Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Карусь Каганец - Прамова

   Гэй, хлопцы, брацця мае, а сыны Зямлі Беларускай, каторая раскінулася ад Гродны да места Смаленска і ад Прыпяці аж на другі бок ракі Дзвіны перакінулася! Кіньце ўвакол вокам, сабярыце харашэнька думкі і скажэце, ці павінна так быць, як цяпер ёсць? Ці справядліва гэта — усяго, што сваё, чурацца: і мовы сваёй, і звычаю свайго, і апраткі сваёй? А ведаеце тое, што мова наша калісь слаўнай была, і быў час, калі наша мова квітнела пры двары каралёў польскіх. Ведайце, што спамеж вас больш, як спамеж другіх народаў славянскіх, слаўных людзей выходзіла даўней і цяпер выходзіць і розумам, і ваеннымі заслугамі.
   Колькі то вучоных людзей, колькі то слаўных казакоў, ваявод і гетманаў наша зямліца выгадавала?
   Адно нядобра, што кожны славу прыносіць не сваёй старонцы, а ўсё чужым. Прымерам кажучы, як той Галубок, просты селянін зямлі Навагрудскай, што са сваёю сотняю казакоў ці мала славы прыдбаў палякам так, што і песні аб ім складалі. А ў нас? Ці ведае хто яго?
   I бяру я гэта ўсё на вум, і здаецца мне, што хутка саўсім загіне наш народ, бо яшчэ за гадоў трыста таму, як паны, так і халопы свае мовы не саромяліся: і гаварылі, і пісалі ўсё па-свойму. Потым мала-памалу паны сталі сваіх звычаяў чурацца, сталі свае парадкі і мову сваю пакідаці ды польскую пераймаці і так, што далей-болей, аж саўсім палякамі сталі. На паноў гледзячы, сталі і сяляне апратку сваю мяняць на нямецкую і мову калечыць. Нават сваіх спяванак сачыняць саромяцца, мужыцкімі называюць.
   Але не! Наш народ не загіне, і прыйдзе такая часіна, што прачнецца наш русьняк і скажа суседзям так: «Служылі мы вам — заплацеце вы нам! Нам грошай не трэба, бо свайго хопіць хлеба. А скажэце нам толькі: «Беларусы вы!». Вось толькі!
   Ды і красна ж бо наша зямліца, усе выгады мае: і скіба ўрадлівая, і лесу багата, і сена аж надта. I рэчак сплаўных многа, а па краёх, як бы ад ворага абгароджана пяском, балотамі ды цёмнымі лясамі. Вось выйдзі толькі дзе-небудзь на гару, пад гай зялёны, ды азірніся на свет божы! Так душа твая і зрадзее.
   Бач! Уніз аж да рэчкі гара зараснікам пакрыта, уся арэшнікам, чаромхай, каліннікам ды маліннікам зарасла. А чаромха то цвіце — няйначай хто пухам лябяжым укрыў, і пах за вёрсты ветрам нясе. А рэчка сама — моў стужка блакітная, між верб ды альшын ветрам раскінутая. А за рэчкай лука аж зіхаціць кветкамі. А далей за лукай поле зелянее. А ўвакол усяго цёмны лес сінее. Глянь улева — панскі двор бялее, і таполі тырчаць, моў на старожы стаяць; а ўправа сяло ціха лягло, паўз раку на беразе. У сады прыбрана яно, а ў сяле хлопцы, як дубкі, а дзяўчаты, як ягадкі. Пазіраеш на ўсё гэта, і штось за сэрца шчэміць і грудзі шырака раздымае, і ляцеў бы, здаецца, над палямі, над лугамі, па-над лесам сінім...
   I на гэтай нашай зямлі спрадвеку нашы дзяды-прадзяды жылі, каторыя не раз грэкамі, немцамі і рымлянамі траслі. А мы?..
   Мы — не знаем, хто мы такія...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!