Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Змітрок Бядуля - Сярэбраная табакерка

   Асаблівае месца ў спадчыне Змітрака Бядулі займае фантастычная аповесць-казка «Сярэбраная табакерка», напісаная ў 1940 г.
   Кампазіцыйна яна нагадвае ў нейкай ступені іншыя творы. Ёсць тут апавядальнік, які расказвае самыя разнастайныя, небывала фантастычныя гісторыі, цесна, непарыўна звязаныя адзінствам думкі, ідэі, настрою.
   Самому апавядальніку паведаміў усю гісторыю дзед, які сам пачуў яе ад свайго дзеда. Галоўны герой, пра якога вядзецца гаворка, называецца «дзіда-дзед». А з’яўляецца ён пра-пра-пра-прадзедам малых слухачоў.
   Аўтар пераносіць падзеі ў такое далёкае мінулае, каб камусьці не захацелася або не было нагоды шукаць якія б там ні было аналогіі з рэчаіснасцю той эпохі, калі твор пісаўся.
   Дзіда-дзед злавіў смерць і схаваў яе ў табакерцы. Сябры дзіда-дзеда пералічваюць усіх, каму гэта прынесла найбольшую шкоду. На першым месцы тут аказаліся суддзі, адвакаты, пракуроры і следчыя.
   I вельмі даходліва тлумачыцца прычына гэтага: «Яны скардзяцца, што, паколькі цяпер людзі будуць вечна жыць, заблытаны ўвесь кодэкс законаў і выпаў зусім пункт аб кары смерцю. Крымінальных і іншых злаўчынкаў будзе менш, дык юрыстам астанецца адна толькі праца пасвіць камароў на балоце». Усе тыя, хто сее смерць на зямлі, хто на гэтай справе нажываецца, ніяк не могуць змірыцца з тым, што хтосьці мог бы адабраць ад іх такое свяшчэннае права. Ці трэба даказваць, хто такім неабмежаваным правам найбольш поўна карыстаўся ў час працы пісьменніка над творам — у эпоху нічым не абмежаванага сталінскага самадзяржаўя?
   «Сярэбраная табакерка» — казка літаратурная, насычаная глыбокім філасофскім зместам.
   Пытанні жыцця, смерці, дабра, зла — пытанні спрадвечныя для літаратуры і мастацтва. Ніводная літаратура нават узнікнуць не можа, так ці інакш не адказаўшы на гэтыя пытанні. Бо калі жыццё канчавцца смерцю і за ім нічога больш не стаіць, то яно пазбаўлена сэнсу.
   Пісьменнік, асабліва ў 30-я гады, на бясконцых прыкладах сталінскіх рэпрэсій наглядзеўся, як танна нават у мірны час каштуе чалавечае жыццё. Тым часам у свеце ўжо палыхае другая сусветная вайна. Падняў галаву фашызм, падмінаючы пад сябе адну еўрапейскую краіну за другой.
   Фантастычна-казачная форма «Сярэбранай табакеркі» дае пісьменніку вялікія творчыя магчымасці ў сэнсе свабоднага звязвання ў прасторы і часе падзей, якія фактычна адбываюцца ў розны час і розных кутках планеты Зямля.
   Сям'я зайца, ад імя якога вядзецца апавяданне, нагадвае звычайную сялянскую сям'ю. «У маленькай хацінцы, вокны якой былі расчынены, мірна вячэрала сям'я. У гліняных місачках дымілася на стале малочная зацірка. Бацькі клапатліва назіралі за тым, каб хлопчык і дзяўчынка не абліваліся ежай, каб пад сталом не малацілі адно аднаго драўлянымі лыжкамі. Малыя былі непаседлівыя, імпэтныя і вясёлыя і любілі забаўляцца заўсёды — трэба ці не трэба. Сядзець спакойна было для іх пакутай».
