Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля - Юлька

Увага!!! Поўны змест

   У маленькай дзесяцімесячнай Юлькі «Ма» (мама) была самай найвялікшай апорай на цэлым свеце, бо свет без падтрымання – чужая і нічога нявартая рэч.
   «Ма» вельмі падтрымлівала Юльку. Яна давала сваёй дачцэ «гам» (есці). «Гам», як кожнаму вядома, не абы-што: без есцікі і піці чалавек не можа жыці. I Юлька мела сваю хатку на грудзях у маткі.
   Апрача яды, Юлька мела ад «Ма» і духоўныя харчы – вясёлыя і смутныя песні над калыскай. Гэтыя песні Юлька ніколі не забудзе...
   Маці патроху тлумачыла Юльцы велізарную кнігу жыцця – гэту мудрую рэч, якую чытаеш-чытаеш і ніколі да канца не даходзіш.
   Кніга жыцця нудная і часам жудасная. Шчаслівы той чалавек, хто ў шчырай прыязні да іншых людзей акружаны іхняй увагаю да сябе, забываецца аб гэтай праклятай кнізе...
   Юлька не пакрыўджана. Маці толькі аб ёй і клапоціцца. Добрая «Ма» гатова ўсім жыццём ахвяраваць за сваю дачурку. У адплату за гэта некалі і Юлька будзе такой жа добрай маткай.
   Усё акружаючае маленькую Юльку, як жывыя і нежывыя рэчы – дзеці, кіцька, цюця, стол, падушка і люля – былі яе «лялі». Яна мела з імі частыя стычкі: усё прабавала на «гам». У гэтым выяўлялася ўся яе зацікаўленасць і практычнасць у жыцці.
   Есці, есці і яшчэ раз есці.
   Калі было ўспадобу – губкі яе складваліся ў жывую кветку-ўсмешку; калі не, дык яе нездаволенасць вызначалася плачам.
   Яна плакала шчыра і доўга, усім целам, усёй істотай. Боўтала пры гэтым ручкамі і ножкамі.
   Кожны раз пры такіх драмах і трагедыях «Ма» супакойвала Юльку сваімі грудзьмі.
   «Ма» была найсмачнейшая за ўсе «лялі» па свеце. А смак Юлька мела добры.
   Жывому чалавеку за печкай доўга не ўсядзець, і Юлька таксама не раз рабіла «гайда»-вандроўкі з хаткі роднай на шырокі свет – на дзядзінец. Кожны раз яна пры гэтым жмурыла вочкі, хвалявалася, лавіла ручкамі паветра і з’есці хацела будынкі, дрэвы, сонца – увесь свет, які і сталаму чалавеку лёгка ў рукі не даецца. Але тым болей хацелася Юльцы дастаць талерачку з неба. Мяцежныя жаданні напаўнялі яе сэрца. Цяжка прыходзілася тады маці. Без гісторый і плачу тут абыходзіцца не магло. Такія рэчы звычайна канчаліся выкупам, які павінен быў быць багаты: смачная сусолачка з цукрам, шкляная качалачка, бліскучая паперка, абручок. Наогул, самыя найцікавейшыя скарбы-цацы на свеце ляжалі пад ножкамі Юлькі. Цацкі рабілі «дзін-дзін-дзін, там-та-ра-рам!». Імі маці варажыла Юльчына сэрца. Цацкамі, хаця іншага фасону, людзі і забаўляюцца да самай смерці. Толькі дарослыя людзі дастаюць гэтыя цацкі без матчынай дапамогі.
   Але Юлька без маці – чалавек не зусім незалежны. Яна ў гэтым магла пераканацца тады, як маці пры жніве пакінула яе ў кошыку на падушачцы адну на мяжы.
   Быў цёплы сонечны дзянёк. Паўднёвае зацішша панавала ўсюды. «З-з-з-м!» – гудзелі мушкі над Юльчынай галоўкай. Часам мятлічка гладзіла скрыдлачкамі яе кволыя шчочкі. Часам птушачка вілася над яе кошыкам. Траўка шчыкатала... Юлька лавіла рукамі направа і налева. Гатова была з’есці ўсё, што не давалася на «гам». Пры ёй сядзеў добры вартаўнік і таварыш з хаты роднай – кот. Гэта яе супакойвала тады, калі яна ўспамінала аб мамцы. Але вось кот пабег кудысь за птушкай цікаваць. Юлька адна-аднюсепька засталася...
