Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кандрат Крапіва - Хто смяецца апошнім. ГДЗ

   Камедыя "Хто смяецца апошнім" была закончана ў 1939 годзе. П'еса прапагандавалася і ў масах, і ў чыноўніцкім асяроддзі, урыўкі друкаваліся ў газеце "ЛіМ". Упершыню цалкам п'еса была надрукавана ў часопісе "Полымя рэвалюцыі". Адразу ж яе перадалі для пастаноўкі ў БДТ-1 (цяпер — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) у Мінску. Але ў твора былі і праціўнікі, і прыхільнікі, таму пастаноўка твора была спачатку не дазволена. Толькі пасля чытання ў ЦК КП(б)Б п'есу дазволілі паставіць і нават уключыць у рэпертуар Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве. П'еса была пастаўлена ў 1939 годзе рэжысёрам Л. Рахленкам. Спектакль меў трыумфальны поспех. На сцэнах беларускіх тэатраў п'еса ставілася каля 30 гадоў, было зроблена каля 500 пастановак. На савецкай сцэне камедыю ставілі 119 прафесійных калектываў тэатраў іншых рэспублік Савецкага Саюза.
   У 1941 годзе Кандрату Крапіве была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.   
   Сваёй камедыяй Крапіва адмаўляе кар'ерызм, падхалімства, прыстасавальніцтва, дэмагогію, але ў той жа час пісьменнік услаўляе вучоных, якія сваёй працай прыносяць вялікую карысць дзяржаве, ён сцвярджае, што ў грамадстве месца менавіта такім людзям.

   На сцэне камедыя "Хто смяецца апошнім" была пастаўлена ў 1939 годзе рэжысёрам Л. Рахленкам (кансультантам быў рэжысёр і акцёр МХАТа I. Раеўскі). Ролі выконвалі зоркі першай велічыні: Г. Глебаў, Л. Рахленка, Б. Платонаў, Л. Ржэцкая, Г. Грыгоніс, С. Станюта.

   Адмоўным у п'есе з'яўляецца вобраз Гарлахвацкага. Гарлахвацкі — дырэктар інстытута геалогіі. Пасаду займае не за свае навуковыя дасягненні, а па пратэкцыі таварышаў. На самай справе ў прафесіі палеантолага ён нічога не разумее, аднак імкнецца паказаць сябе кіраўніком і вучоным. Калі што не так, ён сябе запэўнівае: "Не, даражэнькія, рана вы Гарлахвацкага ў манастыр саслалі!.. <...> Я ў гэтым манастыры так зблытаю карты, што свой свайго не пазнае". Так ён і робіць у сваім інстытуце. Гарлахвацкі спрабуе ўвайсці ў давер да Чарнавуса, паказвае яму адданасць навуцы, маніць, што захапляецца творчасцю А. Пушкіна. Прыбіральшчыцы цёці Каці ён абяцае павысіць зарплату за "няўлічаную" плошчу. Тулягу Гарлахвацкі адкрыта пужае, абзывае "дзянікінскім палкоўнікам", прымушае пісаць за яго працу.
   Пра такога чалавека можна гаварыць, што ён закончаны сацыяльны тып нягодніка. Ён вельмі небяспечны чалавек, бо выдае сябе не за таго, кім з'яўляецца на самай справе. Гарлахвацкі, нібы хамелеон, мяняецца на вачах у залежнасці ад абставін, таму змагацца з такім тыпам нялёгка, ён, хітры і вынаходлівы, можа лёгка ачарніць любога чалавека. Ён кар'ерыст, невук, які займаецца шальмаваннем добрых і сумленных людзей.

   Туляга сумленны, сціплы і працавіты чалавек. Вызначальнай рысай яго характару з'яўляецца баязлівасць. Таму на працягу твора ўчынкі Тулягі выклікаюць у нас то смех, то спачуванне. Гэты герой, напалоханы жыццём, рознымі абставінамі, падпадае пад уплыў Гарлахвацкага, баіцца яго, але разам з тым прыдумвае, як выкрыць невука. Кандрат Крапіва па-добраму смяецца з гэтага героя, нават спачувае яму.
   Спачуванне Туляга выклікае ў першай сцэне, калі мы бачым перад сабою страшэнна запалоханага чалавека, які нават баіцца параіцца па жыццёва важным для яго пытанні з блізкімі людзьмі. Ён ім верыць, у маральных якасцях не сумняваецца, але пачуццё страху перашкаджае яму раскрыць душу да канца ("...Скажаш, а потым пойдзе гаворка, і нажывеш непрыемнасці"). Нам шкада чалавека, які пакутуе ад сваёй нясмеласці, горка прызнаецца, што праз гэту рысу характару не паважае самога сябе. Мы разумеем, што гэты страх абумоўлены і грамадскай атмасферай таго часу.
   Асуджэнне Туляга выклікае за тое, што з-за сваёй гіпертрафіраванай палахлівасці, баючыся каго-небудзь зачапіць, ён не друкаваў сваіх прац, згадзіўся пісаць навуковую працу Гарлахвацкаму, ператварыўшыся ў вучонага-парабка, хаця пасля прыняў вельмі правільнае рашэнне — напісаць так, каб усе ўбачылі, які невук Гарлахвацкі. Туляга паверыў у ачышчальную сілу смеху, што памагло яму наладзіць камедыю з чытаннем гэтага даклада і прывяло да краху кар'ерыста і паклёпніка.
   Дзякуючы таварышам Туляга перамагае нерашучасць, верыць у неадольную сілу праўды. Перамога над Гарлахвацкім азначала для Тулягі і перамогу над самім сабой.

