Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кандрат Крапіва. Хто смяецца апошнім. Аналіз твора

   Народны гумар, іронія, самаіронія, добразычлівае пакепліванне, уедлівы сарказм - гэтыя формы мастацкага смеху складаюць нацыянальную адметнасць беларускай літаратуры, падмурак традыцыі, якой жывіцца сучасная камедыяграфія. Яны тлумачаць сакрэт жывучасці, працяглай актуальнасці камедыйных твораў, нібыта ўшчыльную прывязаных да свайго часу. У першую чаргу гэта датычыцца Кандрата Крапівы, байкапісца і камедыёграфа, чые творы, напісаныя ў 1920 - 1930 гады, не губляюць сваёй актуальнасці і сёння. Яго байкі "Мандат", "Дэкрэт", "Махальнік Іваноў", "Саромлівы", "Ганарысты парсюк", "Казёл", "Язычок" захавалі вастрыню, бляск, іскрамётны гумар.
   Гэтыя рысы уласцівая і лепшым сатырычным камедыям Кандрата Крапівы. Крытыкі вызначаюць гэтую якасць як дальнабойнасць сатыры. Ёю ў значнай ступені надзелена самая слынная п'еса Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім".
   Лёс гэтага твора незвычайны. П'еса напісана ў самыя змрочныя ў гісторыі Савецкай Беларусі часы - разгул сталінскіх рэпрэсій, пошук "ворагаў народа" і расправа з імі. "Ворагі" знаходзіліся ўсюды, у тым ліку і ў асяроддзі пісьменнікаў, навукоўцаў. Не выпадкова ў 1930 гады была практычна вынішчана не толькі творчая, гуманітарная, але і тэхнічная інтэлігенцыя Беларусі, прычым асабліва пацярпелі навуковыя галіны: генетыка і геалогія.
   Усюды "ворагі"... Вораг Гарлахвацкі, чалавек з цьмяным мінулым, невук і шарлатан, атабарыўся ў інстытуце геалогіі і спакваля распачаў там падрыўную дзейнасць. У выніку абшальмаваны сумленны Чарнавус, смяротна запалоханы Туляга. Але махляр выкрыты, і апошнімі смяюцца яго ахвяры.
   Час зняў з гэтага твора налёт палітычнай кан'юнктуры. Глядач з задавальненнем назірае крах "свінтуса грандыёзуса", са смехам выслухоўвае славутую прамову Гарлахвацкага. Туляга, якога раней папракалі за нясмеласць і беспрынцыповасць, сёння апраўданы. Супраціў Тулягі - гэта пратэст супраць нахабства, здзеку. Слабы і нерашучы герой перамагае агрэсіўнага, нахрапістага Гарлахвацкага.
   Крытыкі-сацыёлагі сцвярджаюць, і не без падставы, што Кандрат Крапіва спрабаваў у завуаліраванай форме выступіць супраць неабгрунтаваных рэпрэсій, а яго Гарлахвацкі - узор тых злавесных паслугачоў рэжыму, з-за якіх сталі магчымымі масавыя рэпрэсіі.
   Ці меў Кандрат Крапіва нейкую далёкую "стратэгічную" задуму, калі пісаў гэты твор? Ці прадбачыў святло напрыканцы тунэля -той, апошні смех, калі постсавецкае грамадства будзе развітвацца са змрочным таталітарным мінулым?
   Хутчэй за ўсё, тут адыграла сваю ролю інтуіцыя мастака. Яна накіроўвала драматурга на стварэнне шматзначных вобразаў, прымушала рабіць у п'есе нейкае патаемнае дно, разлічваць на варыянтнасць прачытання твора.

Похожие статьи:

Кандрат КрапіваІдэйная накіраванасць камедыі Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім"

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва - Хто смяецца апошнім. ГДЗ

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках

БиографииКандрат Крапіва

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва - Махальнік Іваноў