   Яна жмурыла вочы на сонца і пры гэтым успомніла што «Ма», паказваючы на агонь у печцы, кажа «зю-зю!». Хацела Юлька таксама сказаць «зю», але ад вялікай стараннасці і натугі пацягнулася ўсім целам у адзін бок ды – кульгіць з кошыкам у баразну.
   Што было потым?
   Цёмна ў вачах зрабілася, як бы ў бяздонную процьму паляцела. Яна першы раз у жыцці, у вялікім страху і роспачы, крыкнула: «ма-ма»!
   Маці пачула толькі тады, калі Юлька ўжо аж пасінела ад плачу, упэцканая ў пяску.
   Гэта была яе першая спроба жыць у адзіноцтве без апоры.
   Прайшло яшчэ некалькі месяцаў.
   Юлька ўжо гаворыць: «та-та», «ма-ма», «кіць-ка», «цю-ця», «ца-ца», «ля-ля» і г. д. Веды яе павялічваюцца з кожным днём. Яе ручкі ўжо не хапаюцца за ўсё, што вочкі бачаць. Вугаль яна ўжо ні за якія хаханькі ў губкі не бярэ, а хлеб з цукрам – чаму не? – Ого! Яна ўжо разумее, што – добра, што – блага...
   А прывычка, паганая прывычка, губіць но толькі адзінага чалавека, але увесь свет...
   Прывычка да матчынага малака каштавала Юльцы шмат слёз, шмат шчырага гора. Многа ночаў недасыпала тады, як матка яе адвучала ад грудзей, пасыпаючы іх перцам. I бадай да дваццаці год яшчэ будзе Юлька спрасонку пальчык свой сасаць, а да самай смерці ў час пярэпалаху крычаць «мама».
   Але ў жыцці нічога адвечнага няма, усё мяняецца. Юлька гэта, каб толькі хацела, дык даведалася б з сваёй практыкі: яна ўжо на руках і нагах поўзае па хаце пад сталом, разам з курмі, катом. Яна ёрзае, вандруе па кутках, шукаючы працы. А працы гэтай хоць адбаўляй: гладыш з малаком дагары пераверне, лужыцу кашулькай вымажа, лыжкай аб падлогу забарабаніць. Што і гаварыць – працы шмат, дый досыць сур’ёзнай працы; каб, здаецца, дваццаць рук мела Юлька – і то было б мала.
   Чалавек без руху і работы нудзіцца, марнее, кажуць філосафы, – гэта ёсць бясспрэчная праўда. Вось пытайцеся ў Юлькі, бо яна ўжо разумная досыць. Маці яе адукуе:
   – Рабі аладачкі, Юлька.
   Юлька плёскае ручкамі.
   – Дзе божанька?
   Юлька пальчыкам паказвае на абраз.
   – Як кароўка мычыць?
   – Мм-у-у-у!
   – Як авечка кажа?
   – М-м-э-э-э!
   – Як тата злуецца?
   Юлька сціскас кулачкі, робіць гнеўныя вочкі ды кажа з імпэтам: «г-э-э!»
   Пасля гэтага яна глядзіць на ўсіх вачамі Аляксандра Македонскага. Жартачкі – яна ўвесь свет перамагла.
   У нагароду маці бярэ яе на рукі, туліць да сябе і цалуе. Без нагароды ніхто нічога не робіць, апрача вялікіх самаахвярнікаў-ідэалістаў, якіх скептыкі не хваляць. Цалуючы Юльку, маці раптам пачынае злавацца, кажучы: «фэ, смаркатая!» – і пры гэтым бярэцца фартухом выціраць Юльчын носік. Юлька не даецца і пачынае горка плакаць.
   Нос – гэта самае слабае месца ў Юлькі. Шмат горкіх мінут ён ёй каштуе. I такая, здаецца, драбніца – нос! Аж смешна, але ў гэтым і ўся трагедыя, што часам дробнепькі камарык звальвае з ног магутнага льва.
   У хаце – вялікая радасць.
   Тата толькі што пехатой з кірмашу вярнуўся, дый то падышоў да стала, дзе бабка і мама паставілі Юльку і вучаць хадзіць.