   Спосабы стварэння характараў Зёлкіна, Левановіча, Веры, Чарнавуса ў пісьменніка розныя, бо першы з іх — герой адмоўны, а ўсе астатнія —станоўчыя героі п'есы, гуманісты, антыподы кар'ерыстам, плеткарам і лгунам, гэта носьбіты справядлівасці. Ім (станоўчым героям) аўтар надаў менш увагі ў адпаведнасці са спецыфікай жанру. Іх характары не паказаны ў развіцці, а раскрываюцца яны ў дзеянні, ва ўчынках, асобных эпізодах. Аўтар раскрывае псіхалогію толькі аднаго з іх — Чарнавуса, бо гэты чалавек адразу абурыўся, калі праслухаў даклад дырэктара Гарлахвацкага, зразумеўшы які гэта прайдзісвет, авантурыст і лжэвучоны. Прафесар Чарнавус раскусіў і Зёлкіна, даследчыцкія здольнасці якога ахарактарызаваў як "Адны траскучыя фразы і абсалютна нічога канкрэнага". Крапіва лічыў, што ў цэнтры п'есы павінен быць "ачаг адмоўнага". Таму характарыстыка адмоўных тыпаў даецца пісьменнікам больш шырока, поўна.
   Праз вобраз Зёлкіна Крапіва змог так шматгранна і маштабна высмеяць паклонніцтва, нікчэмнасць, бруд і пляткарства. Стварыць такі характар пісьменніку дапамагла канкрэтна падабраная для героя такога тыпу мова (шапну, амба, утрэскалася, пальчыкі абліжаш — словы-характарыстыкі душэўнай беднасці чалавека і халуйскі выраз "Выбачайце, Аляксандр Пятровіч, што я вам думаць перашкодзіў", які набыў сатырычны падтэкст, бо Зёлкін яго гаварыў, калі заходзіў да дырэктара, акурат калі той планаваў новыя авантуры), а таксама дзеянні героя. Менавіта праз дзеянні і мову ў п'есе раскрываюцца жыццёвая пазіцыя герояў, погляды і мэты.

   Фінал п'есы сімвалічны: Гарлахвацкі, адзін у велізарным кабінеце, абапёрся рукамі аб велізарны стол, "утаропіўся ў свінячую костку", з якой усё пачалося: яго невуцтва адкрылася людзям. Нічыпар пытае ў яго дазволу выкінуць костку на сметнік. Гарлахвацкі адказвае, ачуняўшы: "К чорту!" Нічыпар здзеклівымі словамі суправаджае "працэс" выкідвання косткі праз адчыненую фортку на вуліцу. Не толькі вучоныя, але і простыя людзі, сам народ асуджаюць і пакідаюць шарлатана ў адзіноце. Яны не маўчаць, выказваюць абурэнне і дзеяннем, і словам. Хто смяецца апошнім? Апошнімі, на шчасце смяюцца сумленныя вучоныя (у гэтым сэнс назвы камедыі).

   Выраз драматурга "Сатырык сцвярджае адмаўляючы" азначае што раскрыццё характараў у сатырычных, творах адбываецца дзякуючы выкрыццю адмоўнай з'явы, а станоўчы ідэал сцвярджаецца сродкамі сатырычнага смеху.

   Сапраўдная сатыра павінна быць выкрывальнай. Сатырычная камедыя, у адрозненне ад лірычнай, дзе аўтар з любоўю і сімпатыяй ставіцца да герояў, падпарадкавана выкрыццю адмоўнай з'явы, а станоўчы ідэал сцвярджаецца сродкамі сатырычнага смеху.
   Сатырычная камедыя не можа існаваць без канфлікту. "Канфлікт — аснова п'есы", — пісаў Крапіва, Слабасць канфлікту "цягне за сабой слабасць кампазіцыі, вяласць сюжэта, схематызм і беднасць у паказе дзеючых асоб".

Похожие статьи:

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках

БиографииКандрат Крапіва

Кандрат КрапіваІдэйная накіраванасць камедыі Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім"

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва. Хто смяецца апошнім. Аналіз твора

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва - Махальнік Іваноў