Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Кандрат Крапіва - Махальнік Іваноў

Таму ўжо будзе, мусіць, з год,
Вучэбную стральбу праходзіла пяхота.
Дык вось страляў аднойчы ўзвод
Ці, можа, нават рота.
А тут раптоўна Шэф вярхом аднекуль — шасць:
Цікава паглядзець, а як страляе часць?
Ці вока вернае, ці цвёрдая рука
Ў чырвонага стралка?
Зайгралі "пападзі",
Гарыць чырвоны флаг.
Стралкі — на лінію. Ляглі ўсе па упорах.
Вось выстраліў адзін,
Вось разам — пах-пах-пах!
I лезе ў нос, і дражніць востры пах
(Калісьці Шэф таксама нюхаў порах).
Вось скончылі. Адбой.
Начальнікі здаволены стральбой:
Той тры папаў, той пяць.
Ахвота тут і Шэфу пастраляць.
Ён пяць патронаў у кішэнь,
Нагледзеў лепшую мішэнь,
Прылёгшы на упор,
I стрэльбу да пляча прыпёр.
Зажмурыў вока — бах! Пад носам землю ўзрыла.
Другі раз. Гэта ўбок завыла.
Яшчэ за імі тры,—
Усе "за малаком".
— Ах, чорт вас пабяры! —
Злуецца Шэф цішком.—
Хоць бы адну папаў, а то скандал страшэнны!
Але махальнікі падходзяць да мішэні,
Давай яму махаць
(У іх быў добры нюх):
Дзве, тры, чатыры, пяць!
У самы, значыць, круг.
Шэф хоча вынікі другім праверыць разам,—
Махальнікаў назначыў зноў жа тых
I ўзяў патронаў... халастых.
Дык што ж вы думалі? — ніводнай не прамазаў.
Як далажыў махальнік Іваноў:
"У цэнтру самую ўсе пяць загналі зноў".
І дзіва дзіўнае было там цэлай часці,
Што можна з халастых ды "ўсе пяць куль" папасці.
А ваенком дык Іванова нават пахваліў:
— Ты,— кажа,— Іваноў, сапраўдны падхалім.

У падхалімаў так вядзецца век-вяком!
Ці б'е начальства ў цэль, ці шле "за малаком",
Ды знойдуцца заўсёды Івановы,
Што памахаць яму гатовы.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!