Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Кандрат Крапіва - Сава, Асёл ды Сонца

Сава лятала паначы,
З сабою птушкам смерць насіла,
Хаўтурны спеў ім пеючы, –

Сама там драла іх, сама ж і галасіла,
Ды так не ўбачыла, як нахапіўся дзень,

I Сонца яркага прамень
Да рэшты асляпіў ёй вочы.
Сава ўцячы тут хоча,
Ды толькі вось ляцець не можа,
А поблізу няма дупла нідзе.
Заплакала Сава ў бядзе –
Ну, хто ж Саве паможа?
На шчасце ёй тут лёс паслаў

Знаёмага Асла.

I кажа ён: – Не плач, сястрыца,

Ды надта не бядуй,–

З бяды мы вырабімся самі,

I Сонцу нам не прыйдзецца скарыцца:
Я вушы доўгія на Сонца навяду

I засланю яго вушамі.

Як цемра ўсю пакрые галу,
Як згіне прыкрае святло,
Дык ты й ляці сабе ў дупло

Тады памалу.

I наш Асёл за працу ўзяўся шчыра:

Як можна вушы свае шырай
Ён растапырыў, распрастаў

I проці Сонца стаў.

Калі ж налева глянуў коса –
Святла там яркая палоса.

Ён – гоп у левы бок.

Пасля глядзіць – святло і справа;

Тады назад ён – скок.

Нарэшце бачыць – дрэнна справа:
Скакаў, скакаў і ўжо насілу ходзіць,

А Сонцу ўсё ніяк не шкодзіць, –

Ні каплі не памог Саве,
А вочы пасляпіў сабе.

I вось Аслу нарэшце ясна стала:

Каб Сонца засланіць – вушэй асліных мала.


Вось гэту праўду едкіх слоў

Нясу, абураны, я на фашысцкіх соў

I іх заступнікаў-аслоў.



1927

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!