   Юлька стаіць на стале, разняўшы ручкі для раўнавагі. Вочкі спалоханы. Добра бабцы смяяцца, а каб яе паставілі на канаце, нацягнутым на двух слупах і сказалі б – «танцуй». Нябось, тады не смяялася б.
   – Ма-ма! – просіцца Юлька ў вялікім страху.
   – Ка мне! ка мне! – выстаўляючы рукі, энергічна кажа мама.
   А Юльцы яе малюсенькія ножкі здаюцца стопудовымі вагамі. Адвагі няма, і цяжка – ой, як цяжка рабіць першы, сталы крок у жыцці! Адважыцца трудна на гэта і сталаму чалавеку.
   Але, бачачы, што шэсць зацікаўленых уважных вачэй глядзяць на яе, дык у яе душы будзіцца разам і герой, і артыстка. Яна адважылася і...
   – Раз! два! – лічаць трос сталых людзей крокі маленечкай.
   Плясь! – Юлька гоцнулася аб стол, вачамі ратунку просячы.
   Не паспелі яе падтрымаць у цяжкую хвіліну шэсць моцных, сталых рук – эх, людзі!..
   З гэтых двух першых крокаў маці з бабкай радуюцца і нацешыцца не могуць.
   – Вось пацеха! – з дакорам кажа бацька. – Папробавалі б злічыць, колькі крокаў я сягоння махануў на кірмаш ды з кірмашу, – вёрст сорак, здаецца, а вы ані слова аб гэтым...
   Упарты дух чалавечы, хоць лобам, а сцяну праб’е: праз тры дні Юлька ўжо хадзіла па падлозе, як муштраваны ваяка-пяхотнік, а праз тыдзень так круцілася матцы пад ногі, што тэй гэты фокус нават абрыд. Яна гнала ад сябе Юльку, як ката, кажучы: «апсік!».
   Юльцы гэта вельмі падабалася, і яна мамцы мяўкала, як кот – «мяў! мяў!».
   Яшчэ троху падрасла Юлька.
   Яна ўжо ў сукенцы паркалёвай, не маленькая: тры гады! Як матылёк, круціцца, мітусіцца ў агародзе сярод чырвонага маку.
   Ёй вельмі смачна рабіць тое, чаго няможна. Маці мае дзеля гэтага вялікія клопаты. Калі скажа Юльцы не пэцкаць спаднічкі, дык якраз прыйдзе запэцканая ў гразь з ног да галавы. Скажа ёй не чапаць макаў – наскубе поўныя жмені. Скажа ёй:
   – Юлька, ідзі спаць!
   – Не хацу!
   – Не ідзі спаць!
   – Пайду!
   – Гуляй сабе!
   – Не хацу!
   – Не гуляй!
   – Буду гуляць!
   Аднак шайтан праціўнасці не заўсёды пануе над ёй. Часам яна бывае ласкавенькай, добранькай і міленькай – як бабка ёй казкі поначы апавядае.
   Шчырым срэбным хохатам смяецца яна тады, як лютага воўка забіваюць, калі людаедзіха-вядзьмарка памірае.
   Горкімі слязамі плача, калі воўк шэры з’ядае Чырвоную Шапачку.
   Пры гэтых казках блакітныя вочкі яе блішчаць, як зоркі або кветкі ў кроплях светлай расіцы.
   А па начах сняцца ёй дзіўныя сны.
   Ці разумее Юлька шчасце сваё? – хіба не. Хутчэй яна разумее сваё гора, калі які-колечы дзіцячы капрыз не выконваецца.
   I хочацца ёй быць вялікай і разумнай, як бабка. Пачынае з лічбаў – з матэматыкі:
   – Раз! два! тры! – лічыць яна па пальцах і задумваецца.
   – Раз! два! тры! пяць! дваццаць! сто! – ажно ў пот кідае. Далей не ідзе.
   Хоць матэматыка грунт усяму на свеце, але Юлька на гэтым «грунце» яшчэ слаба трымаецца.
   Ці не можна жыць без нудных лічбаў? Юлька досыць весела жыве без іх. Назбірае кветак – васількоў. Разложыць іх на камені. Адна кветка – мамка, другая – бацька, трэцяя – бабка, чацвёртая – цюцька. А камень – хата. I пачынаецца будняя аповесць чалавечага жыцця: кветкі гаспадараць на камені, аж люба глянуць.