   Дзед-заяц вечар за вечарам расказвае малым унукам пра незвычайныя прыгоды свайго прапрадзеда, якога называе Дзіда-дзедам. Гэты Дзіда-дзед злавіў смерць і зачыніў у сваёй сярэбранай табакерцы. З таго часу ў свеце пачаліся дзівосныя перамены, якія закранулі ўсё жывое на зямлі. «Беласнежная авечка ляжыць на воўчай спіне, гойдаецца, як на пярыне, і зусім не баіцца. Вочы яе лагодныя. Яна не бляе, а пазірае з цікавасцю на белагрудыя бярозкі, колеру яе шэрсці.
   Вочы ў ваўка, спачатку злыя, з драпежніцкім жоўтым бляскам, пакрысе робяцца добрымі, спакойнымі, бадай што такімі, як у авечкі. Нібы нутро звера пачынае астываць ад таго страшэннага пекла і смагі ў крыві, якое паліла яго самога, яго бацькоў і дзядоў».
   У аснове «Сярэбранай табакеркі» — канфлікт казачны, традыцыйны — барацьба паміж дабром і злом. У пісьменніка няма фальклорнай першакрыніцы. Яго казка пабудавана на ўласным, не запазычаным сюжэце. Яна ўяўляе сабой добрую прозу, без фальклорнай ідэалізацыі, абагульненасці. Свабодна, лёгка льецца гэтая проза, намнога пераўзыходзячы па мастацкіх якасцях год назад напісаную аўтабіяграфічную аповесць «У дрымучых лясах». Там нямала мясцін напісана суха, скорагаворкай, невыразнай «пратакольнай» мовай. У «Сярэбранай табакерцы» гэтага няма. У адрозненне ад казкі традыцыйнай «літаратурная казка» Змітрака Бядулі, захоўваючы паэтычны водар народнага твора, вызначаецца канкрэтызацыяй карцін, з'яў, псіхалагізацыяй паводзін і ўчынкаў герояў.
   Вобразы казкі цалкам канкрэтныя, індывідуалізаваныя асобы: Дзіда-дзед па прозвішчы Заяц, вынаходнік аптэкар Савіцкі, маляр Юрка Дратва, Люсенька, нарэшце сам дзед-казачнік. Людзей у «Сярэбранай табакерцы» немагчыма адрозніць ад зайцаў, якія з'яўляюцца вядучымі героямі гэтай, па сутнасці, прыгодніцкай па жанру аповесці. Зайцы жывуць як людзі: вараць аднолькавыя з імі стравы, гэтак жа апранаюцца, нюхаюць табаку, выпіваюць, парацца ў лазні і г. д.
   Персанажы казкі досыць акрэслены ў сваім індывідуальным абліччы. I ў той жа час яны не губляюць уласцівага казкам народнага каларыту. Дзіда-дзед, напрыклад, пры ўсялякім істотным моманце сваіх прыгод, як кажуць, направа і налева сыпле прымаўкамі, прыгаворкамі. «Не па майму росту каптан»; «Шкада бальзаму на рэдзьку»; «Якія мы самі, такія і нашы сані»; «Папрасіліся злыдні на тры дні, а цяпер іх ніяк не выганіш»; «Пайшоўшы ў драку, не шкадуй хахла» і г. д.
   Пісьменнік нібы раскрывае ў сваёй казцы скарбніцу народнай мудрасці, досціпу, імкнецца выявіць незлічоныя скарбы народнай мовы.
   Бадай, ні ў якім іншым творы Змітрака Бядулі мы не бачым такой кандэнсацыі народнай думкі, этычных, эстэтычных ацэнак, як у «Сярэбранай табакерцы». Ва ўсім гэтым выяўляюцца шматлікія грані беларускага нацыянальнага характару.

Похожие статьи:

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Нібы рупны араты

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Маці

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Велікодныя яйкі

БиографииЗмітрок Бядуля

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - На каляды к сыну