Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля - Умарыўся

Увага!!! Поўны змест

    – Умарыўся...
   Гэта ён скарэй падумаў, чымся выгаварыў.
   – Умарыўся...
   Кожная частка яго змучанага працаю цела паўтарала гэтае слова. Досыць было глянуць на яго мутныя, затуманеныя вочы, на яго сагнутую, як бы папалам перабітую паясніцу, на яго павольныя рухі; досыць было пачуць яго цяжкія стогны – і кожны мог здагадацца, што чалавек умарыўся.
   – Умарыўся...
   Тут ужо яму самому здавалася, што крыкнуў на ўсё поле. Ён выгаварыў гэтае слова глуха, хрыпла, хворым, старэчым голасам...
   Закашляў і, глыбей урэзаўшыся сахой у зямлю, спыніў каня.
   Сам адышоў на мяжу, сеў на крушні, зірнуў на вялікі абшар перад сабою і задумаўся.
   Сядзеў доўга.
   – Годзе! – сказаў ён самому сабе, – няма чаго валаводы валаводзіць, магу сказаць – годзе! Выгадаваў дзяцей, дачок усіх добра замуж павыдаваў, сыны – гаспадары рупныя і баяцца мяне яшчэ цяперака, як дзеці малыя! Ой, трымаў я іх дагэтуль у сваіх абцугах! Ой, кіраваў я гаспадаркай! Няма чаго валаводы валаводзіць, быў хлеб, было і да хлеба...
   Стары аглянуўся па баках, абцёр рот рукавом і задыміў люлькай.
   – I жалеза іржа з’ядае. I камень не вечны. Адчуваю, што сілы мяне пакідаюць.
   Ён выглядаў, як дуплаваты, струхлелы дуб, які вось-вось зваліцца з вялікім грукатам. Усё ж такі былая сіла яшчэ дае сябе знаць.
   – Прыйдзецца лейцы выпусціць з рук. Няма чаго валаводы валаводзіць; сыны мае – Янук і Міхалка – гарапашныя, абыдуцца і без мяне! Няхай ужо мае старыя косці грэюцца на пяколку ў цяпле! Эт! не грэх ужо мне, старому, над кажухом пазней паляжаць!
   Халодны пот пакрыў яго твар. Рукі павіслі.
   – Няма чаго валаводы валаводзіць! Як толькі пачынаю памятаць сябе, не глуміў я дарэмна хлеб на свеце – гнуў карак, рукі мазоліў... Меншага брата няньчыў, калі маці часу не мела; пасля ў пастухі пайшоў, пасля парабкам служыў. Вось так увесь свой век...
   Ён злосна плюнуў.
   – Цьфу! Згінь ты, люты вораг мой, старасць паганая! Змагаўся я з табою, але ўрэшце паддаюся – годзе!
   Зноў паспакайнеў. Пачаў ціха разважаць:
   – Няхай ужо Янук з Міхалкам самі гаспадараць... Трэ будзе без крыўды падзяліць гаспадарку, а я застануся жыць у старшага – у Янука. Ён такі паслухмяны, спакойны, падатлівы. Але... не! – Буду лепей жыць у малодшага – у Міхалкі. У Янука жонка – ведзьма... Эт! неяк будзе! Няма чаго валаводы валаводзіць!
   Сумна глянуў на каня, што стаяў, апусціўшы ўніз галаву, і падняўся з свайго месца.
   – Як вол да доўбні! Але нічым не паможаш. Не я першы, не я апошні!
   Выпраг каня. Пацягнуўся дахаты.
   Назаўтра ўжо ўся вёска ведала, што стары Габрусь «выпусціў лейцы» і выбіраецца з сынамі ў воласць дзяліць зямлю. Габрусь лічыўся ў цэлай ваколіцы прыкладным, здатным гаспадаром, якога дзеці не толькі баяцца і паважаюць, але і слухаюць, не п’юць і не марнуюць гаспадаркі.
   Янук і Міхалка, пачуўшы ад старога, што ён болей сам працаваць не будзе, скідае з плеч гэты цяжар і дзеліць гаспадарку, зрабіліся яшчэ болей паслухмянымі.
   – I даўно б, татка, так зрабіў! Або-о-о, ці мы самі не справімся! Годзе табе працаваць: мы будзем цябе слухаць, як і дагэтуль!
   Нявесткі на такі самы лад заспявалі.
   У воласці Янук і Міхалка крыху касурыліся адзін на аднаго – вядома ж, пры дзяльбе. Стары Габрусь патрапіў усё ўладзіць як найлепей, і яны здаволеныя прыехалі дахаты. Вымералі вяроўкамі зямлю, паўбівалі калкі, раздзялілі будынкі, і ўсё пайшло, як на мазаных калёсах.
   Ад першага дня пасля дзяльбы стары Габрусь сядзеў на прызбе ды люльку смактаў.
   – Адпачываю! Першы раз за гэтулькі гадоў працы... Ой, як добра! – казаў ён, адчуўшы лёгкасць у касцях.
   – Адпачываю! – тлумачыў ён суседзям.– Няма чаго валаводы валаводзіць, за плячамі сыноў магу цяпер адсапнуцца.
   Але стары Габрусь, усё жыццё прывыкшы тупацца, не мог доўга выседзець без работы: нуда напала.
   – Не, няможна гэтак! – тлумачыў ён сам сабе, – на адпачынак хопіць яшчэ часу! У-у-га-а! У магіле чалавек адпачывае незлічоныя гады... бясконца спіць... Жывому ж чалавеку трэ нешта рабіць... Вядома, не пайду я з сахой навыперадкі з сынамі, не стану пракосы ганяць з імі ў перагонкі, але баранаваць, сена грэбці – гэта рукам маім толькі на здароўе пойдзе!
   I стары Габрусь зноў узяўся за работу. Павесялеў. Павесялелі разам з ім і яго сын Янук з жонкай...
   Як бы там спачатку ні сыпаліся абяцанкі-цацанкі, што па старым бацьку і валасочка ніхто не зачэпіць, што старога бацьку на руках насіць будуць, але ўсё ж такі хутка пачалі скардзіцца: чалавек пальцам аб палец не ўдарыць, а калі што-небудзь робіць, дык як той верабей лапкай...
   – Дармаед! – закралася таемная думка ў сына.
   – Дармаед! – казала нявестка ціхутка па вёсцы. – Стары нічога не робіць, ды есць за пяць маладых!..
   – Няма чаго валаводы валаводзіць, стары ўсё роўна як малы, – падумаў Габрусь, як узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трасці...
   I Габрусь далей давай думаць:
   – Чалавечае жыццё ўсё роўна як адзін паварот каляса: спіца знізу ўзнімаецца ўгару і зноў апускаецца ўніз. I квіта, дзядзька Мікіта. Было – і няма...
 

