» — людзі, якія востра адчуваюць свае карані, не ўяўляюць жыцця без дарог, дрэў, зорных краявідаў радзімы. Яны абодва садзяць дрэвы, думаюць пра вечнае, высокае прызначэнне чалавека. Прырода роднага краю ўмацоўвае герояў К. Чорнага духоўна, узрушвае іх сэрцы сваёй прыгажосцю. Уладзімер Ярмаліцкі, які шмат выпакутаваў, асабліва ў канцлагеры, адчувае прыліў унутраных сіл, калі сустракае знаёмыя дрэвы і камяні пры дарозе: «Ён стаў зусім ясны вачыма і настроем. У яго калацілася сэрца, калі ён сказаў, што дарога зараз пойдзе ўніз і там відзён будзе родны дом і шэсць старых вязаў. Дарога сапраўды пайшла ўніз. Сіняя істужка далёкага лесу была перад імі на блізкім даляглядзе».
   Позірк герояў і самога аўтара перадусім канкрэтна адчувальны, прасякнуты пільнай увагай да вобразаў і рэалій навакольнага свету. Асабліва часта душу яго персанажаў лагодзяць восень і цішыня. Пейзажы ў творах лаканічныя, але ў сукупнасці яны ствараюць даволі яркі фон дзеяння. Прыродаапісанні вельмі лірычныя, пазначаны, як правіла, элегічнай настраёвасцю, уяўляюць роздумны жывапіс слова. Пісьмо К. Чорнага-пейзажыста нагадвае тонкія і лапідарныя штрыхі пэндзля мастака: «Стаяла восень. Але яшчэ часам дзень зіхацеў сонцам, і тады птушкі не зважалі на прымаразак. Іх было многа. Яны порхалі крыллем у вяршалінах дрэў і спявалі, малыя і вёрткія»; «Пад навіссю дрэва каляіністыя дарогі расплыліся пад дажджамі і так асталіся. Па іх тут цяпер ніхто не ездзіў» («Млечны Шлях»), Восеньскае хараство, цішыня, спакой нібы кантрастуюць з гаворкай пра вайну, па сутнасці сцвярджаюць адвечную паэзію і гармонію быцця на зямлі. Скразны вобраз цішыні ў «Пошуках будучыні» — гэта пастаянная скіраванасць аўтара да вечнай мудрасці прыроды, адмаўленне катастрофы, сцвярджэнне міру, раўнавагі, чалавечага ўдушы і псіхалогіі чалавека.
   Найчасцей героі пісьменніка запалонены цішынёй зорнага неба: «ціхае неба ў зорах», «...ноч — з зорамі і цішынёй» і інш. Кузьма Чорны ўвесь час акцэнтуе нашу ўвагу на тым, што зоры — неад'емныя спадарожнікі чалавека, часцінка яго свядомасці і душы. Кастусь лёг «на воз, тварам у зоры», пра Няваду празаік гаворыць: «Ох, як даўно гэты чалавек не глядзеў на зоры над сваёй роднай зямлёй!» Без зор, Млечнага Шляху не ўяўляе свайго існавання Уладзімер Ярмаліцкі. Зорнае неба атаясамліваецца ім з Радзімай, становіцца люстэркам душы: «Ён ляжаў нерухома і глядзеў праз акно ў зорную прастору. Зоры ў небе ўзышлі густамі неба зіхацела над змрочнай зямлёй. Ён усё глядзеў угару. Ён думаў пра зоры...» Кожны з персанажаў «Млечнага Шляху» (Ярмаліцкі, Мікалай Сямага, Гануся, чэх Новак, немец) гаворыць пра свае зоры, звязвае з імі самае блізкае і дарагое. Млечны Шлях — пуцяводны маяк на сцежках Сусвету, той абраз маральнасці, перад якім героі спавядаюцца і ачышчаюцца. Разам з тым лейтматыў зорнага неба паўстае як сімвал вечнасці, паяднання Чалавека з Сусветам. Зоры — сэнсавы і кампазіцыйны цэнтр, вобразны імператыў, які надае раману касмічна-філасофскі маштаб, а стылю —узвышана-паэтычны характар гучання. Наогул, можна гаварыць пра культ зор у творчасці празаіка. У «Млечным Шляху» мастацка-абагульнены сэнс зорнага пейзажу ярка прачытваецца ў суаднесенасці з праблемай глабальнага агульначалавечага выжывання. Цывілізацыя, калі яна сапраўды адчувае адказнасць перад будучыняй, вечнасцю, павінна ісці да свайго зорнага Млечнага Шляху — суладнасці, узаемаразумення, мудрасці быцця. Кузьма Чорны бачыў чалавека неяк маленькую пылінку ў космасе, а зірнуў на яго як на жыхара Сусвету, сумленне Чалавецтва і Зямлі. Пісьменнік у сваім касмізме, гуманістычных высновах, як падаецца, вельмі блізкі да Максіма Багдановіча, які з устурбаванасцю нагадваў пра высокую маральную місію чалавецтва пад вечнымі зорамі:

 

Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Кілі ўсе мы разам ляцім Да зор?


   Кузьма Чорны пражыў усяго 44 гады. З сумам і скрухай думаецца пра яго заўчасную смерць, у якой павінна сталінская сістэма. Нягледзячы ні на якія суровыя выпрабаванні, К. Чорны ўсім сэрцам хваляваўся пра лёс свайго народа, роднай зямлі, застаўся вялікім патрыётам і чалавекалюбам.    Для сябе пісьменнік жадаў няшмат — «быць у Мінску ў сваім ціхім кутку і пісаць». Але ў вызваленай сталіцы, куды ён прыехаў увосень 1944 г., праменьчыка святла так і не дачакаўся. Балюча было глядзець на звярыныя норавы чыноўніцтва, сустракаць абыякавасць і раўнадушша. Ён пакутаваў і жыў літаратурай, вобразамі сваіх новых раманаў...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!