   У печы топіцца. Маці аладкі пячэ. Бабка кароўку доіць. Тата хамут ладзіць. Цюцька брэша. Поўная дынаміка жыцця. Юлька мае работы па горла – за ўсіх гаварыцъ, за ўсіх работу рабіць, зухавацца. Маленькі малюначак жыцця звычайна канчаецца катастрофай – хатка-камень ляціць у рэчку, а людзі-кветкі стоптаны Юльчынымі нагамі.
   Яна не плача над руінамі. Яна – як сам біблійны бог-гасподзь. Зруйнавала адзін свет і з хаосу творыць другі.
   Яна, Юлька – маці. Пры ёй дачушка – лялечка.
   I няньчыць, і песціць, і галубіць Юлька дзіця сваё роднае. Часам, як строгая маці, розгай сцёбае дачушку-лялечку. Пры гэтым прыгаварвае:
   – А не рві маку! А не пэцкай спадніды! А слухай, што матка табе кажа, ты, такая і сякая!
   Малюе жыццё, як мастак, як раманіст, як драматург, як акцёр.
   – Хто пякней, – пытаюцца ў Іолькі, – ты ці мамка?
   Юлька думае.
   I мамку яна крыўдзіць не хоча, але ўжо сама маленькая кабета і мае свой форс і гонар:
   – Я пякней!
   – Ах ты нягодніца! – нібы-то злуецца мама.
   – Хто пякней, ты ці лялька?
   Доўга думае Юлька.
   Змаганне расце ў яе маленькай душы. Але матчына сэрца гатова ўсім ахвяраваць дзеля любага дзіцяці свайго, а Юлька як-ніяк, хоць ёй усяго толькі пяць гадоў, а ўсё ж такі маці, бо дачку-ляльку мае.
   – Лялька пякней!
   Бачыце? – Душа яе вялікая: пачуццё маткі ўзгадавана ў яе сэрцы крывёй і малаком ранейшай маткі.
   У Юлькі матчына самаахвярнасць жыве поўным жыццём, хаця імя свайго яшчэ выгаварваць не можа. Замест «Юлька», кажа «Юйка». За гэта бацька на яе злуецца, часам гнеўна кажа:
   – Юлька!
   – Га!
   – Хадзі ка мне!
   Яна падыходзіць.
   – Кажы – Юлька!
   – Юйка!
   – Кажы – Юль-ка!
   – Юй-ка!
   – Ах ты, паганая! Вучыся па-людску гаварыць!
   – Не хацу!
   – Дык не вучыся!
   – Хацу вуціцца!
   – Ну, дык глядзі па мяне!
   Юлька глядзіць на яго.
   – Добра глядзі.
   Юлька добра глядзіць.
   – Рабі губамі гэтак, як я, і кажы – Юль! Юль!
   Юлька робіць губамі гэтак, як ён і кажа:
   – Юй! Юй! Юй!
   – Го! Го! Го! – смяецца бацька.
   – Гы! Гы! Гы! – плача дачушка.
   I гэта пайшло ў забыццё.
   Яна ўжо так чыста гаворыць, што і бацьку перавастрыла – звініць, як званочак. Малоціць языком, як цэпам усё роўна. I не дзіва, бо яна ўжо ходзіць у школу, у тую вялікую школу навукі, дзе ўсё пачынаецца з «А, Б».
   Тут для Юлькі адчынены новы свет пазнання добрага і благога.
   Забурліла глыбокая крыніца жыцця, дзе шчасце і гора перамешаны, дзе пануе вялікая неразбярыха: адна і тая самая рэч аднаму чалавеку здаецца шчасцем, другому – горам...
   Пальцы ў Юлькі ў атраманце. Гэта адзнака стараннасці, цярплівасці, мудрасці і працы. Яна піша і малюе так многа, што аж паперы не хапае. I прыходзіцца ёй сваю вялікую здольнасць на ўласным твары паказваць – запэцканы нос, шчочкі і нават вочы.
   Гэта, разумеецца, вельмі кепска, але што зробіш! Калі Юлька яшчэ такая малюсенькая – ёй усяго шэсць гадоў. Яна яшчэ часта пальчык у губкі кладзе і моцна трымаецца за матчын фартух.
   Як пойдзе яе далейшае жыццё?
   Чытайце велізарныя кнігі, мудрыя раманы. Тады даведаецеся.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!