*

   Далей-болей – і звыкся стары Габрусь са сваім новым становішчам – на «адпачынку» ў сыноў. Прывыклі і дзеці. Яны адчулі, што зрабіліся гаспадарамі. Хоць стары бацька яшчэ працаваў, як умеў, але яны пачалі пазіраць на яго, як па лішняга. Габрусь яшчэ пробаваў так-сяк адбрыквацца, але скора спазнаў, што не туды заехаў...
   Сыны перасталі яго баяцца і паважаць, а нявесткі ў вочы «дармаедам» і «гультаём» называлі...
   Прапала! Гэтак трэба! Відаць, іначай быць не можа!..
   I пачалася шэрая, неспагадная, адзінокая старасць... Габрусь зноў адчуў, што змарыўся...
   Змарылася сэрца старое... Змарыліся думкі... Старога Габруся пачала ўгнятаць незаслужаная крыўда ад дзяцей. Ён слабеў – штодзень болей і болей... Пачаў сам з сабою гаварыць, бурчэць. Злаваўся на ўвесь свет і сам на сябе...
   Сыны адсылалі адзін да аднаго, як шкодную, непатрэбную рэч... перакідваліся ім, як дзіцячай качалкай.
   Колькі разоў прыходзілася яму чуць ад сваіх азвярэлых нявестак: «Чаму стары гэткі жывушчы? Здаецца, пара ўжо на другі бок у дамавіне перавярнуцца...»
   Стары Габрусь толькі трос лысай галавой...
 

*

   Гэтак прайшлі два гады.
   Крыўда ад сваіх хатніх штораз часцей спатыкала старога Габруся...
   – Не магу гэтак! Не магу! – гаварыў ён сам з сабою, – няма чаго валаводы валаводзіць, дажыўся...
 

*

   Усе ў хаце спалі, і ніхто не чуў, як дзед злез з печы, нацягнуў на ногі боты, світку, як насунуў вялікую зрэбную торбу на плечы, узяў кій у рукі, нешта пашаптаў на кут і выйшаў з хаты...
   Будзь шчасліва, хатка мая родная! Кожнае бярвенца тваё хіліла мой крыж уніз... Састарылася ты разам са мной... Цябе яшчэ падправяць, падбудуюць, а мае старыя косці зараз зусім рассыплюцца!
   – Будзь шчасліў, куток мой мілы, дзе жыў я з малых дзён!
   – Бывайце здаровы, неспагадныя дзеткі мае! Я пайду ад вас...
   – Ой, змарыўся тут! Няма чаго валаводы валаводзіць. Мо і сапраўды жыву подаўга, як тая старадрэвіна...
   – Калі гэтак, дык пайду жабраваць... Добрыя людзі будуць карміць, адзяваць і дазволяць хоць на адну ночку галаву старую прытуліць... Затое будзе спакайней на душы. Яны ж людзі чужыя. На іх крыўдзіцца не стану.
   Мутныя слёзы цяклі па яго твары. Ён адвярнуўся ў другі бок і пайшоў камяністай дарогай... Выціраў вочы цвёрдымі касцістымі рукамі, з якіх старадаўнія мазалі і не думалі сысці, да самых касцей уеліся.
   Цемра глынула яго. I ён, як бы ўцякаючы ад ворага, сунуўся далей і далей...
   – Умарыўся!.. Жыццё перажыць – не поле перайсці з сахой...
   Стары Габрусь дабраўся да цёмнага борку і скора схаваўся паміж хваін...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!